Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў межах святкавання 20-годдзя заснавання Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне


Новая евангелізацыя — галоўнае заданне Касцёла ў сучасным свеце

Інаўгурацыйны даклад
з нагоды распачацця новага 2010/2011 навучальнага года
ў межах святкавання 20-годдзя заснавання
Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
Гродна, 5 кастрычніка 2010 г.

Вашы Эксцэленцыі, паважаныя святары, выпускнікі і алюмны Гродзенскай Alma Mater, кансэкраваныя асобы, прадстаўнікі свету культуры, навукі і дзяржаўных уладаў, браты і сёстры!

1. Сучасны свет адзначаецца вялікімі і значнымі пераменамі, якія вельмі моцна ўплываюць на рэлігійнае жыццё чалавека. Мы павінны гэта прызнаць, нягледзячы на тое, падабаецца яно нам ці не. Для людзей, якія жывуць у эпоху паўсюднай глабалізацыі, рэлігійная і светапоглядная «дыверсіфікацыя» стала штодзённым хлебам. І сапраўды, побач жывуць і працуюць прадстаўнікі розных канфесій і рэлігій, а таксама атэісты, няверуючыя, індыферэнтныя асобы, варажбіты і язычнікі. Яшчэ зусім нядаўна ці маглі мы сабе ўявіць, што непадалёку ад Ватыкана будзе пабудавана мячэць, не кажучы ўжо пра даўно існуючую сінагогу, або праваслаўная царква, што была пабудавана не так даўно?  

Рэлігійны плюралізм — гэта рэальнасць сучаснага жыцця, і з ёй трэба лічыцца. Калі мы гэтага не зробім, то цягнік жыцця адыдзе і мы застанемся на пустой платформе. Ён адыдзе без нас, а ў ім застануцца людзі, якія не дачакаюцца нашай духоўнай дапамогі.

Заходняя Еўропа, якая вырасла і сфарміравалася з хрысціянства, на жаль, ужо не з’яўляецца такой, і нездарма яе ўсё часцей і часцей называюць постхрысціянскай. Так, сацыялагічныя даследванні Інстытута Гэллапа (ЗША) з 2009 г. аб тым, ці адыгрывае рэлігія важную ролю ў штодзённым жыцці чалавека, паказалі, што Беларусь знаходзіцца на 7-м месцы сярод найменш рэлігійных народаў Еўропы. Першая дзесятка найменш рэлігійных народаў старога кантыненту выглядае наступным чынам: Эстонія — 14 %, Швецыя — 17 %, Данія — 18 %, Нарвегія — 20 %, Чэхія — 21 %, Францыя — 25 %, Беларусь — 27 %,  Брытанія і Фінляндыя — 29 %, Расія — 30 %. Найбольш рэлігійнымі з’яўляюцца Румынія — 78 %, Польшча, Італія і Партугалія — па 72 %1.

Пад пазначаным вежамі касцёлаў і хмарачосамі небасхілам Еўропы ўсё больш і больш мінарэтаў. Гэта трэба прыняць еўрапейцам, таксама як амерыканцам трэба прыняць тое, што сучасным гаспадаром Белага Дому ў Вашынгтоне з’яўляецца афраамерыканец.

Звон званоў у вялікіх еўрапейскіх гарадах усё больш і больш заглушаюць збудаваныя са шкла і бетону шматпавярховыя дамы, у якіх дзейнічаюць сусветныя карпарацыі, працуюць людзі розных моваў, нацыянальнасцяў і веравызнанняў. Сярод іх ёсць веруючыя і няверуючыя, тыя, якія належным чынам святкуюць нядзелю, і тыя, якія праводзяць яе ў гіпермаркетах, на футбольных матчах, рыбалцы і г.д. У такой мазаіцы сучаснага жыцця ўсё цяжэй знайсці духоўную сталасць, якой нам усім так не хапае, каб мы маглі зразумець сэнс і мэту свайго жыцця. Свет змяняецца на нашых вачах, з’яўляюцца новыя выклікі, на якія трэба адказваць.

2. Гэтыя вельмі дынамічныя змены сучаснасці заклікаюць Касцёл і вучняў Хрыста не заставацца пасіўнымі перад іх абліччам. На гэта звярнуў увагу ўжо Другі Ватыканскі Сабор у 60-я гады мінулага стагоддзя. Ён заклікаў чытаць знакі часу, каб адказваць на іх. Паглыбляючы сваю самасвядомасць і развіваючы дыялог са светам, Сабор спрабаваў даць адказ на фундаментальнае пытанне: Касцёл, што ты думаеш пра самога сябе?

Ужо тады стала зразумела, што свет патрабуе новай евангелізацыі, аб якой так многа навучаў і да якой заклікаў Слуга Божы Ян Павел II. Гэтую ідэю Вялікага Папы не толькі падтрымлівае сённяшні Пантыфік Бэнэдыкт XVI, але і стараецца яе як мага паўней рэалізаваць. Аб гэтым найлепш сведчыць заснаванне ў 2010 годзе Папскай рады па справах новай евангелізацыі2. Усё гэта пацвярджае тое, што заклік папы Вайтылы «Адчыніце дзверы Хрысту»3, які на пачатку здаваўся ўтапічным, — сёння стаў вядучай думкай сучаснага пастырства.

3. Перад сваім Унебаўшэсцем Езус сказаў апосталам: «Ідзіце і навучайце ўсе народы» (Мц 28, 19). Езус збавіў не толькі выбраны народ, але ўвесь свет, і таму збаўленне павінна ахапіць усё чалавецтва. Бог «хоча, каб усе людзі былі збаўлены і дайшлі да пазнання праўды» (1 Цім 2, 4).

Выконваючы мандат Збаўцы, апосталы пачалі абвяшчаць Добрую Навіну ўсім народам — евангелізаваць людзей. Слова евангелізаваць паходзіць з грэчаскай мовы euan-gelion і выкарыстоўваецца для азначэння дзейнасці, накіраванай на навяртанне народаў і асобных людзей.

Евангелізацыя з’яўляецца самай галоўнай місіяй Касцёла і найперш накіравана на апостальства сярод язычнікаў. З Дзеяў Апосталаў бачна, што сэнс Добрай Навіны — гэта сам Хрыстус, наш Пан (пар. Дз 11, 19–20). Слова Пан на грэчаскай мове гучыць Kyrios. У эліністычнай культуры Рымскай імперыі прызнаць кагосьці сваім Панам азначала прызнаць чыюсьці ўладу над сабой, прызнаць яго сваім Богам і Валадаром.

Евангелізацыя — гэта перш за ўсё не маральнае навучанне, чым павінна  займацца катэхізацыя, але абвяшчэнне Хрыста. Яна прызначаецца для няверуючых і для тых веруючых, якія не перажываюць асабістых адносін з Богам, або вера якіх настолькі страціла вартасць, што яны, хоць і называюць сябе хрысціянамі, аднак жывуць так, як быццам Бога зусім няма. Таму такое абвяшчэнне Евангелля называецца новай евангелізацыяй ці нават рэевангелізацыяй.

Перажываючы сваё адраджэнне пасля многіх дзесяцігоддзяў ганенняў, Каталіцкі Касцёл у Беларусі таксама падвержаны негатыўным уплывам секулярызму і гуманістычнага лібералізму і таму павінен адказваць на ўзнікаючыя праблемы. Падчас ганенняў на Касцёл, дзякуючы традыцыйнай народнай пабожнасці, людзі захавалі веру і перадалі яе новым пакаленням. У наш час свабоды веравызнання людзі самі адракаюцца ад веры ў Бога. У касцёле і на ўроках рэлігіі яны пазнаюць праўды веры, але на вуліцы сустракаюць іншы, секулярны свет, які іх вабіць больш за праўду Евангелля. Гэта новыя і вельмі сур’ёзныя выклікі нашага часу. На іх трэба адказваць. Для гэтага праз прызму Евангелля і навучання Касцёла трэба аналізаваць існуючыя праблемы, каб знайсці лек ад духоўнай немачы сучаснага свету і жыць паводле вечных і нязменных праўдаў хрысціянскай веры.

Галоўная мэта новай евангелізацыі — гэта адраджэнне веры і хрысціянскага сведчання. Сучаснаму свету, які страціў надзею і знаходзіцца ў фінансавым і маральным крызісе, сёння трэба абвяшчаць праўду аб Езусе Хрысце і Яго Евангеллі, праўду пра значэнне гісторыі збаўлення, якая рэалізавалася ў Езусе Хрысце, і праўду пра тое, што толькі ў Хрысце чалавек можа зразумець сябе і сваё прызначэнне. Каб свет ізноў пульсаваў духоўным жыццём, трэба не толькі хрысціць, але і навяртаць ахрышчаных.

Адна з галоўных мэтаў новай евангелізацыі — гэта абвяшчаць і бараніць хрысціянскія каштоўнасці. Гэтая праблема становіцца ўсё больш і больш актуальнай, і будучыня чалавецтва будзе залежаць ад таго, якія каштоўнасці будуць прызнаны галоўнымі. У сучаснай барацьбе за каштоўнасці з розных бакоў адной і той жа барыкады знаходзяцца людзі, якія жывуць як рэлігійнымі ідэямі, так і ідэямі секулярнага гуманізму. Асновай ідэалогіі сучаснай глабалізацыі з’яўляецца гуманістычнае ўяўленне пра абсалютнае значэнне самога чалавека і пра існаванне ўніверсальных агульначалавечых каштоўнасцяў, якія павінны быць адзіным падмуркам цывілізацыі. Тут трэба мець на ўвазе тое, што пад агульначалавечымі каштоўнасцямі разумеюцца не толькі рэлігійныя нормы, якія з’яўляюцца абавязкам кожнага, такія як не забівай, не крадзі, не гавары няпраўду і г.д., але і спрэчныя з духам Евангелля ідэі.

Адна з іх сцвярджае, што кожны чалавек мае права на абсалютную свабоду і свой жыццёвы стыль пры ўмове, калі толькі не перашкаджае іншаму. Паводле прынцыпаў ліберальнага гуманізму, існуе толькі адно і адзінае абмежаванне чалавечай свабоды: свабода іншых людзей. Гэта азначае, што маральным з’яўляецца тое, што не перашкаджае інтарэсам іншых, амаральным жа тое, што абмяжоўвае іх свабоду.
Паводле прынцыпаў сучаснай гуманістычнай этыкі, не існуе паняцця абсалютных этычных нормаў.

Аднак мы добра ведаем, што паводле аб’яўленай рэлігіі, існуе паняцце абсалютных, Богам устаноўленых маральных нормаў, непаслухмянасць якім і з’яўляецца грахом. Таму для рэлігійнага чалавека далёка не ўсё, што не звязана з інтарэсамі іншага, з маральнага пункту гледжання дазволена. Для веруючага чалавека сапраўднай свабодай з’яўляецца не дазвол чыніць усё, што хочацца, а свабода ад граху. І калі чалавек жыве паводле прынцыпу ўседазволенасці, то на самой справе ён не свабодны, а залежны ад зла, якое чыніць — жыве амаральна,  трапляе ў алкагольную ці наркатычную залежнасць і г.д.

На жаль, у сучасным свеце рэлігія вельмі часта разумеецца як перашкода для трыумфу дэмакратычнага лібералізму. Свет усё больш схільны да прыняцця духоўнага і маральнага рэлятывізму. Лібералізм стараецца паменшыць значэнне рэлігіі і абмежаваць яе прыватнай сферай жыцця чалавека. Нярэдка нават можна пачуць, што рэлігія больш раздзяляе, чым аб’ядноўвае, бо сучасны свет прапануе вельмі многа альтэрнатыў.

З іншага боку, рэальнае жыццё сведчыць, што для мільёнаў людзей вера — гэта свядомы выбар, які паказвае іх пазіцыю. І для іх важна быць веруючымі. Многія з іх, як пацвярджае ХХ стагоддзе, аддалі сваё жыццё за веру. Іх прыклад, як і адраджэнне веры і яе сведчанне перад абліччам сучасных выклікаў, кажа аб тым, што рэлігія ў гісторыі чалавецтва не выкараніла сябе і можа, як калісьці, надалей натхняць людзей.

Усё гэта нагадвае пра тое, што ідэалогія секулярызму не можа замяніць рэлігійнага светапогляду. Таму сістэма рэлігійных каштоўнасцяў мае права існаваць нароўні з ліберальна-гуманістычнай.  

Аднак пры ўсім гэтым існуе і іншая праблема. Ліберальна-гуманістычная ідэалогія, якая прадстаўляецца ўніверсальнай і настойліва навязвае сябе сучаснаму чалавеку, на самой справе адыгрывае ролю лібералістычна-гуманістычнай дыктатуры, якая з’яўляецца сур’ёзным выклікам таксама і для веруючага чалавека.

Можа быць некалькі варыянтаў адказу на выклікі ліберальнага секулярызму. Радыкальны адказ даюць некаторыя экстрэмісцкія напрамкі ісламу, якія абвяшчаюць заходняй «постхрысціянскай» цывілізацыі з яе агульначалавечымі каштоўнасцямі джыхад. Прыкладам могуць служыць тэрарыстычныя акты супраць Злучаных Штатаў Амерыкі 11 верасня 2001 г.

Іншым варыянтам можа быць спроба «прыладзіць» рэлігію да сучасных выклікаў. Іншымі словамі, выкарыстанне папулярнай у наш час ідэі паліткарэктнасці ў справах маралі. Такі шлях выбралі многія пратэстанцкія супольнасці на Захадзе, уводзячы ліберальныя стандарты ў сваё навучанне і рэлігійную практыку, што вядзе да дагматычнага і маральнага разбурэння падмурку хрысціянства.

Ёсць нямала прыхільнікаў дыялога, мэта якога — знайсці раўнавагу паміж жыццём паводле маральных і адначасова ліберальна-дэмакратычных прынцыпаў. Характэрным элементам сучаснага свету з’яўляецца пошук дыялога і яго развіццё. Аднак хрысціянін пры гэтым павінен памятаць словы Хрыста: будзьце гарачымі або халоднымі (пар. Ап 3, 15). Няхай ваша мова будзе «так-так» або «не-не» (пар. Мц 5, 37). Гэта не што іншае, як заклік да евангельскага радыкалізму, які разам з дыялогам павінен легчы ў аснову новай евангелізацыі.

Сучасны свет адчувае патрэбу такога дыялога, а не канфлікту паміж рэлігійным і гуманістычным светапоглядамі. Аднак гэты дыялог не павінен ператварыцца ў пошук кампрамісу коштам лібералізацыі ў справах навучання і маралі. Трыдыцыйнае хрысціянства не мае нічога супраць гуманізму, але яно супраць яго ліберальнай і атэістычнай версіі. Як супрацьстаянне такому гуманізму Касцёл прапануе рэлігійны гуманізм, які абапіраецца на духоўныя каштоўнасці. Гаворка ідзе пра такі гуманізм, які мог бы стварыць новы сацыяльны, эканамічны і палітычны парадак, які б падтрымліваў годнасць і свабоду чалавека.

Яшчэ ў 1946 г. добра вядомы рускі філосаф Мікалай Бярдзяеў пісаў, што гуманізм і годнасць чалавека могуць адрадзіцца толькі з рэлігіі4. У гэтых словах знаходзіцца паняцце хрысціянскага гуманізму, бо дзеля свабоды нельга дыскрэдытаваць рэлігійныя каштоўнасці.

Сучасны секулярызаваны свет патрабуе сапраўднага хрысціянскага гуманізму, ідэі якога вынікаюць з заўсёды жывога і дзейснага Божага слова, чаму павінна спрыяць новая евангелізацыя.

4. Разважаючы пра новую евангелізацыю, нараджаюцца пытанні. У чым яе сутнасць? Гэта нейкае новае Евангелле? А калі новае, то хто яго абвясціў?  

На гэтыя і падобныя пытанні трэба адказаць, што новая евангелізацыя з’яўляецца абвяшчэннем таго ж Евангелля, якое пакінуў нам Езус Хрыстус. Аднак па сваёй сутнасці яна з’яўляецца новай у сваёй руплівасці, каб хрысціянства стала больш дынамічным і прыцягвала новых людзей, а таксама каб ажыўляла хрысціянскае сведчанне. Новая евангелізацыя таксама з’яўляецца новай у галіне пошуку і прымянення новых метадаў і спосабаў абвяшчэння Евангелля сучаснаму секулярызаванаму чалавеку. І тут трэба імкнуцца аб’яднаць vetera et nova — старое і новае. Сярод метадаў і спосабаў павінна быць не толькі традыцыйнае абвяшчэнне Евангелля з амбоны ці яго навучанне, але таксама сродкі масавай камунікацыі, кіно, тэатр, мастацтва і г.д. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI кажа, што мэтай новай евангелізацыі з’яўляецца прабуджэнне новай, свядомай і адказнай веры. Новая евангелізацыя не павінна быць абвяшчэннем толькі тэалагічных формаў, але асобы Езуса Хрыста, укрыжаванага, уваскрослага, які жыве ў сваім Касцёле; Езуса, у якога праз хрост уключылася многа людзей, якія, аднак, аб Ім забыліся і жывуць так, як быццам Бог у вобразе чалавека не прыйшоў у свет і Яго зусім няма5.

Новая евангелізацыя з’яўляецца новай і праз удзел у ёй не толькі духоўных асобаў, але таксама свецкіх і членаў розных касцёльных рухаў. Усё гэта пацвярджае тое, што новая евангелізацыя — гэта абвяшчэнне таго ж Евангелля, прадстаўленага нанава і акцэптаванага да сучаснай сітуацыі чалавека.

5. Пры ажыццяўленні праграмы новай евангелізацыі перш за ўсё неабходна звяртаць увагу на знакі часу і іх сувязь з навучаннем і дзейнасцю Касцёла, а таксама на выпрацаванне формаў самой евангелізацыі. Заданнем Касцёла з’яўляецца евангелізацыя, абвяшчэнне слова Божага і навучанне праўдам веры, — нагадвае папа Павел VI у Апостальскай адгартацыі «Evangelii nuntiandi» — «Абвяшчаючы Евангелле»6.

Навучанне Касцёла ў справах веры і этыкі ў сучасным секулярызаваным свеце выклікае многа эмоцый і далёка не заўсёды прымаецца. Гэта сапраўдны «знак супраціву» (пар. Лк 2, 34). Праўдам веры і маральнасці цяжка знайсці месца ў свядомасці сучаснага постмадэрнісцкага чалавека, які імкнецца жыць паводле ідэалаў гуманістычнага лібералізму. Нягледзячы на гэта, пастырская праграма Касцёла не павінна адхіляцца ад заданняў, якія выводзяцца з яго сутнасці.

6. Другі Ватыканскі Сабор навучае, што Касцёл з’яўляецца «паўсюдным сакрамэнтам збаўлення»7. Перад ім узнікаюць новыя небяспекі і пагрозы з боку свету. Гэта тыя выклікі, на якія павінна адказаць новая евангелізацыя. Не трэба далёка хадзіць за прыкладам. Страсбургскі суд па правах чалавека забараніў крыж у школах Італіі8. Як можна ўявіць каталіцкую Італію, якая вырасла з хрысціянства, без крыжа? Парламенты многіх краін Еўрасаюза прынялі законы, якія дазваляюць гомасексуальныя саюзы з правам усынаўлення дзяцей. Усё больш краін свету дазваляюць эўтаназію. У Лос-Анджэлесе ў Злучаных Штатах Амерыкі створана веб-старонка «Beautiful People», якая вядзе пошук донараў для штучнага апладнення з мэтай нараджэння толькі прыгожых дзяцей9, што на самой справе з’яўляецца дыскрымінацыяй годнасці чалавечай асобы. Гэтыя і іншыя прыклады схіляюць нас да пытання: а куды ж мы ідзём? Якая ў нас будучыня? Што нас чакае? У такой новай і адначасова складанай сітуацыі ўжо недастаткова толькі евангелізацыйнай дзейнасці святароў і кансэкраваных асобаў. Тут патрэбна актыўная дапамога свецкіх вернікаў, для якіх новая евангелізацыя стварае новыя эфектыўныя спосабы дзейнасці, асабліва ў галіне хрысціянскага сведчання.

