Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Першая Імша папы Францішка: калі адвяргаем крыж, мы не вучні Хрыста
Святы Айцец
14.03.2013 21:28

«Без крыжа мы можам быць святарамі, біскупамі, кардыналамі, Папамі, але не вучнямі Пана», — падкрэсліў новаабраны папа Францішак у імправізаванай гаміліі падчас сваёй першай святой Імшы як Рымскага Пантыфіка ў Сікстынскай капэле. У літургіі ўдзельнічалі 114 кардыналаў-выбаршчыкаў.

Пантыфік заахвоціў удзельнікаў Імшы жыць у прысутнасці Бога, як Абрагам, будаваць Касцёл з «жывых каменняў», якімі з’яўляюцца яго вернікі, з’яднаныя праз Духа Святога, і вызнаваць Хрыста. Папа адзначыў, што без гэтага Касцёл быў бы толькі «пабожнай няўрадавай арганізацыяй». Як падкрэсліў Святы Айцец, без імкнення за Богам мы «замкнуліся б у сабе, без будавання на Хрысце — сталі б як тыя, хто будуе пясочныя замкі, а без вызнавання Хрыста сталі б служыць сатане».

У гэтым імкненні, будаванні і вызнаванні, па словах Папы, здараюцца таксама адступленні назад. Аб гэтым сведчаць словы апостала Пятра, які хацеў ісці за Хрыстом, але не крыжовым шляхам. Аднак, падкрэсліў Пантыфік, толькі прымаючы крыж мы становімся сапраўднымі вучнямі Езуса.

Папа пажадаў удзельнікам Імшы, каб Дух Святы праз заступніцтва Маці Божай удзяліў ім ласку вызнавання ўкрыжаванага Хрыста.

Гамілію Святы Айцец прамаўляў не з трона, а стоячы каля амбоны. Падчас літургіі Папа маліўся за Касцёл, каб ён быў для ўсіх людзей знакам збаўлення. Таксама маліліся за Рымскага Пантыфіка на пенсіі Бэнэдыкта XVI, за кіраўнікоў дзяржаў і за церпячых людзей.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.