Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на заканчэнне Года святарства

Мінск, парафія Святога Яна Хрысціцеля, 10 чэрвеня 2010 г.

Быць верным пакліканню

Глыбокапаважаныя браты ў святарстве, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

1. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI 19 чэрвеня 2009 г. ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса распачаў Год святарства, які завяршаецца 11 чэрвеня 2010 г. таксама ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса. Дэвізам Года святарства Папа абраў словы: «Вернасць Хрыста — вернасць святара», а апекуном усіх святароў свету абвясціў св. Яна Марыю Віянэя.

Мінулы год быў часам разважання над самым вялікім дарам — дарам святарства. Гэта быў таксама час малітвы за святароў і аб пакліканнях да святарства. У гэты час арганічна ўключылася пілігрымаванне абраза Езуса Міласэрнага і рэліквій нашага благаслаўлёнага земляка кс. Міхала Сапоцькі. Год святарства, які завяршаецца, быў узбагачаны і першай у гісторыі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі ўсебеларускай малітоўнай сустрэчай святароў, якая адбылася ў касцёле св. Сымона і св. Алены ў дзень успаміну св. Яна Марыя Віянэя — 4 жніўня 2009 г.

2. Сёння, напярэдадні заканчэння Года святарства, мы яшчэ раз ставім перад сабой пытанні: кім жа на самой справе з’яўляецца святар? Чаму людзі так хочуць, каб быў святар? І чаму адначасова не ўсе яго ўспрымаюць?

Святы Грыгорый Назіянзскі казаў, што святар з’яўляецца абаронцам праўды, складае на алтары ахвярныя дары, прымае ўдзел у Хрыстовым святарстве, духоўна аднаўляе чалавека і вяртае яму вобраз Божы. Пазней св. Ян Марыя Віянэй дапоўніў гэтую думку словамі: калі б мы маглі зразумець, кім з’яўляецца святар, то маглі б памерці, але не ад страху, а з любові, бо святарства — гэта любоў Сэрца Езуса.

Чалавек становіцца членам Касцёла дзякуючы служэнню святара. Гэта святар ад імя Бога прымае яго ў супольнасць веруючых. Гэта святар прымае ўдзел ва ўсіх сакрамэнтах. Гэта святар, увесь час прысутны ў жыцці хрысціяніна, становіцца сведкам яго радасцяў, паражэнняў, з’яўляецца яго духоўным дарадцам. Ва ўсе моманты жыцця хрысціяніна Хрыстус прыходзіць да чалавека праз святара.

Дзякуючы паслузе святара рэалізуецца справа збаўлення, — кажа св. Ян Марыя Віянэй. Сапраўды, без святара збаўленне, якое прынёс Хрыстус, заставалася б нявыкарыстаным дэпазітам.

Святар, які дзейнічае In persona Christi, прадстаўляе самога Хрыста. Гэта ў святарскіх далонях ажыццяўляецца сапраўдны цуд перамення хлеба і віна ў Цела і Кроў Хрыста. Дзякучы гэтаму на алтары прысутны жывы і праўдзівы Збаўца.

Езус Хрыстус, устанаўліваючы ў Вялікі чацвер сакрамэнт Эўхарыстыі і святарства, аб’яднаў іх так, што яны сталі неразрыўнымі. Эўхарыстыю, як  і іншыя сакрамэнты, Езус даручыў рукам выбранага і ўстаноўленага Ім чалавека — святара. Так Касцёл на працягу стагоддзяў разумеў і разумее сувязь сятарства з Эўхарыстыяй і іншымі сакрамэнтамі.

3. Святар, для таго, каб цэлебраваць сакрамэнты, найперш павінен быць пакліканы і выбраны. Гэта сам Хрыстус выбірае  і кліча «з натоўпу».

Часам Яго заклік з’яўляецца неспадзяваным і рашучым, аднак найчасцей Ён кліча звычайна, крок за крокам, праз ланцуг розных жыццёвых выпрабаванняў, здарэнняў і знакаў.

4. Для Слугі Божага Яна Паўла II, напрыклад, святарства — гэта дар і таямніца. Дар, які пераўзыходзіць чалавека, і адначасова таямніца Божага абрання. Гэта таямніца, якая патрабуе не толькі аднаразовага, але пастаяннага, глыбокага, унутранага адкрыцця. Для святара гэтае адкрыццё з’яўляецца крыніцай сілы, дзякуючы якой ён зноў і зноў перажывае сваё пакліканне. Нялёгка падзяліцца таямніцай свайго паклікання. Складана аб’яць яго чалавечым словам, няпроста аб ім гаварыць і пісаць. Кожны з нас, святароў, па-свойму можа адказаць, якім чынам і пры якіх абставінах пачуў голас Хрыста, які кліча, і адказаў на яго.

