24 лютага 2013 г., мінскі архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі
Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
1. Яшчэ зусім нядаўна мы распачалі Вялікі пост як час ласкі і навяртання, час нашага духоўнага аднаўлення. Сённяшнія чытанні якраз і распавядаюць пра перамяненне, якое вядзе да змены жыцця.
У першым чытанні з Кнігі Быцця Бог абяцае Абрагаму вялікае патомства. Хаця Абрагаму было вельмі цяжка паверыць у гэта, бо ў яго не было дзяцей, аднак ён паверыў, і менавіта таму мы яго называем Айцом нашай веры. Гэта вельмі важна ў Год веры. У час, калі людзі адыходзяць ад Бога, нам трэба паказаць веру ў Яго; веру, якая перамяняе чалавека, як яна перамяніла Абрагама.
Аб перамяненні нагадвае і другое чытанне з Паслання св. апостала Паўла да Філіпянаў. Апостал народаў вучыць, што наша сапраўдная Айчына знаходзіцца ў небе, адкуль мы чакаем Збаўцы, які пераменіць наша цела на падабенства свайго, праслаўленага.
Евангелле распавядае пра Перамяненне Езуса на гары Табор. Хрыстус узяў з сабой апосталаў Пятра, Яна і Якуба і на іх вачах перамяніўся. Яго твар свяціўся, а адзенне стала бліскуча-белым. З Ім аб Яго адыходзе ў Ерузалеме размаўлялі Майсей і Ілля, а з неба прагучаў голас: «Гэта Сын Мой абраны, Яго слухайце».
Падчас сцэны Перамянення апосталам было так добра, што яны нават хацелі застацца там. Сваім Перамяненнем Езус як быццам адкрыў заслону неба і паказаў, кім Ён ёсць на самой справе ў Нябесным Валадарстве і якімі мы пакліканы быць.
2. Заданнем Езуса было збаўленне чалавецтва і адкрыццё шляху да вечнага шчасця. Коштам свайго жыцця Езус яго выканаў. Ён таксама навучыў нас, што, каб дасягнуць жыцця вечнага, неабходна духоўна перамяніцца.
Некалькі гадоў таму на экранах нашых кінатэатраў дэманстраваўся фільм Мэла Гібсана «Пакуты Хрыста». Той, хто глядзеў гэты фільм, мог яшчэ болей усвядоміць бязмежную цану Адзінароднага Божага Сына, якую Ён заплаціў, каб мы маглі перамяніцца ў дзяцей Божых.
Мы жывём у вельмі цікавыя часы перамены свету і чалавечага менталітэту. Колькі трэба было выцерпець афраамерыканцам, каб змяніць амерыканскі менталітэт, пераканаўшы, што і яны такія ж людзі, як і іншыя. Сімвалам іх цярпенняў стаў мучанік Марцін Лютэр Кінг, а сімвалам перамен — чарнаскуры Прэзідэнт ЗША Барак Абама. Ці не іронія лёсу, калі ў Белым Доме жыве чарнаскуры Прэзідэнт!
Другая сусветная вайна з яе ахвярамі стала той цаной, якую трэба было заплаціць народам Еўропы, каб яны перамяніліся і замест ворагаў сталі сябрамі, братамі і сёстрамі, будуючымі адзіную Еўропу.
Дасягненні ў навуцы, тэхналогіі, спорце, культуры і г.д. не прыходзяць самі сабой, яны дасягаюцца вялікай цаной. Мы добра ведаем, што нічога ў жыцці, акрамя любові, не прыходзіць задарма. За ўсё трэба заплаціць, калі не грашыма, то сваім стараннем і працай. «Per aspera ad astra» — «Праз церні да зорак», або «Без труда не вытянешь рыбку из пруда», як кажа прыказка.
3. На жаль, пакладаючы шмат высілкаў для дасягнення матэрыяльных вынікаў, у нашы часы мы забываемся аб неабходнасці падобных высілкаў, каб дасягнуць добрых вынікаў у духоўным жыцці. Паглядзім вакол, колькі салонаў прыгажосці і якія грошы трэба заплаціць, каб наша цела выглядала прыгожым. У той жа час хто думае аб салонах духоўнай прыгажосці, якімі з’яўляюцца канфесіяналы, малітва, міласціна?
Калі мы хочам перамяніць наш свет, каб у ім жыць шчасліва, то неабходна задумацца над гэтай праблемай. Калі наша чалавечнасць патрабуе перамянення і калі Перамяненне Хрыста з’яўляецца іконай гэтай мэты, тады што мы павінны рабіць?
