Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на I Нядзелю Вялікага посту, Год А |
Сорак дзён вяртання 13 сакавіка 2011 г., мінская архікатэдра Дарагія браты і сёстры! 1. Некалькі дзён таму, пазначаныя попелам, мы распачалі новы літургічны перыяд — Вялікі пост, як новы духоўны шлях падрыхтоўкі да святкавання пасхальнай таямніцы. У першыя стагоддзі хрысціянства сорак дзён Вялікага посту азначалі час падрыхтоўкі да сакрамэнту хросту, які звычайна ўдзяляўся ў вігілію Пасхі. Гэта было вельмі сімвалічна. Пасха азначае перамогу жыцця над смерцю. Таксама і хрост вядзе да ўваскрашэння з грахоў і да новага жыцця ў Хрысце. Такая практыка была вельмі важнай у духоўным плане. Як Езус сорак дзён рыхтаваўся да выканання сваёй місіі, так і тыя, хто адчуў хрысціянскае пакліканне, рыхтаваліся стаць хрысціянамі. З часам, аднак, усё часцей сакрамэнт хросту ўдзяляўся дзецям. Таму перыяд Вялікага посту пачаў выкарыстоўвацца для духоўнага аднаўлення і вяртання да Бога праз экзамен жыцця ў святле навучання Хрыста. Так Касцёл разумее гэты час і заклікае людзей да навяртання і крочання за Хрыстом. Вялікі пост прыгадвае нам праўду аб тым, што сэнс хрысціянскага жыцця не толькі ў захаванні Божага закону, але і ў жыцці Хрыстом, якога трэба спаткаць, прыняць і наследаваць. 2. Напэўна, не адзін з нас чытаў розныя гісторыі пра людзей, якія імкнуліся быць багатымі і на самой справе такімі станавіліся. Аднак нярэдка яны канчалі жыццё самагубствам або гінулі ў змаганнях за дабрабыт. Два тысячагоддзі таму адзін галілеянін сказаў: што дасягне чалавек, калі нават завалодае ўсім светам, але страціць душу? Гэты галілеянін — Хрыстус. У Ім ёсць штосьці такое, што ўжо на працягу дваццаці стагоддзяў зачароўвае чалавецтва. Ён надае новае значэнне часу і месцу, культуры і традыцыям, нацыянальнасцям і мовам. У Ім ёсць штосьці такое, што прамаўляе да нас вельмі ясна, асабліва ў сённяшнім Евангеллі пра спакушэнне. Адразу пасля свайго хросту ў водах Ярдану, калі Бог Айцец сказаў, што Ён — Сын Яго ўмілаваны, якога трэба слухаць, Езус быў выведзены Духам у пустыню. Там Ён пасціўся на працягу сарака дзён і начэй і потым павінен быў супрацьстаяць спакусам злога духа. Праблема не ў тым, што Езус мог завалодаць усім светам, як Яму прапанаваў д’ябал, але ў тым, як бы Ён ім валодаў, а менавіта — сваёю моцай ці моцай злога духа? На пачатку Езус быў спакушаны неналежным выкарыстаннем моцы. Далей — неналежнай папулярнасцю. І нарэшце — неналежным спосабам супрацоўніцтва. Такім чынам, на безжыццёвых Юдэйскіх узгорках Езус змагаўся сам з сабою, а менавіта паміж тым, каб быць Валадаром сусвету моцаю злога духа або стаць ім праз паслухмянасць волі Нябеснага Айца. 3. Праблема, узнятая Езусам два тысячагоддзі таму, з’яўляецца адной з самых вялікіх у сучаснасці і той, на якую мы не надта звяртаем увагу. Усе хочуць мець уладу, быць багатымі і шчаслівымі. У той жа час далёка не ўсе задумваюцца над тым, як з маральнага пункту гледжання яны імкнуцца ўсё гэта дасягнуць і як будуць гэтым карыстацца. Што для іх самае галоўнае — улада, багацце, танная папулярнасць, пошук задавальненняў і г. д. ці сапраўднае хрысціянскае жыццё згодна з маральнымі прынцыпамі? На гэтыя і падобныя пытанні мы павінны адказаць падчас Вялікага посту, праходзячы спецыяльныя велікапосныя курсы хрысціянскай фармацыі. Сорак дзён — гэта не малы час, каб навучыцца чамусьці добраму, адмовіцца ад злога і ад дрэнных звычак. Аднак, па праўдзе кажучы, калі нават велікодныя яйкі могуць сапсавацца, то і многія нашы велікапосныя намаганні не прынясуць плёну, калі мы не паставім перад сабой адпаведнай мэты. Вялікі пост вядзе нас да Пасхі, калі мы разважаем аб праўдзе Уваскрасення Езуса Хрыста. Таму наша ўваскрашэнне з грахоў павінна стаць мэтай Вялікага посту, каб мы не паддаліся спакусам і па прыкладзе Езуса Хрыста маглі іх адкінуць. І тут сучаснаму чалавеку ёсць аб чым падумаць у яго імкненні быць вялікім. Адна гісторыя апавядае пра вельмі вядомага пратэстанцкага прапаведніка. Аднойчы вечарам ён рыхтаваўся да нядзельнага казання. Яго малы сын папрасіў тату, каб той паклаў яго спаць. На гэта пастар адказаў: «Ідзі да ложка, а я праз некалькі хвілін прыйду». Аднак потым ён так захапіўся падрыхтоўкай да казання, што пра сваё абяцанне ўспомніў значна пазней, калі яго сын ужо спаў. Безумоўна, вельмі важным было казанне, але значна важнейшым было сямейнае жыццё і выхаванне маладога пакалення праз выкананне дадзенага слова. Падобная гісторыя вельмі часта паўтараецца ў нашым жыцці. Спакуса перамагае нас, калі мы не да канца асэнсоўваем тое, што робім. Імкнёмся працаваць, каб зарабіць і ўтрымаць сям’ю. Здаецца, што гэта вельмі добра. Аднак нярэдка працуем і ў нядзелю. Гэтым самым занядбоўваем нядзельную Імшу, не маем часу для сям’і, не даём добрага прыкладу дзецям і не маем часу на іх выхаванне. Потым дзівімся, што распадаецца сям’я і дзеці растуць не такімі, якімі мы іх хочам бачыць. Бог аб’яўляе свой закон, і толькі ад нас залежыць выбар паміж дабром і злом, жыццём і смерцю. 4. Не хлебам адным жыве чалавек, але кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых, — так адказаў Езус на спакусы злога духа. Хоць багацце, улада, задавальненні з’яўляюцца хлебам, якога шукае сучасны чалавек і якім захапляецца, аднак трэба памятаць і пра духоўнае жыццё. Таму час Вялікага посту павінен быць прысвечаны вяртанню да Бога. Свабода ад Бога робіць чалавека бездухоўным целам і выганяе з раю, з «духоўна экалагічнага» жыцця. Вядома, што калі ў свеце жывёлаў парушаецца экалагічная раўнавага, то яны нішчаць адно аднаго. Падобна і чалавечы свет без Бога становіцца халодным і бяздушным, жорсткім і несправядлівым. Гэтую праўду трэба ўсвядоміць на пачатку Вялікага посту, каб яго саракадзённая пілігрымка стала пілігрымкай вяртання да Бога і гэтым самым вяртання да «духоўна экалагічнага» жыцця, здольнага захаваць створаны Творцам парадак і гармонію ў адносінах паміж людзьмі і з Богам. У гэтай велікапоснай пілігрымцы нам трэба прыняць запрашэнне Езуса ісці за Ім праз жыццё паводле евангельскага радыкалізму, каб адмовіцца ад старога чалавека і апрануцца ў Хрыста, паўтарыўшы разам са св. апосталам Паўлам: жыву ўжо не я, але жыве ўва мне Хрыстус. Няхай жа лекцыя першай нядзелі Вялікага посту — нядзелі спакушэння — дапаможа нам рашуча выказацца за Бога і перамагчы ў барацьбе са спакусамі, каб назаўсёды застацца вернымі свайму хрысціянскаму пакліканню, за што Хрыстус узнагародзіць вечным шчасцем у небе. Амэн. |
Адноўлена 11.03.2011 15:09 |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.