Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на V Звычайную нядзелю, Год С

10 лютага 2013 г., Мінск, парафія Св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Кольбэ

Дарагія браты і сёстры!

1. Сённяшняе Евангелле распавядае нам пра цудоўны ўлоў рыбы.

Калі мы ўважліва паглядзім на рыбалоўства, то, нягледзячы на развіццё тэхналогіі, яно само не вельмі змянілася. Нягледзячы на магутныя маторы, якія стаяць на сучасных рыбалоўных судах, радары, марскія карты, касмічную навігацыю, рыбалоўства ў прынцыпе застаецца вельмі падобным да таго, якім яно было дзве тысячы гадоў таму ў часы Езуса. Бо на самой справе рыбалоўства — гэта праца на моры, далёка ад цвёрдай зямлі, калі рыбакі давяраюцца законам прыроды і Божай дабрыні, калі яны спадзяюцца на добры ўлоў, хаця не заўсёды могуць яго ажыццявіць. Таму, падобна як у сённяшнім евангельскім аповедзе, рыбалоўства — гэта таксама пакладанне надзеі ў Богу.

2. Пасланне сённяшняга Евангелля вельмі яснае: даверся Богу, і Ён дапаможа. Апосталы лавілі ўсю ноч і нічога не злавілі. Пётр быў вопытным рыбаком і добра ведаў, што рыбы няма. Аднак ён кажа: «На Тваё слова, Пане, яшчэ раз закіну сеці». Вынік быў надзвычайны — яны злавілі так шмат рыбы, што сеткі ірваліся.

У Італіі жыў адзін малады чалавек, які павінен быў цяжка працаваць, каб мець магчымасць вучыцца. Ён марыў стаць добрым артыстам. Настаўнікі яму раілі не марнаваць часу, бо, па іх словах, у яго не было голасу. Ён, аднак, не здаваўся. Яму дапамагала яго маці, якая падбадзёрвала і таксама цяжка працавала, каб аплаціць навучанне сына. Сёння мы добра ведаем імя гэтага чалавека — гэта славуты тэнар Энрыка Каруза. Яго вытрываласць, імкненне і дапамога маці ўчынілі сапраўдны цуд.

3. Гэты прыклад, як і сённяшняе Евангелле, паказваюць нам, што не дастаткова толькі самім працаваць і разлічваць толькі на свае сілы. Патрэбна яшчэ і дапамога іншых, асабліва Бога. Неабходна таму разлічваць на яе і маліцца аб ёй. Без Божай дапамогі нават самыя вялікія высілкі не гарантуюць таго, што чалавек можа дасягнуць мэты. Нездарма псальміст кажа: «Калі Бог не збудуе дома, то марна працуюць тыя, хто яго будуе; калі Бог не сцеражэ дома, то дарма клапоцяцца вартаўнікі».

Прыкладам можа быць сам Езус. Ён вырас у сям’і Юзафа, які шмат працаваў, каб пракарміць сваю сям’ю. Езус бачыў яго занятага працай і дапамагаў яму. Але адначасова Евангеллі паказваюць, што Езус шмат часу прысвячаў малітве. Прыклад Езуса заахвочвае нас не толькі раіцца з іншымі і прасіць іх аб дапамозе, але і маліцца перад прыняццем рашэння і распачаццем працы. Гэта асабліва важна ў наш час. Сучасны чалавек вызначаецца незвычайным актывізмам, яго нават называюць працаголікам. У гомане сучаснага свету і бязмежнай занятасці чалавек становіцца бессэнсоўным аўтаматам.

4. Нам, як Божым стварэнням, неабходна нешта большае. Мы не з’яўляемся толькі жыхарамі зямлі, але прызначаны для неба. Адзінымі лекамі, каб не забыцца аб гэтым і памятаць, кім мы ёсць і куды ідзём, а таксама духоўна адраджацца, з’яўляюцца давер Богу і малітва.

Езус кажа Пятру: адплыві на глыбіню і закінь сеці. Пётр не вельмі верыў, што можа злавіць рыбу, аднак з павагі да Езуса адказаў: «На Тваё слова закіну». Гэта азначае, што ён абсалютна даверыўся Хрысту.

Пётр даверыўся Богу, і стаўся цуд. Каму мы сёння давяраем? Богу ці людзям? Богу ці варажбіткам і рознага роду шарлатанам? Яскравым прыкладам можа быць нядаўняя гісторыя з абвешчаным нячыстымі на руку людзьмі канцом свету 21 снежня 2012 г. І многія паверылі, куплялі нават адпаведныя наборы і г.д.

Трэба даверыцца Хрысту і не баяцца. Успомнім гісторыю з бурай на моры. Калі апосталы перапалохаліся, што могуць патануць, Езус суцішыў буру і дакараў іх: «Чаму з’яўляецеся людзьмі малой веры?»
 
Неабходна таксама маліцца, і маліцца без канца, бо малітва — гэта наш стук у дзверы Бога. А хто стукае, таму будзе адчынена. Хто шукае, той знойдзе. Таму малітва — гэта як залатая драбіна, па якой мы ўзносімся на неба, як казаў вядомы нямецкі філосаф XII–XIII стагоддзяў Эккарт. Малітва на самой справе не змяняе свету, але змяняе людзей, якія ў сваю чаргу змяняюць свет, бо свет з’яўляецца такім, якімі мы з’яўляемся.

5. Як першае сённяшняе чытанне, так і Евангелле закранаюць яшчэ адну праблему, а менавіта праблему паклікання. Прарок Ісая, пачуўшы голас клічучага яго Пана, адказаў: вось я, пашлі мяне!

Перапалоханаму пасля цудоўнага ўлову рыбы Пятру Езус казаў: «Не бойся, з гэтага часу будзеш лавіць людзей». Такім чынам, Хрыстус з галілейскіх рыбакоў паклікаў апосталаў, якія пакінулі ўсё і пайшлі за Ім.

Усе мы пакліканы. Адзін — да святарства, другі — да манаскага жыцця, трэці — да сямейнага. Каб годна выканаць наша пакліканне, не трэба баяцца, але пакінуць усё, што перашкаджае гэтаму, і пайсці за Хрыстом, гэта азначае ажыццяўляць сваё пакліканне паводле маральных прынцыпаў.

6. Мы пакліканы Божым словам, якое Творца кіруе да нас. Пакліканне — гэта дыялог паміж Богам і пакліканым. Чалавек можа прыняць, а можа і не прыняць пакліканне. Бог нікога не змушае, Ён толькі прапануе, як гэта было ў выпадку Пятра і іншых апосталаў.

Прыняцце Божага слова дапамагло Пятру з уловам рыбы і дапамагло з прыняццем дару паклікання быць апосталам.

У адным з гатэляў Сан-Францыска здарылася наступная цікавая гісторыя. На працягу апошніх 15 гадоў, калі ў пакоях гатэля пачалі пакідаць кнігу Бібліі, не знікла ніводная з іх. Аднак калі побач пачалі класці слоўнікі — большасць з іх знікала.

Якую выснову мы можам з гэтага зрабіць? Сучасны чалавек больш любіць чалавечае слова — слоўнік, чым Божае — Біблію. А як з намі? Як мы прымаем Божае слова? Адкрываемся на яго, дазваляем яму дзейнічаць і жывём паводле яго, ці яно «ў адно вуха ўваходзіць, а праз другое выходзіць»?

Няхай сённяшнія чытанні схіляць нас даць адказ на гэтыя пытанні, бо ад гэтага залежыць поспех нашага зямнога жыцця і вечнасць, залежыць тое, ці будуць нашы высілкі плённымі. Амэн.  


Адноўлена 10.02.2013 13:11
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі