Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Даклад а. Пятра Фраштэнгі «Святы Ян ад Крыжа як чалавек веры і кіраўнік на дарозе любові да Бога»

Працягваем нашае разважанне на тэму св. Яна ад Крыжа. Падчас апошняй канферэнцыі мы з вамі гутарылі аб вялікім сэрцы нашага святога, для якога любоў да Бога і бліжняга стала праграмай усяго жыцця. Сёння, беручы пад увагу Год веры, які распачынаецца ў Паўсюдным Касцёле, абвешчаны папам Бэнэдыктам XVI, паразважаем аб Яне ад Крыжа як аб чалавеку веры. Такім ён хацеў быць і такім стаў. Гэтаму спадарожнічалі наступныя падзеі.

У 1567 годзе, маючы дваццаць пяць гадоў (няпоўных чатыры гады законнага жыцця), Ян ад Крыжа — тады яшчэ Ян ад св. Мацея — аб’яўляецца нам як чалавек веры. Тэрэза ад Езуса апавядае нам наступную падзею. Пасля размовы з Янам кажа, што была вельмі шчаслівай, бачачы яго руплівасць і духоўны патэнцыял. Бачачы Яна ад св. Мацея, Тэрэза магла сцвердзіць, што яму непатрэбны быў нават найменшы перыяд фармацыі, каб распачаць манаскае жыццё пасля рэформы.

Зыходзячы з гэтых падзеяў і меркавання св. Тэрэзы, мы можам прыйсці да высновы, што св. Ян мае ў сабе ўнутраную духоўную сталасць, якая праяўляецца ў прагненні паўнаты. Жаданне напоўніць сваё сэрца Богам, спаткацца з Ім, імкненне хутчэй гэтага дасягнуць, не згаджаючыся нават на мінімальнае спазненне. Матывам гэтага спаткання з’яўляецца, канешне, любоў. Менавіта ў ёй Ян прагне спаткацца з Богам, спаткацца ў хуткім часе, крочачы да Яго дарогай, якая вядзе на самую вяршыню дасканаласці.

Святога Яна ад Крыжа можна назваць прыхільнікам самага найважнейшага, што ёсць у жыцці, таго, што з’яўляецца фундаментальным, базавым, прынцыповым. Ян — той, хто крытычна ставіцца да тых, хто займаецца справамі меншай вагі, маргінальнымі, дакладней кажучы, калі справы зямныя ставіць на першае месца ў сваім жыцці. Ян такую паставу выразна крытыкуе. Ён з вялікім шацункам і замілаваннем, у маўчанні прымае Бога ў Яго недаступнай таямніцы.  Ян дастасоўваецца да Яго шляху, да Божай незвычайнасці і бясконцай Божай узнёсласці.

Прамянеючае аблічча святога Яна і яго ўзнёслы дух, які грунтуецца на глыбокай сувязі і прыязні з Богам, выклікалі аднойчы пытанне адной манахіні: «Чаму Ян ад Крыжа такі радасны?» Адказам на гэтае пытанне становіцца пастава святога і праўда, якая яго пастаянна напаўняе:

О! Які добры наш Бог! Менавіта Ён напаўняе мяне сапраўднай радасцю!

Сустрэча і перажыванне гэтага містычнага спаткання Яна з Богам робіць яго радасным, і настолькі, што гэта бачаць іншыя людзі. Гэтай радасці нельга схаваць, бо яна сапраўдная, прамянеючая. Ёю можна толькі дзяліцца.

Святы Ян запрашае нас, каб мы глыбей увайшлі ў таямніцу крыжа, у  цярпенні Бога, які стаўся чалавекам, Езуса з Назарэта. Ісці за Езусам крок па кроку — гэта тая адзіная гісторыя, якую Бог стварыў для нас, бо інакш нельга пайсці наперад, калі не наследаваць Езуса Хрыста. Без чалавечай натуры, без магчымасці ўвайсці ў час і прастору зямной рэчаіснасці, без гісторыі нашага Бога зразумець святога Яна ад Крыжа немагчыма. Наш святы не згаджаецца на нешта мізэрнае. Яго моцнае прагненне асабістай камуніі канцэнтруецца на асобе Езуса з Назарэта.

