Ксёндз Норберт Вольф: моладзь з Германіі можа павучыцца энтузіязму беларускай моладзі (інтэрв’ю Catholic.by) |
Інтэрв'ю |
18.12.2009 14:51 |
150 год таму, 18 снежня 1859 г., італьянскім святаром Янам Боска было заснавана Таварыства святога Францішка Сальскага (салезіянаў). Паслядоўнікі св. Боска ўжо больш за 10 год працуюць і ў Мінску. Ксёндз Норберт Вольф SDB, прарэктар Салезіянскага тэалагічнага універсітэта ў Бэнэдыктбойерне (Германія), распавёў нашаму карэспандэнту пра дзейнасць салезіянаў у свеце на сучасным этапе, параўнаў сітуацыю ў Германіі і Беларусі, а таксама падзяліўся сваімі ўражаннямі ад працы салезіянаў у Мінску. — Завяршаецца святкаванне 150-годдзя дзейнасці салезіянаў. Ксёндз Норберт, варта ўзгадаць галоўныя рысы служэння паслядоўнікаў св. Яна Боска. Як рэалізоўваецца яго харызма сёння? — Ва ўсім свеце Таварыства святога Францішка Сальскага з’яўляецца той манаскай супольнасцю, якая вельмі шмат робіць для фармацыі і выхавання моладзі. У гэтым заключаецца харызма, якую мы, салезіяне, атрымалі ў спадчыну ад нашага заснавальніка св. Яна Боска. Працуючы з маладым пакаленнем, у першую чаргу мы павінны ўлічваць сітуацыю, якая склалася ў дадзенай краіне, каб адпаведным чынам рэалізоўваць ідэю італьянскага святара. Напрыклад, у Германіі для гэтага ёсць шмат магчымасцяў — інтэрнаты, прафесійныя школы, шматлікія араторыі, цэнтры для фармацыі моладзі. Безумоўна, выхаванне моладзі ў духу заснавальніка салезіянскага таварыства адбываецца і ў межах парафій. У Германіі дзейнічае таксама салезіянскі універсітэт, дзе моладзь можа атрымаць тэалагічную або педагагічную адукацыю. Вельмі славуты ў Германіі Цэнтр навакольнага асяроддзя і культуры. Моладзь, уваходзячы ў непасрэдны кантакт з прыродай, вучыцца адказнасці за ўсё Божае стварэнне. У дзейнасці Дона Боска, які клапаціўся аб тым, каб даць моладзі канкрэтную дапамогу для іх будучыні, найважнейшым усё ж такі быў рэлігійны аспект. — У якіх краінах сёння працуюць салезіяне? — Салезіяне працуюць у шматлікіх краінах свету. Калі я не памыляюся, гэта прыкладна 120 краін. Распаўсюджванне нашага таварыства па ўсім свеце адбывалася ў некалькі этапаў. У часы кіраўніцтва кс. Мікеле Руа, першага пераемніка кс. Яна Боска, салезіяне ўжо прысутнічалі ў многіх краінах Афрыкі, Лацінскай Амерыкі, Еўропы і Азіі. У ХХ ст. да іх ліку далучылася таксама Аўстралія. Аднак трэба адзначыць, што тэрыторыя былога Савецкага Саюза доўгі час заставалася для нас закрытай, хоць на гэтых землях яшчэ ў часы камунізму працавалі ксяндзы салезіяне з Польшчы, Літвы і Украіны. Многія салезіяне з Польшчы ў той перыяд працавалі як дыяцэзіяльныя святары, а іх дзейнасць была абмежавана тэрыторыяй касцёла — за яго сценамі несці сваё служэнне яны не мелі права. Ксяндзы салезіяне, якія паходзілі з Літвы і Украіны, неслі служэнне ў розных краінах свету, аднак ў сябе на радзіме доўгі час не маглі працаваць. З 90-х гг. ХХ ст. салезіяне пачынаюць працаваць у Беларусі, Расіі, Украіне, Літве, Грузіі. — Калі параўноўваць сітуацыю ў Беларусі і Германіі, ці істотныя адрозненні ў дзейнасці салезіянаў у гэтых краінах? Калі так, то чым яны абумоўлены? — Дзейнасць салезіянаў у Германіі мае ўжо багатую гісторыю, праца ж