Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антонія Дзям’янкі падчас падчас святой Імшы ў Смаргоні |
Гамілія дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антонія Дзям’янкі падчас падчас святой Імшы з удзяленнем сакрамэнту святарства Смаргонь, парафія Св. Міхала Арханёла, 10 ліпеня 2010 г. Сёння для салезіянаў Беларусі — а разам з імі і для сабраных тут вернікаў — радасны дзень. Ваша парафіяльная святыня, якая не так даўно адзначала 250-годдзе свайго існавання, з’яўляецца нямым сведкам многіх падзей. А сёння тут адбываецца такая радасная падзея ў жыцці не толькі асобнага чалавека, яго родных і блізкіх, парафіян, але і паўсюднага Касцёла. Падчас урачыстай літургіі касцёльная супольнасць і Таварыства святога Францішка Сальскага ўзбагаціцца новым прэзбітэрам. Ён выбраў служэнне Хрысту, якое характарызуецца трайной уладаю: прароцкай, святарскай і каралеўскай. Кожная супольнасць патрабуе правадніка. Патрабуе таго, хто будзе ісці наперадзе, хто будзе важаком для яе па дарозе, «правадыром сляпых, святлом для тых, што ў цемры» (пар. Рым 2, 19). Выкарыстоўваючы біблейскі вобраз, скажам: патрабуе таго, хто будзе для яе як вогнены слуп у начы і воблака на працягу дня («Ты даў ім вогненны слуп як правадніка на незнаёмай дарозе, і лагоднае сонца ў іх хвалебнай вандроўцы», пар. Мдр 18, 3). Будзе служыць мудрасцю свайму народу. Супольнасці патрэбен той, хто адзначаецца разважлівасцю. Такія якасці правадніка заўважыў ужо Майсей, які, просячы Бога аб наступніку, маліўся такімі словамі: «Хай паставіць Пан, Бог духаў усякай плоці, над статкам гэтым, чалавека, які выходзіў бы перад імі і які ўваходзіў бы перад імі, які выводзіў бы іх, каб не застаўся статак Пана, як авечкі, у якіх няма пастыра» (пар. Ліч 27, 16–17). У залежнасці ад неабходнасці, якая адпавядае грамадскай супольнасці, быў Божы Народ так арганізаваны у самым пачатку: «І узяў я галоўных з плямёнаў вашых, мужоў мудрых і выпрабаваных, і зрабіў іх правадырамі над вамі, тысячнікамі, сотнікамі, пяцідзесятнікамі, дзесятнікамі і наглядчыкамі паводле плямёнаў вашых» (пар. Дрг 1, 15). Кіраўнік павінен выканаць пэўныя ўмовы, і валодаць пэўнымі здольнасцямі, таму што як пастыр і праваднік з’яўляецца адлюстраваннем улады Бога, Адзінага, Найвышэйшага і сапраўднага Пастыра чалавецтва. Старэйшы, з’яўляючыся важаком для іншых, не можа заставацца без уласнага важака. Сэрца яго павінна кіравацца мудрасцю (пар. Экл. 2,3) і розумам, які чэрпае сваё святло ў Створцы. «Няхай бы даў мне Бог гаварыць з разуменнем, а думаць годна таго, чым адораны я, таму што Ён — правадыр мудрасці і той, хто папраўляе мудрых» (пар. Мдр 7, 15). Усе мы добра ведаем, што на духоўны ўзрост у супольнасці ўплывае прыклад яго правадніка. Такія якасці патрэбныя асобе для належнага выканання каралеўскага задання ў кожнай супольнасці. Дзякуючы добра арганізаванай супольнасці авечкі не павінны адчуваць ніякага недахопу («Пан — Пастыр мой; я не маю ніякай нястачы» — гл. Пс 23, 1). Калі ён будзе сапраўды адлюстраваннем Божай улады, то павінен вывесці авечак на добрыя і багатыя пашы. Кіраўнік павінен заўважаць тых авечак, якія патрабуюць асаблівай увагі: «ягнят будзе браць на рукі і насіць на грудзях Сваіх, і вадзіць дойных» (пар. Іс 40, 11). Павінен мець здольнасці адшукаць загубленых авечак, вярнуць тых, якія заблукаліся, перавязаць і лячыць скалечаных, узмацніць слабых, быць здольным вартаваць тлустых і моцных (пар. Эзх 34, 14, 16). Здольным да справядлівага кіраўніцтва, таму што ён толькі выступае распарадчыкам ад імя Бога (Эзх 34, 15). Нават калі слова прарока Эзехіэля «бяда» — прымаючы даслоўна — адносілася да каралёў Ізраіля, то аднак у аналагічным сэнсе яно датычыць усіх, хто прымае абавязак кіраваць грамадскай супольнасцю: «Сыне чалавечы! Вымаві прароцтва на пастыраў Ізраілевых, вымаві прароцтва і скажы ім, пастырам: так кажа Пан Бог: гора пастырам Ізраілевым, якія пасвілі саміх сябе! Ці ж не статак павінны пасвіць пастыры? Вы елі тлушч і воўнаю апраналіся, укормленых авечак забівалі, а статак не пасвілі. Слабых не мацавалі і хворай авечкі не лекавалі і параненай не перавязвалі, і з пашы не вярталі і згубленай не шукалі, а кіравалі імі з гвалтам і жорсткасцю» (гл. Эзх 34, 2–5). Пасля таго, як закон Майсея перастаў быць абавязковым, прышоў Хрыстус і навучаў: «Ведаеце, што тыя, якія лічаць сябе валадарамі народаў, пануюць над імі, ды князі іхнія маюць уладу над імі. Не так будзе паміж вамі, але хто хацеў бы быць сярод вас старэйшым, хай будзе вашым слугою. І хто хацеў бы ў вас быць першым, хай будзе слугою ўсіх. Бо і Сын Чалавечы не прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і даць душу Сваю на адкупленне многіх» (пар. Мk 10, 42–45). Калі Хрыстус прышоў у свет, то Ён не толькі выпраўляў памылкі ў служэнні, але і ўдасканаліў спосаб выканання ўлады. Выконваючы ўладу бацькоўскую і пастырскую, Хрыстус паводзіць сябе як той, хто служыць (пар. Mц 20, 28; Mк 10, 45; Лк 22, 26–27; Ян 10, 11). Пацвярджае гэта, абмываючы ногі сваім вучням. Пакідае вобраз служэння з любоў’ю ажно да ахвяравання свайго жыцця. «Вось жа, даў вам прыклад, каб, як Я вам зрабіў, так і вы рабілі» (гл. Ян 13, 15). Такая мадэль улады даводзіць да канчатковага радыкалізму, паказваючы яго як служэнне ажно да страты свайго жыцця: «Добры Пастыр аддае за авечак жыццё сваё» (пар. Ян 10, 11). Пазней святы Павел скажа наступным чынам: «Бо належала, каб Той, для Якога ўсё і праз Якога ўсё, Таго, Які шмат сыноў прывёў да славы, Правадыра іх збаўлення, удасканаліў праз цярпенне» (пар. Гбр 2, 10). Таксама святы Павел, Апостал, з годнасцю вызнае ў Рыме: «бо дзеля надзеі Ізраэля я апутаны гэтымі кайданамі» (гл. Дз 28 , 20). Падчас літургіі новапасвечаны прызбітэр пачуе ад Хрыста скіраваны да яго наказ: «Пасіце статак Божы, давераны вам, даглядаючы яго не пад прымусам, але добраахвотна, па волі Божай, не дзеля марных прыбыткаў, але з ахвотаю» (пар. 1П 5, 2). Прысутныя ў гэтым парафіяльным касцёле стануць сведкамі свядомага прыняцця кандыдатам абавязкаў, звязаных з святарскім пасвячэннем. Незвычайную барацьбу павінен правесці кандыдыдат да святарства, калі ўсвядоміць веліч задання правадніка супольнасці і адначасова свае ўласныя слабасці. Таму дапамогай яму могуць служыць парады святога Грыгорыя Вялікага: «Сапраўднае імкненне да святарства не дапускае магчымасці шукаць у ім толькі высокую пасаду. Але службу добрай справе. Як можам распазнаць наш шчыры намер: няхай успомніць, як паводзіў сябе, калі быў падуладным, тады зразумее і як кіраўнік будзе выконваць добра заданні, якія запланаваў. Ніхто не навучыўся пакорлівасці на вышэйшай пасадзе, калі не навучыўся пакорлівасці на ніжэйшай пасадзе: чым з’яўляецца вяршыня ўлады, як не бурай для душы, падчас якой карабель сэрца пастаянна ўзрушваецца хваляваннямі думак, і пастаянна тут і там кіруецца такім чынам, што праз нечаканыя змены слоў і чынаў разбіваецца, як хваля аб скалу. Што ў такім выпадку належыць чыніць? Неабхо дна, каб чалавек багаты ў дабрадзейнасці прымаў уладу нават пад прымусам, а пазбаўлены дабрадзейнасці каб яе не атрымаў хоць бы пад прымусам» (Пастырскія правілы, ч. 1, раздз. 