Найчасцей самы вялікі ўплыў на выхаванне да паклікання і яго прачытання мела сям’я. Для многіх святароў сям’я стала першай семінарыяй. Вялікая заслуга ў дапамозе адчытаць пакліканне належыць і парафіі, дзе маладыя хлопцы з’яўляюцца міністрантамі, лектарамі і кантарамі. На шляху адкрыцця дару паклікання вялікую ролю адыгрываюць і святары. Не адзін з нас менавіта дзякуючы добраму прыкладу і адданай працы святара ўбачыў і сваё пакліканне.

Святарства — гэта таямніца і бязмежны дар. Дар для святара і дар для супольнасці вернікаў. На жаль, гэты дар у сучасным свеце нярэдка незразумелы і, можа, нават высмейваецца.

5. Нярэдка можна пачуць пытанне: ці сапраўды ў сучасным самадастатковым свеце святар яшчэ патрэбны? Можа, гэта ўжо перажытак мінулага? Часам можна пачуць наступныя сцвярджэнні: у Бога я веру, але Касцёл і святароў не прызнаю. У адказ на  такую пазіцыю напрашваецца вывад: ваду з Крыніцы Жыцця чалавек п’е, але студні, з якой чэрпае, не акцэптуе.

Ніхто іншы, як святар, вядзе чалавека ад хросту ажно да крыжа на магіле. Вядзе, указваючы шлях да Бога, праз сакрамэнт пакаяння, Эўхарыстыю, намашчэнне хворых. Сам Езус як быццам кажа святару: Я патрабую цябе, тваіх вуснаў, тваіх рук, твайго сэрца, тваіх сіл і ўсмешкі для слабых, пакрыўджаных і церпячых.

Нездарма папа Бэнэдыкт XVI кажа, што святар павінен быць спецыялістам у спатканні чалавека з Богам.

Калі малады святар Ян Марыя Віянэй ішоў у Арс, месца, куды яго накіравалі несці святарскае служэнне, то не мог знайсці дарогі. Ён спытаў у хлопца, які пас жывёлу, і той яму паказаў. Тады кс. Віянэй адказаў яму: ты мне паказаў дарогу ў Арс, а я пакажу табе дарогу да неба.

6. Таму святарства патрабуе ахвяры, высілкаў, цярпення і прысвячэння, бо святар — гэта сябар Хрыста. Беручы пад увагу сцэну, калі Хрыстус абмывае ногі Апосталам падчас Апошняй Вячэры, можна зрабіць вывад: святар пакліканы абмываць ногі іншых, але свае дазволіць іншаму абмыць не можа.

Перажыванне святарства не з’яўляецца простым. Падчас прыміцыі святар атрымлівае многа кветак. Найчасцей гэта ружы. Аднак акрамя прыгожых бутонаў і прыемнага свежага водару ў іх ёсць і шыпы.

Святар як чалавек таксама мае сваё сумленне і свае грахі. Можа здарыцца, што яго сумленню будзе неабходна ачышчэнне. Тым не менш, святар заўсёды дзейнічае ад імя Хрыста і Яго моцай. Падобна ўрачу, які сам з’яўляючыся хворым, можа лячыць іншых.

Захварэўшы духоўна, святар, як і кожны іншы чалавек, ідзе да свайго субрата і на споведзі просіць вылечыць яго і ўказаць шлях выпраўлення. Святар, абвяшчаючы праўду Божую не вядзе чалавека да сябе, але да Бога. Таму Хрыстус наказаў святарам як настаўнікам і вартаўнікам Божага права захоўваць усё, што вам скажуць.

Можа, найбольш цяжкім досведам святара з’яўляецца тое, каб заўсёды быць верным сваім святарскім абяцанням, і праз змаганне са сваімі слабасцямі, ацаліць пакліканне і вярнуцца да Бога. У гэтым выпадку найважнейшым з’яўляецца тое, каб паказаць заблукаўшаму шлях, які верне яго да Хрыста. І чыніць гэта святар святару.

Такім чынам, святарства, з’яўляючыся асаблівым дарам, адначасова можа быць і асаблівай цяжкасцю, якой святар як чалавек не можа знесці і перамагчы без Божай дапамогі. Адсюль з’яўляецца пачуццё баязлівасці, калі мы баімся свайго святарства і адначасова падаем перад ім на калені.

Таму ў святарстве найважнейшым з’яўляецца ТАК, выказанае святаром святарству і Хрысту. ТАК, якое мы павінны аднаўляць падчас цяжкасцяў, крызісаў і самотнасці. ТАК, калі цэлы свет сваім цяжарам грахоў ляжыць на нашых плячах. ТАК у кожнай сітуацыі нашага жыцця, у якую нас ставіць Божы Провід. Гэтае ТАК пераменяе святара да такой ступені, што яго вусны, воля і рукі становяцца вуснамі, воляй і рукамі Хрыста.

Дарагія духоўныя сыны, святары, працуючыя ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, выказваючы ўсім вам удзячнасць за адданую і ахвярную працу, давяраючы апецы Марыі — Маці святароў, малю Бога, каб вы і я разам з вамі, каб мы ўсе разам маглі адказаць нашае ТАК Хрысту, які нас паклікаў і ўчыніў сваімі святарамі на хвалу Бога і дзеля збаўлення людзей. Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі