Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: людзі павінны бачыць у нашых учынках тое, што чуюць з нашых вуснаў
Святы Айцец
14.04.2013 19:46

14 красавіка Святы Айцец наведаў базыліку св. Паўла за Мурамі. Падчас літургіі папа Францішак звярнуў увагу на асобу св. Паўла, магіла якога знаходзіцца ў гэтай рымскай базыліцы, які абвяшчаў Хрыста, засведчыў пра Яго сваёй мучаніцкай смерцю і праславіў Яго ўсім сэрцам.

Ці можам мы сёння несці Божае слова ў наша асяроддзе, ці ўмеем казаць пра Хрыста, пра тое, хто Ён для нас, у сям’і, з людзьмі, якія з’яўляюцца часткай нашага паўсядзённага жыцця, — над гэтымі пытаннямі засяродзіўся Пантыфік. «Вера нараджаецца ад слухання, а ўзмацняецца праз абвяшчэнне», — заўважыў Папа і дадаў, што прапаведванне апосталаў складалася не толькі са словаў — яно засноўвалася на вернасці Хрысту. У сувязі з гэтым Святы Айцец звярнуўся да духавенства, заўважыўшы, што «нельга пасвіць Божай аўчарні», калі няма згоды, каб Божая воля вяла туды, куды ісці не хочацца, калі няма гатоўнасці даваць дар з сябе, «без агаворак, без карысці, часам нават коштам уласнага жыцця». Але гэта, адзначыў Папа, датычыцца і ўсіх — не толькі біскупаў і святароў.

Па словах Пантыфіка, якія прыводзіць Ватыканскае радыё, «сведчанне веры прымае мноства формаў», але ў вялікім плане Бога важная любая дробязь, нават самая незаўважальная. Папа звярнуў увагу на «святых штодзённасці», «схаваных святых», свайго роду «сярэдняга класу святасці», да якога ўсе мы належым. «Кожны, хто нас слухае і глядзіць на нас, павінен быць у стане прачытаць у нашых учынках тое, што чуе з нашых вуснаў, і дзякаваць Богу! Неадпаведнасць у вернікаў і пастыраў між тым, што кажуць і што робяць, паміж словам і ладам жыцця, падрывае давер да Касцёла», — адзначыў Папа.

Як дадаў Пантыфік, абвяшчэнне і сведчанне магчыма толькі тады, калі мы побач з Хрыстом. «Я хачу, каб усе мы спыталі сябе: ці ты і я адаруем Пана? Прыходзім да Бога толькі каб прасіць, дзякаваць ці ідзём да Яго таксама каб Яго адараваць?» — паставіў пытанні Святы Айцец і патлумачыў, што адараваць Бога — значыць вучыцца быць з Ім, спыніцца, каб паразмаўляць з Ім, адчуваючы, што Яго прысутнасць самая сапраўдная, найлепшая, самая важная з усіх. «Адараваць Пана — значыць даць Яму месца, якое павінен мець», — падкрэсліў Пантыфік.

Папа Францішак звярнуў увагу таксама на прысутнасць у жыцці сучаснага чалавека «малых і вялікіх ідалаў», у якіх ён шукае абароны. «Гэта могуць быць амбіцыі, смак поспеху, змяшчэнне сябе ў цэнтры, тэндэнцыя да панавання над іншымі, імкненне быць адзінымі гаспадарамі нашага жыцця, грахі, да якіх мы прывязаныя, і многае іншае», — патлумачыў Пантыфік.

Святы Айцец прапанаваў кожнаму шчыра назваць сваіх схаваных ідалаў, якія перашкаджаюць адараваць Бога, і заклікаў не забывацца, што Бог адзіны валадар жыцця, які запрашае пазбавіцца ад шматлікіх ідалаў і проста адараваць Яго.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.