У Апостальскай Сталіцы пачалася цырымонія інаўгурацыі |
Святы Айцец |
19.03.2013 11:54 |
Сёння, 19 сакавіка, у Апостальскай Сталіцы адбываецца інаўгурацыя Пантыфікату Святога Айца Францішка. Цырымонія пачалася каля магілы апостала Пятра, пад галоўным алтаром, а потым працэсія прайшла на галоўную ватыканскую плошчу — месца мучаніцкай смерці Князя Апосталаў, якую раней займаў цырк Нерона. Раніцай папа Францішак пакінуў Дом святой Марты і праехаў у аўтамабілі па плошчы Святога Пятра, каб павітацца з вернікамі. Затым адбыўся ўваход Пантыфіка ў базыліку св. Пятра, дзе, апрануўшы літургічныя шаты, Папа скіраваўся да магілы св. Пятра ў Ватыканскіх садах. Падобна як і Бэнэдыкт ХVI у 2005 г., там папа Францішак памаліўся разам з 10 Патрыярхамі Усходніх Каталіцкіх Касцёлаў у знак еднасці Касцёла Усходу і Захаду. Каля магілы Князя Апосталаў для Святога Айца былі падрыхтаваны палій і Пярсцёнак Рыбака. Пярсцёнак папы Францішка, як паведаміў учора на сустрэчы з журналістамі кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі, — не залаты, а з пазалочанага срэбра. Свой жа ранейшы кардынальскі пярсцёнак Папа вырашыў ахвяраваць катэдральнаму касцёлу ў сваім родным Буэнас-Айрэсе. Ад магілы св. Пятра Папа і іерархі прайшлі на плошчу перад ватыканскай базылікай. У гэты час гучаў гімн «Laudes Regiae» як просьба аб заступніцтве 36 святых Пантыфікаў. З рук кардынала-протадыякана Жана-Луі Тарана Папа атрымаў палій, а ад кардынала Анджэла Садана, дэкана Калегіі кардыналаў, — Пярсцёнак Рыбака. Кардыналы выказалі Святому Айцу паслухмянасць. Іерархі ўжо выказвалі пашану і паслухмянасць Папу таксама раней — у Сікстынскай капэле, пасля яго абрання. (AG) |