10 лютага Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў святую Імшу ў парафіі Св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Кольбэ ў Мінску. У гаміліі падчас літургіі арцыпастыр звярнуў увагу на сэнс Евангелля на гэты дзень, якое кажа пра важнасць даверу Богу.
Мітрапаліт прапанаваў паразважаць пра евангельскі фрагмент, у якім апавядаецца пра цудоўны ўлоў рыбы. Апосталы лавілі рыбу ўсю ноч, аднак іх намаганні былі дарэмнымі. Паслухаўшы наказ Езуса, Пётр яшчэ раз закінуў сеці. У выніку рыбакі злавілі так шмат рыбы, што сеткі ірваліся.
Па словах іерарха, гэта паказвае, што «недастаткова толькі самім працаваць і разлічваць толькі на свае сілы: патрэбна яшчэ і дапамога іншых, асабліва Бога». Без Божай дапамогі «нават самыя вялікія высілкі не гарантуюць таго, што чалавек можа дасягнуць мэты».
Мітрапаліт нагадаў пра важнасць малітвы перад прыняццем рашэння і распачаццем працы. «Сучасны чалавек вызначаецца незвычайным актывізмам, яго нават называюць працаголікам. У гомане сучаснага свету і бязмежнай занятасці чалавек становіцца бессэнсоўным аўтаматам, — адзначыў арцыбіскуп. — Нам, як Божым стварэнням, неабходна нешта большае. Мы не з’яўляемся толькі жыхарамі зямлі, але прызначаны для неба. Адзінымі лекамі, каб не забыцца аб гэтым і памятаць, кім мы ёсць і куды ідзём, а таксама духоўна адраджацца, з’яўляюцца давер Богу і малітва». Неабходна «маліцца без канца, бо малітва — гэта наш стук у дзверы Бога», а «хто стукае, таму будзе адчынена».
Арцыпастыр падкрэсліў, што ў здзяйсненні свайго жыццёвага паклікання «не трэба баяцца, але пакінуць усё, што перашкаджае гэтаму, і пайсці за Хрыстом — значыць ажыццяўляць сваё пакліканне паводле маральных прынцыпаў». Прыняцце Божага слова «дапамагло Пятру з уловам рыбы і дапамагло з прыняццем дару паклікання быць апосталам». Таму іерарх заахвоціў вернікаў «адкрыцца на Божае слова і дазволіць яму дзейнічаць» у нашым жыцці, «бо ад гэтага залежыць поспех нашага зямнога жыцця і вечнасць». Поўны тэкст гаміліі>>>
(AG)
|