Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас Малітоўнай сустрэчы моладзі ў Івянцы |
31 ліпеня 2010 г. Музыка Браты і сёстры ў Езусе Хрысце, удзельнікі Малітоўнай сустрэчы моладзі і «Музычнай Майстэрні», што ўжо ў восьмы раз праводзіцца ў цудоўным мястэчку Івянец на ўскраіку Налібацкай пушчы. Шчыра радуюся вашай прысутнасці тут і сёлета. Выказваю падзяку арганізатарам сустрэчы айцам францішканам і нашым суседзям з Польшчы прадстаўнікам такіх культурных сфер, як музыка, спеў і тэатральнае майстэрства. Прапаную паразважаць аб выкарыстанні спеваў і музыкі для праслаўлення Бога, і аб уздзеянні музыкі на здароў’е чалавека — фізічнае і псіхічнае. Музыка і спеў належаць да света прыгажосці і дабрыні. Яны ўплываюць на фарміраванне асобы чалавека. Нездарма ў старажытнай Грэцыі і старажытным Рыме музыка была важным прадметам у школе. Спеў і музыка прысутнічаюць як элемент культуры не толькі ў жыцці высокаразвітых грамадстваў, але таксама ў плямёнах у джунглях. Асабліва музыка, спеў прысутнічаюць у свеце вялікіх рэлігій і супольнасцяў. Калі зрабіць параўнанне, то музыка падобна да паветра. Яно бывае альбо чыстае, дастаткова насычанае кіслародам, альбо забруджанае, якое атручвае. Падобна і музыка дзеліцца на добрую і дрэнную. Добрая вядзе чалавека ў свет гармоніі і пачуццяў. Такім чынам пранікае ў царства духа, і дапамагае яму ў дасягненні адзінства — паміж ім і целам. Добрая музыка супакойвае чалавека, уплывае на яго адносіны з іншымі людзьмі і таму мае вялікае значэнне ў будаванні культуры супольнасці. Адчыняе сэрца чалавека на сапраўдныя каштоўнасці, дазваляе глядзець добразычліва на іншага чалавека. Добрая музыка — гэта гармонія цішыні і гуку. Яна вылечвае і ўдасканальвае слых і нервовую сістэму. Дрэнная музыка выклікае агрэсію і пераносіць яе на супольнасць. Такая музыка заснавана на нізкіх чалавечых інстынктах — сексе, агрэсіі, нянавісці на дысгармоніі крыку і шуму. Яе мэта — знішчыць цішыню. Шум — гэта вораг чалавека. 70 дэцыбелаў гукавога ціску наносяць шкоду псіхічнаму здароўю чалавека. Матацыкл без глушыцеля выпрацоўвае 120 дэцыбелаў, а на дыскатэцы іх каля 130. Такі шум наносіць шкоду слыху і мозгу. Касцёл ад самага пачатку выкарыстоўваў добрую музыку. Часта трактаваў яе як фон для медытацый альбо для перадачы зместу рэлігійнай паэзіі. Такі падыход мы ведаем са спявання псальмаў, які мае свае карані ў Бібліі. Давід іграў на арфе і спяваў цару Саўлу, які па прычыне зайздрасці ўпадаў у дэпрэсію. Давід лячыў яго музыкай. А калі сам стаў царом, танцаваў пад рытм інструментаў, ідучы перад аркай Пана. Спалучэнне музыкі і тэксту песні — гэта новая прастора, якая з пункту гледжання этыкі, павіненна кантралявацца. Змест тэксту можа быць і добры, і дрэнны. Шэдэўры рэлігійнай музыкі нясуць Добрую Навіну — дабро для вуха, сэрца, розуму і духа. Таксама штодзённы спеў у касцеле на фоне арганнай музыкі нясе змест Добрай Навіны, нагадваючы праз змест песень гісторыю нашага адкуплення. Не сакрэт, што сучасная музыка часта нясе ў сабе дрэнную навіну. Часам, прасякнутая вульгарызмам, эратызмам, узбуджае нянавісць. Здараюцца сітуацыі, якія нясуць у сабе сатанінскі змест. Дрэннай музыкай валодаюць дэманы. Першы — дэман бізнесу. Даходы гуказапісваючых кампаній большыя, чым прыбыткі аўтамабільнага бізнесу. Гэты бізнес лічыцца толькі з патрэбамі вельмі моцных уражанняў і не мае аніякіх абмежаванняў. Можа знішчыць усё, каб толькі напоўніць сваю кішэню грашыма. Другі дэман — мода. Яна мае дакладную мэту, каб трымаць чалавека на ўзроўні падлетка, які адчувае недахоп вельмі моцных уражанняў. Гэта відаць не толькі у музыцы, але і ў адзенні, у манерах. Так, напрыклад, жанчына, якой ужо 40 гадоў, хоча выглядаць як яе дваццацігадовая дачка, што для іншых выглядае смешна. Мудрасць умее цешыцца з першага сівога воласу і першай маршчыны на твары. Мудрасць паважае рытм жыцця. Мода найбольш моцна уплывае на рытм музыкі ў сучасным свеце. Спадзяюся на тое, што дарослыя асобы — як духоўныя, так і свецкія, — якія працавалі з вамі на працягу гэтых дзён, дапамаглі вам адкрыць альбо глыбей развіць таленты, якімі надзяліў вас Бог. Жадаю, каб і пасля заканчэння сустрэчы вы працягвалі развіваць музычныя і артыстычныя здольнасці пры парафіях у хоры, моладзевых гуртах, на евангелізацыйных сустрэчах і канцэртах, на катэхетычных занятках, пры арганізацыі батлеек, інсцэніровак з нагоды іншых перыядаў літургічнага года. Няхай атрыманыя веды тут у Івянцы, перададзеныя вам таленавітымі педагогамі з Польшы ў галіне музыкі, спеву, іншых сфер мастацтва, паслужаць далейшаму дасканаленню вашай асобы, дапаможа вам несці радасць праз свае здольнасці — адкрытымі альбо глыбей развітымі у гэтым цудоўным месцы — іншым людзям, якіх спаткаеце на сваім жыццёвым шляху. Амэн. |
Адноўлена 31.07.2010 22:29 |