мінскі касцёл Узвышэння Святога Крыжа на Кальварыі, 14 верасня 2011 г.
На пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя вельмі папулярным на Захадзе быў телесерыял «Легендарныя паходжанні Геркулеса». У ім быў прадстаўлены адважны велікан, які хадзіў з горада ў горад, баронячы нявінных ад монстраў, зладзеяў і капрызаў старажытных грэчаскіх багоў. Грэчаскія багі людзьмі ўспрымаліся як вельмі капрызныя і індывідуальныя быцці, якія мала клапаціліся аб людзях. Бачанне багоў у старажытнай Грэцыі прадстаўлялася такім чынам, што яны лёталі дзесьці высока па-над гарой Алімп.
Гэтае бачанне недалёка ад таго, якое мае і сучасны чалавек. Бог усё яшчэ для многіх з нас знаходзіцца дзесьці высока на небе і час ад часу дае нам магчымасць пакаштаваць лепшага жыцця. Аднак у гэтае бачанне Бога далёкага, аддзеленага ад людзей уваходзіць уцелаўлёны Бог Езус Хрыстус і ўваходзіць таксама на Крыжы.
Сёння мы адзначаем свята Узвышэння Святога Крыжа. Для старажытных грэкаў і рымлянаў крыж быў глупствам. Паводле грэчаскай міфалогіі бог Зеўс мог прымаць чалавечы воблік, аднак пры гэтым ён больш шкодзіў людзям, чым дапамагаў. Мы верым, што Бог — усемагутны, які ведае ўсё і заўсёды жывы — прыняў чалавечае цела і душу, не для таго, каб у гэтым знайсці прыемнасць, але каб увайсці ў нашы праблемы і нашу боль. У гэтым і заключаецца таямніца і слава Святога Крыжа.
Якое значэнне мае крыж? У нашы часы знак крыжа вельмі часта абмяжоўваецца да прыгожага крыжыка на каштоўным ланцужку на нашай шыі. Людзі яго носяць, але пры гэтым нават не ведаюць яго значэння.
Крыж Езуса Хрыста не абяцае поспеху, здароўя або прыемнасцяў. Яго Крыж абяцае, што Езус будзе з намі, незалежна ад таго, як мы сябе адчуваем — добра ці не. Езус кажа: «Вось Я з вамі да канца свету». Гэта менавіта праз Яго Крыж Езус ёсць з намі. У гэтым заключаецца значэнне Крыжа і значэнне нашай хрысціянскай веры.
Праз Крыж і смерць Езуса Бог увайшоў у глыбіню чалавечага цярпення. Таму чалавек у сваіх цяжкасцях не адзін. Мы, можа, і хацелі б, каб Крыж Хрыста азначаў тое, што мы не павінны цярпець. Аднак ён азначае тое, што сам Бог захацеў цярпець разам з намі.
Перад абліччам Крыжа Хрыста мы павінны памятаць, што Божы шлях — не наш шлях. Лекцыя крыжа і сёння для нас вельмі цяжкая і не зусім зразумелая. Нярэдка мы, як старажытныя грэкі ці рымляне, называем яго глупствам.
На самой жа справе Святы Крыж стаўся для нас знакам нашай хрысціянскай веры. Нашы продкі аддавалі сваё жыццё, каб толькі бараніць Крыж. У нашых касцёлах, дамах, на скрыжаваннях вуліц мы бачым крыжы. Гэта знакі нашага збаўлення і нашай веры.
Таму сёння, у свята Узвышэння Святога Крыжа, спытаем сябе: ці часта мы выказваем нашу веру ў Бога, калі нашы справы добрыя? А можа, толькі тады звяртаемся да Бога, калі нам цяжка і мы знаходзімся ў патрэбе? Нездарма народнае выслоўе кажа: «Як трывога, дык да Бога». У той жа час мы павінны заўсёды памятаць, што Бог заўсёды ёсць сярод нас, нават калі мы церпім.
Святы Крыж стаўся знакам нашай веры, стаўся таксама і знакам надзеі. Калі мы глядзім на Святы Крыж, мы можам верыць, што ў ім ёсць надзея, нават у нашай хваробе, граху, стратах. Ёсць надзея, бо Бог не пакідае нас у нашых цярпеннях.
Таму мы заўсёды павінны ўзвялічваць і ўзносіць Крыж Езуса Хрыста. Бог Езуса Хрыста не пакінуў нас адных падчас ганенняў на Касцёл. Не пакідае і цяпер. Ён разам з намі церпіць, каб даць нам надзею. Трэба толькі верыць, стаяць пад Крыжом Хрыста і ніколі яго не пакідаць. Амэн.
|