Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча падчас Малітоўнай сустрэчы моладзі ў Івянцы |
30–31 ліпеня — 1 жніўня 2010 г., Івянец Сапраўднае шчасце ў Богу Глыбокапаважаная моладзь і ўсе прысутныя! 1. «Хочаш быць шчаслівым?» У сучасным, поўным няпэўнасці і нават крызісу надзеі, свеце гэтае пытанне гучыць усё часцей і часцей. Усе хочуць быць шчаслівымі. Аднак не ўсе ведаюць, як дасягнуць шчасця. Секулярызаваны свет прапануе многа рэцэптаў. Купі тую ці іншую касметыку, схадзі ў казіно, закуры, выпі, паспрабуй наркотык, будзь свабодны ў сваіх паводзінах, не абмяжоўвай сябе маральнымі нормамі, шукай лёгкай жыццёвай дарогі — і ты будзеш шчаслівы. У адной з замежных краін бачыў такую рэкламу: бутэлька пепсі-колы і надпіс: «Be happy» — будзь шчаслівы. Ці дастаткова гэтага для сапраўднага шчасця? Ці сучасныя мас-медыя і рэклама не ўводзяць чалавека ў свет ілюзій? Ці не хочуць заспакоіць прагненне сапраўднага шчасця віртуальным? Як на ўсё гэта рэагуе сучасны малады чалавек? Ці здольны ён адрозніць сапраўднае шчасце ад ілюзорнага? Што яго найбольш вабіць: лёгкі шлях ці жыццё сумленнае і паводле закону Божага? Ці ведае ён лацінскае выслоўе: «Ad astra per aspera» — Да зорак праз церні? Будучыня належыць сённяшняй моладзі. І моладзь ідзе ў яе, шукаючы дарог сярод небяспек сучаснага свету, але адначасова і сярод надзеі, нават насуперак надзеі, як навучае св. апостал Павел (пар. Рым 4, 18). Усе людзі жадаюць жыць у свеце больш чалавечным, дзе кожны мог бы знайсці месца згодна са сваім пакліканнем, дзе сапраўды мог бы быць кавалём свайго лёсу, дзе, маючы на ўвазе свае правы і абавязкі, мог бы супольна з іншымі будаваць дом сваёй будучыні. 2. У той жа час трэба прызнаць, што гэты пошук шчасця адбываецца ў свеце, які перажывае глыбокі крызіс. Гэта не толькі фінансавы крызіс. Ён абдымае значна больш шырокія сферы жыцця. Не так даўно завяршыўся чарговы чэмпіянат свету па футболе, які ўпершыню праходзіў на «чорным кантыненце», у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы. Хоць еўрапейскія зборныя Іспаніі, Нідэрландаў і Германіі занялі першае, другое і трэцяе месцы, аднак вельмі сумна было глядзець, калі некаторыя еўрапейскія футбольныя лідэры, як, скажам, каманды Францыі ці Англіі, выглядалі вельмі слаба. Пры гэтым вядома, што еўрапейскі футбол вельмі моцны. Але чым ён моцны? Сваімі нацыянальнымі спартоўцамі? Не заўсёды! Моцны перадусім за кошт спартоўцаў з іншых краін і кантынентаў. Еўрапейскі клубны футбол выбраў найбольш лёгкі шлях. Нашто выхоўваць сваіх спартоўцаў, калі можна наняць іншага! Для клуба гэта лёгкі шлях да славы і вялікіх грошай, але ў той самы час мы забываемся пра развіццё нацыянальнага спорту і нацыянальны гонар. Да рознага роду крызісаў, якімі ахоплены сучасны свет, трэба дадаць і духоўны, які на самой справе з’яўляецца крыніцай усіх іншых крызісаў, і ён вельмі моцна закранае моладзь. 3. З якімі праблемамі змагаецца сучасная моладзь? Найперш трэба заўважыць, што яна поўная кантрастаў. Шмат маладых сапраўды шукае Бога, малітвы і цішыні. Многія імкнуцца да паглыблення сваёй хрысціянскай фармацыі, з павагай адносяцца да духоўных каштоўнасцяў і адказна выконваюць свае абавязкі. Усё гэта з’яўляецца знакам надзеі, бо ў сучаснай моладзі можна знайсці шмат добрага. Аднак існуе і зусім іншы вобраз моладзі. Гэта моладзь загубленая, цынічная і агрэсіўная. П’е, курыць, прымае наркотыкі, чыніць злачынствы, эгаістычная, стварае сваю субкультуру, не шануе маральных каштоўнасцяў. «Дух свету» нясе новыя пагрозы. Сурёзнай праблемай з’яўляецца маральны рэлятывізм, які характарызуецца не толькі спробамі змены Божага закону, але таксама і непрыняццем праўды пра існаванне аб’ектыўных каштоўнасцяў і маральных норм. У выніку ўсё часцей прынцыпы свецкага лібералізму ўводзяцца ў рэлігійнае жыццё. Пагрозай з’яўляецца і суб’ектывізм, ці перакананне, што чалавек сам для сябе вызначае маральныя нормы. Памылка таксама і выбарачнае, селектыўнае прыняцце Божых запаведзяў. Вялікай небяспечнасцю з’яўляецца памылковае зразуменне любові і свабоды, а таксама аддзяленне яе ад адказнасці. Новую праблему нясе скептычнае стаўленне да традыцыйных каштоўнасцяў, такіх як адзінства і непарушнасць сужэнства, шанаванне аўтарытэту старэйшых, праўдамоўнасць, сумленнасць і г.д. 4. З мэтай дапамагчы моладзі знайсці шлях да вырашэння праблем, якія яе турбуюць, Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у сваім пасланні на юбілейны XXV Сусветны Дзень моладзі звяртаецца да евангельскага ўрыўку, дзе падаецца размова Езуса з багатым маладым чалавекам. У пасланні Папы аналізуецца гэтая размова і робяцца патрэбныя для сучаснай моладзі высновы, каб у абставінах наступаючай секулярызацыі яны не заблудзіліся і змаглі знайсці дарогу да жыцця вечнага. 5. На пытанне, як прыйсці да жыцця вечнага і тым самым быць шчаслівым, Езус указвае на Божыя запаведзі. Ведаеш запаведзі: не забівай, не чужалож, не крадзі, не кажы няпраўды, шануй бацьку і маці (пар. Мк 10, 19). Божыя запаведзі, ці Дэкалог — гэта Божы закон, які чалавек атрымаў ад самога Бога праз Майсея, атрымаў, каб ведаць, як жыць. Мы іх добра ведаем. Яны прамаўляюць да кожнага чалавека зместам той праўды, якая ў іх знаходзіцца. І хоць Бог даў іх чалавеку праз Майсея, на самой справе яны ўпісаны ў сэрцы кожнага як натуральнае права. Праз Дэкалог Пан пацвярджае найперш прысутнасць Божага закону ў маральнай свядомасці чалавечай асобы і абавязак яго выканання ў сумленні. 6. Такім чынам, мы падыходзім да галоўнай прычыны ўсёй справы адносна Божага закону, а менавіта самога чалавека, бо закон дадзены для чалавека і яго дабра. Створаны па вобразу і падабенству Божаму, чалавек ёсць самім сабой толькі праз праўду свайго духоўнага жыцця і праўду сумлення, якая рэалізуецца ў яго дзеях. 7. Кожная з Божых запаведзяў, як і кожны прынцып маральнасці, з’яўляецца тым пунктам, які ацэньвае шляхі чалавечай дзейнасці. Чалавек можа жыць паводле праўды Божай або супраць яе. Менавіта тут распачынаецца шлях да шчасця, або сапраўдная трагедыя. На жаль, яна пачалася яшчэ ў раі, калі першы чалавек не захацеў жыць паводле Божага ўставу. Божы закон — гэта той пункт, дзе чалавек павінен выбраць паміж дабром і злом. Выбіраючы дабро, чалавек становіцца тым, кім на самой справе павінен быць, а менавіта — створаным па вобразе Божым і на Яго падабенства. Выбіраючы зло — дэградуе. Ці згодныя мы з гэтым? Ці так ёсць на самой справе? Паглядзім вакол, на сябе і на сваіх блізкіх. І вельмі хутка знойдзем адказ. 8. У наш час розных і небяспечных выклікаў найперш трэба памятаць пра трывалыя і нязменныя каштоўнасці. Евангельскі малады чалавек усведамляў, што захаванне Божага закону з’яўляецца дарогай да жыцця вечнага. Падобна таму, як перспектыва кар’еры ці дасягнення выдатных вынікаў з’яўляецца матывам нават да гераічных дзеянняў, таксама і перспектыва вечнага шчасця з’яўляецца імпульсам да маральнага жыцця. Тады чалавек ведае, чаму ён павінен жыць і паступаць паводле Божага закону. У той жа час чалавек, які з маладосці навучыцца будаваць адносіны з Богам паводле свайго сумлення, з’яўляецца духоўна моцным і можа супрацьстаяць розным, нават вельмі сур’ёзным выклікам. 9. Найбольш складанай пагрозай у наш час з’яўляецца расхістванне прынцыпаў і праўды, на якіх будуецца годнасць і развіццё чалавека. Таму вельмі актуальныя сёння словы англійскага кардынала Генры Ньюмана, які казаў, што патрэбны людзі, якія ведаюць сваю рэлігію і яе паглыбляюць, якія жывуць паводле вызнання сваёй веры. 10. Евангельскі юнак добра ведаў маральныя прынцыпы, паводле якіх хацеў будаваць сваё жыццё. Аднак і ён у пэўны момант не змог пераступіць парог сваіх чыста зямных жаданняў. Калі Хрыстус прапанаваў яму пайсці за Ім (пар. Мк 10, 21), то ён не здолеў зрабіць гэтага, бо меў шмат маёмасці (пар. Мк 10, 22). Імкненне захаваць матэрыяльнае багацце не дазволіла яму пайсці за Хрыстом. Імкненне мець перашкодзіла яму быць, быць сапраўды чалавекам, створаным паводле вобразу і падабенства Божага. Гэта адна з самых вялікіх праблем сучаснасці, калі імкненне мець перамагае імкненне быць. Шлях, які нагадаў евангельскаму юнаку Хрыстус, быў найперш шляхам быць. Да яго і вядзе нас Божы закон. У жыцці кожнага чалавека многа шляхоў, як многа пакліканняў і спецыяльнасцяў. У святле Евангелля трэба задумацца над тым, у якіх адносінах на кожнай з гэтых дарог быць перамагае мець. Мець не можа перамагчы быць, бо ў гэтым прыпадку чалавек прайграе тое, што з’яўляецца самым дарагім, менавіта сваё чалавецтва, сваё сумленне, сваю годнасць дзіцяці Божага, згубіць сваё шчасце. 11. Вечнае жыццё — гэта не што іншае як Валадарства Божае. Шляхам да яго з’яўляюцца Божыя запаведзі і навучанне Евангелля. Яны як дарожныя знакі, без якіх нельга ехаць або ісці, бо чалавек можа заблудзіцца. Аднак у той жа час трэба спытаць сябе: ці не ад іх залежыць тое, што на зямлі можна назваць шчаслівым валадарствам чалавека, ці проста яго шчасцем? Ці можа быць шчасце на зямлі, калі адхіліць Божы закон: не забівай, не чужалож, не крадзі, не гавары няпраўды, любі свайго бліжняга і г.д.? Напэўна, не! І нават калі каму-небудзь здаецца, што Бог далёка і высока і нічога не бачыць, што, не захоўваючы Божых запаведзяў, можна жыць шчасліва, то ён хутка пераканаецца, што гэта зусім не так. Аднаго пачне грызці сумленне, іншы раптам апынецца ў вязніцы, іншы ў залежнасць, з якой цяжка выбрацца. 12. Малады чалавек адышоў засмучаны (пар. Мк 10, 22). Чаму быў смутны? Чаму яго твар не ззяў радасцю? Быў багаты і ў той жа час засмучаны. Можа, ён разумеў, што страціў, не прымаючы прапановы Хрыста ісці за Ім. І сапраўды, ён страціў вельмі многа. Калі б застаўся з Езусам, то дачакаўся б Яго ўваскрасення, хоць шлях да яго і вёў праз Галгофу. Дачакаўся б таксама і спаслання Духа Святога, і той цудоўнай перамены, якую адчулі апосталы падчас Пяцідзесятніцы. Тады яны сталі новымі людзьмі, якіх патрабавалі новыя часы хрысціянства — рэлігіі сапраўднага шчасця. Ён, як і яны, атрымаў бы моц Духа Святога, каб стаць сынам Божым. Гэтая моц вельмі патрэбна ў наш час, асабліва моладзі. Патрэбна моц сэрцаў і сумленняў, моц ласкі і характару, моц быць чалавекам паводле вобразу і падабенства Божага, моц адшукаць дарогу да шчасця ў пагрозах сучаснасці. Гэтая моц патрэбна, каб не паддацца спакусам адрачонасці, абыякавасці, сумнення, уцёкаў ад свету, ад супольнасці і ад жыцця; спакусе безнадзейнасці, якая вядзе да самазнішчэння сваёй індывідуальнасці і свайго чалавецтва праз алкагалізм, наркаманію, сексуальныя злоўжыванні, пошук прыемнасцяў цела, прыналежнасці да сектаў і г.д. Гэтая моц патрэбна, каб умець самому дайсці да крыніцы пазнання праўдзівага навучання Хрыста і Касцёла, асабліва ў наш час, калі так шмат намаганняў пераканаць чалавека ў тым, што навука і прагрэс не згодныя з Евангеллем. Гэтая моц патрэбна, калі прапануецца вызваленне і збаўленне без Бога або нават супраць Яго. Гэтая моц патрэбна, каб жыць у супольнасці Касцёла, будаваць грамадства на прынцыпах навукі Хрыста як адзінай нязменнай і заўсёды актуальнай праўды. Гэтая моц патрэбна, каб жыць адважна ў цяжкіх сітуацыях, каб захаваць вернасць голасу сумлення і Божым запаведзям, каб не паддацца духу канфармізму. Гэтая моц патрэбна, каб быць апосталамі нашага часу і несці Евангелле ў сучасны свет з радасцю і надзеяй. Гэтая моц патрэбна, каб не паддавацца міражам лёгкага жыцця, быць патрабавальнымі да саміх сябе і выконваць належным чынам свае абавязкі. Гэтая моц патрэбна, каб памятаць не толькі аб сваіх правах, але і абавязках. Гэтая моц патрэбна, каб моднае сёння мець не перамагло быць, і праз гэтае быць імкнуцца да сапраўднага шчасця. Гэтая моц патрэбна, каб напоўніць нас жыватворным напоем ласкі Божай, каб мы маглі жыць аўтэнтычным жыццём веры і сакрамэнтаў, асабліва пакаяння і Эўхарыстыі. 13. Будучыня Касцёла і нашай Бацькаўшчыны залежыць ад нас і асабліва ад моладзі. Гэта нашае быць і нашае мець. Ва ўсе часы людзі станавіліся перад такой самай праблемай, а менавіта праблемай працы над сабою, каб, захоўваючы Божы закон, належным чынам адказаць на выклікі і пагрозы часу і такім чынам імкнуцца да сапраўднага шчасця. Трэба памятаць, што для хрысціяніна ніколі не бывае безнадзейнай сітуацыі. Хрысціянін ёсць чалавек надзеі. 14. Дарагая моладзь! Сёння, гледзячы на вас, на ваша трыванне ў малітве, на ваша навяртанне ў сакрамэнце пакаяння і паяднання, на вашы артыстычныя здольнасці, на вашы ініцыятывы, на вашы ззяючыя радасцю і надзеяй твары, я не баюся сцвердзіць, што насуперак згубным тэндэнцыям сучаснасці ў нас ёсць юнакі і дзяўчаты, якія сапраўды імкнуцца да шчасця праз вернасць хрысціянскаму пакліканню і жыццё паводле маральных нормаў. Шчыра дзякую вам за гэта! Трывайце заўсёды ў вернасці Божым запаведзям і слухайце Хрыста, які і ў нашы часы заклікае: «Ідзі за Мной», бо крочыць за Ім — значыць ісці шляхам сапраўднай радасці. Амэн. |
Адноўлена 31.07.2010 23:19 |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.