Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на IV Нядзелю Вялікага посту, Год А |
3 красавіка 2011 г., мінскі архікатэдральны касцёл Глыбокапаважаныя браты і сёстры! 1. IV Нядзеля Вялікага посту называецца нядзеляй «Laetare» ад лацінскага слова «радавацца». Сапраўды, трэба радавацца, бо ўсё бліжэй Вялікдзень — свята нашага збаўлення. Сённяшнія чытанні нагадваюць нам, што толькі Бог дапамагае бачыць як вачыма цела, так і душы. Адна гісторыя распавядае пра тое, як аднойчы чалавек прыйшоў у школу для дзяцей са слабым зрокам. Вельмі ўзрушаны ўбачаным, ён сказаў: «Гэта павінна быць жудасна — ісці праз жыццё без вачэй». На гэта адна маленькая дзяўчынка адказала: «Яшчэ горш мець два вокі і заставацца сляпым». Так, сапраўды, слепата можа быць фізічная і духоўная. Гэтыя дзве формы слепаты і прадстаўлены ў сённяшнім Евангеллі. 2. Першае чытанне, узятае з Першай Кнігі Самуэля, распавядае пра выбар і намашчэнне Давіда на другога па чарзе караля Ізраэля. Менавіта ў гэтым чытанні мы бачым чалавечую слепату ў нашых суджэннях аб людзях і патрэбу Божай дапамогі, бо чалавек бачыць звонку, а Бог глядзіць у сэрца. У другім чытанні св. апостал Павел нагадвае хрысціянам аб іх новай адказнасці як дзяцей святла. У Евангеллі Езус вучыць нас, што вера адкрывае вочы, і адначасова перасцерагае перад тымі, якія хоць і ведаюць праўду, але на самой справе з’яўляюцца сляпымі. Сляпы ад нараджэння ў Хрысце атрымлівае святло веры, а рэлігійна адукаваныя фарысеі застаюцца духоўна сляпымі. 3. Евангельская сцэна вылечвання сляпога прадстаўляе міласэрнасць Езуса як Святла свету. Габрэі верылі, што, калі прыйдзе Месія, то ён будзе лячыць розныя хваробы, у тым ліку і слепату. Езус даў беднаму сляпому не толькі ласку фізічнага бачання, але і святло веры. Гэтая ж гісторыя нагадвае і пра тое, што ўпартасць фарысеяў і папярэдняе асуджэнне не дазволілі ім у пакорным Сыне чалавечым убачыць доўгачаканага Месію і здзейснены Ім цуд. Яны лічылі, што сляпым нараджаецца дзіця грэшных бацькоў, а ўчынены ў суботу цуд з’яўляецца грахом. Аднак вылечаны чалавек лічыў Езуса Богам, бо Ён зрабіў гэты цуд, і таму гэты чалавек праслаўляў Яго. Духоўны прагрэс вылечанага Езусам чалавека нагадвае нам аб патрэбе Божай ласкі, каб мы маглі мець добры духоўны зрок. 4. Са старажытных часоў сённяшняя евангельская гісторыя асацыявалася з сакрамэнтам хросту. Як сляпы ўваходзіў у ваду Сілаама і, выйшаўшы, мог бачыць, так і пагружаныя ў ваду хросту выходзяць з яе духоўна здаровымі, вылечанымі з духоўнай слепаты, у якой усе нараджаюцца. Езус дакарае фарысеяў, якія былі духоўна сляпымі, бо, нягледзячы на выдатную духоўную падрыхтоўку, у іх не было духа Хрыста. Тут існуе кантраст паміж тымі, якія ведаюць, што яны сляпыя, і тымі, якія прэтэндуюць на тое, што ўсё бачаць. На думку фарысеяў Езус, які ў суботу вылечыў сляпога, сам быў грэшнікам, бо яўрэі ў суботу не працуюць. Паводле іх меркавання Езус нават не меў права памазаць вочы сляпога слінай. 5. Хаця гістарычныя фарысеі даўно зніклі з нашага жыцця, тым не менш вельмі часта мы падобныя да іх. Гэта адна з хваробаў нашага часу. Такая слепата адмаўляецца бачыць Божую праўду і ёю жыць. Сучасная духоўная слепата нярэдка адмаўляецца нават прызнаць існаванне Бога і Яго закон. У сёлетнім Пасланні на Вялікі пост папа Бэнэдыкт ХVI падкрэслівае, што цуд аздараўлення сляпога з’яўляецца знакам Хрыста, які разам з фізічным зрокам хоча адкрыць наш унутраны зрок, каб наша вера станавілася ўсё больш глыбокай і каб мы маглі распазнаць у Ім нашага адзінага Збаўцу, які асвячае любы змрок і вядзе чалавека да жыцця «дзяцей святла». 6. Якія высновы мы павінны зрабіць з сённяшняга Евангелля? Найперш, трэба дазволіць Езусу вылечыць нашу духоўную слепату. Каб вылечыцца, хворы павінен паказацца лекару, каб яго агледзеў і прызначыў лячэнне. На жаль, чалавек не заўсёды так паступае і не заўсёды спяшаецца да лекара. Кажа, што, маўляў, само пройдзе, або лечыцца сваімі спосабамі. Найчасцей такое лячэнне завяршаецца трагедыяй. У духоўным сэнсе мы маем нешта падобнае. Замест таго, каб жыць у святле Божай праўды, мы жадаем заставацца ў духоўнай цемры. Таму мы павінны прасіць Бога аб ласцы звярнуцца да нябеснага лекара — Езуса Хрыста — які дзейнічае праз святара, асабліва ў сакрамэнце пакаяння. Далей, нам трэба пазбавіцца ад культурнай слепаты нашага часу. Сучасная культура нячулая да маральных праблем. Культура, мас-медыя, кіно, тэлебачанне, каштоўнасці вельмі часта сляпыя і імкнуцца толькі да самалюбавання і самазадавальнення. У імя правоў асобы вядуцца намаганні прадставіць рэлігію і рэлігійныя практыкі як асабістую справу чалавека. Нарэшце, нам трэба маліцца аб ласцы добрага духоўнага зроку, каб мы маглі ведаць, чым на самой справе жывём і што ў нашым жыцці з’яўляецца галоўным, а асабліва — ці бачым мы ў штодзённым жыцці дзейнасць Бога. 7. Адзін аповед распавядае пра навяртанне да Бога чалавека, які калісьці быў няверуючым. Яго няверуючы сябар хоча даведацца, чаму ён так паступіў. Ён кажа: «Ты стаў веруючым ў Хрыста». «Так», – адказаў чалавек. — «Тады ты павінен ведаць аб Ім многа. Скажы, дзе Ён нарадзіўся?» — «Я не ведаю». — «Колькі гадоў Ён меў, калі памёр?» — «Не ведаю». — «Як многа казанняў Ён прамовіў?» — «Не ведаю». — «Сапраўды, ты не многа ведаеш для чалавека, які навярнуўся да Хрыста». — «Гэта праўда, я не многа ведаю пра Яго. Аднак я ўсё ж такі нешта ведаю, і гэта вельмі важна для мяне. Тры гады таму я быў п’яніцай і мая сям’я была разбіта. Цяпер я перастаў піць, мая сям’я шчаслівая і дзеці мяне чакаюць кожны вечар. Усё гэта для мяне зрабіў Хрыстус, і гэта ўсё, што я ведаю пра Яго». Ці гэты адказ не падобны да таго, які даў вылечаны Езусам сляпы, кажучы: «Я быў сляпы, а цяпер бачу»? Няхай жа сённяшняе Евангелле, якое нагадвае нам аб неабходнасці жыць як дзеці святла, якія шукаюць дабра, справядлівасці і праўды, заахвоціць нас, каб нашы велікапосныя малітвы і ахвяры сапраўды служылі вылечванню ад духоўнай слепаты і каб мы жылі як дзеці святла. Амэн. |
Адноўлена 01.04.2011 15:42 |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.