«У Эўхарыстыі можна навучыцца бачыць сапраўднае аблічча Бога і ўваходзіць у адносіны з Ім», — заўважыў папа Бэнэдыкт XVI падчас агульнай аўдыенцыі 16 студзеня. У катэхезе Пантыфік звярнуў увагу на аблічча Бога, якое ўпоўні адкрылася людзям у нараджэнні Хрыста.
Па словах Святога Айца, Бог на працягу гісторыі ізраільскага народа шмат разоў аб’яўляўся праз пасрэднікаў: Майсея, прарокаў і суддзяў. Яны перадавалі народу Божую волю, нагадвалі аб неабходнасці захоўваць вернасць запавету і падтрымлівалі ў чаканні канчатковага спаўнення Божых абяцанняў. Паводле Папы, рэалізацыя гэтых абяцанняў наступіла з Божым Нараджэннем, у якім «аб’яўленне Бога дасягнула сваёй кульмінацыі, сваёй поўні». Пантыфік дадаў, што Езус не проста заключыў у словы інфармацыю пра Бога, але паказаў Яго сапраўднае аблічча.
Святы Айцец заўважыў, што тэма пошуку Божага аблічча шырока прадстаўлена ў Старым Запавеце. Слова «аблічча» тут ужываецца каля 400 разоў і каля 100 разоў адносіцца непасрэдна да Бога. Папа нагадаў таксама, што ў юдэйскай рэлігіі былі забаронены выявы Бога, каб пазбегнуць таго, што адбывалася з суседнімі народамі, сярод якіх было распаўсюджана ідалапаклонства.
«Што азначаў тады для пабожнага ізраільцяніна пошук Божага аблічча, улічваючы тое, што не можа быць ніякіх Яго выяваў? Гэтае пытанне важнае: з аднаго боку яно азначае, што Бога нельга абмежаваць нейкай рэччу, напрыклад, простай выявай, ці паставіць нешта на месца Бога; а з іншага — яно пацвярджае, што Бог мае сваё аблічча, гэта значыць з’яўляецца Асобай, якая можа ўвайсці ў адносіны, а не закрытая на нябёсах, гледзячы з вышыні на чалавецтва. Бог вышэй за кожную рэч, але Ён звяртаецца да нас, слухае, бачыць, прамаўляе, заключае запавет і мае здольнасць любіць», — сказаў Пантыфік, словы якога прыводзіць Ватыканскае радыё.
Як дадаў Папа, у Старым Запавеце Бог, размаўляючы з Майсеем, казаў, што Яго аблічча чалавек убачыць не можа, але «з Уцелаўленнем наступіла нешта цалкам іншае» — цяпер Божае аблічча можна ўбачыць: гэта Езус, Сын Божы, які стаў чалавекам. Пантыфік нагадаў словы св. Бэрнарда аб тым, што «хрысціянства — гэта рэлігія Божага Слова»; слова «не напісанага або мёртвага, але Слова ўцелаўлёнага і жывога». «Калі хочам бачыць аблічча Бога, (…) якое дае сэнс, трываласць, спакой на нашым шляху, мы павінны ісці за Хрыстом, але не толькі тады, калі знаходзімся ў патрэбе, маем прастору і час сярод тысяч клопатаў, — падкрэсліў Бэнэдыкт XVI. — Усё наша існаванне павінна быць скіравана на сустрэчу з Ім, на любоў да Яго; у нашым жыцці цэнтральнае месца павінна заняць любоў да бліжняга, якая ў святле Укрыжавання дае магчымасць убачыць аблічча Езуса ў бедным, слабым і пакутуючым. Гэта магчыма толькі калі аблічча Езуса стане нам блізкім праз слуханне Яго слова і перш за ўсё праз таямніцу Эўхарыстыі».
Пантыфік звярнуў увагу, што Эўхарыстыя з’яўляецца для вернікаў «школай, у якой можна вучыцца бачыць аблічча Бога, уваходзіць у адносіны з Ім і ў той жа час скіроўваць на Яго позірк у канчатковы момант гісторыі, калі Ён дасць нам радасць убачыць святло свайго аблічча». (AG)
|