Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Першы «Анёл Панскі» з папам Францішкам: Бог ніколі не змучыцца нам прабачаць
Святы Айцец
17.03.2013 15:26

«Бог ніколі не змучыцца нам прабачаць. Праблема ў тым, што нас мучыць прасіць Яго аб прабачэнні», — адзначыў Святы Айцец Францішак у сваім першым разважанні перад нядзельнай малітвай «Анёл Панскі» 17 сакавіка. На плошчы Св. Пятра сабралося каля 100 тысяч вернікаў.

У разважанні Пантыфік узгадаў фрагмент з Евангелля на гэтую нядзелю, у якім расказваецца пра сустрэчу Хрыста з жанчынай, злоўленай на чужаложстве. Папа звярнуў увагу, што ў словах Езуса няма пагарды, асуджэння, а гучыць любоў і міласэрнасць: «І Я цябе не асуджаю. Ідзі і адгэтуль больш не грашы».

«Аблічча Бога — гэта аблічча міласэрнага Айца, які заўсёды цярплівы да кожнага з нас, — працягваў Пантыфік. — Ён разумее нас і нас чакае. Прабачае нам, калі мы вяртаемся да Яго са скрушаным сэрцам. Вялікая міласэрнасць Пана — як кажа адзін з псальмаў».

Святы Айцец падзяліўся, што ў гэтыя дні чытаў вельмі добрую кнігу кардынала Вальтэра Каспера пра міласэрнасць і даведаўся з яе, што спазнанне Божай міласэрнасці змяняе свет, які становіцца тады «менш халодным і больш справядлівым».

Папа ўзгадаў, што, калі толькі стаў біскупам, у Буэнас-Айрэс прыбыла фігура Маці Божай Фацімскай. Тады ён спавядаў падчас Імшы для хворых. Напрыканцы, калі выходзіў з канфесіянала, да яго падышла старая жанчына і сказала падчас размовы, што «ўсе мы маем грахі», але «Пан нам усё прабачыць», бо «калі б Ён усяго не прабачаў, то свет бы ўжо не існаваў». «Адкуль жа яна мела гэтую мудрасць Духа Святога наконт Божай міласэрнасці, хоць і не вучылася ні ў адным з рымскіх універсітэтаў?» — задаў пытанне вернікам Пантыфік.

«Я не забуду гэтых словаў: Бог ніколі не змучыцца нам прабачаць. Праблема ў тым, што нас мучыць прасіць Яго аб прабачэнні», — сказаў Святы Айцец.

Пасля малітвы Папа падзякаваў сабраным і папрасіў аб малітве за яго. Таксама Пантыфік, звяртаючыся да рымлян, дадаў, што выбраў імя апекуна Італіі, каб падкрэсліць сваю сувязь з гэтай зямлёй, з якой паходзіць яго сям’я. На заканчэнне Святы Айцец пажадаў усім добрай нядзелі і добрага абеду.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.