Стан рэлігійнай адукацыі ў Каталіцкім Касцёле ў Беларусі |
Даклад кс. Аляксандра Яшэўскага Паважаныя ўдзельнікі канферэнцыі! У першую чаргу жадаю прывітаць вас усіх і падзякаваць за ўдзел у гэтай важнай і актуальнай Канферэнцыі, прысвечанай тэме Евангелізацыі ў сучасных абставінах секулярызму. Каталіцкі Касцёл не застаецца збоку ў гэтай справе, але, выкарыстоўваючы ўсе магчымыя сродкі, свой шматвякавы вопыт, дзейсна абвяшчае Божае Слова евангелізуючы ў нашай краіне. 1. Як паказвае гісторыя, пачынаючы з 1917 года, на тэрыторыі Беларусі савецкі рэжым паслядоўна і бескампрамісна рэалізоўваў сваю атэістычна-матэрыялістычную праграму. У выніку рэпрэсійных акцый савецкіх уладаў Каталіцкі Касцёл на Беларусі меў велізарныя страты сярод духавенства, якое навучала вернікаў релігійнаму жыццю, а таксама былі знішчаны і забраныя шматлікія святыні і кляштары, месцы катэхізацыі дзяцей, моладзі і дарослых. З сапраўды шатанскай лютасцю праследавалі тых, хто вызнаваў Бога і спрабаваў выконваць рэлігійныя практыкі і навучаць іншых Божым праўдам. Але, як падкрэсліваюць Каталіцкія Біскупы Беларусі, Касцёл на Беларусі пазбаўлены адпаведных касцёльных структураў, церпячы і не раз сыходзячы крывёю, трываў — і выжыў. Святары, сёстры законныя, а таксама свецкія вернікі, ахвяруючы сваім жыццём, патаемна, як гэта было магчыма лепей, рыхтавалі дзяцей і моладзь да Сакраманту Пакаяння і Першай Святой Камуніі. Падрыхтоўвалі вернікаў да Хросту і Сакраманту Сужэнства. Дзякуючы гэтаму, Касцёл на Беларусі быў выратаванны ад страты веры ў чалавечых душах. Атрымаўшы рэлігійную свабоды, Каталіцкі Касцёл у Беларусі не толькі аднаўляў свае структуры, адбудоўваў святыні і кляштары, але пільна пачаў катэхізаваць дзяцей, моладзь і дарослых у вельмі сціплых абставінах. 2. Гаворачы пра рэлігійнае навучанне ў нашай краіне, альбо іншымі словамі пра катэхізацыю, трэба адзначыць, што мы разумеем праз гэтае слова. Слова катэхеза грэцкага паходжання і мае шмат значэнняў, сярод якіх ёсць вельмі сімвалічныя як настаўленне, павучэнне і рэха. Гэта азначае, як падкрэслівае наш Мітрапаліт Тадэвуш, што трэба так навучаць веры, каб яна моцным рэхам адгукалася ў сэрцах людзей і заставалася ў чалавеку, які яго пачуе. Катэхізацыя – гэта выхаванне дзяцей, моладзі і дарослых ў веры, у духу хрысціянскага веравучэння, прапаведаванага звычайна і сістэматычна. Каб навука рэлігіі была эфектыўнай, яна, як вучыць II Ватыканскі Сабор, павінна грунтавацца на Святым Пісанні, традыцыі, літургіі і Вучэнні Касцёла, а таксама, як падкрэслівае Слуга Божы Ян Павел II у Апостальскай Адгартацыі аб катэхізацыі, у наш час навука рэлігіі павінна быць сістэматычнай і мець сувязь з жыццём, сакрамэнтамі і касцёльнай супольнасцю. Яна патрэбна, каб весці да сталасці ў веры і хрысціянскага сведчання ў свеце. Справе катэхізацыі Касцёл надае вялікую ўвагу, прыкладае шмат намаганняў. Пра гэта нам кажуць шматлікія Дакументы Касцёла, а асабліва падкрэслівае гэта Папа Павел VI у Адгартацыі пра Евангелізацыю ў сучасным свеце –Evangelii Nuntiandi (1975) і Слуга Божы Папа Ян Павел II у Адгартацыі пра катэхізацыю ў наш час – Catechesi Tradendae (1979). Мэта катэхізацыі - давесці людзей да адзінства з Хрыстом, да пазнання любові Хрыста. Чацвёртае агульнае сабранне Сыноду біскупаў (кастрычнік 1977) звяртае ўвагу, што кожная катэхеза павінна быць Хрыстацэнтрычнай, гэта азначае, што маем абвяшчаць не сваё ўласнае навучанне, альбо якогасьці іншага вучонага, але маем абвяшчаць навуку Езуса Хрыста. Як кажа Слуга Божы Ян Павел ІІ трэба, каб да кожнага катэхеты можна было аднесці словы Езуса: “Мая навука, не мая, але таго, хто мяне паслаў” (пар. Ян 3,34). Абавязак кожнага катэхеты: глыбокае пазнаванне Божага Слова і навучання Магістэріум Касцёла. Езус – узор настаўніка і таму хто так навучае прыслугоўвае тытул настаўніка. 3. Яшчэ раз хачу падкрэсліць, што Каталіцкі Касцёл у Беларусі прымае рэлігійнае навучанне як сваю найважнейшую задачу. Святы Айцец Бэнэдыкт ХVI у сваёй прамове 5 жніўня 2006 года казаў пра тое, што сёння шмат маладых людзей блукае і ім неабходна дапамагчы знайсці шлях да сапраўднага шчасця. “Мы ўсе павінны знайсці шляхі, каб сустрэцца адно з адным у сем’ях, паміж пакаленнямі, а затым—паміж культурамі і народамі (...). Трэба знайсці шляхі, якія вядуць у будучыню”. У працэсе шукання саміх сябе і шляхоў, якія вядуць да лепшай будучыні, асаблівае заданне Касцёл у Беларусі ўскладае на выхавацеляў маладога пакалення. У першую чаргу гэта датычыць тых, хто займаецца рэлігійным навучаннем. Сённяшняя моладзь гатова адкрыцца на дабро, на рэлігійныя каштоўнасці. Заданне нашага Касцёла — дапамагчы юнакам і дзяўчатам глыбей зразумець веру, пазнаць яе і навучыць іх жыць ёю кожны дзень. Маладыя шукаюць праўды ў рэлігіі. Іх вера патрабуе сведчання пра Бога, які ў Езусе Хрысце паказаў сваю любоў да чалавека. Таму ў нашых парафіях, законных супольнасцях і малітоўных групах мы імкнёмся даць ім магчымасць паглыбляць сваю веру. Дзеці і моладзь — гэта наш найкаштоўнейшы скарб, які трэба не толькі берагчы, але і развіваць яго духоўны патэнцыял. Езус Хрыстус даў нам прыклад таго, як гэта рабіць. Ён любіў дзяцей і нікому не дазваляў пагарджаць імі. Кожны чалавек жадае любові. Святы Ян Боско, якога Слуга Божы Ян Павел ІІ абвясціў Айцом і Настаўнікам моладзі, часта паўтараў выхавацелям: “Не кажыце маладым, што вы іх любіце, а рабіце ўсё магчымае, каб яны без словаў адчувалі, што іх сапраўды любяць”. Няма сапраўднай любові без радасці. Евангелле — гэта радасная вестка пра збаўленне, падараванае Богам. Выклікае спраўдны жаль такі “катэхет”, які імкнецца перадаць гэтую радасную вестку, пачынаючы са слова “нельга”: “Нельга ўжываць алкаголь, наркотыкі, нельга курыць”. “А што тады можна?” — пытаюцца маладыя людзі. І менавіта мы, настаўнікі рэлігіі, павінны даць ім адказ — адказ не свой, а Божы — на пытанні, што іх хвалююць. У Евангеллі паводле св. Лукі чытаем: “Дух Пана на мне” (Лк 4, 18). Гэтыя словы прагучалі ў Назарэце — горадзе, дзе Езус вырас. У святы дзень, у суботу, Ён прыходзіць у сінагогу і там перад усімі сабранымі вернікамі чытае радкі з кнігі прарока Ісаі, што сталі тэмаю нашага разважання. Евангеліст падкрэслівае, што, калі Езус чытаў словы прарока, “вочы ўсіх у сінагозе былі скіраваныя на Яго. І Ён пачаў гаварыць ім: Сёння споўніліся гэтыя словы, якія вы чулі” (Лк. 4, 20–22). Усе адчувалі, што Хрыстус абвяшчаў штосьці вельмі важнае, таму што гэтыя словы са Святога Пісання прадказвалі прыйсце і місію Месіі, якога так чакаў ізраільскі народ. Нездарма Езус выбраў для чытання менавіта іх, бо з гэтага ўрыўку прысутныя маглі зразумець, што чаканы Месія — перад імі. Місія Езуса не мае нічога агульнага са звычайнай філантропіяй, ані з чалавечай мудрасцю ці ўдалай палітычнай праграмай. Яна з’яўляецца плёнам дзеяння Святога Духа: “Дух Пана на Мне” (Лк 4, 18). Гэтым самым Духам, які ў дзень Пяцідзесятніцы сышоў на апосталаў і спачывае на ўсіх хрысціянах, павінны быць напоўнены мы, катэхеты, каб кіравацца ў сваім служэнні выключна Яго натхненнем. 4. Абвяшчаючы людзям Евангелле, Езус Хрыстус адначасова выхоўваў іх. Каталіцкі Касцёл у Беларусі не только імкнецца навучаць, але і выхоўваць. Калі заданне школы, акрамя перадачы ведаў, заключаецца ў выхаванні сумленных і адказных грамадзянаў, то праз катэхізацыю і рэлігійную практыку мы павінны прывіваць маладому пакаленню хрысціянскія каштоўнасці, а таксама ўдасканальваць яго духоўнае і маральнае жыццё. У школе выкладаюцца розныя прадметы, і, безумоўна, усе яны важныя. Навука рэлігіі па сваім значэнні не саступае ніводнаму з іх, а, магчыма, нават з’яўляецца больш важнай за ўсе школьныя прадметы, разам узятыя, таму што навучае таму, як быць чалавекам сумленным, як прабачаць, як дапамагаць іншым, як любіць Бога і бліжняга. Школа дае веды, а рэлігійнае навучанне — сапраўдную мудрасць. 5. Кажучы пра рэлігійнае навучанне ў Каталіцкім Касцёле ў Беларусі, трэба выказаць вялікую ўдзячнасць нашым катэхетам, святарам, сёстрам законным, асобам свецкім. Дзякуючы ім, Божае Слова можа пачуць большая колькасць людзей. Іх служэнне вельмі патрэбнае людзям рознага ўзросту: ад найменшых дзетак, якія толькі пачынаюць пазнаваць Пана Бога і веру Касцёла, і да тых людзей, якім толькі ў сталым узросце адкрылася праўда Хрыстовага Евангелля. Акрамя таго, ім даводзіцца працаваць з групамі падрыхтоўкі да Першай Камуніі, з падлеткамі, юнакамі і дзяўчатамі, з вучнямі старэйшых класаў, з працоўнай і студэнцкай моладдзю і іншымі групамі вернікаў. І да кожнага знаходзяць свой падыход, адпаведныя словы, каб данесці да чалавека Божае Слова. Такім чынам, катэхеты з’яўляюцца ў парафіях як быццам працягам рук і вуснаў Хрыста ў справе пашырэння Божага Валадарства сярод вернікаў, даручаных ім святаром. Каб нашае рэлігійнае навучанне было эфектыўным, мы прыкладаем усе намаганні, каб катэхізацыя была сістэматычнай і мела сувязь з жыццём, сакрамэнтамі і касцёльнай супольнасцю. Для здзяйснення гэтага, пры Канференцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, была створана Катэхетычная Секцыя, у склад якой уваходзяць прадстаўнікі кожнай дыяцэзіі. Мэтай гэтай Секцыі з’яўляецца падрыхтоўка падручнікаў, як для настаўнікаў рэлігіі, так і для вучняў, таксама іншых дапаможных матэрыялаў на беларускай мове. За гады дзейнасці Катэхетычнай Секцыі была падрыхтавана і зацверджана праграма па рэлігійнаму навучанню, пачынаючы ад дзіцячага садка і аж да 11-га класа. У гэтай праграме прадугледжаны тэмы, адпаведныя ўзросту вучняў, якія дазваляюць сістыматычнай навуцы па рэлігіі і адпаведнаму ўзрастанню ў веры. Падрыхтаваныя дыдактычныя матэрыяла для катэхетаў на кожны клас. У дадзены момант яны знаходзяцца на пераглядзе ў цэнзара і ў хуткай будучыні будуць надрукаваныя як асобныя падручнікі. У планах Секцыі ёсць імкненне падрыхтаваць адпаведныя падручнікі на кожны клас таксама для вучняў. Дзякуючы намаганням нашага Мітрапаліта Тадэвуша, былі перакладзены і выдадзеныя “Дакументы Другога Ватыканскага Сабору”, якія неабходныя для рэлігійнага навучання моладзі і дарослых, бо змяшчаюць ў сабе канстытуцыі, дэкрэты, дэкларацыі, прысвечаныя розным сферам жыцця і дзейнасці Каталіцкага Касцёла, яго місіі ў свеце, ролі ў грамадстве, адносінам Касцёла да іншых рэлігій і веравызнанняў. Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры ККББ рыхтуе пераклад “Кампендый Катэхізіса Каталіцкага Касцёла” і “Кампендый сацыяльнага вучэння Касцёла”. Ёсць намер перакласці на беларускую мову і надрукаваць сам “Катэхізіс Каталіцкага Касцёла”. Дзякуючы гэтай Камісіі і выдавецтву Pro Christo, ёсць даступныя Дакументы Касцёла, Святого Айца, розныя Энцыклікі, Адгартацыі, Пастырскія Пасланні, якія выкарыстоўваюцца ў рэлігійным навучанні. Выдавецтва Pro Christo займаецца перакладам і выдавецтвам цікавых і неабходных кніг з іншых моў, якія катэхеты могуць выкарыстоўваць не толькі ў навучанні рэлігіі, але таксама і ў літургічным жыцці сваіх навучэнцаў. Тры гады таму, быў створаны Катэхетычны Аддзел Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, які функцыянуе ў загадзя запланаваных кірунках і ў адпаведнасці са статутамі Сінода і катэхетычнай праграмай, прынятай Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Як дапамога катэхетам, былі надрукаваныя падручнікі “Метады актывізацыі ў катэхезе”. Былі перавыданы, нашым Мітрапалітам падручнікі для падрыхтоўкі да Першай Святой Камуніі: “Бог любіць мяне” і “Прыйдзіце да мяне ўсе”. А таксама падручнікі Першай Святой Камуніі: “Езус сярод нас”. Акрамя таго ў рэлігійным навучанні выкарыстоўваюцца матэрыялы Катэхізічнай Секцыі Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, і метадычныя матэрыялы Катэхізічнага Аддзелу архідыяцэзіі Мінска-Mагілёўскай. На тэрыторыі нашай архідыяцэзіі пакуль няма ніякага катэхізічнага інстытута. Многія катэхеты працягваюць вывучэнні ў Катэхізічным Аддзеле Гродзенскай дыяцэзіі, які на працягу сямнадцаці гадоў свайго існавання выпусціў 275 катэхетаў. Іншыя распачалі з гэтага года навучацца ў Баранавіцкім Катэхетычным Каледжы. Існуе таксама магчымасць вучыцца ў Польшчы, у Каталіцкім універсітэце імя Кардынала Стэфана Вышынскага ў Варшаве і ў Каталіцкім універсытэце ў Любліне, атрымаўшы стыпендыю ад дамапожнай арганізацыі з Нямеччыны “Renovabis”. Акрамя таго, Катэхізічны Аддзел архідыяцэзіі, вельмі выдатна супрацоўнічае з Катэхізічным Цэнтрам у Зялёнай Горы (Польшча). Разам з гэтым Інстытутам два разы у год арганізоўваюцца курсы павышэння кваліфікацыі для выкладчыкаў рэлігіі. Гэтыя курсы развіваюць кампетэнцыю ў псіхалагічных, педагагічных і практычных здольнасцях выкладчыкаў. Каталіцкі Касцёл у Беларусі пільна клапоціцца пра рэлігійнае жыццё саміх катэхетаў, таму рэгулярна арганізоўваюцца дні духоўнага аднаўлення, рэкалекцыі і іншыя моманты духоўнай фармацыі выкладчыкаў рэлігіі. Заняткі па рэлігіі праходзяць пераважна пры Каталіцкай парафіі. Святары–пробашчы клапоцяцца пра тое, каб пры кожным касцёле, каплічцы была магчымасць выкладаць рэлігію. Катэхізічны Аддзел мае абавязак правесці катэхетычныя візіты ў кожнай парафіі з мэтай пазнаць, як праводзіцца катэхізацыя, даць па магчымасці неабходную дапамогу, вырашыць існуючыя праблемы. Заняткі па рэлігіі, якія падрыхтоўваюць дзяцей да Першай Споведзі і да Першай Святой Камуніі, звычайна працягваюцца два гады. Потым, паводле прынятай праграмы, працягваецца цыкл заняткаў для сярэдняй школы і вышэйшых навучальных установаў. Выкладанне катэхізісу для інвалідаў і для тых, хто не можа наведаць заняткі ў парафіі, праводзяцца катэхетамі і святарамі ў выпадках неабходнасці. Як правіла ў такіх выпадках катэхеты выкладаюць у індывідуальным парадку, прыходзячы да хворых. Падрыхтоўка да Сакраманту Канфірмацыі таксама адбываецца паводле праграмы, распрацаванай для вучняў сярэдняй школы. Катэхізацыя дарослых развіваецца асобна і па індывідуальнай праграме. Навучанне катэхізісу для неафітаў адбываецца таксама ў індывідуальнай форме. Падрыхтоўка да Сакраманту Шлюбу адбываецца паводле неабходнасці і кампетэнцыі кожнай пары. Акрамя абавязковага цыклу заняткаў па падрыхтоўцы, святар сустракаецца ў індывідуальным парадку з кожнай парай і пазней асабіста складае кананічны пратакол. Падчас прыгатавання пары да Сакраманту Сужэнства, бяруць абавязковы ўдзел у спецыяльных курсах па натуральнаму метаду планавання сям’і, а таксама абавязковыя сустрэчы з прадстаўнікамі Камісіі па справах Сям’і, так званымі дарадчыкамі сямейнага жыцця. Акрамя сталага навучання дзяцей і моладзі на працягу вучэбнага года катэхеты арганізоўваюць у сваіх парафіях “Канікулы з Богам”, рыхтуюць тэатральныя прадстаўленні на Божае Нараджэнне, Пасху і іншыя касцёльныя ўрачыстасці. Для моладзі і дарослых арганізоўваюцца розныя сімпозіумы, канференцыі, і іншыя сустрэчы. Нашыя катэхеты цесна супрацоўнічаюць з пробашчамі парафій і іншымі святарамі абмяркоўваючы з імі неабходнасць разгледжання некаторых тэм каб падкрэсліць падчас нядзельных казанняў, альбо абмяркаваць на парафіяльных і дыяцэзіяльных спатканнях. Служэнне рэлігійнаму навучанню ў Каталіцкім Касцёле на Беларусі патрабуе ад нас мужнасці, вернасці і пакоры. Богу не патрэбныя красамоўныя аратары, ані пустыя балбатуны: Богу патрэбныя сапраўдныя сведкі. Ён выкарыстоўвае для незвычайных рэчаў звычайных людзей, такіх, як кожны з нас, каб аб’яўляць моц Евангелля, якая перамяняе ўсё. Кожны з нас павінен маліцца за сваіх выхаванцаў, каб Бог адкрыў іхнія сэрцы для прыняцця ласкі веры. Кожны з нас таксама павінен сведчыць пра Езуса з прастатою і даверам, каб з дапамогаю Збаўцы дасягнуць сэрцаў давераных нам вучняў і данесці да іх евангельскую вестку. Катэхет павінен памятаць, што вочы вучняў скіраваны на яго. Моладзі патрэбна не галаслоўнае павучанне, а добры прыклад, які будзе для яе ўзорам паводзінаў у штодзённым жыцці. Маладыя таксама чакаюць адказаў на шматлікія, вельмі важныя для іх пытанні, якія хвалююць іх розум і сэрца. Каб мець з імі кантакт, каб дапамагчы ім закласці трывалы жыццёвы фундамент, трэба стаць іх сябрамі. Дабро маладога пакалення павінна стаць асноўным клопатам усёй катэхетычнай і выхаваўчай працы нашага Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Дзякую ўсім за ўвагу. |
Адноўлена 07.11.2009 18:08 |