Як паказвае пастырская практыка, аўтаевангелізацыя вернікаў і іх актыўны ўдзел у жыцці і дзейнасці Касцёла вельмі добра спрыяюць справе евангелізацыі і праз гэта — спатканню людзей з Хрыстом. Нездарма Другі Ватыканскі Сабор навучае, што свецкія вернікі «павінны весці найкаштоўнейшую дзейнасць дзеля евангелізацыі свету»10. Новая евангелізацыя з актыўным удзелам свецкіх з’яўляецца новай формай пастырства. Яго галоўныя мэты наступныя: рэалізацыя Божага Валадарства і збаўленне чалавека11, абвяшчэнне слова Божага праз сведчанне, катэхізацыю, прапаведаванне, мас-медыя, дыялог12, сакрамэнтальна-літургічнае служэнне13, касцёльна-арганізацыйная, дабрачынная, грамадская, выхаваўчая, культурная і інш. дзейнасць14.  

Хрысціянскае сведчанне свецкіх, абарона чалавечай годнасці і найкаштоўнейшага Божага дару жыцця і рэлігійнай свабоды, а таксама развіццё хрысціянскай культуры спрыяе росквіту веры.

7. Новую евангелізацыю патрабуе новы сучасны чалавек, новы сучасны свет і новыя сучасныя выклікі. Таму паралельна з агульным пастырствам павінна развівацца і спецыялізаванае. Яно павінна прымаць пад увагу розніцу паміж рэлігійным станам людзей. Гэта, у сваю чаргу, патрабуе дакладнага распазнання сітуацыі, у якой яны жывуць і дзейнічаюць, чаму можа спрыяць дакладны сацыялагічны, псіхасацыялагічны і псіхалагічны аналіз грамадства.

Новая евангелізацыя таксама патрабуе дастасаванай да канкрэтнай сітуацыі пастаральнай тэалогіі. Яна павінна прымаць пад увагу хуткія сацыяльна-культурныя змены, якія ў сваю чаргу патрабуюць яе сталай актуалізацыі ў адпаведнасці з патрэбамі часу.

Гэта асабліва датычыць пастырства моладзі. Разважаючы пра новую евангелізацыю, трэба падкрэсліць, што слова «новая» павінна быць зразумела як «маладая». Слуга Божы Ян Павел II і сённяшні Пантыфік Бэнэдыкт XVI падкрэсліваюць, што Касцёл павінен быць малады. А ён становіцца маладым найперш духоўнай маладосцю маладых. Таму і новая евангелізацыя заўсёды павінна быць маладой евангелізацыяй.

8. Касцёл моцна занепакоены духоўным станам сучаснай моладзі. Можна казаць пра цэлую літанію пагрозаў, якім яна падвержана. Сярод іх найперш трэба вылучыць наступныя: аслабленне рэлігійнасці; селектыўнасць адносна праўд веры; маральны рэлятывізм, індыферэнтнасць і лібералізм; дасужэнскае сексуальнае жыццё і нават абагаўленне сексу; легкадумныя адносіны да інстытуту сям’і як адзінага і непарушнага саюзу мужчыны і жанчыны; непашана самага вялікага Божага дару, якім з’яўляецца дар жыцця; крызіс аўтарытэтаў; аслабленне рэлігійных практык; безыдэйнасць моладзевай субкультуры; практычны матэрыялізм; нездаровае імкненне да канфармізму і іміджу; захапленне сектамі; праявы агрэсіі і насілля; фізічная, псіхічная і духоўная слабасць, прычыну якой, між іншым, трэба шукаць у наркатычнай і алкагольнай залежнасці і іншых анамаліях сучаснага жыцця, і г.д.

У сувязі з гэтым узнікае цэлы шэраг пытанняў, якімі заклапочана таксама і моладзь. Найперш, гэта як здзейсніць яе маральнае аднаўленне і ўгрунтаваць значэнне хрысціянскіх каштоўнасцяў у іх жыцці? З гэтымі і падобнымі пытаннямі непасрэдна злучаны і задачы, якія стаяць перад Касцёлам: як дасягнуць таго, каб Бог на самой справе прысутнічаў у жыцці маладых людзей? Якія перспектывы і магчымасці адкрывае перад імі новая евангелізацыя? Што можа для іх учыніць Касцёл праз пастырскую дзейнасць?

Адказваючы на гэтыя і падобныя пытанні, трэба памятаць, што моладзь сама па сабе розная і адрозніваецца сваёй культурай, якая не заўсёды з’яўляецца субкультурай. Сярод моладзі многа творчай інтэлігенцыі, мастакоў, літаратараў, працаўнікоў мас-медыя і іншых спецыялістаў. Яны ствараюць сапраўдную культуру, якая нярэдка абапіраецца на хрысціянскія каштоўнасці, якая пазітыўна ўздзейнічае на грамадства. Такая моладзь чакае сваёй акцэптацыі з боку грамадства.

У той жа час, і гэта трэба падкрэсліць, злачынная моладзь, якая не атрымлівае грамадскай акцэптацыі, не можа быць пазбаўлена пастырскай апекі. Менавіта тут ёсць шырокае поле да дзеяння ў межах новай евангелізацыі. Патрабуюць гэтага найперш асобы, закранутыя вынікамі сацыяльна-культурных зменаў. Адным з іх з’яўляецца дэхрысціянізацыя, якая патрабуе евангелізацыі ахрышчаных, што адышлі ад рэлігійнага жыцця, і людзей, якія шукаюць веры15.

9. Такім чынам, новая евангелізацыя адкрывае новыя перспектывы пастырскай дзейнасці. Перш за ўсё яна прадугледжвае абвяшчэнне Хрыста і Яго Евангелля няверуючым, што называецца місійнай евангелізацыяй.

Далей ідзе евангелізацыя дэхрысціянізаваных грамадстваў. На самой справе гэта паўторная евангелізацыя, у якой галоўную ролю адыгрываюць спецыяльныя евангелізацыйныя ці пастырскія акцыі, мэтай якіх з’яўляецца абуджэнне веры, унутраная перамена і хрысціянская фармацыя16. Менавіта тут у сціслым супрацоўніцтве з духавенствам вялікую ролю да спаўнення маюць свецкія, здольныя да евангельскай працы з тымі, хто загубіў веру, а таксама з маргіналамі і людзьмі з паталагічнага асяроддзя. Асабліва гэта адносіцца да рэевангелізацыі моладзі, дзе новая евангелізацыя павінна ўлічваць каштоўнасці моладзевай культуры і ўплыў равеснікаў.

На гэтай прасторы новая евангелізацыя мае вялікія магчымасці. Для яе ажыццяўлення можна выкарыстоўваць як метады агульнага пастырства, уносячы ў яго новы дух, так і спецыялізаванага, узбагачанага нестандартнымі спосабамі хрысціянскай фармацыі. У залежнасці ад абставінаў можна таксама ствараць новыя пастырскія праграмы.

10. Усё гэта сведчыць аб тым, што новая евангелізацыя можа ўнесці новы імпульс у пастырства, схіляючы яго да лепшага пазнання праблем і да таго, каб пазбегнуць руціны, асабліва ў працы з моладдзю.

Пры гэтым, аднак, трэба памятаць, што заўсёды застаецца актуальным пытанне, з якім да Езуса звярнуўся багаты малады чалавек: «Настаўнік, што добрага зрабіць мне, каб мець жыццё вечнае?» (Мц 19, 16) У гэтым пытанні знаходзіцца ідэалізм маладога пакалення, імкненне да пазнання збаўчай праўды, адкрытасць на сапраўдныя евангельскія каштоўнасці. Адказ павінен быць тым самым: захоўвай Божыя запаведзі (пар. Мц 19, 16). Аднак ён павінен мець адносіны да сучаснага жыцця і яго выклікаў.

Зыходным пунктам новай евангелізацыі дэхрысціянізаванай моладзі з’яўляецца неабмежаваны патэнцыял маладых людзей, якія перш за ўсё чакаюць сапраўдных сведкаў праўды і веры. Нельга забываць пра тое, што праблемы моладзі бяруць свой пачатак у праблемах асяроддзя, грамадства, сям’і і г.д. У гэтай сітуацыі новая евангелізацыя, мэтай якой з’яўляецца набліжэнне сучаснаму секулярызаванаму свету Добрай Навіны, уяўляе сабой багатую і дынамічную рэчаіснасць, да якой належаць: рэлігійнае выхаванне ў сям’і, катэхеза, сакрамэнтальнае жыццё, удзел у жыцці парафіі, дыяцэзіі і мясцовага Касцёла, удзел у пілігрымках, удзел у дзейнасці розных груп, рухаў, рэлігійных арганізацый, і г.д. Аднак — і гэта трэба падкрэсліць — усе гэтыя напрамкі пастырскай дзейнасці маюць адну мэту: аднаўленне рэлігійнага жыцця і ўчыненне яго больш свядомым і дынамічным. Таму можна смела сказаць, што Касцёл заўтра будзе такім, якая сёння евангелізацыя.

У ажыццяўленні новай евангелізацыі асаблівае месца займае роля тых, хто канкрэтна ёю займаецца і сведчыць сваім жыццём. Пры гэтым трэба заўважыць, што адной з галоўных рысаў чалавека, які прысвячае сябе новай евангелізацыі, з’яўляецца ўменне слухаць і разумець мову, менталітэт і праблемы людзей, асабліва маладых.

Усё неабходна распачынаць ад сям’і. Адно з галоўных заданняў бацькоў — гэта выхаванне сваіх дзяцей, якое таксама павінна ахопліваць і рэлігійнае. Стан сучаснай сям’і ўказвае на шматлікія недахопы ў гэтай галіне. У краінах, дзе ёсць каталіцкія школы, увага людзей накіравана на іх з надзеяй, што там будуць не толькі навучаць, але і евангелізаваць. У нашых абставінах менавіта сям’я, нядзельная школа і парафія з яе рознымі евангелізацыйнымі праграмамі павінны выконваць гэтую складаную і вельмі адказную місію.

Таму бацькі, настаўнікі, выхавацелі, святары і кансэкраваныя асобы пакліканы да сумленнага выкарыстання хрысціянскай канцэпцыі чалавека ў працэсе выхавання, галоўным матывам якога з’яўляецца безумоўная любоў, на падмурку якой у дзіцяці развіваецца пачуццё бяспекі і вера ў каштоўнасць чалавека як Божага стварэння. Дзякуючы гэтаму дзіця вучыцца ацэньваць свае дасягненні з хрысціянскага погляду і фарміруе пазітыўныя матывы да далейшага развіцця. Таму сам выхаваўца павінен быць чулым да сітуацыі іншага чалавека і цярплівым, а адначасова станоўчым і паслядоўным у сваім дзеянні, а таксама разважлівым, каб мог выхоўваць у іншых самадысцыпліну, самакантроль і разважлівасць. Таму выхаваўцы ў штодзённым жыцці павінны аб’ядноўваць веру з любоўю.

11. Штодзённае жыццё нагадвае нам пра важнасць і актуальнасць гэтых патрабаванняў. Пазітыўныя рысы евангелізатара моцна ўплываюць на перадачу і прыняцце пераказваемага зместу. Евангелізатар павінен быць не толькі настаўнікам, але і сведкам. Ён таксама павінен дапамагаць у вырашэнні асабістых і экзістэнцыяльна-рэлігійных праблем чалавека. Гэта мае вельмі моцны ўплыў на паставу маладога чалавека, які баіцца ізаляцыі і самотнасці, шукае апоры і кантакту з іншымі людзьмі, якія гавораць на той жа мове, маюць тыя ж каштоўнасці і стыль жыцця. Малады чалавек хоча гаварыць, але таксама хоча, каб яго слухалі.

Акрамя Касцёла і сям’і ў наш час надзвычай важным выхаваўчым асяроддзем з’яўляюцца мас-медыя, якія даюць магчымасць адначасова звярнуцца з евангельскім пасланнем да мільёнаў людзей. Менавіта сродкі масавай камунікацыі вымушаюць пошук такіх спосабаў евангелізацыі і формаў перадачы веры, каб потым натхняць людзей да далейшага пошуку рэлігійных каштоўнасцяў.

Абвяшчэнне Евангелля патрабуе пошуку новых сродкаў перадачы і спосабаў пазнання ўсёй яго праўды. Гэтыя спосабы і метады павінны быць прывабнымі, бо многія людзі, асабліва маладыя, лічаць, што рэлігійныя тэксты з’яўляюцца нуднымі. Тут, аднак, трэба памятаць, каб у пагоні за атракцыйнасцю не страціць праўдзівага рэлігійнага зместу, а дапамагчы чалавеку лепш яго зразумець.

12. Сучасны свет, падобна як і ў пачатку абвяшчэння Евангелля, ставіць перад сабою адну мэту. Ён шукае багацця і ўцехаў, хлеба і гульняў, — як казалі рымляне. Сучасны чалавек вельмі часта падобны да язычнікаў, да якіх апосталы скіроўвалі Божае слова. Таму ён чакае новай евангелізацыі. Новая — не значыць сучасная, але скіраваная да такога чалавека, якім ён на самой справе з’яўляецца. Яна не крытыкуе і не асуджае сучаснага чалавека, але праз пазітыўнае абвяшчэнне Божага слова адкрывае годнасць чалавека, які з’яўляецца дзіцём Божым. Яна давярае будаванне Божага Валадарства такім людзям, якія ёсць. Яна ахоплівае людзей, якія не вераць у Бога, якія ў мітусні сучаснага свету страцілі сваю веру, а таксама тых, якія з’яўляюцца хрысціянамі праз пакліканне і сувязь з Хрыстом.

13. Дзякуючы абвяшчэнню Божага слова і яго моцы рыхтуецца падмурак для пастырскай дзейнасці Касцёла ў асяроддзі людзей з «ахалоджанай» верай. Менавіта яны з’яўляюцца галоўным аб’ектам новай евангелізацыі. Праз абвяшчэнне «нямудрай навукі Хрыста» (пар. 1 Кар 2, 1-16) яны пазнаюць каштоўнасць свайго жыцця, якое было адкуплена Езусам Хрыстом.

Новая евангелізацыя павінна таксама даць адказ на экзістэнцыяльныя і рэлігійныя пытанні ў самым шырокім значэнні гэтага слова. Для вырашэння гэтага задання трэба звярнуцца да інтэлектуальных сродкаў, каб належным чынам быў выкарыстаны інтэлектуальны патэнцыял чалавека і такім чынам мог уплываць на рэлігійныя і культурна-сацыяльныя перамены як самога чалавека, так і грамадства.

