Кардынал Тарксан: Японія і Апостальская Сталіца могуць весці плённы дыялог у важных пытаннях |
Дзяржава Ватыкан
|
12.11.2012 22:35 |
Японія і Апостальская Сталіца могуць весці плённы дыялог у такіх важных пытаннях, як дзейнасць на карысць сусветнага міру, выкарыстанне атамнай энергіі, ураўнаважанае развіццё грамадства. У 70-ю гадавіну ўсталявання дыпламатычных адносін паміж дзяржавамі на гэта звярнуў увагу старшыня Папскай рады «Iustitia et Pax» кардынал Пітэр Тарксан.
10 лістапада ў Токіо іерарх выступіў на міжнародным сімпозіуме, прысвечаным міру і справядлівасці.
Кардынал Тарксан ухваліў японцаў за тое, што ў цяжкіх абставінах, у якіх апынулася іх краіна, яны знаходзяць сілы для абвяшчэння міру і міжнароднага супрацоўніцтва, справядлівага падзелу матэрыяльных рэсурсаў і адказнасці ў сферы атамнай энергетыкі.
Старшыня ватыканскага ведамства падкрэсліў, што багатыя культурныя і духоўныя традцыі Японіі могуць стаць «неабходным маральным компасам» у дыскусіях на тэмы старэння грамадства і міграцыі. Разам з тым кардынал Тарксан перасцярог японцаў перад спакусай дыскрымінацыі імігрантаў і ўтылітарнага падыходу да каштоўнасці чалавечага жыцця, якое цэніцца як у хрысціянстве, так і ў традыцыйных японскіх вераваннях.
Апостальская Сталіца і Японія ўсталявалі дыпламатычныя адносіны ў сакавіку 1942 г. (AG)
|