У Нігерыі падчас каляднай літургіі расстралялі святара і вернікаў |
26.12.2012 16:11 |
25 снежня некалькі ўзброеных баевікоў-ісламістаў уварваліся ў касцёл навокал Паціскума (Нігерыя) і падчас Імшы на Божае Нараджэнне расстралялі шасцярых людзей. «Група ўзброеных асобаў увайшла ў вёску. Яны накіраваліся прама да касцёла, адкрылі агонь па людзях і застрэлілі святара і пяць парафіянаў. Потым яны абстралялі касцёл», -- расказаў жыхар вёскі Перы, дзе было здзейснена нападзенне. Інфармацыю пра нападзенне на святыню пацвердзілі і супрацоўнікі паліцыі штата Ёбе, аднак, як паведамляе партал credo-ua.org, яны адмовіліся паведаміць дэталі здарэння. Большасць жыхароў гэтага штата – мусульмане, тым не менш, у цэнтры горада Паціскум, бліз якога знаходзіцца вёска Перы, пражывае значная колькасць хрысціянаў. Непадалёку ад штата Ёбе знаходзіцца горад Майдугуры, у якім знаходзіцца база баевікоў з ісламскай групоўкі «Боко Харам», якія змагаюцца за аднаўленне законаў шарыяту на тэрыторыі ўсёй краіны. (VGr) |