Гамілія арцыбіскупа Кандрусевіча ва ўрачыстасць Усіх Святых |
Мінская архікатэдра, 1 лістапада 2010 г.
1. Сёння Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Усіх Святых — вядомых нам і невядомых. Аб гэтым выдатна нагадвае св. апостал Ян у сённяшнім першым чытанні, калі распавядае пра незлічоную колькасць тых, хто «абмыў адзенне сваё, і выбеліў яго ў крыві Ягняці». І сапраўды, далёка не ўсе, хто сапраўды з’яўляецца святым, былі афіцыйна аб’яўлены Касцёлам. Гэта вынікае з таго, што не заўсёды праводзіцца беатыфікацыйны ці кананізацыйны працэс. Аднак у той жа час вядома, што многія людзі вялі святое жыццё, нягледзячы на тое, што шлях да святасці нялёгкі. 2. Успамінаючы ўсіх святых, трэба памятаць аб тым, што мы, хрысціяне, якія верым у жыццё вечнае, на жаль, дазваляем паддавацца ўплыву далёкай ад духоўнасці сучаснай культуры. На самой справе мы маглі б мець неба на зямлі, аднак замест яго часта творым пекла. Так ёсць і таму, што сучасная постмадэрнісцкая бездухоўная культура далёка не заўсёды спрыяе святасці і не заўсёды прадстаўляе чалавека ва ўсёй праўдзе. Таму ўзнікае пытанне: кім мы на самой справе з’яўляемся? Святы апостал Ян кажа, што мы — дзеці Божыя, а кім мы будзем у будучыні яшчэ не аб’яўлена. Аднак мы ведаем, што калі будзе аб’яўлена, мы будзем падобныя да Яго, бо ўбачым Яго такім, якім Ён ёсць. Сучасны секулярызаваны свет далёка не заўсёды прадстаўляе чалавека як Божае стварэнне, якое мае цела і душу. Гэта вядзе да шматлікіх цяжкасцяў, бо калі б ён прадстаўляў нас такімі, якімі мы павінны быць і паводле нашага прызначэння, то, напэўна, мы паводзілі б сябе інакш і ведалі б, як трэба дзейнічаць у складаных сітуацыях. Замест прадстаўлення людзей як тых, хто створаны для будавання Валадарства Божага на гэтай зямлі і для шчасця вечнага ў небе, секулярызаваны свет прадстаўляе нас як нейкіх гамоідаў, якія толькі і клапоцяцца пра матэрыяльны быт і прыемнасці. 3. Аднак Касцёл не пакідае нас адных у гэтых цяжкасцях і, можа, нават у несвядомасці. Менавіта сённяшняя ўрачыстасць нагадвае нам, кім мы на самой справе ёсць і якая светлая будучыня нас чакае. Адзначаючы ўрачыстасць Усіх Святых, мы радуемся, што яны дасягнулі мэты свайго жыцця — неба. Яны заклікаюць нас скіроўваць свой позірк уверх і памятаць аб тым, кім мы з’яўляемся і аб тых магчымасцях, якія нам ахвяруе Бог для дасягнення святасці. 4. Прыклады святых натхняюць нас на барацьбу са злом і імкненне да святасці. Яны таксама павінны былі змагацца са спакусамі і іншым злом. У Бібліі мы можам знайсці многа прыкладаў, як людзі ўзрасталі ў святасці. Так Абрагам, хоць і быў слабым чалавекам, аднак стаў нашым айцом у веры. Майсей пратэставаў супраць паклікання да спецыяльнай місіі, аднак менавіта ён стаў тым, хто вёў выбраны народ з егіпецкай няволі да зямлі абяцанай. У Евангеллі св. апостала Пятра мы бачым вельмі імпульсіўным, які не згаджаецца з воляй Божай. Менавіта ён не мог нават уявіць сабе, што Хрыстус будзе цярпець. Аднак з Дзеяў Апосталаў мы ведаем таксама, як ён змяніўся і цярпеў за Хрыста. Апякун пробашчаў св. Ян Віянэй меў цяжкасці з вучобай у семінарыі, аднак стаў найбольш вядомым спаведніком, да якога прыязджалі многія пілігрымы. Святая Тэрэза з Лізьё піша, што таксама мела ў сваім жыцці вельмі цяжкія перыяды цёмнай духоўнай ночы. Аднак яна перамагла іх і стала апякункай місій. Калі ў 1999 г. рэліквіі святой наведвалі ўсе парафіі Расіі, то велізарныя натоўпы людзей — католікаў і праваслаўных — прыходзілі памаліцца, бо верылі ў яе дапамогу. Памятаю выпадак, які здарыўся ў Санкт-Пецярбургу. Бацькі адной студэнткі прыйшлі да святара са слязамі на вачах, бо іх дачка пачала весці вельмі нядобрае жыццё. Як звычайна, святар параіў маліцца, асабліва заклікаў шукаць дапамогі ў св. Тэрэзы з Лізьё, рэліквіі якой павінны былі быць прывезены ў горад на Няве. І вось настаў апошні дзень прабывання рэліквій у касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Завяршалася набажэнства. Людзей было вельмі многа. І нечакана ў цішыні раздаўся моцны голас: «Тереза, ты победила, я больше так жить не могу». Гэта была тая студэнтка. Святы Аўгустын у сваёй маладосці вёў амаральнае жыццё. Ён нават казаў сваёй маці — св. Моніцы, што паміж ёй і ім праблемы знікнуць, калі яна перастане верыць. Аднак, у той жа час ён шукаў праўду і знайшоў яе. Ён сказаў сам сабе: калі іншыя маглі стаць святымі, то чаму ты, Аўгусцін, не можаш. І сапраўды стаў ім. Святы Ігнацый Лаёла, заснавальнік ордэна езуітаў, да 26 гадоў вёў разгульнае жыццё. Аднак потым зразумеў, што сапраўдны сэнс жыцця ў захаванні Божага закону. Ён не толькі стаў узорным хрысціянінам, але і заснаваў сусветна вядомае Таварыства Езуса. Такім чынам, на прыкладзе святых мы бачым, што кожны чалавек можа перамагчы цяжкасці і стаць святым. Вельмі добра пра гэта нагадвае Другі Ватыканскі Сабор, кажучы, што ўсе людзі пакліканы да святасці. 5. Што патрэбна для гэтага? Як стаць святым у сучасных абставінах адыходу ад Бога? Ці сапраўды святасць — гэта не перажытак мінулага? Такія і падобныя пытанні задае сабе сучасны чалавек. Сёння, калі адзначаем урачыстасць Усіх Святых, мы найперш успамінаем тых, хто сваім жыццём і нават смерцю пацвердзіў вернасць Богу і такім чынам паказаў верагоднасць Яго існавання. Бог не чыніць сябе верагодным праз аргументы. Ён не адказвае на нашыя сумненні, інтэлектуальныя пытанні ці няўпэўненасць спецыяльным, узбагачаным спасылкамі, спісам лагічных прапаноў, ад якіх мы не можам адмовіцца. Не. Свае адносіны з намі Ён будуе праз нашае жыццё, у якім асаблівае месца павінен займаць Езус Хрыстус. Менавіта ў нашым сапраўды хрысціянскім жыцці праяўляецца Яго верагоднасць, якая чыніць прысутным Езуса тут і цяпер. 6. А як на нашу думку, ці можна жыць святым хрысціянскім жыццём у наш час, поўны стрэсаў і дэвальвацыі хрысціянскіх каштоўнасцяў? Калі мы сумняваемся, то гэта не можа быць аргументам, які вырашае пытанне. Гісторыя хрысціянства і святых паказвае, што ў кожны час былі свае выклікі і цяжкасці і ў кожны час знаходзіліся людзі, якія вялі святое жыццё і пацвярджалі яго нават мучаніцкай смерцю. І сёння таксама мы можам бачыць людзей, якія вядуць святы вобраз жыцця, і менавіта ў іх і праз іх Бог становіцца верагодным. Бог заўсёды застаецца верным свайму народу, таму і мы павінны быць верныя яму. Нездарма Слуга Божы Ян Павел II на пачатку трэцяга тысячагоддзя заклікаў не баяцца быць святымі нашага часу. Для гэтага трэба, каб Бог стаў часткай нашага жыцця, каб Ён пранікнуў нас і праз нас свяціў сваім святлом у змроку сучаснага свету. Таму сёння, успамінаючы ўсіх святых, калі мы бачым вялікі натоўп сведкаў Хрыста, жыццё і смерць якіх пацвердзіла Божую верагоднасць, мы павінны браць з іх прыклад і прасіць іх аб дапамозе, каб самім стаць дасканалымі, а ў будучыні быць залічанымі да святых. Амэн. |
Адноўлена 02.11.2010 17:41 |