Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пярсцёнак Папы не будзе залатым. Прэс-служба Апостальскай Сталіцы пра інаўгурацыю
Святы Айцец
18.03.2013 16:32

Пярсцёнак папы Францішка будзе не залатым, а толькі з пазалочанага срэбра. Аб гэтым паінфармаваў кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі, які таксама падзяліўся падрабязнасцямі аб парадку інаўгурацыйнай Імшы, якая адбудзецца 19 сакавіка.

Падчас сустрэчы з журналістамі 18 сакавіка святар, словы якога прыводзіць Ватыканскае радыё, адзначыў, што ў мінулым гэтая літургія называлася «інтранізацыйнай», але «назва, якую сёння ўжываць больш правільна, — святая Імша на пачатак Пятровага служэння Біскупа Рыма». У адносінах да гэтай літургіі можна таксама ўжываць слова «інаўгурацыйная». Ксёндз Ламбардзі расказаў, што падчас яе будзе звяртацца вялікая ўвага на асобу св. Пятра, Наступнікам якога з’яўляецца Папа. Цырымонія пачнецца каля магілы св. Пятра, у цэнтры базылікі, пад галоўным алтаром, а потым працэсія пройдзе на галоўную ватыканскую плошчу — месца мучаніцтва Князя Апосталаў, якую раней займаў цырк Нерона.

На шляху з сакрыстыі да магілы св. Пятра Папу будуць суправаджаць Патрыярхі арцыбіскупы самых вялікіх Усходніх Каталіцкіх Касцёлаў. Каля магілы Князя Апосталаў будуць падрыхтаваны палій і Пярсцёнак Рыбака, якія кардынал-протадыякан Жан-Луі Таран урачыста перадасць Папу. Па словах кс. Ламбардзі, Папа зацвердзіў выяву, якая была змешчана на Пярсцёнку Рыбака, — св. Пётр з ключамі. Яго зрабіў італьянскі мастак Энрыка Манфрыні.

Канцэлебраваць св. Імшу будуць 180 чалавек, сярод якіх кардыналы, Патрыярхі Усходніх Касцёлаў, а таксама генералы Ордэна меншых братоў і Ордэна езуітаў.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.