9). Ваша парафіальная супольнасць з багатай гісторыяй добра ведае, што ў многім духоўны ўзрост і хрысціянская дасканаласць вернікаў залежыць ад кіраўніка — святара. «Кіраўніцтва душ — гэта ўменне нават таму, што паводзіны кіраўніка ў адрозненні ад паводзін астатніх членаў супольнасці вышэйшыя настолькі, наколькі жыццё пастыра адрозніваецца ад жыцця статка» (Пастырскія правілы, ч. 2, разд. 1). «Так, сапраўды, трэба быць пільным, каб кіраўнік быў чысты у думках, незвычайны ў чынах, разважлівы ў навучанні, мудры ў слове, вельмі блізкі кожнаму спачуваннем, перад усім аддавацца разважанню, каб праз пакорлівасць быць спадарожнікам для тых, хто чыніць дабро, а праз руплівае імкненне да справядлівасці паўстаў супраць праступкаў грэшнікаў» (св. Грыгорый Вялікі, Сінадальнае пасланне, 24). Доктар касцёла, святы Грыгорый Вялікі, разважае пра дабрадзейнасць міласэрнасці і справядлівасці такім чынам. «З аднаго боку, старэйшаму патрэбна цнота міласэрнасці; (старэйшыя няхай будуць такімі, каб іх падуладныя не сароміліся прызнацца ім у сваіх утоеных грахах) і тыя не дасведчаныя (нявінныя), калі вытрымаюць наплыў спакусаў, каб прытуліліся да сэрца пастыра як да сэрца маці, а калі прадбачаць, што надыходзячая спакуса забрудзіць іх, няхай абмые іх яго навукаю, поўнай суцяшэння і слязьмі малітвы» (Пастырскія правілы, ч. 2, раздз. 5). «Але з другога боку не павінен быць пазбаўлены цноты справядлівасці; „бо неабходна, каб авечкі баяліся свайго пастыра, калі ён заўважыць, што яны не баяцца Бога“» (Пастырскія правілы, ч. 2, раздз. 6). «А гэта таму, каб хаця б баяліся грашыць са страху перад чалавекам, калі не баяцца Божага суда. Таму тых, якіх нават пакаранне не паўстрымлівае ад граху, павінен пакараць тым мацней, чым больш яны зацвярдзелыя і не чуйныя. Караць належыць без роспачы, але калі і выявіцца тое, каб выяўленая роспач змабілізавала іх роспач, і вызначанае пакаранне дапамагло б ім звярнуца да надзеі» (Пастырскія правілы, ч. 3, раздз. 13). Карацей кажучы: «Трэба з асаблівай увагай паклапаціцца, каб суровасць не была надта цвёрдай, а любоў — занадта лагоднай» (Пастырскія правілы, ч. 2, раздз. 6). Пастыр павінен добра ведаць, калі трэба папярэдзіць, а калі не звяртаць увагі, калі гневацца, а калі быць лагодным. Трэба ведаць, што часам пастыр павінен з руплівасцю прамаўчаць пра памылкі падуладных, але даць зразумець, што іх замоўчвае. Некаторыя правіны, аб якіх вядома, трэба з мудрасцю не заўважаць да таго часу, пакуль не здарыцца адпаведная нагода, каб іх эфектыўна выправіць» (Пастырскія правілы, ч. 2, раздз. 10). Метады кіравання вернікамі адрозніваюцца ад метадаў грамадзянскай супольнасці. Для сучаснага свету вельмі цяжка зразумець наступныя патрабаванні да святара: «не можа быць, каб ты, які з’яўляешся галавою, слухаўся свецкага чалавека, бо ты павінен слухаць толькі Бога, павінен кіраваць падуладнымі, а не быць ім падуладным.. Таму што сын не кіруе бацькам, а паводле права ўлады нявольнік не кіруе сваім гаспадаром, вучань — настаўнікам, салдат — каралём, а свецкі чалавек — біскупам» (Апостальская Канстытуцыя II, 14, 12). Перш за ўсё, трэба, каб пастырам не кіравала імкненне падабацца людзям, каб не імкнуўся да таго, каб вернікі палюбілі яго мацней, чым праўду, таму што ў канчатковым выніку яны павінны выконваць загады Бога, а не людзей. Называем святара Alter Chrіstus (Другі Хрыстус). Святар сярод людзей павінен быць асобай Бога (Апостальская Канстытуцыя II, 11,1; II, 1, 1). Гэта павінна праяўляцца як у адносінах паміж святарамі, так і паміж старэйшымі вернікамі Божага Народа. У святара не павінна быць нічога нізкага і прымітыўнага. Выкананне ўлады — гэта не толькі справа геніяльнасці адной асобы. Майсей, мудра вытлумачыўшы раду свайго цесця Етры, выбраў сабе ў дапамогу 70 старэйшых, якія як вобраз будучага парламента павінны былі дапамагаць у кіраванні. Таму і старшынство ў касцёле дапускае і патрабуе садзеяння выбраных вернікаў усіх катэгорый ў адказнасці за развіццё парафіі, якую самі твораць для святара. Гэта нагода, каб выпрацаваць адпаведны душпастырскі стыль, які характэрызуецца сардэчнай адкрытасцю на супрацоўніцтва з усімі людзьмі, якія адзначаюцца цнотай разважлівасці, калі ён сам адказны за дабро даверанай яму парафіі і не можа адмовіцца ад укладу, які могуць унесці іншыя вернікі. Хаця існуюць імкненні заўважаць у святара толькі лагоднасць, шукаць у яго міласэрнасць, сам жа ён таксама надзелены ўладай суджэння. З другога боку, абавязкі правадніка супольнасці — гэта яснае і адназначнае права і абавязак кіраўніцтва, у якім змешчаны таксама юрыдычны элемент. Пастыры з’яўляюцца публічнымі сведкамі, а іх сведчанне мае сваю паўнату ва ўладзе суджэння. Прэзбітэр паклікана не толькі для таго, каб даць сведчанне веры, але таксама для падтрымкі ўлады і парадку і яе праяўлення ў вернікаў, давераных яго пастырскай апецы. Ён гэта будзе чыніць з дапамогай парадаў, заахвочвання прыкладам, але таксама з моцай свайго аўтарытэту і святой улады, якія выкарыстае толькі для таго, каб будаваць свой статак у праўдзе і святасці. Не забудзецца аб тым, што асобы, якія ўдзельнічаюць у будаванні еднасці, не павінны наследаваць сістэму дэмакратыі парламенту, таму што маюць характар дарадчы, а не рашаючы. Хаця пастыр зробіць усё неабходнае, каб захаваць прыхільнасць вернікаў. Але ў канчатковым выніку ён прымае рашэнне згодна са сваім сумленнем. Святара можна параўнаць са званом, які склікае на сход, на малітву вернікаў. Слуга Божы Ян Павел II вучыў, што касцёл — гэта дом і школа супольнасці, таму кіраўнік касцёльнай супольнасці будзе нястомна імкнуцца да таго, каб стварыць такую супольнасць, дзе адбываецца хрысціянская фармацыя. Дзякуючы яго працы парафія стане Божай Сям’ёй, ажыўленнай Духам Святым. А такі «Сямейны дом» будзе братнім і гасцінным. У розныя часы многія святары былі ўзорам пастырскага служэння. Таксама многія з іх належалі да вашай салезіянскай супольнасці. Сярод іх святары, якія працавалі на тэрыторый сучаснай Беларусі. Гэта кс. Уладзіслаў Вячорак, растраляны гітлераўцамі ў Беразвеччы ў 1943 г., кс. Юзаф Бояр, які памёр у турэмным шпіталі ў Лідзе ў 1943 г., кс. Ізыдор Марціняк і кс. Ян Павэлэц, якія загінулі ў 1942 г. пад Мінскам за абвяшчэне Добрай Навіны. Гэта сведкі веры, якія прайшлі праз Гулаг: святой памяці кс. Ян Капуста, пробашч з парафіі Дварэц, кс. Ян Такарскі, пробашч парафіі Дуброўна. Гэта і кс. Ян Віткоўскі з Дварца, і кс. Людвіг Вількевіч, пробашч з Наваельні, а затым парафіі Дзятлава. Яны на Навагрудчыне працавалі ў часы Другой сусветнай вайны, а таксама ў пасляваенныя дзесяцігоддзі, калі адчувалася вялікая адсутнасць каталіцкіх душпастыраў на нашых землях. А цяпер просім Бога аб тым, каб гэты кандыдат да святарскіх пасвячэнняў быў годным наступнікам святароў з салезіянскай супольнасці, якія ў свой час служылі на гэтай зямлі. Няхай на дарозе яго святарскага служэння Маці Божая Ўспамога Хрысціянаў, а таксама святыя і благаслаўлёныя, асабліва заснавальнік супольнасці Ян Боска, выпрошваюць патрэбныя ласкі. Молімся разам, каб Добры і Міласэрны Пан, сапраўдны Пастыр, адарыў кандыдата сапраўднай святарскай святасцю. Амэн.
|
Адноўлена 09.07.2010 17:11 |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.