У Ірландыі распачаўся Сусветны эўхарыстычны кангрэс |
12.06.2012 13:17 |
10 чэрвеня ў Дубліне распачаўся Сусветны эўхарыстычны кангрэс, які праходзіць пад дэвізам «Эўхарыстыя: камунія з Хрыстом і нашым бліжнім». Форум працягнецца да 17 чэрвеня. У мерапрыемстве прымае ўдзел больш за 22 тысяч чалавек, з якіх каля 7 тысяч прыехалі з-за межаў Ірландыі. На форуме прадстаўлены 102 краіны свету, у тым ліку і Беларусь. Урачыстае адкрыццё форуму распачалося святой Імшой на іпадроме ў Дубліне. Яе ўзначаліў спецыяльны пасланнік Папы кардынал Марк Уэлле, прэфект Кангрэгацыі па справах Біскупаў. Як паведамляе Ватыканскае радыё, на пачатку літургіі, што адкрыла кангрэс, перад галоўным алтаром быў адкрыты «Камень аздараўлення» — помнік, на якім напісаны словы малітвы адной з ахвяраў сексуальнага злачынства, здзейсненага прадстаўніком Касцёла. Затым удзельнікі літургіі ў цішыні памаліліся за ўсіх, хто пацярпеў у выніку злоўжыванняў. Як паведамлялася раней, у межах кангрэса пройдзе таксама тэалагічны сімпозіум, прысвечаны 50-й гадавіне распачацця Другога Ватыканскага Сабору. На ім удзельнікі будуць разважаць над эвалюцыяй такіх навуковых дысцыплін, як сістэматычная, маральная, біблійная тэалогія, літургіка, місіялогія. Эўхарыстычныя кангрэсы праходзяць раз у чатыры гады. Папярэдні з’езд адбываўся ў канадскім Квебеку ў 2008 г. У Ірландыі эўхарыстычны кангрэс адбудзецца не ўпершыню: у гэтай краіне ён праходзіў і ў 1932 г. |