На гэтае пытанне ў наш час адказаць нялёгка. Свет адракаецца ад маральнасці на карысць амаральнасці. Што дзецям і моладзі прапануюць сродкі масавай інфармацыі і асабліва інтэрнэт? Святы абраз ці парнаграфічны здымак? Якой маральнасці людзі з нашага асяроддзя? На жаль, нас часта акружаюць людзьмі з такімі маральнымі сандартамі, якія на самой справе не з’яўляюцца стандартамі. Яны рэдукуюць вучэнне Хрыста да падробнай маральнасці, якая сцвярджае, што ўсё добра, пакуль не прыносіць зла іншаму. Іншымі словамі — гэта мараль, пабудаваная на прынцыпе прыемнасць-цярпенне. Датуль, дакуль нашы паводзіны нам падабаюцца і не чыняць нікому крыўды, усё ў парадку і маральна. Ці Езус нам даў такі стандарт у Бібліі? Не.
4. У сувязі з гэтым вельмі добра спыніцца над сённяшнім аповедам аб Перамяненні Пана. Жыццё Майсея было прысвечана не толькі таму, як вывесці Выбраны Народ з егіпецкага рабства, але і таму, як вывесці яго з палону граху і амаральных прыемнасцяў.
Бог дапусціў рабства ізраільцян у Егіпце, каб потым вызваліць. Яны не хацелі несці цяжар свабоды з усімі вынікаючымі з гэтага маральнымі абавязкамі. Замест гэтага яны нават хацелі б вярнуцца ў егіпецкае рабства, каб толькі мець удосталь ежы. Выбраны Народ меў Святое святых — Ерузалемскую святыню. Але ён таксама меў і грахоўную святыню прастытуцыі.
Чаму ў сённяшнім Евангеллі Пётр прапанаваў пабудаваць шатры на гары Табор, але не ў Ерузалеме? Таму, што гэта каштавала б многага, бо сярод грахоўнага народа неабходна было б пабудаваць месца для праведніка.
Самаахвяра і дысцыпліна — гэта цана, якую неабходна плаціць за крэатыўнасць і прафесійны ўзрост. Вялікія артысты, паэты, музыканты, архітэктары, навукоўцы, спартсмены і духоўныя лідары найлепей сведчаць аб гэтым. Мы ведаем, што добрую стройную фігуру можам мець коштам адмаўлення ад некаторых прадуктаў і іх колькасці, а таксама коштам цяжкіх фізічных практыкаванняў і трэніровак. Таму мы купляем трэніровачныя машыны і лекі, захоўваем дыету і г.д. Для інтэлектуальнага развіцця мы вучымся, ахвяруем свой вольны час і здаём экзамены.
Але ці так мы паступаем, калі гаворка ідзе пра духоўнае ўдасканаленне і перамяненне? Гэта нямодна. Больш за тое, захоўваючы маральныя нормы, мы часта адчуваем сябе некамфортна, бо вылучаемся сярод іншых. Мы, можа, і хацелі б перамяніцца, але не такім коштам. Так не бывае.
Пасланне Перамянення Папа з сённяшняга Евангелля было б пустым і бессэнсоўным, калі б за ім не стаялі цярпенні і смерць Езуса з мэтай прынесці ў гэты свет перамяняючую моц Бога. Езус — адзіны з усіх заснавальнікаў розных рэлігій, які прайшоў праз цярпенні, смерць і ўваскрасенне. Таму сапраўднае перамяненне можа прыйсці толькі праз смерць для граху і ўваскрашэнне да жыцця ў ласцы. Моц хрысціянства не ў «прыгажосці», але ў перамяненні.
Вялікі пост вядзе нас да Вялікадня. Таму гэты час ласкі і збаўлення мы павінны выкарыстаць для нашага перамянення, нават коштам прыняцця цяжкіх рашэнняў і адмаўлення ад камфортнага жыцця. Прыкладам нам павінен быць Святы Айцец Бэнэдыкт XVI, які прыняў гістарычнае, амаль што не спатыканае рашэнне — у сувязі са станам здароўя сысці з пасады Наступніка святога Пятра для дабра Касцёла і для яго далейшай перамены. Гэта мудрае і адначасова вельмі адважнае рашэнне. Ён амаль што восем гадоў мужна вёў лодку Пятра па ўзбураных амаральных хвалях сучаснага акіяну і кожны дзень нагадваў аб неабходнасці духоўнага перамянення з мэтай перамянення свету. Няхай яго прыклад як мужнага абаронцы веры і хрысціянскіх каштоўнасцяў, а таксама чалавека — сумлення сучаснага свету, дапаможа нам належным чынам асэнсаваць лекцыю сённяшніх імшальных чытанняў для нашага перамянення, каб мы жылі жыццём сыноў Божых, Айчына якіх нябёсы. Амэн.
|