Папа Францішак удзяліў прыватныя аўдыенцыі |
Святы Айцец
|
21.03.2013 11:02 |
20 сакавіка перад тым, як сустрэцца з прадстаўнікамі хрысціянскіх Цэркваў і іншых рэлігій і веравызнанняў, Святы Айцец Францішак удзяліў некаторыя прыватныя аўдыенцыі. На першай з іх Папа прыняў Дзілму Русэф, Прэзідэнта Бразіліі.
«Наш кантынент перажывае працэс барацьбы з беднасцю, — адзначыла Прэзідэнт, словы якой прыводзіць польская рэдакцыя Ватыканскага радыё. — Спадзяюся, што Папа, якога клапоціць лёс бедных, адыграе асаблівую ролю ў рэалізацыі ініцыятыў, натхнёных хрысціянствам». Дзілма Русэф таксама назвала Пантыфіка чалавекам вельмі харызматычным.
Другую прыватную аўдыенцыю Папа ўдзяліў Патрыярху Канстанцінопальскаму Барталамею. Прыбыццё іерарха на інаўгурацыю Святога Айца, што адбылося ўпершыню з 1054 г., называюць знакам надзеі на вялікія змены ў экуменічных адносінах. Патрыярх назваў абранне кардынала Хорхе Марыа Берголіа на Святы Пасад «натхнёным Богам», а таксама ўзгадаў пра «вялікія задачы, якія датычаць адзінства», што чакаюць новага Папу.
Акрамя гэтага, Пантыфік удзяліў прыватныя аўдыенцыі старшыні Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату Мітрапаліту Іларыёну і прадстаўніку Лацінаамерыканскага яўрэйскага кангрэса Клаўдыё Эпельману. (AG)
|