Папа на ўрачыстасць Усіх Святых: вера ў жыццё вечнае дазваляе любіць зямлю, але мець сэрца ў Небе |
Слова Папы |
01.11.2012 18:38 |
Па словах Пантыфіка, якія прыводзіць Ватыканскае радыё, гэтая ўрачыстасць «нам нагоду для разважання аб падвойным гарызонце чалавецтва, які мы сімвалічна выражаем словамі „зямля” і „неба”: зямля ўяўляе гістарычны шлях, неба — вечнасць, поўню жыцця ў Богу». Таксама гэтая ўрачыстасць дае нагоду паразважаць аб Касцёле ў яго падвойным вымярэнні: Касцёле, пілігрымуючым у часе, і Касцёле трыўмфуючым — нябесным Ерузалеме. Гэтыя два вымярэнні «злучаны рэальнасцю „супольнасці святых”: рэальнасцю, якая пачынаецца на зямлі і дасягае спаўнення ў Небе». У зямной рэальнасці, адзначыў Папа, Касцёл — гэта «пачатак таямніцы адзінства, якая злучае чалавецтва, таямніцы, цалкам сканцэнтраванай на Езусе Хрысце: Ён Той, хто ўвёў род чалавечы ў гэтую новую дынаміку, што вядзе да Бога і, у той жа час, да адзінства, міру». «Святыя — каго такімі абвясціў Касцёл і тыя, якіх толькі ведае Бог і якіх сёння мы таксама ўшаноўваем, — актыўна жылі гэтай дынамікай, — працягваў Папа. — У кожным з іх, вельмі асабістым чынам, быў прысутны Хрыстус дзякуючы Яго Духу, што дзейнічае праз слова і сакрамэнты. Сапраўды, быццё ў адзінстве з Хрыстом, у Касцёле, не пазбаўляе асабовасці, але адкрывае яе, перамяняе сілай любові, дае ёй ужо тут, на зямлі, вечнае вымярэнне». Злучэнне з Хрыстом адкрывае нас таксама «на адзінства з усімі іншымі членамі Яго Містычнага Цела — Касцёла, камунію, дасканалую ў Небе, дзе няма ніякай ізаляцыі, канкурэнцыі і падзелаў». (AG) |