Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на распачацце навучальнага года ў Цэнтры падрыхтоўкі катэхетаў

Мінск, Чырвоны касцёл, 16 кастрычніка 2010 г.


Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, студэнты Цэнтра падрыхтоўкі катэхетаў, браты і сёcтры!

1. Перад сваім Унебаўшэсцем Езус звярнуўся да Апосталаў са словамі: ідзіце і навучайце ўсе народы. Гэта мандат Збаўцы, які ўжо на працягу 2 тысячагоддзяў натхняе Касцёл у справе евангелізацыі і катэхізацыі.

Калі заданне катэхізацыі актуальна для ўсіх людзей, то ў першую чаргу яно актуальна для дзяцей і моладзі. Бацькі адпраўляюць сваіх дзяцей у школу, каб вучыліся і такім чынам падрыхтаваліся да жыцця. Аднак гэтая падрыхтоўка павінна быць гарманічнай і ахопліваць падрыхтоўку да жыцця не толькі ў матэрыяльным аспекце, але і ў духоўным. Чалавек мае не толькі цела, але і несмяротную душу. Таму патрэбна і духоўная фармацыя чалавека, каб ён пазнаў праўды веры і жыў імі. Толькі тады яго жыццё будзе адпавядаць Божаму плану.

2. Людзі старэйшага пакалення добра памятаюць часы ганенняў на Касцёл і свабоду веравызнання. Хто тады займаўся катэхізацыяй ці навучаннем праўдам веры? Нашы бабулі і дзядулі, часам і нашы бацькі. Найчасцей гэта адбывалася патаемна і ў сем’ях. Святары, выкарыстоўваючы розныя сітуацыі, таксама стараліся катэхізаваць. Найчасцей летам і на працягу аднаго месяца. Такім чынам, у вялікіх парафіях падчас летніх канікул святар павінен быў падрыхтаваць да першай споведзі некалькі соцен дзяцей.

Дзякуючы гэтаму вера была захавана і перададзена новым пакаленням, хоць вядома, што само навучанне праўдам веры не было дастатковым і дасканалым..

3. Калі прыйшоў час свабоды веравызнання, то змяніліся і ўмовы катэхізацыі, і патрабаванні. Адышла ў мінулае катэхізацыя падчас летніх канікул, і ўжо мала хто памятае пра яе. Каталіцкі Касцёл у Беларусі перайшоў на агульнапрынятую практыку катэхізацыі падчас навучальнага года.  Вядзецца яна ў асноўным у катэхетычных залах пры парафіях, у так званых нядзельных школах. Сучаснае развіццё нашага грамадства дае пэўную надзею, што ў будучым рэлігія тым ці іншым чынам можа ўвайсці ў школу, найперш як факультатыўны прадмет.

4. Аднак у любым выпадку для выкладання праўдаў веры і навучання маральным нормам патрэбны адпаведна падрыхтаваныя спецыялісты ці катэхеты. Нельга выкладаць фізіку, матэматыку ці хімію без належнай падрыхтоўкі і педагагічнай адукацыі. Немагчыма таксама выкладаць праўды веры і вучыць этычным нормам без катэхетаў, якія прайшлі адпаведную падрыхтоўку. Гэта зразумела ўсім. Таму, маючы на ўвазе клопат Касцёла пра належную арганізацыю катэхізацыі ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, быў заснаваны Цэнтр падрыхтоўкі катэхетаў.

Мы пачынаем у вельмі цяжкіх умовах. Няма адпаведнага памяшкання, бібліятэкі, метадычных матэрыялаў і г.д. Аднак толькі смелым скараюцца моры. Калі не распачнём — не будзе нічога. Таму, давяраючы ўсю справу Божаму Провіду, сёння мы распачынаем першы навучальны год. Распачынаем, бо ёсць студэнты, ёсць тыя, хто хоча ўключыцца ў справу катэхізацыі, каб такім чынам дапамагчы Касцёлу.

Дзякую ўсім, хто заахвочваў да ажыццяўлення дадзенай ініцыятывы і дзякуючы каму яна рэалізуецца сёння. Асабліва хачу падзякаваць кс. доктару Яну Крэмісу, на плечы якога лягла непасрэдная адказнасць арганізаваць навучальны працэс. Дзякую кс. магістру Уладзіславу Завальнюку, які згадзіўся прыняць пад дах касцёла св. Сымона і св. Алены першых студэнтаў. Дзякую ўсім, хто згадзіўся выкладаць.

5. Распачынаючы першы навучальны год у Цэнтры падрыхтоўкі катэхетаў, трэба звярнуць увагу на словы Хрыста: Пазнайце праўду, і праўда вас вызваліць. Яб якой праўдзе і свабодзе ідзе гаворка? Акрамя праўдаў матэрыяльнага свету ёсць праўды, дадзеныя самім Стварыцелем. І менавіта яны вядуць да сапраўднай свабоды. Аб гэтым трэба памятаць у наш час лібералізму і маральнага рэлятывізму, час імкнення да абсалютнай свабоды і адмаўлення ад існавання абсалютнай праўды, якой з’яўляецца сам Бог і Яго закон.

Сучасны чалавек імкнецца да абсалютнай свабоды чыніць усё, што яму захочацца. Ён думае, што гэта дае свабоду, аднак ён вельмі памыляецца. Паступаючы так, чалавек на самой справе не свабодны, але залежны, і вельмі часта залежны ад граху і зла, якое чыніць. Замест таго, каб быць свабодным, ён трапляе ў няволю зла. Таму сапраўдная свабода — гэта свабода, якую нясе жыццё паводле права Божага, якое не абмяжоўвае нашай свабоды, але дадзена дзеля нашага дабра.

Гэта падобна на сістэму дарожных знакаў, наяўнасць якіх забяспечвае бяспечны рух. Ніхто не скажа, што светлафор абмяжоўвае свабоду, бо ведае, што чырвонае святло папярэджвае аб тым, што неабходна спыніцца, бо ў адваротным выпадку будуць непрыемнасці і мы можам нават заплаціць за гэта сваім жыццём.

Прыняцце маральнай нормы, дадзенай Богам, для сучаснага чалавека з’яўляецца вялікім крыжам. Аднак Езус пры гэтым кажа, што калі чалавек не бярэ свайго крыжа і не ідзе за Ім, то ён не можа быць Ягоным вучнем. Крыж — гэта наша паміранне для граху і ўваскрашэнне да жыцця ў Богу.

6. Сёння, калі радуемся новым магчымасцям для катэхізацыі, мы бачым, што яна таксама становіцца крыжам як для катэхетаў, так і для бацькоў. І тут з’яўляецца новая праблема. Гэты крыж трэба ўзяць самому. Ніхто яго за нас не возьме.

Вера, як Божы дар, заўсёды застанецца асабістым выбарам чалавека. Нельга навучыць веры. Можна навучыць праўдам веры, але не самой веры. Выхаванне і навучанне — гэта толькі дапамога ў прыняцці і ўмацаванні веры. Гэта першы і вельмі важны прынцып, аб якім трэба памятаць будучым катэхетам.

Другі прынцып — гэта асяроддзе, у якім праводзіцца катэхізацыя. І тут вельмі вялікую і найважнейшую ролю адыгрывае сям’я і бацькі, і толькі потым — святар і катэхет. Праблема пачынаецца тады, калі бацькі здымаюць з сябе абавязак выхавання ў веры і рэлігійнага навучання. Ніхто і нішто ў гэтай справе не заменіць бацькоў. Недастаткова «падкінуць» дзіця Касцёлу і сказаць: няхай ён выхоўвае ў веры.

Успомнім яшчэ нядаўнія часы пераследу. Не было ні касцёлаў, ні святароў, ні катэхетычнай літаратуры, але былі веруючыя і занепакоеныя рэлігійным выхаваннем бацькі. Іх сведчанне і прыклад дапамаглі многім.

Касцёл можа навучыць малітвам «Ойча наш...», «Вітай, Марыя...» і г.д. Дзіця будзе іх ведаць. Аднак калі не будзе бачыць бацькоў, якія таксама моляцца, то ніколі не прыме таго, што малітва з’яўляецца чымсьці вельмі важным у жыцці.

Тое ж адносіцца да ўдзелу ў нядзельнай святой Імшы, жыцця паводле маральных нормаў, захавання права любові да бліжняга і г.д. Усё гэта таксама патрабуе адпаведнага прыкладу.

На жаль, многія бацькі вельмі часта кажуць: дзякуй Богу, нам не трэба клапаціцца пра катэхізацыю дзяцей, гэта справа Касцёла. Такім сцвярджэннем бацькі амаль што перакрэсліваюць шанс сваіх дзяцей на будаванне ў іх сапраўднай веры. Хоць заўсёды застаецца ласка Божая і могуць быць цуды. Аднак незацікаўленасць бацькоў справай катэхізацыі сваіх дзяцей — гэта свядомае будаванне перашкод у справе веры сваім дзецям замест выпроствання іх жыццёвых сцежак.

7. Таму сёння, распачынаючы першы навучальны год у Цэнтры падрыхтоўкі катэхетаў, хачу звярнуцца да вас, дарагія студэнты. Памятайце, што катэхізацыя — гэта цяжкі крыж у наш секулярны час. Крыж, бо сёння відавочны адыход ад хрысціянскіх каштоўнасцяў і ўмацаванне тэндэнцыі, каб вера была толькі прыватнай справай чалавека. Крыж таксама і таму, што сучаснае асяроддзе, асабліва сям’я, не спяшаецца клапаціцца аб рэлігійным выхаванні сваіх дзяцей. Аднак як праз крыж прыйшло збаўленне, так і праз крыж катэхізацыі павінна прыйсці адраджэнне веры. Таму катэхізацыя ў сучасным секулярызаваным свеце з’яўляецца адным з найбольш важных заданняў Касцёла.

8. Знамянальна, што Цэнтр падрыхтоўкі катэхетаў распачынае сваю працу ў чарговую, ужо 32-ю гадавіну выбару Слугі Божага Папы Яна Паўла II, з іменем якога звязана адраджэнне свабоды веравызнання і касцёльных структур у Беларусі. Памятаю, як на завяршэнне адной з сесій па падрыхтоўцы новага Катэхізіса Каталіцкага Касцёла Папа сказаў: ідзіце і катэхізуйце. Перафразоўваючы словы Вялікага Пантыфіка, жадаю вам: хадзіце на лекцыі і практычныя заняткі, набірайцеся ведаў і самі станавіцеся моцнымі ў веры, каб потым умацоўваць дар веры ў іншых, каб вучыць іх праўдам веры і маральным нормам. Толькі тады споўніцца заклік Яна Паўла II адчыніць дзверы сэрцаў Хрысту, каб жыць паводле Яго Евангелля і прыйсці ў вечнае шчасце. Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі