Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на ўрачыстасць Усіх Святых |
1 лістапада 2012 г., мінскі архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі Перш за ўсё — гэта тое, што ёсць шмат некананізаваных святых, і Касцёл таксама хоча і іх успамінаць. Сярод іх шмат вызнаўцаў, мучанікаў, нашых бацькоў, сяброў, блізкіх і г.д. — усіх тых, хто адзначыўся гераічным вызнаннем сваёй веры. Менавіта сёння мы іх і ўспамінаем. Таму сённяшняе свята Усіх Святых можна таксама назваць і святам Нязнаных Святых, бо сёння мы ўрачыста святкуем тое, аб чым нагадвае першае чытанне з кнігі Апакаліпсісу аб вялікай колькасці людзей розных нацыянальнасцяў і моваў, якія ў белым адзенні і з пальмовымі галінкамі ў руках знаходзяцца перад Божым тронам (пар. Ап 7, 9). 2. Таксама сённяшняя ўрачыстасць дае нам магчымасць зазірнуць у нашае вечнае прызначэнне. Святыя, вядомыя і невядомыя нам, якіх мы сёння ўспамінаем, былі падобнымі да нас мужчынамі і жанчынамі. Туды, дзе яны знаходзяцца сёння, мы павінны прыйсці ў будучыні. Як хрысціяне мы ведаем, што наша асабістая гісторыя не абмяжоўваецца тым, што здараецца паміж нашым нараджэннем і смерцю. Наша гісторыя распачалася перад нашым нараджэннем — ад хвіліны зачацця — і працягнецца пасля смерці ў вечнасці. Менавіта таму мы не забываемся аб памерлых. Нездарма св. Тэрэза з Лізьё, рэліквіі якой будуць пілігрымаваць па нашых парафіях у наступным годзе, казала, што яна хацела б перажываць вечнасць, чынячы добрыя ўчынкі на зямлі. У нашых матэрыяльных вачах яна памерла і адышла назаўсёды. Аднак у духоўных, у вачах веры яна жыве. Яна цяпер больш жывая, чым калісьці на зямлі, бо цяпер жыве ў Богу. Яна больш жывая, чым мы, таму што жыццё, якім яна жыве цяпер, не можа быць падвержана цярпенням, хваробам, граху і смерці. 3. Дасягненне жыцця ва ўсёй паўнаце ў вечным шчасці ў небе не адбываецца аўтаматычна. Не кожны, хто кажа: «Пане, Пане», увойдзе ў Божае Валадарства, але той, хто выконвае волю Майго Айца, — навучае Хрыстус. Як мы можам жыць такім жыццём? Адказ знаходзіцца ў сённяшнім Евангеллі, вядомым як казанне Езуса на гары пад назвай васьмі благаслаўленяў. Менавіта ў іх Хрыстус прадстаўляе дарожную мапу ў вечнае шчасце. Усе святыя, якіх мы ўспамінаем сёння, прайшлі гэты цяжкі і вузкі шлях благаслаўленняў з мэтай дасягнуць шчаслівую вечнасць. Сёння Касцёл заахвочвае нас не толькі распавядаць аб святых, але і ісці гэтым шляхам. Благаслаўленні прапануюць нам дарогу жыцця, запрашаючы нас ідэнтыфікаваць сябе з беднымі, плачучымі, пераследуемымі, ціхімі, чыстымі сэрцам, галоднымі, прагнучымі справядлівасці, умацоўваючымі мір. Ніводны са святых, якіх мы ўспамінаем сёння, не ставіў мэтай свайго жыцця дасягненне багацця, улады ці папулярнасці. Наадварот, яны шукалі вечнай узнагароды, якую Бог дае сваім верным пасля завяршэння гэтага кароткага і поўнага ілюзій жыцця. Сучасны свет, на жаль, не спяшаецца жыць праграмай васьмі благаслаўленняў, а імкнецца да свабоднага ад Божага закону жыцця. Да чаго гэта прыводзіць, найлепей сведчыць сучасны свет, які заблытаўся ў сваіх праблемах і рознага роду крызісах і не ведае, як адтуль знайсці выйсце. Беларусь знаходзіцца ў суветных лідарах па суіцыдзе, прычынай якога найчасцей называюць дэпрэсію. У чалавека, які знаходзіцца ў дэпрэсіі, баліць душа. Каб пазбавіцца ад гэтага болю, чалавек адбірае ў сябе жыццё. Але ці гэта выйсце з сітуацыі? Калі б чалавек меў моцную веру, калі б ведаў, на каго мог бы абаперціся ў цяжкую хвіліну, то, напэўна, не зрабіў бы чагосьці падобнага і шукаў бы паратунку ў Бога, які нікога не адрынае ад сябе, а ўсім дапамагае. Таму святыя, будучы для нас прыкладам, з’яўляюцца яшчэ і тымі, якія нас прысаромліваюць, — як казаў благаслаўлёны папа Ян Павел II. Нашы продкі падчас пераследу веры змаглі яе захаваць і жыць згодна з Божым законам і ісці па жыцці шляхам васьмі благаслаўленняў. А мы ў абставінах свабоды веравызнання гэтага не можам. Святыя таксама з’яўляюцца прыкладам для новай евангелізацыі для перадачы і ўмацавання веры, што ёсць галоўным заданнем Касцёла ў наш час, каб абараніць нас ад бушуючага ў сучасным свеце ўрагану бязбожжа, секулярызму і маральнага рэлятывізму, калі чалавек спадзяецца толькі на сябе і лічыць сябе самадастатковым. Аднак гэта далёка не так. Некалькі дзён таму ўраган «Сэндзі» прывёў да вельмі вялікіх разбурэнняў у Злучаных Штатах Амерыкі. Найбагацейшая краіна свету не змагла яму супрацьстаяць. Гэта трагедыя і катаклізм, і мы выказваем глыбокія спачуванні амерыканскаму народу. Аднак падобнае здараецца і ў духоўным жыцці чалавека, калі грахоўны ўраган разбурае яго жыццё, бо яго вера слабая. 4. Сёння Касцёл заклікае нас ісці шляхам святых, гэта азначае шляхам васьмі благаслаўленняў. Гэты шлях нялёгкі, ён вузкі і цяжкі. Нам неабходна мець веру і адвагу, каб ім ісці. Прыклад святых і іх малітва дадае нам адвагі і дапамагае. Святы Аўгустын лічыў, што весці святое жыццё вельмі цяжка, і вёў грэшнае. Але калі ён прачытаў жыццё святых, то ўсклікнуў: «Калі гэтыя святыя мужчыны і жанчыны змаглі, то чаму я не магу?» Вера гарантуе нам, якія чуюць голас Хрыста і жывуць паводле Яго благаслаўленняў, што напрыканцы жыцця мы зможам разам з Усімі Святымі пачуць голас Пана: «Слуга добры і верны, увайдзі ў радасць свайго Пана». Амэн. |
Адноўлена 01.11.2012 20:55 |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.