Разам з Езусам, нашым праўдзівым вялікім Богам, святы Ян ад Крыжа ўваходзіць у глыбіню таямнічай любові, якая не патрабуе ніякіх тлумачэнняў, а таксама іх не прагне. Бо той, хто пастаянна звяртае на сябе ўвагу і не адракаецца ад сябе ў духу Евангелля, тым самым не можа ісці за Хрыстом, наследуючы Яго. Ян, як бачым, у найвышэйшай ступені выракаецца сябе самога.

У яго паставе выразна бачна духоўнае самавырачэнне, бо ён дасведчыў і спазнаў тую вартасць, якую прадстаўляе для яго Езус Хрыстус. Ян ведае, што, каб быць падобным да Хрыста, трэба стаць падобным да Яго ва ўсім, нават у цярпенні: быць прыніжаным і пагарджаным. І калі цяперашняе жыццё не з’яўляецца наследаваннем Хрыста, то такое жыццё не вядзе да Бога. Самавырачэнне ў духу Евангелля, аб чым кажа Хрыстус, з’яўляецца вызнаннем любові, якая здзяйсняе выбар. Гэты выбар заключаецца ў тым, каб стаць падобным да Хрыста ва ўсім сваім жыцці.

Святы Ян ад Крыжа ставіць вялікі акцэнт на бескарысную любоў, якая нічога не патрабуе ўзамен. Ён сам быў чалавекам, які празмерна не клапаціўся пра сябе і не імкнуўся звяртаць на сябе ўвагу. А Бог насамрэч клапоціцца асаблівым чынам аб тых, хто Яго любіць. Таму святы Ян не перабольшвае сваіх цярпенняў  і выпрабаванняў, усведамляючы, што такі ёсць кошт сапраўднай любові.

Ян спакойна распавядаў пра той час, калі быў у таледанскай вязніцы амаль дзевяць месяцаў, распавядаў з вялікім спакоем аб сваіх недамаганнях, але на самой справе ўсё гэта было прадвесцем яго хуткага адыходу з гэтага свету. Ён, ахоплены Божай любоўю, зусім не перажывае наконт сябе, не баіцца цярпенняў і болю, які хутка становіцца яго ўдзелам. Бо толькі праз такі нялёгкі досвед можна адчуць Божую прысутнасць і любоў: становячыся падобным да Езуса Хрыста. Яго сэрца не мае асалоды ў чымсьці меншым, чым Бог.

Любоў, якую кожны чалавек атрымоўвае дарма, любоў, якая па сваёй сутнасці з’яўляецца бескарысным дарам у аднясенні да Бога, цалкам сфакусіравана на Ім. На Богу. У адносінах чалавека да Бога называем гэтую любоў «сузіраннем», прытуленнем да Бога, сканцэнтраваннем свайго позірку на любімай асобе.

Мая душа пазбаўлена ўсяго, адарваная ад усіх рэчаў, самотная і свабодная ад усяго створанага: нябеснага і зямнога, так глыбока яна ўвайшла ва ўнутраную прыязнь з Табою, Божа… — кажа святы.

Ян ад Крыжа мае ў сабе велізарны патэнцыял такога сузірання Бога. Ён гэтага не хавае ад іншых і не адчувае патрэбы, каб перапрашаць іншых з гэтай нагоды. Але, каб перажываць гэтую рэчаіснасць, св. Ян ніколі не жадаў аддаляцца ад іншых, не жадаў пастаяннай прасторы самотнасці дзеля такога перажывання камуніі з Богам. Хоць ён і захапляўся самотнасцю дзеля Бога, аднак заўсёды быў глыбокадухоўным чалавекам, прыхільнікам малітвы сузірання, нягледзячы на інтэнсіўную апостальскую дзейнасць.

Аднак жа Містычны Доктар, як называюць святога Яна ад Крыжа, клапоціцца ўсім сэрцам пра тое, каб дастасавацца да рытму, адпавядаючаму магчымасцям і патрэбам іншай асобы. Ён дасканала ведаў, што ёсць тыя людзі, якія ўзносяцца да Бога, абапіраючыся на нейкія прадметы ўяўлення, а не адарваныя ад усяго, як ён. І на такой дарозе гэтыя людзі павінны карыстацца такім метадам малітвы, ён для іх на дадзеным этапе духоўнага развіцця ўласцівы, патрэбны і нават неабходны.

Айцец Юзаф ад Езуса Марыі, збіраючы розныя сведчанні пра святога, піша наступныя словы, якія ён пачуў у кляштары Уцелаўлення ад сясцёр, духоўным кіраўніком якіх некаторы час быў менавіта св. Ян ад Крыжа.

Заўсёды сясцёр захапляла вялікая цярплівасць, з якой айцец Ян ад Крыжа кіраваўся да кожнай даверанай яму душы. Ён з вялікай лагоднасцю і цярплівасцю пераносіў іх недасканаласці, рабіў шматлікія заўвагі для іх дабра, вёў іхнім уласным, хоць недасканалым, крокам ажно да вяршыні дасканаласці. Без усялякага прымусу, пры дапамозе самых звычайных сродкаў, кіраваў св. Ян давераныя яму душы аж да моманту, калі дасягнуць стану духоўнай сталасці…


Праз падобнага роду далікатнасць і  разважлівасць дапамагаў ён законным сёстрам рабіць крок па кроку наперад у духоўным развіцці, спачатку адкідваючы нават найменшую недасканаласць. І гэта дзейнічала сапраўды моцна і больш карысна ўплывала на сясцёр, чым калі б святы Ян дакараў іх з суровасцю і нецярплівасцю. Прынцып духоўнага кіраўніцтва святога Яна ад Крыжа заключаўся ў тым, што ён не выкарыстоўваў належнага леку ад дадзенай духоўнай хваробы, пакуль зацікаўленая асоба не была ў адпаведным стане, каб гэты лек прыняць.

Тое, што наш святы быў чалавекам веры, дазваляла яму выдатна выконваць функцыю настаўніка і выхавацеля. Гэтую функцыю ён выконвае ад моманту рэформы ордэну, даючы базу для саліднага і агульнаасабовага выхавання, пры гэтым выкарыстоўваючы своеасаблівы стыль, які характарызаваўся вялікім узроўнем разважлівасці і лагоднасці. Гэта неаднаразова падкрэслівалі яго сучаснікі.

Канчаткова прызнанне духоўнага аўтарытэту ў справах выхавання і духоўнага кіраўніцтва адбылося дзякуючы дзвюм вельмі важным падзеям, у якіх брала ўдзел святая Тэрэза ад Езуса.

Першая падзея адбылася амаль праз паўгады пасля таго, як Тэрэза атрымала функцыю настаяцельніцы кляштара Уцелаўлення. У той час яна звяртаецца з просьбай да кампетэнтных законных уладаў, каб тыя дазволілі менавіта Яну ад Крыжа выконваць функцыю духоўнага кіраўніка законнай супольнасці сясцёр дадзенага кляштару. Другой такой падзеяй было хуткае навязванне кантакту з сёстрамі кармэліткамі босымі ў Бэас, пасля таго, як Ян збягае з вязніцы ў Таледа.

Радуючыся першым плёнам свайго быцця настаяцельніцай у кляштары Уцелаўлення, Тэрэза, звяртаецца да апостальскага камісара дамініканіна Пятра Фернандэз з прапановай намінацыі айца Яна ад Крыжа на пасаду спаведніка супольнасці. Калі Тэрэза даведалася, што яе просьба не толькі разгледжана, але пазітыўна прынята, яна з вялікай радасцю абвясціла сваёй супольнасці сёстраў:

Прадстаўляю вам нашага спаведніка, аднаго айца, якога я лічу святым.

Калі Ян ад Крыжа з’явіўся ў кляштары Уцелаўлення, Тэрэза з радасцю паведамляе :

Вялікую духоўную карысць прынясе гэты законнік, кармэліт босы; які нас будзе спавядаць, —  гэта брат Ян ад Крыжа.

Сам Ян ад Крыжа на пытанне, як у яго атрымалася заваяваць такую прыхільнасць сясцёр, адказвае:

Усё гэта здзяйсняе Бог, а як сродак да гэтага здзяйснення выкарыстоўвае мяне, нікчэмнага чарвячка, і таму натхняе іх (сясцёр), каб былі да мяне прыхільнымі і зычлівымі.

Паслуга спаведніка праз нейкі час спыняеццца ў выніку таго, што Яна ад Крыжа саджаюць у вязніцу ў Таледа. Не прайшло і трох месяцаў пасля ўцёку з вязніцы, як Ян прабывае ў сясцёр кармэлітак босых у Бэас. Настаяцельніца сясцёр Ганна ад Езуса, для якой ён пасля напіша каментар да Духоўнай Песні, у першы момант не дацаніла належным чынам асобу Яна ад Крыжа і напісала да св. Тэрэзы, просячы яе аб якім-небудзь спаведніку, з якім можна было б выдатна разважаць аб духоўных справах. Гэтая просьба выклікала хуткі адказ св. Тэрэзы:

Для мяне здаецца вельмі дзіўным тое, што ты зусім беспадстаўна скардзішся мне ў гэтай справе, бо маеш там майго айца Яна ад Крыжа, які з’яўляецца чалавекам Божага Провіду… Пасля таго, як ён нас пакінуў, я не спаткала ва ўсёй Кастыліі іншага падобнага да яго, ані кагосьці, хто крочыў бы і быў знаўцам духоўнага жыцця так, як Ян ад Крыжа. Ты не ўяўляеш, які вялікі ўнутраны смутак існуе ў маім сэрцы па прычыне недахопу гэтага святога чалавека. Разваж, бо Ян з’яўляецца сапраўдным скарбам.

Праз два гады Тэрэза зноў рэкамендуе Яна ад Крыжа адной манахіні з Каравака:

Я пастараюся накіраваць да вас айца Яна ад Крыжа. Я вам кажу, дарагія сёстры, з прастатой размаўляйце з ім аб вашых духоўных справах, шукаючы ў яго суцяшэння  і спакою, бо душа яго асабліва мілая Богу, якой даў Ён свайго духа.

Ян не можа адмовіць сваёй «сястры і маці», як называў ён святую Тэрэзу ад Езуса.

Заданне духоўнага кіраўніка святы Ян выконваў старанна, з велікадушнасцю і справядлівасцю. Адначасова ён сустракаўся са шчырай пашанай з боку тых, каго вёў да духоўных вяршынь. Таму слушна яго можна было назваць «кіраўніком духоўных людзей». Гэтае ж заданне выконвае св. Ян ад Крыжа і сёння, толькі крыху іншым чынам. Навука, якая засталася пасля яго, з’яўляецца духоўнай спадчынай і накірункам для ўсіх, хто прагне ўвайсці на дарогу дасканаласці. Менавіта таму знаёмства з асобай нашага святога з’яўляецца вельмі важнай справай для кожнага з нас. Ад моманту, калі жыў і працаваў святы Ян ад Крыжа, прайшло нямала часу, але для нас ён надалей застаецца не толькі чалавекам дасканалай і глыбокай веры, але перадусім надзейным кіраўніком на дарозе да Бога.

 

Адноўлена 15.10.2012 20:10
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Выступленні

01.07 13:08Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды 100-годдзя Яе аб’яўленняў у Фаціме
15.05 15:02Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на сімпозіуме да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
05.05 15:04Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
02.05 12:53Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на тэму «Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час»
13.04 13:51Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас пастырскай сустрэчы ў Вялікі чацвер
30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску