Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на IV Звычайную нядзелю, Год С

3 лютага 2013 г., парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Евангелле IV Звычайнай нядзелі вядзе нас у сінагогу ў Назарэце і распавядае пра пачатак публічнай дзейнасці Езуса. У Яго словах мы можам убачыць праграму, значэнне, прынцыпы і час Яго дзеяння. Найперш гэта тое, што Ён з любоўю прыходзіць абвяшчаць Божае слова. У сваёй асобе і дзеяннях Хрыстус ажыццяўляе тое, што абяцаў Яго Нябесны Айцец. Прычым ажыццяўляе не толькі адносна тых, хто тады Яго слухаў у сінагозе ў Назарэце, але таксама адносна усіх, хто з вераю прыме Яго словы, таксама і ў наш час.

Сённяшняе Евангелле таксама прадстаўляе таямніцу непрыняцця Езуса і супярэчнасці, якія будуць суправаджаць Яго праз усё жыццё, перад тым як Ён стане святлом народаў і славай Ізраэля. Прысутныя ў сінагозе дзівіліся словам Езуса і пыталіся адзін у аднаго: ці Ён не сын Юзафа? Гэтае пытанне можна зразумець дваяка. Найперш так, што Езус, як сын простага рамесніка Юзафа, зайшоў так далёка, што навучае іншых. Але можна зразумець і як пагарду, бо Ён ніхто, Ён з’яўляецца сынам не знакамітага чалавека, але вельмі простага і беднага. Менавта таму разгневаныя слухачы выгналі Яго з роднага горада Назарэта.

У той жа час у цэнтры паслання Езуса знаходзіцца любоў, якая ніколі не мінае, усё зносіць, на ўсё спадзяецца і ўсё церпіць, — як кажа святы апостал Павел. У сваім навучанні Езус паказаў, чаго насамрэч Ён хоча ад нас. Ён казаў любіць усіх людзей, нават ворагаў. Нікадэму Ён сказаў аб неабходнасці новага нараджэння ад вады і Духа Святога, каб пачаць новае жыццё. Самаранцы ён прапісаў ваду, якая заспакоіць смагу душы. Багатаму маладому чалавеку прапанаваў новы парадак каштоўнасцяў, які ўчыніць чалавека дасканалым.

Аднак не ўсе тады гэта зразумелі і не ўсе сёння разумеюць гэта.

2. Наша хрысціянская вера — гэта не выкапень, які можна вывучаць пад мікраскопам, перад тым як зойме месца ў музеі. Пасланне і збаўленне Езуса Хрыста заўсёды актуальнае. Яго ласка прыходзіць да нас праз Касцёл, які з’яўляецца сакрамэнтам паўсюднага збаўлення. На самой справе ўжо дваццаць стагоддзяў Касцёл перадае перамяняючую людзей ласку Хрыста праз абвяшчэнне Евангелля і цэлебрацыю сакрамэнтаў. Калі ў Касцёле мы чуем, як святар абвяшчае Яго Евангелле, то чуем голас самого Хрыста, так, як яго чулі апосталы дзве тысячы гадоў таму. Прымаючы ўдзел у сакрамэнтах, мы прымаем Божую ласку, якую яны азначаюць.

Такім чынам Хрыстус праз свой Касцёл ажыццяўляе Божыя абяцанні, так што яны становяцца сучаснасцю. Для Бога няма ні мінулага і ні будучыні, для Яго ўсё сучаснасць. Таму для Бога найбольш цікава не мінулае, аб якім мы вельмі і часта шкадуем, ні будучыня, якую мы часта ідэалізуем, але сучаснасць — гэта азначае калі мы свабодна прымаем або не прымаем Божае слова. У выбары сучаснасці мы маем магчымасць атрымаць Божую ласку, якая праз сакрамэнт пакаяння лечыць мінулае і праз надзею і любоў вызначае будучыню. Таму Хрыстус на самой справе Альфа і Амега. Праз Яго выконваецца Святое Пісанне.

3. Як веруючым у Хрыста, нам вельмі важна зразумець, што наш статус патрабуе даверыцца выключна Богу. Ён таксама патрабуе прысвяціць саміх сябе, наш час і нашы магчымасці, каб на прынцыпах Евангелля будаваць новы свет. Гэта азначае, што евангельскія каштоўнасці павінны пранікнуць і анімаваць усе сферы жыцця і культуры грамадства. У выкананні гэтага задання мы, як хрысціяне, павінны браць актыўны ўдзел. Менавіта тут распачынаецца наш абавязак працаваць для ўстанаўлення Божага Валадарства, бо, паводле вучэння Другога Ватыканскага Сабору, «задача свецкіх людзей, уласцівая іх пакліканню, — шукаць Божае Валадарства, займаючыся свецкімі справамі і кіруючы імі згодна з Божым намерам. Яны жывуць у свеце, гэта значыць сярод усіх без выключэння абавязкаў і спраў гэтага свету, у звычайных умовах сямейнага і грамадскага жыцця, з якіх нібы саткана іх існаванне. Бог кліча іх, каб, выконваючы ўласцівыя ім заданні, пад кіраўніцтвам евангельскага духу яны спрыялі асвячэнню свету, быццам закваска, як бы знутры, і гэтак ззяючы найперш сведчаннем свайго жыцця, верай, надзеяй і любоўю, паказвалі іншым Хрыста» (LG 31).

У гэтым заключаецца ідэя, якая пралівае святло Евангелля на рэчы гэтага свету. Хрысціяне праз сваё сапраўды хрысціянскае жыццё павінны будаваць Божае Валадарства на гэтай зямлі, Валадарства святасці, жыцця, праўды, ласкі, справядлівасці, любові і міру. Бо Божае Валадарства — гэта не проста награмаджэнне часовых рэчаў, нават калі гэта і здзяйсняецца згодна з Божай воляй, але прыняцце асобы Езуса Хрыста і выконванне Ягонай волі.

4. Адным з такіх, хто такім чынам будаваў Божае Валадарства, быў святы Блажэй — біскуп і мучанік, якога сёння ўспамінае Касцёл. Ён нарадзіўся ў Кападокскай Цэзарэі на тэрыторыі сучаснай Турцыі і жыў у III–IV стагоддзях. Напачатку ён працаваў як лекар, потым, аднак, падаўся ў пустыню, каб там праз малітву і ўмярцвенне быць бліжэй да Бога. Пазней быў прызначаны біскупам Себасты, на тэрыторыі сучаснай Турцыі. Было гэта падчас панавання Ліцынія, які прагнуў знішчыць хрысціянства. Узмацніўся пераслед хрысціян. Святы Блажэй схаваўся ў пячоры і адтуль кіраваў сваёй дыяцэзіяй. Аднак і там яго арыштавалі і ён быў кінуты ў вязніцу, дзе мужна абвяшчаў Евангелле вязням, якія знаходзіліся разам з ім. У вязніцы ён таксама цудоўным чынам вылечыў сына адной жанчыны, якому косць прабіла горла, што пагражала ўдушэннем.

Мужнага біскупа не змаглі пераканаць адрачыся ад хрысціянства, і ён быў закатаваны.

Культ святога Блажэя вельмі моцна распаўсюджаны як у Каталіцкім Касцёле, так і ва Усходніх Цэрквах. У дзень яго ўспаміну асвячаюцца скрыжаваныя свечкі — так званыя блажэйкі, якімі благаслаўляецца горла.

Мы дзякуем Богу за дар мовы і дар голасу. Аднак гэты дар можна выкарыстаць па-рознаму — для дабра і зла. Можна яго выкарыстаць для абвяшчэння Евангелля, але можна і для барацьбы з Евангеллем.

5. Езус у сінагозе свайго роднага горада Назарэта абвяшчаў Добрую Навіну. Не ўсе Яго тады прынялі. Не ўсе прынялі Яго і потым, хаця за Ім ішлі цэлыя натоўпы людзей. Сёння таксама далёка не ўсе прымаюць абвяшчаемае Касцёлам Евангелле. Але абвяшчэнне Евангелля вядзе да асабістага спаткання з Езусам, гэта азначае да будавання Божага Валадарства на гэтай зямлі.  

Сёння, калі свет стаіць перад выклікамі бязвер’я і адыходу ад Бога, мы звяртаемся да цябе, святы Блажэй: выпрасі ў Бога новы цуд, каб мы належным чынам выкарыстоўвалі дар голасу, не для пракляцця, але для благаслаўлення; не для прапаганды насілля, але для абвяшчэння любові да Бога і чалавека; не для адмаўлення ад Бога, але для Яго абвяшчэння. Няхай благаслаўленне блажэйкамі дапаможа нам вылечыцца ад хваробаў, каб мы дар голасу выкарыстоўвалі на праслаўленне Бога і будаванне Божага Валадарства на нашай зямлі. Амэн.
    


Адноўлена 01.02.2013 20:44
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі