Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Прэфект Кангрэгацыі па справах Духавенства да святароў: Касцёл патрабуе святых, якія прабываюць у Сэрцы Езуса
Рымская курыя
06.06.2012 11:15

15 чэрвеня, ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса, па традыцыі будзе адзначацца Сусветны дзень малітвы аб асвячэнні святароў. З гэтай нагоды кардынал Маўро Пьячэнца, прэфект Кангрэгацыі па справах Духавенства, скіраваў да святароў ліст.

Як адзначае ў лісце іерарх, словы Святога Пісання «Воля Бога — ваша асвячэнне!» скіраваны да ўсіх хрысціян, але асаблівым чынам да святароў, паколькі яны прынялі запрашэнне не толькі да асабістага асвячэння, але і да таго, каб асвячаць сваіх братоў і сясцёр.

«Такое наша цудоўнае пакліканне: мы не можам асвяціць сябе без працы на карысць святасці нашых братоў, а гэтая праца немагчымая, калі ёй не папярэднічае праца над нашым уласным асвячэннем і калі мы не будзем пастаянна яе весці», — чытаем у лісце.

«Уводзячы Касцёл у новае тысячагоддзе, бл. Ян Павел ІІ нагадаў нам пра „ідэал дасканаласці“, які трэба зрабіць даступным для ўсіх: „Задаць катэхумену пытанне: ці хочаш прыняць хрост? — значыць запытаць яго: ці хочаш стаць святым?“ Відавочна, у дзень нашага святарскага пасвячэння гэтае ж пытанне сакрамэнту хросту нанава адгукнулася ў нашым сэрцы, патрабуючы асабістага адказу; але адначасова нам было даручана задаваць гэтае пытанне вернікам, захоўваючы яго прыгажосць і бясцэнную каштоўнасць», — падкрэслівае ватыканскі іерарх.

«Мы ведаем, што пошук святасці заўсёды можа браць пачатак ад жалю і прабачэння. Але адначасова адчуваем патрэбу прасіць аб гэтым як святары, індывідуальна, ад імя ўсіх святароў і для ўсіх святароў», — адзначаецца ў дакуменце.

Кардынал Пьячэнца нагадаў, што сёлета будзе адзначацца 50-годдзе адкрыцця Другога Ватыканскага Сабору і 20-годдзе публікацыі Катэхізіса Каталіцкага Касцёла. Да таго ж у кастрычніку пройдзе Звычайнае пасяджэнне Сіноду Біскупаў на тэму «Новая евангелізацыя для перадачы хрысціянскай веры». Гэта, па словах іерарха, з’яўляецца для духавенства нагодай паразважаць і паглыбіць разуменне Другога Ватыканскага Сабору, прымаючы яго як «вялікую ласку, што стала дабрадзействам для Касцёла ў ХХ ст.», і Катэхізіса, разумеючы яго як «норму веравучэння і прыладу, што служыць эклезіяльнай камуніі». Таксама, як дадаецца, варта падрыхтавацца да Сіноду Біскупаў, каб ён стаў «добрай нагодай да ўвядзення касцёльнай супольнасці ў час асаблівай рэфлексіі і новага адкрыцця веры».

Усё гэта, па словах кардынала, павінна знайсці водгук у сэрцах і думках святароў, каб усвядоміць усе маштабы драмы сённяшніх часоў. «Даўно хрысціянізаваныя народы не падвяргаюцца ўжо спакусе нейкага агульнага атэізму, як у мінулым, але ім пагражае атэізм асобага тыпу», — дадаецца ў лісце. Таму сёння святары праз штодзённую адарацыю і служэнне павінны «вярнуць усім Трынітарную Камунію», бо «толькі сыходзячы з гэтай Камуніі і пагружаючыся ў яе, вернікі сапраўды могуць адкрыць аблічча Сына Божага». Толькі такім чынам святары могуць «вярнуць людзям нашых часоў годнасць чалавечай асобы, сэнс міжчалавечых адносінаў і грамадскага жыцця, а таксама мэту ўсяго стварэння». 

Прэфект ватыканскага ведамства звяртаецца да духавенства: «Ніякая новая евангелізацыя не будзе магчымай, калі мы, хрысціяне, не будзем здольнымі нанава заахвоціць і ўзрушыць свет, абвяшчаючы прыроду любові нашага Бога ў трох Боскіх Асобах».

«Сённяшні свет, які раздзіраюць усё больш балючыя раны, патрабуе Бога-Тройцы, а абвяшчэнне праўды пра Бога з’яўляецца задачай Касцёла. Таму Касцёл павінен захоўваць непарыўную сувязь з Хрыстом і не можа дапусціць ніякага аддзялення ад Яго; ён патрабуе святых, якія прабываюць у Сэрцы Езуса і з’яўляюцца радаснымі сведкамі трынітарнай любові Бога. А святары, каб служыць Касцёлу і свету, павінны быць святымі!» — чытаем у лісце кардынала.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.