Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Мінску будуць захоўвацца рэліквіі св. Максімільяна Кольбэ (дададзены фотарэпартаж) |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
14.08.2012 17:02 |
14 жніўня Каталіцкі Касцёл узгадвае постаць святога Максімільяна Кольбэ, святара і мучаніка. Урачыстыя Імшы з гэтай нагоды прайшлі ў мінскай парафіі Святога Максімільяна Кольбэ і Яна Евангеліста, дзе цяпер будуць захоўвацца рэліквіі святога мучаніка.
Паколькі св. Максімільян прыняў смерць у канцэнтрацыйным лагеры ў Асвенцыме (дабравольна ахвяраваў сваё жыццё за асуджанага на смерць чалавека, які меў сям’ю), то цела святога і шматлікія яго рэчы не захаваліся. Але субраты францішкане лічылі Максімільяна святым яшчэ пры жыцці. Таму імкнуліся захаваць усе яго словы (запісвалі і перапісвалі прамовы) і нешматлікія рэчы. Ім сталі і валасы з паголенай барады святога (яшчэ да лагера). Лічылі святым, бо стварыў «Рыцарства Беззаганнай», заснаваў выдавецтва, выдаваў часопісы, заснаваў кляштар у Непакалянаве са сваёй электрастанцыяй, чыгуначнай станцыяй, звязанай з дзяржаўнай, і прадугледзеў стварэнне аэрапорту і радыёстанцыі. Сваім служэннем ён захапляў іншых. Як адзначае кс. Аляксандр Улас OFM Conv, тое, што святы пачынаў рабіць у Гродне і стварыў у польскім Непакалянаве, стала сапраўдным цудам. Бо ён узмоцніў не толькі веру вернікаў, але і адрадзіў ордэн.
Аб жыцці святога вернікам нагадаў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, які ў гэты дзень наведаў парафію. Іерарх адзначыў, што, узгадваючы св. Максімільяна, «разважаем пра тое, якое заданне атрымаў кожны чалавек».
Раймунд (такое імя атрымаў святы пры хросце) з самага маленства імкнуўся да святасці, таму і ўступіў у ордэн францішканаў. Імкнуўся, каб як мага больш людзей пазналі Бога, і шляхам для гэтага выбраў СМІ. «Дзякуем Богу за гэтага святога, святога нашага часу, — працягваў біскуп Дзям’янка. — Бо ён, кіруючыся любоўю да Бога і да іншага чалавека, стаў ахвярай».
Як патлумачыў іерарх, традыцыя ўшанавання рэліквій у Каталіцкім Касцёле паходзіць з першых часоў хрысціянства. Калі здараліся выпадкі мучаніцкай смерці хрысціянаў, іншыя вызнаўцы Хрыста збіралі гэтую кроў на хусціны, бо для іх гэта было сведчанне мужнай веры. У тыя ж часы менавіта каля магіл мучанікаў збіраліся хрысціяне і там цэлебравалі літургію. Асабліва ўшаноўваліся рэліквіі ў часы сярэднявечча. У той час у алтары святыняў абавязкова ўмуроўваліся рэліквіі святых як знак злучэння ахвяры Езуса Хрыста з ахвярамі мучанікаў. Умацоўвалі культ ушанавання рэліквій і шматлікія цуды, якія здараліся з тымі, хто маліўся праз заступніцтва святых. Ушаноўваюцца не толькі рэліквіі мучанікаў, але і святых вызнаўцаў, якія памерлі сваёй смерцю.
Як адзначыў біскуп Дзям’янка, рэліквіі дапамагаюць вернікам разважаць пра жыццё святога, маліцца праз яго заступніцтва і мабілізуюць да святасці.
Ушаноўваць рэліквіі азначае нібы дакрануцца да рэчаіснасці святога, — патлумачыў а. Аляксандр Улас OFM Conv. Людзі маюць магчымасць дакрануцца да святасці, а ў нашым грамадстве, на жаль, яе занадта мала.
«Калі мы стомімся, калі нам цяжка, хадзем да Маці Божай з яшчэ большым даверам, каб нам дапамагала. І ўвесь час уперад, каб штораз лепш выконваць волю Беззаганнай», — такі дэвіз пакінуў нам святы Максімільян Марыя Кольбэ. Цяпер вернікі Мінска могуць дакрануцца да яго не толькі ў духоўным сэнсе, але і фізічна.
Святлана Жылевіч
|
Фотарэпартаж |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.