У Чэхіі беатыфікаваны 14 францішканаў |
15.10.2012 16:21 |
13 кастрычніка ў базыліцы св. Віта ў Празе (Чэхія) адбылася беатыфікацыя Фрыдрыха Бахштэйна і яго 13 паплечнікаў з Ордэна братоў меншых францішканаў, якія былі забіты ў сваім кляштары 13 лютага 1611 г. Прадстаўніком Святога Айца на цырымоніі быў кардынал Анджэла Амата, прэфект Кангрэгацыі па справах Кананізацыі. 14 францішканаў былі забіты «in odium fidei» (у нянавісці да веры) раз’юшаным натоўпам, які адчуваў безраздумную злосць супраць Касцёла. У той час у Чэхіі была вялікая колькасць розных пратэстанцкіх сектаў, варожых да католікаў і каталіцкай дынастыі Габсбургаў. Як адзначыў кардынал Амата ў размове з Ватыканскім радыё, у той час «духавенства, законнікі і свецкія вернікі жылі пад пастаяннай пагрозай», аднак «ніхто не мог абвінаваціць францішканаў з пражскага кляштара ў нацыяналізме або палітычнай змове». Крыніцы таго часу «кажуць, што благаслаўлёныя мучанікі цалкам усведамлялі блізкую небяспеку і былі гатовы сустрэць яе як сведкі веры». (AG) |