Папа Францішак папрасіў вернікаў маліцца за Сінод Біскупаў, які пачаўся ў Ватыкане. Пантыфік казаў аб гэтым 4 кастрычніка на малітве «Анёл Панскі».
Папа нагадаў, што ў ходзе XIV Генеральнай Асамблеі сінадальныя айцы з усіх рэгіёнаў свету, сабраныя вакол Наступніка св. Пятра, на працягу трох тыдняў будуць весці разважанні і дыскусіі пра пакліканне і місію сям’і ў Касцёле і ў грамадстве, каб зрабіць дбайны духоўны і душпастырскі аналіз і вызначыць, на аснове Езусавага вучэння ісціны і міласэрнасці, найбольш адпаведныя шляхі для дапамогі Касцёла сужэнствам.
Кажучы пра «камплементарнасць і ўзаемнасць паміж мужчынам і жанчынай», Папа спаслаўся на Святое Пісанне, дзе гаворыцца, што «пакіне мужчына бацьку свайго і маці сваю і злучыцца са сваёй жонкай, і будуць двое адным целам, а значыць адным жыццём, адным існаваннем». У гэтым адзінстве сужэнцы перадаюць жыццё новым людзям: яны становяцца бацькамі, удзельнічаюць у творчай сіле самога Бога, патлумачыў Пантыфік. Менавіта любоў, на ўзор Божай любові, «корміць» адносіны сужэнцаў, праз радасці і беды, спакойныя і цяжкія моманты, дадаў Святы Айцец.
Папа заклікаў усіх бацькоў і выхаваўцаў у свеце, а таксама ўсё грамадства, «стаць інструментамі гасціннасці і любові, з якой Езус абдымае самых малых», гледзячы ў іх сэрцы «з пяшчотай і клопатам бацькі і, у той жа час, маці». «Я думаю пра дзяцей галодных, кінутых, якія выкарыстоўваюцца, вымушаны ўдзельнічаць у вайне, нежаданых. Балюча бачыць вобразы дзяцей нешчаслівых, з іх поглядам непрысутнасці, якія ратуюцца ад галечы і канфліктаў, стукаюцца ў нашы дзверы і нашы сэрцы, просячы аб дапамозе. Няхай Пан дапаможа нам быць не грамадствамі-крэпасцямі, але грамадствамі-сем’ямі, здольнымі прыняць, з адпаведнымі правіламі, але прыняць, прыняць заўсёды з любоўю», - сказаў Папа.
Пасля «Анёл Панскі» Пантыфік памаліўся за ахвяр апоўзняў у Гватэмале, а таксама за пацярпелых ад паводкі ў Францыі. «Давайце будзем побач з людзьмі, якія пацярпелі ад сур’ёзных страт, у тым ліку праз канкрэтную салідарнасць», - заклікаў Святы Айцец.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|