Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды 20-годдзя аднаўлення дзейнасці кармэлітаў у Беларусі |
Мядзель, 20 снежня 2009 г. Узрадуемся разам з Марыяй Глыбокапаважаныя айцы кармэліты, сёстры законныя, госці, браты і сёстры! Сёння ў гістарычнай кармэліцкай парафіі ў Мядзелі мы адзначаем юбілей 20-годдзя аднаўлення працы кармэлітаў у Беларусі. 20 гадоў — гэта вельмі мала ў параўнанні з сусветай гісторыяй. Аднак калі прыняць пад увагу тое, у якіх абставінах трэба было працаваць і што за гэтыя гады было дасягнута, — гэта зусім нямала. Я добра памятаю той дзень, калі нам перадалі касцёл у Мядзелі і тут адбылася першая пасля многіх дзесяцігоддзяў святая Імша. Нягледзячы на тое, што тады ішоў вялікі дождж, людзей было шмат. Мы пяшком падымаліся на горку. Біскуп, генерал ордэна кармэлітаў, айцы кармэліты і святары. Памятаю, што падчас гэтага пад’ёму па слізкай мокрай зямлі я сказаў генералу, які ішоў побач: мы як быццам узбіраемся на гару Кармэль. Ён адказаў: сапраўды так. Па яго вачах было бачна, якім важным у адраджэнні служэння айцоў кармэлітаў у Беларусі быў момант новага распачацця працы на зямлі, якая на працягу многіх дзесяцігоддзяў была палігонам атэізму, зноў падымацца ўверх, зноў весці людзей да духоўнай дасканаласці. А дождж ішоў і ішоў. І я адказаў айцу генералу, што паводле усходняй традыцыі дождж — гэта знак Божага благаслаўлення. Сапраўды, Бог шчодра благаслаўляе айцоў кармэлітаў у іх працы ў нашай бацькаўшчыне. Адноўлены касцёл у Мядзелі. Адраджаецца мядзельская Кальварыя — пакуль што адзіная ў Беларусі. Гэта гістарычнае месца пілігрымак, і яно павінна быць адноўлена. Пілігрымкі маюць вельмі вялікае значэнне як у адраджэнні, так і ва ўмацаванні рэлігійнага жыцця. Гэта не толькі малітва пілігрымаў, але таксама іх хрысціянскае сведчанне, якога так патрабуе сучасны свет у справе здзяйснення новай евангелізацыі. Падчас візіта аd limina apostolorum беларускіх біскупаў у Ватыкан, які завяршыўся тры дні таму, у Папскай радзе па справах свецкіх на гэта звярнулі вялікую ўвагу. Айцамі кармэлітамі адноўлены таксама касцёл святога Андрэя, апостала, у Нарачы. Курортнае месца, дзе людзі папраўляюць сваё здароў’е, зноў стала месцам, дзе яны маюць магчымасць паправіць свой духоўны стан, бо кожны касцёл — гэта месца сустрэчы чалавека з Богам. Касцёл і парафіяльны цэнтр у Нарачы сталі таксама месцам фармацыі моладзі і правядзення рэкалекцый для юнакоў у межах душпастырства паклікання да святарства. Нарач стала вядомай не толькі сваімі здраўніцамі, цудоўным возерам, рынкам, але і прыгожым неагатычным касцёлам, у якім адбываюцца цудоўныя набажэнствы і канцэрты духоўнай музыкі. Айцы кармэліты працуюць у Мінску, нядаўна распачалі працу ў Горках, дзе некалі ў селькагаспадарчай акадэміі вучыўся кармэліт кс. Рафал Каліноўскі, які сваім багатым і трагічным жыццём асвяціў гэтую зямлю, таксама як і Сібір, куды быў сасланы. Нагадваючы пра дзейнасць ордэну кармэлітаў у Беларусі, нельга не узгадаць Гудагай, дзе знаходзіцца вельмі дарагі мне касцёл с цудоўным абразом Маці Божай, які быў укаранаваны папскімі каронамі. Менавіта там 20 гадоў таму, 25 ліпеня 1989 г., было абвешчана аб прызначэнні першага біскупа ў Беларусі. Сёння там таксама запланавана будаўніцтва Кальварыі. Айцы кармэліты прымаюць актыўны ўдзел у жыцці мясцовага Касцёла, аб чым сведчыць не толькі парафіяльная дзейнасць, але таксама рэкалекцыі, якія яны праводзяць, апекаванне рознымі групамі вернікаў. А адзін з айцоў кармэлітаў з’яўляецца духоўным айцом навучэнцаў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску. Нельга не ўзгадаць і пра сясцёр кармэлітанак, якія малітвай, сузіраннем, катэхетычнай працай актыўна садзейнічаюць адраджэнню Касцёла ў Беларусі і здзейсненню яго місіі ў наш час, які вельмі патрабуе сведкаў малітвы. Сённяшняе Евангелле распавядае пра адведзіны Марыяй дома Захарыі і Альжбеты, якая была ў благаслаўлёным стане і чакала нараджэння папярэдніка Збаўцы — св. Яна Хрысціцеля. Гэта сцэна сустрэчы дзвюх маці — маці Хрыста і маці Яго папярэдніка. Якая радасць выказана ў словах Альжбеты, калі яна ўсклікае: адкуль мне гэта, што маці Збаўцы прыходзіць да мяне? На самой справе не толькі маці Збаўцы тады завітала ў дом Захарыі і Альжбеты, але і сам Збаўца, які сваёй ласкай вызваліў свайго папярэдніка ад першароднага граху. Марыя, якая падчас Звеставання згадзілася з воляй Божай і потым паспяшалася на дапамогу Альжбеце, на яе прывітанне адказвала словамі вядомага нам гімна «Magnificat», якім яна праслаўляе Бога за вялікія рэчы, якія Ён учыніў ёй. Ордэн кармэлітаў, які быў заснаваны ў гонар Панны Марыі і цесна звязаны з гарой Кармэль, дзе жыў прарок Ілля, сёння таксама спявае гімн «Magnificat». Бо, сапраўды, Усемагутны Бог учыніў яму вялікія рэчы. Пасля многіх дзесяцігоддзяў забароны дзейнасці ў Беларусі ордэн адрадзіўся і настолькі ўвайшоў у жыццё лакальнага Касцёла, што стаў яго інтэгральнай часткай. Сёння цяжка ўявіць сабе Касцёл у нашай краіне без кармэлітаў. Учыніўшы ордэну вялікія рэчы, Бог праз айцоў і братоў чыніць іх і ў Касцёле, бо ордэн садзейнічае адраджэнню і дзейнасці Касцёла ў Беларусі. Сімвалічна, што юбілей 20-годдзя аднаўлення дзейнасці кармэлітаў у Беларусі адзначаецца ў апошнюю, чацвёртую нядзелю Адвэнту, перад самым Божым Нараджэннем. Мы з радасцю чакаем гэтых блізкіх кожнаму з нас і такіх родных святаў. Больш за 2000 гадоў таму ў Бэтлееме ажыццявілася тамніца Богаўцелаўлення. Бог стаў чалавекам для нас і нашага збаўлення. Праз сваё ўцелаўленне Ён увайшоў у чалавечую гісторыю, стаў блізкім і дасягальным для нас. Ён збавіў чалавека на дрэве крыжа праз сваю смерць і ўваскрасенне. Таму ў літургічным календары першае месца па значнасці займае Вялікдзень, а потым Божае Нараджэнне. Мой першы пробашч у Вострай Браме ў Вільнюсе (Літва), які вельмі любіў Панну Марыю, казаў: мы ведаем, што першыя месцы па значнасці ў літургічным календары займаюць Вялікдзень і Божае Нараджэнне, бо менавіта праз іх ажыццявілася таямніца нашага збаўлення, аднак не было б ні аднаго, ні другога, калі б не было Марыі і яе згоды з Божай воляй. Кармэліты таксама згадзіліся з воляй Пана і, нягледзячы на многія цяжкасці, вярнуліся працаваць у Беларусь. Выказваючы ім сваю ўдзячнасць і глыбокую пашану, хачу пажадаць, каб праз іх служэнне Бог нараджаўся ў сэрцах як мага большай колькасці людзей. Наша айчына будзе такой, якімі будуць людзі ў ёй. Мы самі павінны каваць свой лёс. І тут усё залежыць ад таго, на якім падмурку мы збіраемся будаваць нашае жыццё. На падмурку інтарэсаў сучаснага секулярнага свету? На падмурку менталітэту сучаснага чалавека, які жадае, падобна як рымляне, хлеба і гульняў? На падмурку маральнага рэлятывізму, які сцвярджае, што няма і не можа быць абсалютнай ісціны, што ў свеце ўсё адносна і, калі змяняюцца абставіны жыцця, то могуць змяняцца і маральныя нормы? На падмурку філасофіі абсалютнай свабоды, якая не прымае ніякіх маральных нормаў? Ці на падмурку дадзенага нам Богам маральнага закону, на падмурку васьмі Божых благаслаўленняў, якія павінны быць magna carta — вядучай нормай у будаванні нашага жыцця? Няхай дэвіз кармэлітаў: «Гарлівасцю запалаў на хвалу Бога» — натхніць нас на новыя гераічныя ўчынкі ў справе евангелізацыі, да якой Святы Айцец Бэнэдыкт XVI заклікаў беларускіх біскупаў падчас візіту аd limina. Няхай гэты дэвіз спрыяе пашырэнню маральнасці на нашай зямлі, каб мы ўсе разам з Марыяй спявалі свой «Magnificat», бо, сапраўды, вялікія рэчы Бог учыніў і працягвае чыніць на нашай зямлі. Амэн. |
Адноўлена 21.12.2009 13:53 |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.