Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец: уражанне ад сустрэчы з Хрыстом прыносіць суцяшэнне і мір
Святы Айцец
04.04.2013 15:20

Уражанне ад сустрэчы з Езусам — да гэтай тэмы звярнуўся ў гаміліі падчас Імшы 4 красавіка ў капліцы Дома св. Марты папа Францішак. Святы Айцец нагадаў, што літургічныя чытанні гэтага дня кажуць пра ўражанне натоўпу аздараўленнем, здзейсненым ад імя Хрыста, і ўражанне вучняў аб’яўленнем паміж імі ўваскрослага Езуса.

Па словах Папы, уражанне — гэта вялікая ласка, якой адорвае нас Бог у сустрэчы з Хрыстом. Дзякуючы яму мы перажываем штосьці, што пераступае за межы нашай натуры, — спатканне з жывым Езусам, хоць бы гэта і здавалася нам немагчымым.

Хоць, як дадаў Пантыфік, гэтым уражаннем нельга жыць пастаянна, яно пакідае след у чалавечай душы, нясе суцяшэнне і мір. Хрысціянін, па словах Папы, нават перад абліччам найцяжэйшых выпрабаванняў не губляе супакою і пачуцця прысутнасці Езуса. Святы Айцец заахвоціў маліцца аб такім супакоі, якога немагчыма страціць, бо ён паходзіць не ад чалавека, а з’яўляецца Божым дарам.

«Будзем прасіць аб ласцы духоўнага суцяшэння і міру, які пачынаецца ад гэтага радаснага ўражання ў спатканні з Езусам Хрыстом», — заклікаў папа Францішак.

На заканчэнне святой Імшы Пантыфік згодна са сваім звычаем правёў некалькі хвілін у малітве, седзячы на адной з апошніх лавак капліцы.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.