салезіянаў у Беларусі знаходзіцца яшчэ на пачатковым этапе. У Германіі мы маем багатыя і развітыя структуры ўстановаў для фармацыі і выхавання моладзі. У Беларусі ж усё гэта знаходзіцца ў фазе фарміравання, што добра відаць на прыкладзе Мінска. У мяне, аднак, склалася вельмі добрае ўражанне. Я бачу, што шмат маладых людзей цікавяцца працай салезіянаў, прымаюць актыўны ўдзел у разнастайных мерапрыемствах. Гледзячы на гэтых маладых людзей, я магу сказаць, што будучыня Касцёла ў Беларусі і будучыня салезіянскага таварыства — у добрых руках. У мінулым годзе я быў удзельнікам інтэрнацыянальнай моладзевай сустрэчы ў Бэнэдыктбойерне, у якой прымалі ўдзел юнакі і дзяўчаты з Беларусі. Мне было вельмі прыемна бачыць, што маладыя людзі тых краін, якія яшчэ не так даўно былі ворагамі, сёння могуць быць разам і супольна перажываць радасць маладосці. Думаю, што было б добра, калі б нямецкая моладзь магла пабываць у Беларусі, у мясцовых салезіянскіх парафіяльных супольнасцях. На маю думку, моладзь з Германіі магла б павучыцца энтузіязму беларускай моладзі. — Ксёндз Норберт, як улады Германіі ставяцца да дзейнасці салезіянаў? — У Германіі мы маем добры кантакт з уладамі, бо паміж намі шмат пунктаў супрацоўніцтва. Многія з нашых выхаваўчых установаў маюць дзяржаўны статус. Цеснае супрацоўніцтва з дзяржавай ідзе і ў галіне дапамогі іншым краінам свету, так званай місіянерскай працы. Аднак, нягледзячы на добрае супрацоўніцтва, мы крытычна ставімся да тых пастановаў, якія супярэчаць правам моладзі, таму што абарона яе правоў — гэта адзін з вектараў нашага паклікання. Варта адзначыць, што актуальнай тэмай у сучасным нямецкім грамадстве з’яўляецца прысутнасць крыжоў у навучальных установах краіны. Абмяркоўваецца і пытанне магчымасці выкладання ў дзяржаўных установах прадмету рэлігіі. Мы, ксяндзы салезіяне, у гэтым пытанні будзем падтрымліваць толькі пазіцыю Каталіцкага Касцёла. Трэба сказаць, што на сённяшні дзень адносна гэтага пытання мы адчуваем вялікую падтрымку з боку ўлады. — Святога Яна Боска ведаюць як таленавітага педагога. Сёння існуе так званы Аддзел па распрацоўцы методыкі выхавання моладзі на аснове папераджальнай педагогікі гэтага святога... — Салезіяне заўсёды ішлі «ў нагу» з развіццём сродкаў масавай камунікацыі. Аддзел па распрацоўцы методыкі выхавання сучаснай моладзі на базе папераджальнай выхаваўчай сістэмы св. Яна Боска робіць вялікі акцэнт менавіта на сучасныя мас-медыя як на сродак выхавання. Безумоўна, актыўна выкарыстоўваецца інтэрнэт. У Рыме, напрыклад, ёсць факультэт сацыяльнай камунікацыі, дзе атрымліваюць адукацыю маладыя салезіяне, якія адказваюць за працу СМІ ў сваіх краінах. Гаворачы пра выхаваўчую дзейнасць салезіянаў, трэба выдзеліць два вектары, якімі яны павінны кіравацца: па-першае, заставацца вернымі св. Яну Боска і яго харызме, імкнуцца паглыбляць веды пра яго асобу і дзейнасць, а па-другое, рэалізоўваць педагогіку св. Яна Боска ў канкрэтнай сітуацыі, беручы пад увагу ўсе цяжкасці. Такім чынам, задачай Аддзела з’яўляецца таксама распрацоўка праграм, адаптаваных да канкрэтных краін, на падставе прадстаўленых запытаў у кантэксце пануючай там сітуацыі. — Дзякую за размову. Размаўляла Валянціна Крутая |