Урачыстасці Усіх Святых варта быць адным з найбольш радасных дзён для хрысціян. У гэты дзень Касцёл успамінае вядомых і невядомых, даўніх і сучасных святых. На працягу года адзін або некалькі святых штодзень узгадваюцца ў літургіі. Аднак іх колькасць значна большая, бо святасці дасягнулі і іншыя людзі, пра якіх мы не ведаем. 1 лістапада 2012 г. у гродзенскай катэдры Імшу ва ўрачыстасць Усіх Святых узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Урачыстасць Усіх Святых не з’яўляецца, як часам памылкова мяркуюць, «святам памерлых», але нагадвае ўсім вернікам пра іх пакліканне да святасці. Кожны з вернікаў, незалежна ад абранага жыццёвага шляху — сужэнства, святарства або кансэкраванага жыцця, — пакліканы быць святым. Гэтай паўнаты чалавецтва немагчыма дасягнуць уласнымі сіламі: неабходная дапамога Божай ласкі. Клічачы ўсіх да святасці, Стварыцель кожнаму дапамагае сваёй ласкай. Тэалогія вучыць, што кожны атрымаў дар збаўлення, бо Хрыстус прынёс ахвяру за ўсіх людзей. Разам з тым ад кожнага з нас залежыць, у якой ступені ён прыме ад Бога гэты дар святасці.
У літургіі ў гродзенскай катэдры ўдзельнічалі шматлікія жыхары горада, якія прыйшлі, каб ушанаваць памяць усіх святых і праз іх заступніцтва прасіць Бога аб патрэбных ласках.
У гаміліі біскуп Кашкевіч адзначыў, што Касцёл з’яўляецца для вернікаў домам, у якім могуць знайсці сабе месца як святыя, так і грэшнікі, якіх Пан таксама прыгортвае да сябе. Іерарх узгадаў пра святых, якія ўжо знаходзяцца ў доме Нябеснага Айца. «Сёння мы ўспамінаем не толькі тых святых, чые імёны запісаны ў літаніі да Усіх Святых, але і тых, якія выйшлі з нашых сем’яў, а сёння ўжо сузіраюць Бога тварам у твар у небе, — дадаў біскуп. — Напэўна, іх незлічоныя натоўпы, якіх ніхто не зможа палічыць, з кожнага народа і ўсіх пакаленняў, нацыянальнасцяў і моваў» (пар. Ап 7, 9).
Біскуп Кашкевіч заахвоціў вернікаў даваць сведчанне сваім жыццём, бо гэтага «так патрабуе сённяшні свет». Іерарх пажадаў, каб у Год веры «да чалавечых думак і сэрцаў сапраўды вярнулася вера».
Зыходзячы з літургічнага чытання, біскуп нагадаў, што ў Апакаліпсісе святы Ян кажа пра вялікую колькасць збаўленых. Па словах іерарха, гэтая колькасць становіцца яшчэ большай, бо да мінулых пакаленняў збаўленых далучаюцца новыя людзі. Каб дасягнуць нябеснай хвалы, трэба, як падкрэсліў біскуп, «выконваць Евангелле, жыць так, як належыць хрысціяніну, і ўжо сёння паволі ўваходзіць у неба па прыступках васьмі благаслаўленняў».
Гродзенскі ардынарый, нагадаўшы словы св. Яна з Дамаска, заахвоціў шанаваць святых, «бо яны з’яўляюцца сябрамі Хрыста і дзецьмі Бога». Таксама святыя дадзены, каб «прысаромець» нас, бо «неабходны збаўчы сорам, каб убачыць сябе ва ўсёй праўдзе». Біскуп заклікаў прысутных маліцца «аб дапамозе святых і благаслаўлёных у імкненні да святасці».
Пасля Імшы прагучалі жалобныя нешпары ў інтэнцыі ўсіх памерлых вернікаў. Затым адбылася працэсія, падчас якой вернікі маліліся за памерлых у розных жыццёвых станах, а таксама за тых, пра каго ніхто не памятае і хто ніадкуль не мае падтрымкі і дапамогі.
Кс. Юрый Марціновіч
|