Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак удзяліў прыватныя аўдыенцыі
Святы Айцец
21.03.2013 11:02

20 сакавіка перад тым, як сустрэцца з прадстаўнікамі хрысціянскіх Цэркваў і іншых рэлігій і веравызнанняў, Святы Айцец Францішак удзяліў некаторыя прыватныя аўдыенцыі. На першай з іх Папа прыняў Дзілму Русэф, Прэзідэнта Бразіліі.

«Наш кантынент перажывае працэс барацьбы з беднасцю, — адзначыла Прэзідэнт, словы якой прыводзіць польская рэдакцыя Ватыканскага радыё. — Спадзяюся, што Папа, якога клапоціць лёс бедных, адыграе асаблівую ролю ў рэалізацыі ініцыятыў, натхнёных хрысціянствам». Дзілма Русэф таксама назвала Пантыфіка чалавекам вельмі харызматычным.

Другую прыватную аўдыенцыю Папа ўдзяліў Патрыярху Канстанцінопальскаму Барталамею. Прыбыццё іерарха на інаўгурацыю Святога Айца, што адбылося ўпершыню з 1054 г., называюць знакам надзеі на вялікія змены ў экуменічных адносінах. Патрыярх назваў абранне кардынала Хорхе Марыа Берголіа на Святы Пасад «натхнёным Богам», а таксама ўзгадаў пра «вялікія задачы, якія датычаць адзінства», што чакаюць новага Папу.

Акрамя гэтага, Пантыфік удзяліў прыватныя аўдыенцыі старшыні Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату Мітрапаліту Іларыёну і прадстаўніку Лацінаамерыканскага яўрэйскага кангрэса Клаўдыё Эпельману.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.