Эўхарыстычная працэсія прайшла па вуліцах Вілейкі |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
11.06.2012 14:05 |
У нядзелю 10 чэрвеня 2012 г. па вулiцах горада Вілейкі прайшла ўрачыстая эўхарыстычная працэсiя Божага Цела. А 10-й гадзiне католікі Вілейкі сабраліся на святой Імшы ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа. Пробашч парафіі кс. Аляксандр Барыла прывiтаў усiх сабраных словамi: «Эўхарыстычная працэсія, якая адбудзецца адразу пасля літургіі, з’яўляецца маніфестацыяй нашай веры, бо пройдзем па вуліцах нашага горада з просьбай, каб Хрыстус нам благаславіў. І адначасова мы выйдзем са святыні i будзем мець магчымасць сведчыць пра Яго». Працэсiя ўключала прыпынкі каля чатырох алтароў. Першы быў пры КБА, другi — на плошчы Свабоды. Пазней Эўхарыстычнага Езуса неслі праз горад да трэцяга алтара, збудаванага пры гарвыканкаме. Апошнi, чацвёрты алтар, быў падрыхтаваны каля касцёла. На апошнiм прыпынку кс. Аляксандр Барыла падзякаваў усiм удзельнiкам урачыстасцi i запрасiў да трывалага сведчання аб сваёй веры не толькi падчас набажэнстваў, але і ў штодзённым жыцці. Эўхарыстычная працэсiя прыгожа ўпiсалася ў нядзельнае жыццё Вілейкі. Дзякуючы добраму надвор’ю, шмат людзей, гледзячы на вернікаў, слухаючы эўхарыстычныя спевы, далучалася да праслаўлення Бога. |
Фотарэпартаж |