5 кастрычніка 2012 г., мінскі архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі Праз Марыю да ўмацавання веры
(Ап 12, 1-10; Лк 1, 26-38)
«Вітай, Марыя, поўная ласкі»
Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
1. Гэтымі словамі сённяшняга Евангелля аб Звеставанні вітаем цябе, Марыя, якая ў копіі цудоўнага абраза Маці Божай Будслаўскай распачынаеш перэгрынацыю па парафіях нашай краіны. Вітаем цябе ў мінскай архікатэдры, якая прысвечана твайму святому Імені. Вітаем практычна напярэдадні распачацця Года веры, які ў нашай краіне будзе праходзіць пад дэвізам: «Марыя — Маці нашай веры». Вітаем, глыбока верачы ў тое, што гэтая перэгрынацыя духоўна падрыхтуе нас да святкавання юбілею 400-годдзя прыбыцця твайго цудоўнага абраза ў Будслаў. Вітаем, перакананыя ў тым, што ты выпрасіш у свайго Сына Езуса Хрыста патрэбныя нам і нашай краіне ласкі ў гэты асаблівы час нашай гісторыі.
2. Звеставанне Найсвяцейшай Панне Марыі стала пачаткам новай эры ў гісторыі чалавецтва. Дзякуючы згодзе Марыі ў гэтую гісторыю ўвайшоў Збаўца. Марыйнае «fiat» — гэта азначае яе згоду з Божай воляй — стала зялёным святлом на шляху ажыццяўлення Божага плану збаўлення чалавецтва. Нарэшце ў канцы цёмнага тунэлю, у якім яно знаходзілася пасля граху Адама, з’явілася святло.
Нараджэнне Марыі сімвалізуе ранішнюю зорку, як знак таго, што завяршаецца ноч і хутка наступіць дзень. Яе ж згода з Божай воляй ажыццявіла мару чалавецтва аб пераходзе з грахоўнай ночы ў дзень Божага святла, якое прыйшло з нараджэннем ніколі не заходзячага сонца — Езуса Хрыста, каб перамяніць грахоўную цемру ў святло Божай ласкі.
3. Пасля Звеставання Марыя паспяшыла ў дом Захарыі і Альжбеты, якая чакала нараджэння св. Яна Хрысціцеля. Яна прыйшла туды не адна. Пад яе сэрцам білася сэрца Збаўцы. Спатканне Марыі з Альжбетай — гэта спатканне не толькі дзвюх благаслаўлёных жанчын, але і спатканне яшчэ ненароджанага Езуса з ненароджаным Янам Хрысціцелем. Божая ласка, якую Сын Божы прынёс у гэты свет, пачала дзейнічаць, і будучы папярэднік Збаўцы — св. Ян Хрысціцель — ва ўлонні Альжбеты быў вызвалены ад першароднага граху.
Сёння Марыя ў копіі цудоўнага абраза Маці Божай Будслаўскай прыходзіць да нас. Яна прыходзіць не адна, але з Езусам і Ягонай ласкай. Старая лацінская прыказка кажа: «Ad Jesum per Mariam» — «Да Езуса праз Марыю». Марыя з’яўляецца найкарацейшым і найпаўнейшым шляхам да Езуса. І калі мы не ведаем дарогі да Збаўцы, то трэба звяртацца да Марыі, трэба шукаць яе, як нашу духоўную Маці. У выпадку перэгрынацыі, якая распачынаецца, мы знаходзімся ў яшчэ лепшай сітуацыі, бо яна сама прыходзіць да нас. Гэта вялікая ласка і адначасова заданне, каб належным чынам выкарыстаць гэтую яе візітацыю ў нашы парафіі і яе спатканне са сваімі духоўнымі дзецьмі.
Падчас гэтых наведзінаў праз Марыю павінна адбыцца наша спатканне з Езусам, каб Ягоная ласка нас перамяніла, як перамяніла будучага Яго папярэдніка — св. Яна Хрысціцеля. А перамяняць у нас ёсць што.
4. Час, у якім мы жывём, — гэта ўжо не толькі секулярны час, але нават і постсекулярны, як яго называюць сучасныя філосафы. Гэта час, калі чалавек, замест таго каб імкнуцца да духоўнага святла, імкнецца да духоўнай цемры.
Відавочна, што хрысціянскі свет крок за крокам траціць сваю хрысціянскую свядомасць і спадчыну, што вядзе да страты надзеі і сэнсу жыцця, змяншэння пачуцця міжчалавечай салідарнасці, крызісу сям’і, абясцэньвання Божага дару жыцця, распаўсюджвання культуры смерці і г.д. Трагедыяй сучаснага свету неабходна назваць прыняцце паняцця чалавека без адносін да Бога. Такі тып мыслення вядзе да таго, што чалавек займае месца Бога, забываючыся аб тым, што не ён стварыў Бога, але Бог — яго. У выніку гэтага нараджаецца новая, спрэчная з Евангеллем і годнасцю чалавечай асобы культура. Яна праўляецца ў «маўклівай апастазіі» сучаснага чалавека, які жыве так, як быццам Бог не існуе. Пряўляецца яна таксама і ў маральным рэлятывізме, калі чалавек хоча змяняць Богам дадзены закон і паслабіць яго, як навучае благаслаўлёны Ян Павел II (пар. Апостальская адгартацыя «Ecclesia in Europa», 7-9). Пры гэтым мы забываемся аб тым, што не чалавек павінен змяняць Евангелле, а Евангелле — чалавека. Усе гэтыя паталогіі сучаснага свету — гэта не што іншае, як крызіс веры. Адмаўляючыся ад веры, чалавек сам сябе заганяе ў цёмны тунэль і не ведае, як адтуль выбрацца. У той жа час шлях вельмі просты: неабходна адкрыцца на дзеянне Божай ласкі.
Таму нездарма Святы Айцец Бэнэдыкт XVI 11 кастрычніка 2012 г. абвесціць Год веры з мэтай нанова адрадзіць у сучасным чалавеку гэты Божы дар (пар. Апостальскі ліст «Porta fidei», 2-3), без якога няма збаўлення. Касцёл павінен ахвяраваць сучаснаму свету найбольш каштоўны дар, якого ніхто іншы не можа даць, — а менавіта веру ў Хрыста, які ёсць крыніцай надзеі (пар. Апостальская адгартацыя Ecclesia in Europa, 18). 5. На працягу чатырох стагоддзяў Будслаўская Мадонна вяла свой народ да свайго Сына — Езуса Хрыста, каб ён захаваў веру. Яна вяла яго як у спрыяльныя часы, так і ў перыяды ліхалецця і ганенняў. І народ заставаўся верным Богу і Яго закону.
У наш час адыходу ад веры, які нясе сучасная постсекулярная культура, мы як быццам знаходзімся ў сітуацыі, якую апісвае кніга Апакаліпсісу. Яна прадстаўляе апранутую ў сонца Жанчыну, якая церпіць болі нараджэння. Пад яе нагамі вялікі чырвоны цмок. Яна вяла барацьбу з цмокам. Барацьба была няроўная і здавалася, што цмок пераможа. Аднак гэтага не адбылося, і цмок быў пераможаны (пар. Ап 12, 1-10).
У гэтым аповедзе апранутай у сонца Жанчынай з’яўляецца Марыя, а пераможцам — яе Сын і наш Збаўца Езус Хрыстус, які сваёй смерцю і ўваскрасеннем перамог грэх, смерць і сатану.
У той жа час не трэба забывацца, што д’ябал не спіць і, як рыклівы леў, ходзіць, шукаючы, каго праглынуць (пар. 1 Пятр 5, 8). У такой сітуацыі нам трэба звяртацца да Марыі, якая вядзе нас да свайго Сына, каб з Яго дапамогай не трапіць у сеткі злога духа, яго перамагчы і застацца вернымі нашаму хрысціянскаму пакліканню.
Таму сёння, распачынаючы перэгрынацыю копіі цудоўнага абраза Маці Божай Будслаўскай, даверым сябе саміх, нашы сем’і, парафіі, святароў, кансэкраваных асобаў і членаў супольнасцяў апостальскага жыцця, семінарыстаў і нашу краіну яе апецы. Марыя — Маці нашай веры і надзеі, якая з любоўю прыняла слова Божае і паверыла (пар. Лк 1, 45), будзь з намі на шляхах нашага жыцця; апякуйся намі; сцеражы нас і дай нам Езуса, каб мы з дня на дзень узрасталі ў веры як гарантыі шчасця ў гэтым жыцці і нашага збаўлення. Амэн.
|