15 сакавіка папа Францішак сустрэўся з членамі Калегіі кардыналаў. Звяртаючыся да сабраных, Пантыфік падкрэсліў, што кардыналы з’яўляюцца братамі паміж сабой, а таксама звярнуў увагу, што актуальны перыяд мае для Касцёла вялікае значэнне.
«Мы адчулі любоў і паўсюдную салідарнасць, таксама з боку тых, хто, не падзяляючы нашай веры, глядзіць на нас з павагай», — сказаў Святы Айцец, словы якога прыводзіць Ватыканскае радыё. Папа выказаў удзячнасць кардыналам за кіраванне Касцёлам у перыяд sede vacante, падзякаваў таксама хворым кардыналам. Пантыфік узгадаў і пра свайго папярэдніка Бэнэдыкта XVI, падкрэсліўшы, што «ён запаліў у нас агонь, які будзе працягваць гарэць», і што цяпер Касцёл будзе падтрыманы яго малітвай. Папа Францішак адзначыў важнасць навучання, пакоры і сціпласці Рымскага Пантыфіка на пенсіі.
Акрамя гэтага, падчас сустрэчы Святы Айцец выказаў жаданне перш за ўсё служыць Евангеллю. «Мы ніколі не павінны паддавацца песімізму і роспачы, якія сатана нам прапануе штодзённа», — сказаў Папа і заклікаў памятаць пра неабходнасць новых метадаў евангелізацыі, каб несці Евангелле аж да краю зямлі, бо гэты абавязак застаецца такім жа важным сёння, як і ў першыя гады хрысціянства.
Пантыфік звярнуў увагу, што большасць кардыналаў — людзі пажылога ўзросту. «Старасць — сядзіба жыццёвай мудрасці. Падорым гэтую мудрасць маладым. Дадзім ім добрае віно», — заахвоціў Папа.
Пасля заканчэння прамовы Пантыфік асабіста прывітаў кожнага кардынала — удзельніка аўдыенцыі. (AG)
|