Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на III Нядзелю Вялікага посту, Год А |
27 сакавіка 2011 г., мінскі архікатэдральны касцёл Дарагія браты і сёстры! 1. Усе сённяшнія чытанні засяроджаны на сакрамэнце хросту і новым жыцці, якое вынікае з гэтага сакрамэнту. Сімвал вады выкарыстоўваецца, каб прадставіць адносіны чалавека з Богам. Вада сімвалізуе Дух Божы, які прыходзіць да нас у гэтым сакрамэнце. Падобна як вада заспакойвае цялесную смагу чалавека, так і Дух Божы заспакойвае яго духоўную смагу. Як вада ў пустыні заспакойвала смагу праходзячых па ёй яўрэяў і падтрымлівала іх жыццё, таксама і вада, якую прапануе Езус і крыніцай якой Ён з’яўляецца, на самой справе ёсць жыццядайнай вадой для тых, хто прымае Яго як Пана і Збаўцу. Сённяшняе Евангелле распавядае пра тое, як Езус каля Якубавай студні ў пустыні прабудзіў у самаранцы, якая была грэшніцай і не паходзіла з выбранага народу, прагненне загубленай цэласнасці як Божага стварэння, якое можа адрадзіць толькі Ён. Вада, якую прапануе Езус, вядзе да навяртання і адпушчэння грахоў. 2. На шляху з Юдэі да Галілеі, дзе Езус абвяшчаў Евангелле, недалёка ад Самарыі, знаходзілася Якубава студня. Вядома, што вада ў пустыні мае вялікае значэнне нават і ў наш час, не гаворачы пра часы Езуса Хрыста. Таму студні ў тыя часы насілі імёны тых, хто іх заснаваў. Менавіта пры гэтай студні Езус спатыкае грэшную жанчыну. Калі Ён разам з вучнямі прыйшоў да студні, быў поўдзень і было вельмі горача. Яму вельмі хацелася піць, аднак Ён не меў чым зачарпнуць вады. Езус паслаў вучняў у горад, каб купілі ежы, а сам чакаў. І вось у гэты час да студні прыходзіць узяць вады грэшная самаранка, якая жыла ўжо з пяццю мужчынамі і цяпер мела шостага палюбоўніка. Тут трэба нагадаць пра тое, што яўрэі не любілі самаранаў, бо лічылі іх здраднікамі іўдаізму. Паміж імі былі варожыя адносіны. Можам сабе ўявіць, што адчувала ў сваім сэрцы гэтая жанчына, як нашчадак адрынутага яўрэямі народу. Болей таго, яна чакала пагарды, бо была жанчынай, а ў тыя часы на Усходзе мужчыны сістэматычна прыніжалі жанчын. Яна вяла распуснае жыццё, таму для саміх жа самаранаў была сацыяльнай праказай. І вось каля Якубавай студні для яе настаў момант «праўды». Езус казаў, што прыйшоў шукаць маральна хворых і іх лячыць. Таму Ён ахвотна размаўляе з гэтай жанчынай, бо хоча ёй дапамагчы. І не толькі размаўляе, але, як добры псіхолаг, паступова шляхам дыялогу вядзе яе ад ігнаравання да духоўнага прасвятлення, або, кажучы сучаснай мовай, катэхізуе яе. Ён хацеў вызваліць яе з рабства граху і змяніць накірунак яе жыцця, хацеў даць ёй жывую ваду. Напрыканцы размовы Ён аб’явіў, што з’яўляецца Месіяй, што пераканала жанчыну паверыць Яму. Шлях яе навяртання меў некалькі стадый. Найперш, яна назвала Яго яўрэем. Потым панам. Далей прарокам. І нарэшце Месіяй. Крок за крокам Езус вёў яе да веры. Такім чынам, Ён моцна ўвайшоў у яе жыццё, і яно сапраўды якасна змянілася. Самаранка не толькі паверыла, але і прывяла да Езуса іншых людзей. 3. Якія высновы мы, людзі ўжо XXI стагоддзя, павінны зрабіць з сённяшняга Евангелля? Найперш трэба дазволіць Езусу ўвайсці ў наша асабістае жыццё, каб Ён мог там дзейнічаць. Гэта асабліва важна падчас Вялікага посту, калі Езус жадае ўвайсці ў наша «прыватнае» жыццё. Сучаснаму чалавеку з яго індывідуалізмам гэта, напэўна, нялёгка. Мы часта, асабліва за мяжой, можам бачыць надпісы: «прыватная ўласнасць». Часам гэта набывае форму абсурду. Аднойчы ў Лос-Анжэлесе на могілках таксама бачыў таблічку з надпісам: «Private property» і далей імя і прозвішча пахаванага там чалавека. Смешна, але факт. Чалавек ужо не жыве, але існуе яго прыватная ўласнасць. Хрыстус жадае ўвайсці ў наша прыватнае жыццё не для таго, каб паставіць нас у нязручную сітуацыю або асудзіць. Не, Ён жадае нас вызваліць і змяніць, жадае ахвяраваць нам тое, што нам найбольш патрэбна, а менавіта самога сябе, сваю ласку і дары Духа Святога, як жывую ваду. Гэтую жывую ваду мы знаходзім у сакрамэнтах, малітве і слове Божым. Далей, нам трэба быць сведкамі Езуса, як Яго сведкай з публічнай грэшніцы стала самаранка. Нам трэба стаць «Езусавымі» ва ўсіх абставінах нашага жыцця таксама для тых, хто не хоча іншага. Нам трэба быць адкрытымі на іншых людзей і прыняць іх такімі, якімі яны ёсць, як гэта рабіў Езус, бо мы ўсе дзеці Божыя. Гэта будзе шлях да нашага духоўнага ўваскрашэння і ўваскрашэння нашых братоў і сясцёр. Нам трэба пакінуць свае грахі і злыя звычкі: сужэнскую нявернасць, алкагалізм, наркаманію, грахі супраць Божага дару жыцця, амаральныя і несправядлівыя ўчынкі і г. д., усё тое, што не дапускае нашых адносін з Богам — як гэта зрабіла самаранка, каб навярнуцца і жыць верай у Бога. 4. Мы добра ведаем, што чалавек можа даволі доўга жыць без ежы. Аднак без вады не можа. Вада з’яўляецца неабходнай для жыцця. У пэўным сэнсе вада — гэта жыццё. Дзе няма вады, там няма і жыцця. Нездарма вучоныя шукаюць ваду на Марсе, каб даказаць, што там ёсць нейкая форма жыцця. Кактусы і вярблюды, некаторыя карлікавыя дрэвы і пустынная трава прыстасаваныя да жыцця ў абставінах з малой колькасцю вады. Але не чалавек. Недахоп вады вядзе яго да смерці. Нездарма Езус выкарыстаў ваду і смагу для духоўнага навучання пры Якубавай студні. Калі смага цела з’яўляецца адзнакай наступаючай смерці, то смага душы з’яўляецца знакам духоўнай смерці. Мы ўсе пакліканы да жыцця, і хрысціянства — гэта рэлігія жыцця. Таму выкарыстаем час Вялікага посту, каб наблізіцца да крыніцы жывой вады, якой ёсць Езус, напіцца з яе і тым самым, будучы памерлымі духоўна, уваскрэснуць да жыцця ў ласцы, якая патрэбна да збаўлення. Амэн. |
Адноўлена 24.03.2011 12:08 |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.