Вялікае значэнне ў працэсе новай евангелізацыі мае адукацыя. Тут гаворка павінна ісці не толькі пра настаўніцкую ці выхаваўчую дзейнасць, але перш за ўсё пра выхаванне хрысціянскай эліты, для якой не будуць чужымі ні рэлігійныя каштоўнасці, ні спадчына.

У наш час, калі пашыраюцца міжнародныя кантакты ў працэсе новай евангелізацыі, трэба карыстацца вопытам Касцёлаў у іншых краінах, каб выкарыстаць іх досвед і не паўтараць іх памылак, каб, як кажа прыказка, не наступаць другі раз на тыя самыя граблі.

Новая евангелізацыя павінна падрыхтаваць вернікаў да дыялога з абыякавымі і нават негатыўна пастаўленымі да Касцёла людзьмі.

Такім чынам, новая евангелізацыя праз абвяшчэнне Божага слова і навучанне паклікана весці да навяртання і будавання Божага Валадарства. У гэтым працэсе асаблівае месца займаюць святары, якія павінны знаходзіцца на пярэднім фронце новай евангелізацыі. Нездарма Святы Айцец Бэнэдыкт XVI навучае, што фармацыя да святарства з’яўляецца ключом да новай евангелізацыі17.

14. Адзначаючы юбілей 20-годдзя гродзенскай Вышэйшай духоўнай семінарыі, трэба нагадаць пра тое, што яна была заснавана акурат у той час, калі ў нашай краіне з’явіліся магчымасці для ажыццяўлення новай евангелізацыі пасля многіх дзесяцігоддзяў ганенняў на Касцёл.

Семінарыя з’яўляецца сэрцам партыкулярнага Касцёла. 20 гадоў таму гэтае сэрца пачало біцца, каб падаваць у арганізм Касцёла, які пачынаў адраджацца, новых святароў, нібы новую кроў. Калі інфузія крыві дапамагае ў лячэнні хворага арганізму, то для нармальнага жыцця патрэбна свая кроў, якой і з’яўляюцца мясцовыя святары. З вялікай удзячнасцю слугам алтара, якія прыбылі з дапамогай з-за мяжы, Касцёл у Беларусі клапоціцца пра фармацыю сваіх. Для рэалізацыі праграмы новай евангелізацыі гродзенская Вышэйшая духоўная семінарыя ўжо два дзесяцігоддзі рыхтуе новых святароў.

Сёння Вышэйшая духоўная семінарыя ў Гродне ўступае ў трэцяе дзесяцігоддзе сваёй дзейнасці. У 20 гадоў чалавек хоць і малады, аднак ужо дарослы і здольны прымаць адказныя рашэнні. Няхай жа прынятая ў духу сталага паклікання да святарства адказная чалавечая, духоўная, інтэлектуальная і пастырская фармацыя новых святароў у сценах гэтай семінарыі сапраўды стане ключом да новай евангелізацыі ў нашай краіне ў новых абставінах свабоды веравызнання з аднаго боку і нарастаючага секулярызму — з іншага, каб чалавек будаваў сваё жыццё на прынцыпах рэлігійнага гуманізму.

У новы, асветлены ідэямі новай евангелізацыі, шлях, Alma Mater Grodnensis! Ad multos et faecundos annos! І няхай табе благаславіць Першасвятар Езус Хрыстус!

Дзякую за ўвагу.


Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:

  1. http://www.insomnia.pl/Nowe_badania_religijno%C5%9Bci-t606756.html;
    http://wyborcza.pl/1,76842,6261630,Europejczycy_malo_religijni.html
  2. http://catholic.baznica.info/archives/7123
  3. пар. G. Weigel, Świadek nadziei, Kraków 2000. 335
  4. http://www.interfax-religion.ru/catholicism/?act=documents&div= 819
  5. http://www.kkbids.episkopat.pl/anamnesis/46/11.htm
  6. Павел VI, Энцыкліка «Evangelii nuntiandi» (EN), 14
  7. GS 45
  8. http://www.interfax-religion.ru/?act=news&div=32765
  9. http://www.zenit.org/article-23696?l=italian
  10. II Ватыканскі Сабор. Дагматычная канстытуцыя пра Касцёл «Lumen gentium», 35
  11. EN 10
  12. EN 22.41-46
  13. EN 47
  14. EN 23-24.29-39
  15. EN 52.56
  16. EN 18-19.56
  17. http://catholic.uz/full-news/items/papa-formirovanie-svjaschennikov-kljuch-k-novoj-evangelizacii.html
Адноўлена 05.10.2010 16:18
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Выступленні

01.07 13:08Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды 100-годдзя Яе аб’яўленняў у Фаціме
15.05 15:02Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на сімпозіуме да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
05.05 15:04Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
02.05 12:53Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на тэму «Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час»
13.04 13:51Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас пастырскай сустрэчы ў Вялікі чацвер
30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску