Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ватыканскі іерарх цэлебраваў у Хірасіме св. Імшу за мір
06.08.2012 14:16

У 67-ю гадавіну атамнай бамбардзіроўкі ў Хірасіме (Японія) адбылася св. Імша за мір, якую ўзначаліў арцыбіскуп П’ер Луіджы Чэлата, былы сакратар Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу, віцэ-камерленг Святога Рымскага Касцёла. У гаміліі іерарх адзначыў, што японскі народ праз сваю мужнасць змяніў цёмную падзею мінулага чалавецтва ў пункт адліку надзеі на лепшую будучыню для свету.

«Давер і надзея неабходныя для кожнага чалавека і грамадства, як паветра, каб дыхаць», — сказаў ватыканскі іерарх, чые словы цытуе Ватыканскае радыё.

Арцыбіскуп адзначыў, што лічыць асаблівай ласкай быць у гэтыя дні ў Хірасіме і маліцца, каб «гэтае жудаснае злачынства» больш ніколі не паўтарылася. Іерарх лічыць, што сучасны чалавек павінен пераадолець падазрэнні і страхі, каб выйсці насустрач свайму бліжняму, «які хоць і адрозніваецца ад нас, але з’яўляецца членам адзінай чалавечай сям’і з агульным лёсам». «Такім чынам, мы пакліканы прымаць і паважаць адно аднаго: праз святасць жыцця, выбар сумлення, асабліва ў рэлігійных пытаннях, і годнасць кожнага чалавека. Мы пакліканы аб’яднаць нашу духоўную і матэрыяльную энергіі для працы з даверам і надзеяй над пабудовай больш справядлівага і адкрытага грамадства, якое зможа жыць у міры і згодзе», — перакананы арцыбіскуп Чэлата.

Іерарх нагадаў, што ў сэрцы кожнага чалавека і народа хаваецца спакуса эгаізму, прыгнёту іншых, панавання, накаплення дабротаў, часта шляхам падману, насілля, вайны. «Вернікі і людзі добрай волі павінны рэагаваць на гэта, служачы для свету і падтрымліваючы духоўныя каштоўнасці сваіх традыцый», — заявіў арцыбіскуп і дадаў, што толькі праз Хрыста можна асягнуць сапраўдны мір.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.