Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа падчас інгрэсу на рымскую кафедру: верыць у міласэрнасць Хрыста, хавацца ў раны Яго любові
Святы Айцец
07.04.2013 19:59

7 красавіка ў базыліцы св. Яна на Латэране, якая з’яўляецца катэдрай Біскупа Рыма, адбыўся ўрачысты інгрэс папы Францішка на рымскую кафедру. У цырымоніі прынялі ўдзел тысячы жыхароў Вечнага Горада, кардыналы, біскупы і святары.

Пантыфіка прывітаў кардынал Агасціно Валіні, Папскі вікарый для Рымскай дыяцэзіі і архіпрэзбітэр базылікі. У гаміліі Папа нагадаў, што Касцёл сёння адзначае ІІ Велікодную нядзелю, якую называюць таксама нядзеляй Божай Міласэрнасці. «Якая прыгожая гэтая рэальнасць веры ў нашым жыцці, якой з’яўляецца Божая міласэрнасць», — сказаў Святы Айцец, чые словы прыводзіць Ватыканскае радыё.

Папа падкрэсліў вялікую любоў Бога, якая не падманвае, падтрымлівае і кіруе намі, і дадаў, што Пан ніколі не з’яўляецца нецярплівым, як людзі, якія ў сваім жыцці часта хочуць мець усё. «Бог цярплівы з намі, бо любіць нас, а хто любіць — разумее, мае надзею, дае ўпэўненасць, не пакідае, не паліць мастоў, прабачае», — сказаў Пантыфік, падкрэсліўшы, што Бог заўсёды чакае — нават калі ад Яго адыходзяць, а калі людзі хочуць вярнуцца да Яго, Ён гатовы іх прыняць.

«Вельмі важна, каб мы мелі адвагу поўнасцю даверыць сябе міласэрнасці Езуса, верыць у Яго цярплівасць, хавацца ў раны Яго любові», — адзначыў Пантыфік. Папа нагадаў словы св. Бернарда, які казаў: «Што рабіць, калі маё сумленне грызуць мае шматлікія грахі?» Адказ знаходзіцца ў пасланні апостала Паўла да Рымлянаў: «Дзе памножыўся грэх, там яшчэ больш памножылася ласка».

Святы Айцец нагадаў, што ў сваёй пастырскай дзейнасці яму часта даводзілася чуць ад людзей: «Ойча, я маю шмат грахоў». «Я заўсёды іх суцяшаў: не бойцеся, ідзіце да Езуса, Ён вас чакае, Ён дапаможа вам вырашыць усё», — сказаў Пантыфік і дадаў, што для Бога мы вельмі важныя, нават калі з’яўляемся грэшнікамі. Папа таксама ўзгадаў, што ў сваім асабістым жыцці часта бачыў аблічча міласэрнага Пана і Яго цярплівасць, а таксама бачыў адвагу, з якой многія людзі «хацелі ўвайсці ў раны Езуса, кажучы: Пане, я тут, прымі маю беднасць, схавай у сваіх ранах мой грэх, абмый яго Тваёю крывёю». Святы Айцец дадаў, што такога грэшніка Бог прыняў, суцешыў, абмыў і палюбіў.

Па словах Папы, давяраючы Божай міласэрнасці, таксама і мы станем больш здольнымі да ўчынкаў міласэрнасці, цярплівасці, прабачэння і любові.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.