Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа да каталіцкіх брацтваў: будзьце місіянерамі міласэрнасці Бога
Святы Айцец
05.05.2013 13:42

Евангелізацыйнасць, эклезіяльнасць і місіянерства — на гэтыя тры аспекты звярнуў увагу папа Францішак 5 мая падчас святой Імшы з удзелам членаў каталіцкіх брацтваў, якія прыбылі ў Вечны Горад з розных краін свету. Святы Айцец падкрэсліў, што брацтвы з’яўляюцца «традыцыйнай рэальнасцю Касцёла, якая на працягу апошніх гадоў атрымала абнаўленне і была па-новаму адкрыта».

Папа нагадаў пра заклік свайго папярэдніка Бэнэдыкта XVI да евангелізацыйнай ролі брацтваў. «Абапірайцеся заўсёды на Хрыста, невычэрпную крыніцу, умацоўвайце вашу веру, клапаціцеся пра духоўную фармацыю, супольную і асабістую малітву, літургію. На працягу стагоддзяў брацтвы былі кузніцамі святасці для многіх людзей, якія ў прастаце жылі інтэнсіўнымі адносінамі з Панам. З рашучасцю ідзіце да святасці; не задавальняйцеся абыякавым хрысціянскім жыццём, але няхай ваша прыналежнасць будзе стымулам, перш за ўсё для вас, больш любіць Езуса Хрыста», — сказаў Пантыфік, чые словы прыводзіць Ватыканскае радыё.

Папа падкрэсліў, што народная пабожнасць — шлях, які вядзе да самага важнага, калі рэалізуецца ў Касцёле, у глыбокай еднасці з пастырамі. «Касцёл вас любіць! Будзьце актыўна прысутнымі ў супольнасці, як жывыя клеткі, жывыя камяні, — заклікаў Святы Айцец. — У парафіях, дыяцэзіях будзьце сапраўднымі лёгкімі веры і хрысціянскага жыцця, свежым паветрам!»

Яшчэ адзін пункт, на які звярнуў увагу Пантыфік, датычыўся місіянерскай ролі брацтваў. «Вы маеце спецыфічную і важную місію — падтрымліваць жывымі адносіны паміж верай і культурамі народаў, да якіх належыце, і робіце гэта праз народную пабожнасць, — сказаў Святы Айцец. — Будзьце місіянерамі міласэрнасці Бога, які заўсёды прабачае, чакае і вельмі любіць».

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.