Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Перспектывы новай евангелізацыі

 

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Даклад на канферэнцыі «Новая евангелізацыя ў сучасным свеце»
Мінск, касцёл св. Сымона і св. Алены, 6–8 лістапада 2009 г.

 

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

Апошнім наказам Езуса Хрыста, які Ён пакінуў апосталам, былі словы: «Ідзіце і навучайце ўсе народы» (пар. Мц 28, 19). Божая любоў не затрымалася на Ізраэлі, а была накіравана да ўсіх народаў і да кожнага чалавека. Бог «хоча, каб усе людзі былі збаўлены і дайшлі да пазнання праўды» (пар. 1 Цім 2, 4). Паслухмяныя гэтаму наказу Хрыста, Яго вучні сталі несці іншым людзям Добрую Навіну — Езуса Хрыста (пар. Дз 11, 19–20), або евангелізаваць людзей. Слова евангелізаваць паходзіць ад грэцкага euan-gelion, або Добрая Навіна — тэрмін, які выкарыстоўваецца для азначэння дзейнасці, скіраванай на навяртанне народаў і асобных людзей.

Евангелізацыя з’яўляецца галоўнай місіяй Касцёла і найперш скіравана на навяртанне язычнікаў. Але ці толькі іх? З Дзеяў Апосталаў відавочна, што сэнс Добрай Навіны — гэта сам Хрыстус, наш Пан (пар. Дз 11, 19–20). Пан на грэчаскай мове гучыць як Kyrios. Вядома, што ў эліністычнай культуры Рымскай імперыі прызнаць кагосьці сваім панам азначала прызнаць яго ўладу над сабой, прызнаць яго сваім богам.

Калі сёння мы спытаем сябе, колькі нашых знаёмых і сяброў чула аб гэтым і прызнала Хрыста сваім Панам, то вельмі лёгка адкажам, што евангелізаваць трэба не толькі тых, хто не ведае Хрыста, але і саміх хрысціян.

Маючы на ўвазе складаную сітуацыю ў справе перадавання веры ў сучасным, поўным небяспечных выклікаў свеце, Слуга Божы Ян Павел II увёў паняцце новай евангелізацыі.

У чым заключаецца сутнасць новай евангелізацыі? Ці не ідзе гаворка аб нейкім новым Евангеллі? Не. Новая евангелізацыя з’яўляецца абвяшчэннем таго самага Евангелля, якое існуе з часоў Езуса Хрыста і было дадзена нам праз Яго. Новая евангелізацыя з’яўляецца новай у сваім імкненні ажывіць адказнасць усіх хрысціян за абвяшчэнне Евангелля, каб хрысціянства было больш дынамічным і адкрытым, каб яно стала пошукам новых людзей. Гэтая евангелізацыя з’яўляецца новай таксама ў сэнсе пошуку і прымянення новых метадаў і спосабаў, якімі Евангелле можа дайсці да сучаснага чалавека, якія адпавядаюць яго менталітэту і мове. Сярод іх не толькі традыцыйнае абвяшчэнне Евангелля з амбоны ці навучанне яму, але таксама сродкі масавай камунікацыі, тэатр, мастацтва і г.д. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI кажа, што заклік Яна Паўла II да новай евангелізацыі з’яўляецца актуальным і ў наш час. Мэтай яе з’яўляецца абуджэнне новай, свядомай і адказнай веры. Новая евангелізацыя мае на мэце абвяшчэнне не абстрактных тэалагічных формул, але асобы Езуса Хрыста, укрыжаванага, уваскрослага, жывога, таго, у якім шмат людзей было інкарпаравана праз хрост, але аб якім яны забыліся і жывуць так, як быццам Бог не прыйшоў у свет і яго няма.

Новая евангелізацыя з’яўляецца новай таксама і ў сэнсе ўдзелу ў ёй новых суб’ектаў. Гэта азначае, што ў ёй павінны прымаць удзел не толькі духоўныя асобы, але таксама людзі свецкія і разнастайныя касцёльныя рухі. Усё гэта нагадвае пра тое, што новая евангелізацыя — гэта абвяшчэнне таго самага Евангелля нанова, прыстасаванага да сучаснай сітуацыі.

Для паспяховага ажыццяўлення новай евангелізацыі неабходна добра  ведаць сітуацыю. Перш за ўсё неабходна звяртаць увагу на знакі часу і іх сувязь з вучэннем і дзейнасцю Касцёла, а таксама на выпрацоўку новых формаў евангелізацыі. Касцёл прызначаны для евангелізацыі, для абвяшчэння слова Божага і навучання, — сказаў папа Павел VI у апостальскай адгартацыі «Evangelii nuntiandi» — «Абвяшчаючы Евангелле» (пар. EN 14).

Вучэнне Касцёла ў справах веры і маралі ў сучасным свеце выклікае многа эмоцый і не заўсёды прымаецца нават вернікамі. Падобныя спрэчкі выклікае таксама навучанне Касцёла ў сацыяльных, эканамічных або палітычных пытаннях. У цэлым трэба адзначыць, што праўдам веры і маралі, якія абвяшчае Касцёл, цяжка знайсці месца ў свядомасці сучаснага постмадэрнісцкага чалавека. Нягледзячы на гэта, пастырская праграма Касцёла не павінна адхіляцца ад яго агульных заданняў, якія вынікаюць з яго сутнасці.

Другі Ватыканскі Сабор вучыць, што Касцёл у Хрысце з’яўляецца як бы сакрамэнтам, або знакам ці прыладай унутранай еднасці з Богам і еднасці ўсяго чалавецтва (пар. LG 1). Перад такім Касцёлам узнікаюць штораз новыя небяспекі і пагрозы з боку свету. Яны з’яўляюцца выклікамі, на якія павінна адказаць новая евангелізацыя. У гэтай новай сітуацыі ўжо недастаткова толькі евангелізатарскай дзейнасці святароў і кансэкраваных асобаў. Тут патрэбна актыўная дапамога свецкіх вернікаў, для якіх новая евангелізацыя стварае новыя эфектыўныя спосабы дзейнасці.

Як паказвае практыка, самаевангелізацыя вернікаў і іх актыўны ўдзел у жыцці і дзейнасці Касцёла спрыяюць змене яго аблічча ў свеце. Гэта адно з галоўных заданняў свецкіх вернікаў, якія «павінны весці найкаштоўнейшую дзейнасць дзеля евангелізацыі свету» (LG 35). Новая евангелізацыя з актыўным удзелам свецкіх з’яўляецца новай формай пастырства, галоўныя мэты якога — рэалізацыя Валадарства Божага і збаўленне чалавека (пар. EN 10), абвяшчэнне Божага слова праз сведчанне, катэхізацыю, прапаведванне, мас-медыя, дыялог (пар. EN 22.41-46), сакрамэнтальна-літургічнае служэнне (пар. EN 47), касцёльна-арганізацыйную, дабрачынную, грамадскую, выхаваўчую, культурную дзейнасць (пар. EN 23-24.29-39).  

Дзякуючы актыўнаму ўдзелу свецкіх праз іх сведчанне, абарону чалавечай годнасці, абарону жыцця і рэлігійнай свабоды, а таксама праз развіццё хрысціянскай культуры, ажыццяўляецца росквіт веры. Ад актыўнасці свецкіх будзе залежаць лёс новай евангелізацыі.

Новай евангелізацыі патрабуе сённяшні чалавек, сучасны свет і новыя  выклікі. Таму паралельна з агульным пастырствам з’яўляецца спецыяльнае надзвычайнае пастырства. Яно павінна браць пад увагу розніцу паміж членамі Касцёла, з чаго выводзіцца патрэба дакладнага ведання сітуацыі, у якой яны жывуць і дзейнічаюць. Таму неабходны дакладны сацыялагічны, псіхасацыялагічны і псіхалагічны аналіз грамадства.

Новая евангелізацыя таксама патрабуе прыстасаванай да канкрэтнай сітуацыі пастаральнай тэалогіі, якая павінна мець на ўвазе тое, што вельмі хуткія сацыяльна-культурныя змены патрабуюць яе актуалізацыі. Таму патрэбна сталае аднаўленне пастаральнай тэалогіі ў адпаведнасці з патрэбамі часу.

Гэта асабліва датычыць моладзі, бо слова «новы» трэба разумець як «малады». Услед за Янам Паўлам ІІ Бэнэдыкт XVІ падкрэслівае, што Касцёл павінен быць маладым. А ён становіцца маладым найперш дзякуючы маладосці яго членаў. Таму і новая евангелізацыя павінна быць маладой евангелізацыяй, каб Касцёл заўсёды быў маладым.

Касцёл вельмі занепакоены станам сучаснай моладзі. Можна казаць пра цэлую «літанію» пагрозаў для сучаснай моладзі. Гэта ў першую чаргу аслабленне рэлігійнасці маладога чалавека, асабліва селектыўнасць адносна праўдаў веры; маральны рэлятывізм і індыферэнтызм; крызіс асабістых і маральных аўтарытэтаў; аслабленне рэлігійных практык; безідэйнасць моладзевай субкультуры; практычны матэрыялізм; нездаровае імкненне да канфармізму і іміджу; нізкая ўстойлівасць перад пагрозай сектаў; праявы некантраляванай агрэсіі і насілля; фізічная, псіхічная і духоўная слабасць, прычынай якой, між іншым, з’яўляецца залежнасць ад наркотыкаў, алкаголю, нікаціну і г.д.

У сувязі з гэтым паўстаюць пытанні, якія задае таксама і моладзь. Перш за ўсё, як здзейсніць маральнае аднаўленне моладзі і ўмацаваць значэнне хрысціянскіх каштоўнасцяў у яе жыцці? З гэтымі пытаннямі непасрэдна злучаны і задачы Касцёла. Якім чынам Касцёл можа засведчыць прысутнасць Бога ў жыцці чалавека? Якія перспектывы і магчымасці адкрывае перад маладымі новая евангелізацыя? Што можа зрабіць для іх Касцёл праз пастырскую дзейнасць?

Каб адказаць на гэтыя пытанні, трэба памятаць, што моладзь сама па сабе розная і адрозніваецца сваёй культурай, якая не заўсёды з’яўляецца субкультурай. Сярод моладзі многа творчай інтэлігенцыі, мастакоў, літаратараў, эканамістаў і іншых спецыялістаў, якія ствараюць сапраўдную культуру, якая нярэдка базуецца на хрысціянскіх каштоўнасцях і мае пазітыўнае значэнне. Моладзь патрабуе не толькі талерантнасці, але і акцэптацыі грамадствам свету, у якім яны жывуць і які супольна ствараюць.

У той жа час — і гэта трэба падкрэсліць — частка моладзі, якая не атрымлівае акцэптацыі з боку грамадства і становіцца з цягам часу гатовай на злачынствы, не можа быць пазбаўлена пастырскай апекі. Менавіта тут існуе шырокае поле для дзеянняў у межах новай евангелізацыі. Да гэтага імкнуцца асобы, што ўжо зведалі вынікі сацыяльна-культурных зменаў. Адным з такіх вынікаў з’яўляецца дэхрысціянізацыя, якая патрабуе евангелізацыі ахрышчаных, што адышлі ад рэлігійнага жыцця, і людзей, якія шукаюць веры (пар. EN 52.56).

У такіх абставінах новая евангелізацыя адкрывае новыя перспектывы касцёльнай дзейнасці. Яна перш за ўсё прадугледжвае абвяшчэнне Хрыста і Яго Евангелля няверуючым. Гэта так званая місіянерская евангелізацыя.

Далей ідзе евангелізацыя дэхрысціянізаваных грамадстваў. На самой справе гэта паўторная евангелізацыя, у якой галоўную ролю адыгрываюць спецыяльныя евангелізатарскія або пастырскія акцыі, мэтай якіх з’яўляецца абуджэнне веры, унутранае перамяненне і хрысціянская фармацыя (пар. EN 18-19.56). Менавіта тут у цесным супрацоўніцтве з духавенствам вялікую здольнасць да выканання гэтай задачы маюць свецкія, якія праводзяць евангельскую працу з тымі, хто згубіў веру, а таксама з маргіналамі і людзьмі з паталагічнага асяроддзя. Асабліва гэта адносіцца да рэевангелізацыі моладзі, калі новая евангелізацыя павінна ўлічваць каштоўнасці моладзевай культуры і ўплыў равеснікаў.

На гэтым пастырскім полі новая евангелізацыя валодае вялікімі магчымасцямі. Для яе ажыццяўлення можна выкарыстоўваць як метады агульнага пастырства, уносячы ў іх новы дух, так і спецыялізаванага пастырства, уносячы ў жыццё і дзейнасць Касцёла нестандартныя спосабы хрысціянскай фармацыі. У залежнасці ад абставінаў можна таксама ствараць новыя пастырскія праграмы.

Такім чынам, новая евангелізацыя можа ўнесці новы імпульс у пастырства, схіляючы яго да лепшага пазнання праблем і да пазбягання руціннасці, асабліва ў працы з моладдзю. Заўсёды застаецца актуальным пытанне: «Што нам рабіць, каб дасягнуць жыцця вечнага?». У гэтым пытанні адчуваецца ідэалізм маладога пакалення, імкненне да пазнання збаўчай праўды, адкрытасць на сапраўдныя евангельскія каштоўнасці.

Зыходным пунктам новай евангелізацыі з’яўляецца неабмежаваны патэнцыял маладых людзей, якія шукаюць сапраўдных сведкаў праўды і веры. Праблемы моладзі бяруць свой пачатак у праблемах асяроддзя, грамадства, сям’і і г.д. У гэтай сітуацыі новая евангелізацыя, мэтай якой з’яўляецца набліжэнне Добрай Навіны да ўсяго чалавецтва, уяўляе сабой багатую і дынамічную рэчаіснасць, да якой належаць: рэлігійнае выхаванне ў сям’і, катэхеза, сакрамэнтальнае жыццё, удзел у жыцці парафіі, дыяцэзіі і мясцовага Касцёла, удзел у пілігрымках, у дзейнасці розных груп, рухаў, рэлігійных арганізацый і інш. Аднак, і гэта трэба падкрэсліць, усе гэтыя напрамкі пастырскай дзейнасці маюць адну мэту — аднаўленне рэлігійнага жыцця, унясенне ў яго большай свядомасці і дынамізму. Таму можна сказаць, што Касцёл заўтра будзе такім, якой ёсць сёння евангелізацыя.

У ажыццяўленні новай евангелізацыі асобае месца займаюць тыя, хто канкрэтна ёю займаецца і сведчыць аб ёй у сваім жыцці. Трэба заўважыць, што адной з галоўных рысаў чалавека, які прысвячае сябе новай евангелізацыі, з’яўляецца ўменне слухаць і разумець мову, менталітэт і праблемы людзей, асабліва маладых.

Пры гэтым трэба памятаць, што ўсё пачынаецца з сям’і. Адно з галоўных заданняў бацькоў — гэта выхаванне сваіх дзяцей, якое таксама павінна ахопліваць і рэлігійнае выхаванне. Воблік сучаснай сям’і, на жаль, сведчыць аб шматлікіх недахопах у гэтай галіне. У краінах, дзе ёсць каталіцкія школы, увага людзей скіравана на іх з надзеяй, што яны будуць не толькі вучыць, але таксама і евангелізаваць. У нашых абставінах менавіта сям’я, нядзельная школа і парафія з яе евангелізацыйнымі праграмамі павінны выконваць гэту складаную і вельмі адказную місію.

У сувязі з тым, што менавіта з хрысціянскага бачання чалавека нараджаецца прынцып належнага выхавання, бацькі і выхавацелі пакліканы да правільнага разумення хрысціянскай канцэпцыі чалавека згодна з навучаннем Касцёла. Галоўным матывам такога выхавання з’яўляецца безумоўная любоў, на падмурку якой у дзіцяці развіваецца пачуццё бяспекі і вера ў каштоўнасць чалавека як Божага стварэння. Дзякуючы такому выхаванню, дзіця вучыцца ацэньваць свае дасягненні, у яго фарміруюцца пазітыўныя матывы да далейшага развіцця. Таму сам выхаваўца павінен быць эмпатычным, цярплівым і адначасова станоўчым прыкладам, паслядоўным у сваім дзеянні, а таксама разважлівым, каб ён мог выхоўваць у дзіцяці самадысцыпліну, самакантроль і разважлівасць. Для гэтага выхаваўцы ў штодзённым жыцці павінны аб’ядноўваць вызнаваную веру з любоўю.

Важнасць і актуальнасць гэтых пастулатаў добра бачныя на прыкладзе катэхезы, у якой перадаванне веры спалучаецца з асабістым перажываннем і вопытам. Пазітыўныя характарыстыкі асобы катэхета маюць непасрэдны ўплыў на прыняцце пераказанага зместу. Катэхет павінен навучаць, выхоўваць і быць сведкам веры. Ён таксама павінен дапамагчы вырашыць асабістыя і экзістэнцыяльна-рэлігійныя праблемы чалавека, бо гэта моцна ўплывае на жыццёвую паставу маладога чалавека, які шукае апоры, баіцца ізаляцыі і самотнасці, шукае кантакту з іншымі людзьмі, якія гавораць на той самай мове, маюць тыя самыя каштоўнасці і стыль жыцця. Малады чалавек хоча гаварыць і хоча, каб яго слухалі.

Акрамя Касцёла і сям’і, вельмі важным выхаваўчым асяроддзем з’яўляюцца мас-медыя, якія даюць магчымасць звярнуцца з евангельскім пасланнем да мільёнаў людзей адначасова. Менавіта сродкі масавай камунікацыі патрабуюць пошуку такіх спосабаў і формаў перадавання веры, каб інспіраваць людзей да далейшага пошуку рэлігійных каштоўнасцяў. Абвяшчэнне Евангелля і навучанне патрабуюць пошуку новых сродкаў навучання і спосабаў пазнання ўсёй праўды Евангелля. Гэтыя спосабы і метады павінны быць атракцыйнымі, бо многія людзі, асабліва маладыя, лічаць, што рэлігійны змест з’яўляецца нудным. Тут, аднак, трэба памятаць аб тым, каб у пагоні за атракцыйнасцю не страціць праўдзівага рэлігійнага зместу, а дапамагчы чалавеку лепш яго зразумець.

Сучасны свет, падобна як і ў пачатку абвяшчэння Евангелля, кіруецца адной мэтай. Ён шукае багацця і ўцехаў, рanem et circerem — хлеба і відовішчаў, — як казалі рымляне. Сучасны чалавек часта падобны да язычнікаў, да якіх апосталы скіроўвалі Божае слова. Таму ён чакае новай евангелізацыі. «Новая» ў гэтым прыпадку не азначае «сучасная», але скіраваная да такога чалавека, якім ён ёсць у рэчаіснасці. Яна не крытыкуе і не асуджае сучаснага чалавека, але праз пазітыўнае абвяшчэнне Божага слова адкрывае годнасць чалавека, які з’яўляецца дзіцём Божым. Яна давярае будаванне валадарства Божага такім людзям, якія ёсць у рэальнасці. Яна ахоплівае людзей, якія з’яўляюцца хрысціянамі, праз пакліканне і сувязь з Хрыстом.

Праз абвяшчэнне Божага слова і яго моц рыхтуецца падмурак для пастырскай дзейнасці Касцёла ў асяроддзі людзей з «ахалоджанай» верай. У справе новай евангелізацыі менавіта яны з’яўляюцца галоўным прадметам зацікаўленасці. Тады не спалохае халоднасць іх веры або нават варожасць да Касцёла. Праз абвяшчэнне «вар’яцкай навукі Хрыста» (пар. 1 Кар 2, 1-16) гэтыя людзі пазнаюць каштоўнасць свайго жыцця, якое было адкуплена Езусам Хрыстом.

Новая евангелізацыя павінна таксама даць адказ на экзістэнцыяльныя і рэлігійныя пытанні ў самым шырокім сэнсе гэтага слова. Для вырашэння гэтага задання трэба звярнуцца да інтэлектуальных сродкаў, каб належным чынам выкарыстаны інтэлектуальны патэнцыял чалавека мог аказваць моцны ўплыў на рэлігійныя і культурна-сацыяльныя змены як у самім чалавеку, так і ў грамадстве.

Вялікае значэнне ў працэсе новай евангелізацыі мае адукацыя. Рэч ідзе тут не толькі пра настаўніцкую ці выхаваўчую дзейнасць, але перш за ўсё пра выхаванне хрысціянскай эліты, для якой не будуць чужымі як рэлігійныя каштоўнасці, так і спадчына.

У наш час, калі пашыраюцца міжнародныя кантакты, у працэсе новай евангелізацыі трэба выкарыстоўваць вопыт Касцёла ў іншых краінах, каб не паўтараць чужых памылак і, як кажа прыказка, у другі раз не наступаць на тыя самыя граблі.

Новая евангелізацыя павінна падрыхтаваць вернікаў да дыялога з асобамі абыякавымі і нават з тымі, хто варожа ставіцца да Касцёла.

Такім чынам, новая евангелізацыя праз абвяшчэнне Божага слова і навучанне паклікана весці да навяртання і будавання валадарства Божага.

Дзякую за ўвагу.

Адноўлена 07.11.2009 17:59
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Выступленні

01.07 13:08Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды 100-годдзя Яе аб’яўленняў у Фаціме
15.05 15:02Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на сімпозіуме да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
05.05 15:04Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
02.05 12:53Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на тэму «Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час»
13.04 13:51Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас пастырскай сустрэчы ў Вялікі чацвер
30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску