2-3 сакавіка 2013 г., Баранавічы
Касцёльныя і свецкія СМІ
Глыбокапаважаныя ўдзельнікі медыйнага форуму, прысвечанага хрысціянству ў свецкіх СМІ!
1. Сардэчна вітаю ўсіх вас і дзякую арганізатарам гэтага семінара — Катэхетычнаму каледжу ім. Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага. Ужо другі раз у яго гасцінных сценах праводзіцца падобнае мерапрыемства, што з’яўляецца пацвярджэннем як патэнцыялу каледжа, так і адказам на выклікі часу аб неабходнасці выкарыстоўвання сродкаў сацыяльнай камунікацыі ў жыцці Касцёла, асабліва для евангелізацыі.
Семінар, які распачынаецца сёння, праходзіць у Год веры з мэтай яе абудзіць і ўмацаваць, у чым асаблівая роля належыць сродкам сацыяльнай камунікацыі. Праходзіць яна таксама ў нязвыклых абставінах жыцця Касцёла, а менавіта падчас Sede vacante Апостальскага Пасаду, калі Папа Бэнэдыкт XVI дабравольна сышоў з пасады наступніка святога апостала Пятра, а новы Пантыфік яшчэ не абраны. Гэта вельмі рэдкая, хаця і прадугледжаная Кананічным правам Каталіцкага Касцёла, сітуацыя. З завяршэннем служэння Бэнэдыкта XVI завяршылася яшчэ адна старонка гісторыі Касцёла, у якой шмат месца было прысвечана медыя. Папа Ратцынгер увёў ва ўжытак тэрмін інфаэтыка1, што вельмі добра ўпісваецца ў праграму ягонага Пантыфікату, падчас якой ён стаў голасам сумлення сучаснага амаралізаванага свету і шмат увагі прысвяціў захаванню этычных норм у ім. За што мы сёння яму асабліва ўдзячны.
2. Дзякуючы сапраўды дзівоснаму і вельмі хуткаму развіццю інфарматыкі свет сучасных медыя пранікае ва ўсё новыя сферы нашага жыцця, у тым ліку і рэлігійнага. СМІ перамяняюць свет у рэлятыўна меншы і чыняць з яго адну глабальную вёску, дзе падзеі ў адной краіне ці на адным кантыненце імгненна становяцца вядомымі людзям на іншым канцы свету. Усё гэта таксама ўплывае на развіццё сувязяў паміж людзьмі розных культур і цывілізацый.
Можна казаць, што сучасныя медыя з аднаго боку адыгрываюць як быццам ролю даўнішняга рынку, дзе людзі спатыкаліся паміж сабой, атрымлівалі інфармацыю, абменьваліся поглядамі і г.д. З іншага ж, яны асягнулі такую ступень свайго развіцця, што для многіх людзей сталі галоўным інструментам інфармацыі і фармацыі, правадніком і натхненнем у сямейным, індывідуальным і грамадскім жыцці. Дзякуючы ім людзі спатыкаюцца паміж сабой, прымаюць удзел у розных здарэннях, фармуюць свае погляды і каштоўнасці. Дасведчанне знешняга свету вельмі часта з’яўляецца дасведчаннем, здабытым са СМІ. Іх моц такая вялікая і ўплывовая, што для многіх людзей рэчаіснасцю становіцца тое, што такім прызнаюць медыя. І наадварот усё тое, чаму яны не прысвячаюць увагі, здаецца пазбаўленым значэння, — падкрэслівае Інструкцыя Папскай рады па сродках масавай камунікацыі «Aetatis novae»2. Нездарма іншы дакумент той самай Папскай рады «Etica nelle comunicazioni sociali» — «Этыка ў сродках сацыяльнай камунікацыі» — вучыць, што сучасны чалавек часта прымае сваё жыццё як медыйную падзею3. Благаслаўлёны Ян Павел II у Апостальскім лісце «Rapido svuluppo» — «Хуткае развіццё» — навучае, што, будучы аспектам глабалізацыі, сродкі сацыяльнай камунікацыі, якім спрыяе таксама хуткае развіццё тэхналогій, маюць вялікі ўплыў на культурнае асяроддзе4. А Папа Бэнэдыкт XVI заўважае, што складаныя выклікі, з якімі сутыкаецца сучаснае выхаванне, звязаны з шырокім уплывам медыя5.
Паўсюднасць СМІ ў штодзённым жыцці аказвае вялікі ўплыў на менталітэт і фармаванне грамадства, а таксама культуру. Кампендый сацыяльнага вучэння Касцёла падкрэслівае, што ў развіцці сапраўднай культуры вернікі павінны звяртаць вялікую ўвагу на сродкі масавай камунікацыі, а перш за ўсё на змест выбару многіх людзей. Гэты выбар заўсёды мае маральную вагу і павінен ацэньвацца ў гэтым ракурсе6.
Медыя могуць будзіць сумленне чалавека, бараніць яго правы, кіраваць чалавечую свядомасць да дабра, свабоды, справядлівасці і міру. У залежнасці ад таго, як людзі карыстаюцца з медыя, яны могуць фармаваць у сабе стаўленне салідарнасці і спагады з іншымі або замкнуцца ў сваім эгаістычным, пазбаўленым знешніх адносін свеце. Сучасныя медыя, асабліва інтэрнэт, маюць вельмі моцны, які можна параўнаць да наркатычнага, уплыў на чалавека і грамадства. Такім чынам, шырокае выкарыстанне СМІ прывяло да фарміравання інфармацыйнага грамадства з усімі яго наступствамі, таксама і ў галіне этыкі і веры.
Тут варта падкрэсліць, што ў святле веры чалавечую камунікацыю трэба лічыць шляхам ад Бабілона да Пяцідзясятніцы. У Бабілоне з-за чалавечай ганарлівасці гэтая камунікацыя была знішчана7, а дзякуючы спасланню Святога Духа ў дзень Пяцідзясятніцы яна была адноўлена — людзі розных моваў разумелі адзін аднаго8. Таму і нам, людзям ужо XXI стагоддзя, неабходна ўсведамляць асабістае і сацыяльнае заданне, адкрываючыся на дар моваў9 і адноўленую сілай Святога Духа еднасць10, пераадольваць калапс камунікацыі11. У гэтым працэсе сучасныя СМІ адыгрываюць усё большае значэнне, асабліва для абвяшчэння Евангелля і фармацыі здаровага стылю жыцця чалавека.
Нягледзячы на амаль што бязмежныя магчымасці медыя, яны яшчэ далёка не да канца выкарыстаны для абвяшчэння Евангелля і хрысціянскай фармацыі чалавека і з’яўляюцца магутным, аднак, на жаль, яшчэ часта дрэмлючым евангелізуючым патэнцыялам.
3. Сучасныя медыя з’яўляюцца не толькі сродкамі інфармацыі, але адначасова і месцам, якое неабходна евангелізаваць. Такім чынам, яны з’яўляюца новымі арэапагамі сучаснасці. Заданне евангелізацыі медыя датычыць усіх хрысціян, але асабліва яно датычыць тых, хто працуе ў СМІ. Менавіта супрацоўнікі медыя павінны паступаць так, каб хрысціянскія прынцыпы фармавалі практыку гэтай прафесіі. А для таго, каб яны маглі належным чынам выконваць сваё заданне, ім неабходна гарантаваць здаровую чалавечую, рэлігійную і духоўную фармацыю12.
Сучасны Касцёл павінен як мага больш выкарыстоўваць розныя сродкі сацыяльнай камунікацыі — як традыцыйныя, так і сучасныя, каб несці людзям пасланне збаўлення13. Таму прысутнасць Касцёла ў сферы медыя з’яўляецца неабходным элементам яго пастырскай стратэгіі.
4. Адметнасцю семінара, які распачынаецца сёння, з’яўляецца тое, што ён прысвечаны вельмі важнай тэме прысутнасці хрысціянства ў свецкіх СМІ і адносін паміж імі. Іншымі словамі, гэты семінар пакліканы да пошуку новых перспектыў супрацоўніцтва свецкіх СМІ і рэлігіі, што з’яўляецца вельмі актуальным у наш час.
Якія праблемы існуюць ва ўзаемаадносінах паміж свецкімі СМІ і рэлігіяй? Адказ відавочны. Адкрыем любую публікацыю на рэлігійную сферу і ўбачым традыцыйны набор тэмаў: рэлігійныя святы, скандалы, узаемаадносіны паміж веруючымі і няверуючымі і г.д.
Кіраўнік Цэнтра стратэгічных даследаванняў рэлігіі і палітыкі сучаснага свету ў Маскве Максім Шаўчэнка падмеціў, што многім хацелася б, каб Царква была дзіўнай супольнасцю дзіўных, якія знаходзяцца ў Сярэднявеччы, людзей. Гэта не што іншае, як сведчанне крызісу ўспрыняцця Царквы як сацыяльнага інстытуту і адначасова як сакральнай рэчаіснасці.
Падобнае напружанне ў дыялогу паміж рэлігіяй і свецкімі СМІ звязана з тым, што сучасная традыцыя журналістыкі сягае сваімі каранямі да эпохі Адраджэння. З гэтай складанай спробы разумення і ўзаемнага пазнавання свецкага грамадства і рэлігійных арганізацый і паходзіць тая напружанасць, якая характарызуе адносіны рэлігіі і свецкіх СМІ.
Рэлігійныя арганізацыі наогул нялёгкі партнёр для свецкіх СМІ. На постсавецкай прасторы гэтая сітуацыя ўскладняецца яшчэ спадчынай недалёкага атэістычнага мінулага, недахопам належнага вопыту ўспрыняцця адзін аднаго, а таксама адсутнасцю добра падрыхтаваных для такіх адносін кадраў.
Журналістаў, якія пішуць аб рэлігіі, можна ўмоўна падзяліць на дзве групы: якія працуюць у свецкіх і канфесійных выданнях. Свецкія пішуць матэрыялы на рэлігійную тэматыку альбо рэгулярна, а такіх мала, альбо эпізадычна напярэдадні вялікіх рэлігійных святаў ці тых выпадкаў, калі рэлігійная тэматыка становіцца вядучай. Канфесійныя журналісты ў асноўным разглядаюць жыццё рэлігійных арганізацый, розныя мерапрыемствы і ўсё часцей закранаюць дактрынальныя пытанні, што вельмі добра. Аднак канфесійныя выданні маюць абмежаваную аўдыторыю і практычна не вядомыя шырокай публіцы.
У апошнія часы свецкія медыя прысвячаюць рэлігійнай тэматыцы больш увагі, што падкрэслівае важнасць рэлігійнага фактару ў жыцці грамадства. З’яўляюцца больш удумлівыя і падрабязныя матэрыялы ў СМІ. У той жа час, для многіх свецкіх выданняў рэлігія па-ранейшаму застаецца другаснай тэмай, пісаць пра якую можа любы чалавек. У выніку чаго ўзнікае сітуацыя, пры якой рэлігійная тэматыка ў свецкіх СМІ практычна асуджана быць у пэўным сэнсе маргінальнай.
Рэлігійныя падзеі звычайна не найлепей упісваюцца ў медыйны фармат, бо вельмі складана знайсці адэкватную форму выказвання тэндэнцый, якія адбываюцца нават у традыцыйных рэлігіях. Як аднойчы заўважыў намеснік дэкана факультэта журналістыкі Маскоўскага дзяржаўнага інстытута міжнародных адносін, галоўны рэдактар часопіса «Фома» Уладзімір Легойда, журналіст, пішучы на тэму Царквы, павінен разумець, што ёсць рэчы відавочныя і важныя для веруючага чалавека, але прынцыпова неперакладальныя на мову СМІ. Свецкі журналіст не можа прапаведаваць або тлумачыць чытачу дагматычнае вучэнне Царквы, але ён можа адэкватна адлюстраваць жыццё рэлігійных інстытутаў, калі будзе ўважлівы, карэктны, прафесійна падрыхтаваны.
У сувязі з гэтым узнікае пытанне аб тым, што і як можна пісаць аб рэлігіі? Тут вельмі важнай з’яўляецца пазіцыя самых рэлігійных арганізацый і іх гатоўнасць да дыялогу са СМІ. Гэта вельмі важна, бо няведанне нараджае чуткі і міфы, трансляваныя са старонак газет і электронных СМІ, якія больш-менш актыўна падхопліваюцца грамадзянамі. Пры гэтым далёка не ўсе плёткі бяскрыўдныя, паколькі бяздоказна зневажаюць рэлігію і рэлігійныя арганізацыі. Попыт нараджае прапанову, і чытачы вымушаны судзіць аб рэлігійных арганізацыях па тых звестках, якія ім прапануюць журналісты14.
5. Мы рады таму, што рэлігійныя сродкі сацыяльнай камунікацыі ў нашай краіне развіваюцца і адыгрываюць усё большае значэнне ў жыцці як рэлігійных арганізацый, так і грамадства. Аднак калі мы параўнаем прысутнасць касцёльных і свецкіх медыя ў сучасным жыцці, то няўзброеным вокам бачна, што першыя — гэта толькі кропля ў моры ў медыйнай прасторы сучаснага свету, у тым ліку і ў Беларусі. Таму зусім натуральна, што нам неабходна развіваць адносіны са свецкімі СМІ з мэтай больш шырокага абвяшчэння Евангелля, прабуджэння і ўмацавання веры, абароны хрысціянскіх каштоўнасцяў, хрысціянскага выхавання чалавека і г.д. Гэта не што іншае, як выклік для Касцёла і імператыў нашага часу.
Такое заданне выплывае з праграмы новай евангелізацыі, як галоўнага напрамку дзейнасці Касцёла на сучасным этапе яго развіцця. На Сінодзе Біскупаў, прысвечаным новай евангелізацыі для перадачы веры, які адбыўся ў кастрычніку мінулага года ў Ватыкане, Айцы гэтага касцёльнага форуму вельмі вялікую ўвагу прысвячалі неабходнасці развіваць адносіны са свецкімі СМІ для ажыццяўлення праграмы новай евангелізацыі з мэтай адраджэння і перадачы веры. Адна з прапаноў Сіноду звяртае ўвагу на неабходнасць большага выкарыстання медыя для ажыццяўлення гэтага задання. Пры гэтым асаблівая роля належыць адпаведнай падрыхтоўцы спецыялістаў15. Калі гэтае заданне актуальна для рэлігійных медыя, то яно не менш актуальна і для свецкіх.
Неабходнасць развіцця супрацоўніцтва са свецкімі СМІ падкрэслівае і Праваслаўная Царква. Так, у Асновах сацыяльнай канцэпцыі Рускай Праваслаўнай Царквы гаворыцца, што асветніцкая, вучыцельская і грамадска-міратворчая місія Царквы заахвочвае яе да супрацоўніцтва са свецкімі сродкамі масавай інфармацыі, здольнымі несці яе пасланне ў самыя розныя пласты грамадства16.
6. Зыходзячы з навучання Касцёла і беручы пад увагу тое, што медыя становяцца неад’емнай часткай жыцця сучаснага чалавека, ніхто не мае сумневу, што іх неабходна як мага лепей выкарыстоўваць для інфармацыі, евангелізацыі і фармацыі.
Аднак пры гэтым паўстае шэраг пытанняў. Ці прысутнасць хрысціянства ў цэлым, і каталіцтва ў прыватнасці, у медыя, у тым ліку і свецкіх, з’яўляецца задавальняючай? Ці магчымасці медыя дастаткова выкарыстоўваюцца Касцёлам? Ці мы ўмеем ствараць новыя медыйныя структуры, выкарыстоўваючы найноўшыя дасягненні сучаснай навукі і тэхнікі? Зыходзячы з рэальнай сітуацыі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, на гэтыя і падобныя пытанні нам цяжка адказаць «так», таму што не хапае рэсурсаў; не дастаткова добра падрыхтаваных спецыялістаў; няма свайго радыё і тэлебачання; сайты, асабліва www.catholic.by, хаця і развіваюцца бурна, аднак яшчэ шмат неабходна ўчыніць для іх удасканалення; каталіцкія выдавецтвы, асабліва «Pro Christo», якія стаялі ля вытокаў развіцця медыяпрасторы Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне і якія сёння адыгрываюць вялікую ролю ў яго жыцці, таксама патрабуюць распрацоўкі новай стратэгіі, каб быць больш эфектыўнымі ў выкананні сваёй евангелізатарскай місіі, а таксама заўважальнымі і канкурэнтнымі на медыйным рынку.
Распрацоўваючы стратэгію супрацоўніцтва са свецкімі СМІ і іх выкарыстоўвання ў жыцці Касцёла, неабходна браць пад увагу наступныя праблемы і тэндэнцыі:
- павялічванне пазбаўленых духоўнага зместу праграм у свецкіх СМІ; - падпарадкаванне свецкіх медыя законам рынку; - размыванне ў свецкіх СМІ мяжы паміж рэчаіснасцю і віртуальнасцю; - пэўнае, вынікаючае з імкнення да павялічвання колькасці выдаванай літаратуры, слухачоў ці аглядальнікаў, а таксама тэндэнцыі да паліткарэктнасці, знявольванне свецкіх медыя, у выніку чаго памяншаецца іх духоўная якасць; - недастатковая рэлігійная адукацыя свецкіх журналістаў; - прапаганда маральнага рэлятывізму і культуры спажывецтва ў свецкіх СМІ; - частая маніпуляцыя фактамі ў свецкіх медыя.
Гэтыя і іншыя праблемы не спрыяюць маральнаму выхаванню сучаснага чалавека і дэструктыўна ўплываюць на яго. Таму зразумела частая крытыка свецкіх СМІ, асабліва з боку веруючых людзей.
У той жа час нам неабходна памятаць аб вялікай пазітыўнай ролі медыя, у тым ліку і свецкіх, якія, на жаль, не заўсёды належным чынам выкарыстоўваюцца. Да свецкіх медыя нельга падыходзіць як да ворага. Наадварот, іх неабходна ўспрымаць як вялікі шанс, як Божы дар чалавецтву і Касцёлу, які ўспрымае іх пазітыўна і ставіцца да іх прыхільна. Ён успрымае іх не толькі як тварэнне чалавечага генію, але і як цудоўныя Божыя дары і знакі нашага часу17. Таму прысутнаць Касцёла ў свецкіх медыя абавязковая, бо ў наш час яны з’яўляюцца найбольш даступным інструментам евангелізацыі, свайго роду сучаснай і вельмі эфектыўнай амбонай. Касцёл таксама патрабуе іх для прадстаўлення сваёй тоеснасці і аблічча ў сітуацыях, калі сучасны свет прапануе зусім іншыя, далёкія ад духоўных магчымасці выбару.
Дзякуй Богу, Каталіцкі Касцёл у Беларусі, медыя-рэсурсы якога абмежаваны двума выдавецтвамі — «Pro Christo» ў Мінску і «Выдавецтвам Гродзенскай дыяцэзіі» ў Гродне; некаторымі сайтамі, перадусім www.catholic.by і www.grodnensis.by; сямю часопісамі — «Аve Maria», «Наша Вера», «Маленькі рыцар Беззаганнай», «Дыялог», «Любите друг друга», «Дар жизни» і «Царква»; трыма газетамі — «Каталіцкія навіны», «Слова Жыцця» і «Каталіцкі веснік»; беларускай рэдакцыяй Ватынскага радыё і кінастудыяй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, якая знаходзіцца ў Гродне, — тым не менш мае магчымасці даволі шырока выкарыстоўваць дзяржаўныя свецкія СМІ. Прысутнасць рэлігійных праграм у свецкіх медыя з’яўляецца вельмі важнай, бо дзякуючы ім яна даходзіць да шырокіх грамадскіх колаў і гэтым самым пашырае ўспрыманне рэлігійнай тэмы.
Радуе тое, што гэтая прысутнасць з кожным годам павялічваецца. Галоўнымі пазіцыямі на Цэнтральным беларускім тэлебачанні з’яўляюцца наступныя:
- прамая трансляцыя святочных набажэнстваў на Божае Нараджэнне і Вялікдзень; - прысвечаная асноўным каталіцкім святам праграма «Слова пастыра»; - штомесячная праграма «Каталіцкія святыні»; - перадача аб гісторыі і філасофіі хрысціянства «Існасць», якая выходзіць на асноўныя каталіцкія святы; - рэлігійная навасная праграма «Благовест» з сюжэтам пра Каталіцкі Касцёл, якая выходзіць па нядзелях; - прысвечаная дзейнасці Каталіцкага Касцёла штомесячная тэлеперадача «Таямніца душы». - тэлепраграма «Размовы пра духоўнае», якая выходзіць два разы ў месяц; - Цэнтральнае беларускае тэлебачанне таксама праводзіць прамое ўключэнне трансляцыі фрагментаў святочных набажэнстваў з Ватыкана, асабліва на Божае Нараджэнне, Новы год і Вялікдзень, і перадае інфармацыю аб галоўных рэлігійных святкаваннях у нашай краіне.
Беручы агульна, Цэнтральнае беларускае тэлебачанне прадастаўляе Каталіцкаму Касцёлу каля трох гадзін і 45 хвілін эфіру ў месяц.
Акрамя гэтага, абласныя тэлерадыёкампаніі прапануюць каталіцкія тэле- і радыёпраграмы. Галоўнымі з іх з’яўляюцца наступныя. Віцебская тэлерадыёкампанія кожную пятніцу транслюе радыёперадачу «Слова да вернікаў» і адзін раз у месяц тэлепраграму «Вытокі». Гродзенская тэлерадыёкампанія два разы ў месяц транслюе тэлеперадачу «Сімвал веры».
Кожную нядзелю на першым канале Беларускага радыё вядзецца прамая трансляцыя святой Імшы з пяціхвіліннымі навінамі Ватыканскага радыё.
Ужо восем гадоў у Беларусі праводзіцца Міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Magnificat».
7. У сувязі з пашырэннем узаемадзеяння рэлігіі са свецкімі СМІ неабходна паразважаць над пытаннем: «Якой павінна быць стратэгія Касцёла адносна супрацоўніцтва са свецкімі СМІ? Шырокая прысутнасць у іх ці абмежаванне гетта толькі касцёльных СМІ?»
Адказваючы на гэтыя пытанні, неабходна звярнуць увагу на некалькі важных і канкрэтных заданняў, якія стаяць перад Касцёлам адносна выкарыстоўвання свецкіх СМІ.
а) Неабходна вучыць людзей мудраму і крытычнаму карыстанню мас- медыя, гэта азначае: - адрозніваць тое, што сутнасна, ад таго, што з’яўляецца толькі сенсацыяй; - дапамагаць ім бачыць духоўныя і рэлігійныя праблемы ў кіно, тэатры, тэлепраграмах, інтэрнэце і музыцы, а таксама распазнаваць уплыў СМІ на штодзённае жыццё; - уплываць на абмежаванне такіх шкодных звычак, як бессэнсоўны агляд телевізійных праграм, не звяртаючы ўвагу на тое, што там паказваюць, пры гэтым трэба памятаць аб тым, што моладзь вельмі хутка трапляе ў теле- і інтэрнэт-залежнасці.
в) Неабходна прапагандаваць і весці дыялог са свецкімі медыя і ў свецкіх медыя з мэтай фармаваць грамадскую думку па той ці іншай рэлігійнай, маральнай або грамадскай праблеме. Пры гэтым трэба належным чынам выкарыстоўваць мову, памятаючы аб тым, што тое, што даспадобы ў касцёльных медыя, можа здавацца незразумелым і нават штучным у свецкіх. Беручы пад увагу тое, што сучасныя медыя плюралістычныя, тым не менш неабходна заўсёды прытрымлівацца культуры дыялогу.
с) Неабходна дапамагаць свецкім медыя адчуваць маральную адказнасць за перадаваны змест і шанаванне імі этычнага кодэксу, а таксама за пераказ праўды.
8. У сувязі з гэтым вялікае значэнне набывае дакумент Папскай рады па сродках масавай камунікацыі «Этыка ў сродках сацыяльнай камунікацыі». Між іншым ён сцвярджае, што медыя не з’яўляюцца сляпымі сіламі прыроды, якія выходзяць з-пад кантролю, бо адказныя за іх людзі вырашаюць, як іх выкарыстоўваць, — у добрых ці злых мэтах, добрым ці злым чынам18. Таму Касцёл не імкнецца іх асуджаць, але праз выпрацаванне адпаведных пазітыўных прынцыпаў хоча ім дапамагчы.
Рэфлексія над СМІ павінна распачынацца ад пытання: ці служыць развіццё тэхнікі развіццю самога чалавека19? Шукаючы адказу на гэтае пытанне, неабходна прыняць, што, агульна кажучы, працуючыя там асобы — гэта справядлівыя, жадаючыя паступаць адпаведна людзі. Імкнучыся дапамагчы ім прымаць нялёгкія рашэнні, Касцёл прапануе прынцыпы маральнага парадку ў медыя і запрашае да дыялогу.
Найперш Касцёл паказвае, як СМІ служаць для чалавека20, і далей звяртае ўвагу на тое, якім чынам СМІ парушаюць дабро чалавека21.
Адносна пазітыўнага ўплыву медыя на чалавека ў сферы рэлігіі, яны з’яўляюцца крыніцай ведаў і інфармацыі аб падзеях, ідэях і асобах з рэлігійнага жыцця і таксама служаць інструментам евангелізацыі і катэхізацыі.
У той жа час адносіны паміж рэлігіяй і СМІ могуць парушаць дабро чалавека.
Пагроза з боку СМІ:
- ігнараванне або спіхванне на бок рэлігійных праблем і рэлігійнага досведу; - адносіны да рэлігіі без належнага яе разумення; - распаўсюджванне штучных сенсацый, газетных «качак» і рэлігійных міфаў коштам традыцыйнай веры; - ацэнка рэлігіі і рэлігійнага дасведчання паводле свецкіх крытэрыяў прыдатнасці і падтрымліванне поглядаў, якія адпавядаюць свецкім задавальненням; - спробы замкнуць трансцэндэнтнасць у межах рацыяналізму і скептыцызму.
Пагроза з боку рэлігіі:
- a priori прыняцце негатыўнага і асуджаючага стаўлення адносна СМІ; - эмацыянальнае і нават маніпулятыўнае прадстаўленне рэлігійнага зместу; - выкарыстоўванне медыя як інструментаў кантролю і панавання; - непатрэбнае затойванне інфармацыі і іншыя злачынствы супраць праўды; - утойванне евангельскага наказу навяртання, пакуты і паправы жыцця і замена яго бескаляровай рэлігійнасцю, якая мала патрабуе ад людзей; - падтрымліванне фундаменталізму, фанатызму і рэлігійнага эксклюзівізму.
Каб СМІ былі сапраўды інструментам будавання і ўмацоўвання чалавечага грамадства, павінен быць дыялог і падпарадкаванне праўдзе ўсіх, хто прымае ўдзел у працэсе сацыяльнай камунікацыі22. «Узаемадзеянне Царквы і свецкіх сродкаў масавай інфармацыі прадугледжвае ўзаемную адказнасць. Інфармацыя, якая прадстаўляецца журналісту і перадаецца ім аўдыторыі, павінна быць дакладнай. Меркаванні святароў ці іншых прадстаўнікоў Царквы, якія распаўсюджваюцца праз СМІ, павінны адпавядаць яе вучэнню і пазіцыі па грамадскіх пытаннях», — падкрэсліваецца ў Асновах сацыяльнай канцэпцыі Праваслаўнай Царквы23.
Належнае выкарыстанне СМІ патрабуе выкарыстоўвання ўсім вядомых этычных прынцыпаў у новай, створанай імі сітуацыі. Гэта нялёгкае заданне, асабліва ў наш час нарастаючага адыходу ад маральных прынцыпаў і паліткарэктнасці ў іх галіне. Паводле навучання Касцёла яны павінны кіравацца наступнымі нормамі24:
- СМІ неабходна захоўваць наступныя прынцыпы сацыяльнай этыкі: салідарнасць, субсідыярнасць, роўнасць, публічная адказнасць за тое, як выкарыстоўваюцца грамадскія даброты і выконваюцца публічныя функцыі; - чалавечая асоба і грамадства з’яўляюцца мэтай і вымярэннем СМІ, таму камунікацыя павінна праходзіць ад асобы да асобы і служыць інтэгральнаму іх развіццю; - дабро паасобных людзей не можа быць рэалізавана асобна ад супольнага дабра; - свабода слова павінна быць падпарадкавана праўдзе, сумленнасці і ўшанаванню прыватнасці; - грамадства мае права на ўдзел у прыманні рашэнняў адносна СМІ; - рашэнні адносна перадаванага СМІ зместу не могуць прымацца выключна зыходзячы з эканамічных крытэрыяў, бо яны не гарантуюць абароны грамадскага дабра.
На супрацоўніках СМІ і іх карыстальніках ляжаць наступныя маральныя патрабаванні:
- неабходнасць мудрага распазнання і належны выбар зместу перадаванага матэрыялу; - правільнае фармаванне бацькамі сумлення дзяцей і развіццё ў іх крытычнага мыслення адносна ацэнкі і карыстання медыя; - прыкладнасць і бездакорнасць касцёльных медыя згодна з найвышэйшымі стандартамі перадачы праўды, адказнасці, адчувальнасці на правы чалавека і таксама іншых абавязковых прынцыпаў і нормаў; - абавязак душпастыраў заахвочваць да абвяшчэння Евангелля з дапамогай СМІ; - адпаведная фармацыя душпастыраў у галіне сацыяльнай камунікацыі; - абавязак прадстаўнікоў Касцёла быць сумленнымі і простымі ў кантактах са СМІ.
Нароўні з усім гэтым, СМІ не павінны абмяжоўвацца вузкай спецыялізацыяй, а заставацца форумам абмену ідэямі і інфармацыяй, які аб’ядноўвае людзей, спрыяе салідарнасці і міру25. Калі гэта актуальна для ўсіх СМІ, то ў першую чаргу для інтэрнэту. З-за страты каштоўнасці канкрэтнай інфармацыі, уніфармізму і манатоніі, зрэдукаванага да чыстай інфармацыі перадаванага зместу, недахопу адказнасці і аслаблення міжчалавечых адносін, інтэрнэт абуджае асаблівы непакой26.
Такім чынам, «служэнне чалавеку праз стварэнне чалавечай супольнасці, заснаванай на салідарнасці, справядлівасці і любові, а таксама пашырэнні праўды пра чалавечае жыццё і яго канчатковае ажыццяўленне ў Богу — гэта асноўнае этычнае патрабаванне для сродкаў масавай камунікацыі», — адзначае Кампендый сацыяльнага вучэння Касцёла27. Пры гэтым сутнасцю этыкі ў СМІ з’яўляецца служэнне людзям, будаванне чалавечага грамадства на прынцыпах салідарнасці, справядлівасці і любові, абвяшчэнне праўды аб чалавечым жыцці і яго канчатковым спаўненні ў Хрысце28.
Нездарма Папа Бэнэдыкт XVI у Пасланні на Сусветны дзень сацыяльнай камунікацыі ў 2008 г. падняў праблему этычнага вымярэння інфармацыі. Для гэтага Папа выкарыстаў тэрмін інфаэтыка. У гэтым Пасланні Папа паказвае, што чалавек знаходзіцца ля вытокаў сучасных мас-медыя і з’яўляецца адрасатам таго, што яны прапануюць, і менавіта таму ён павінен стаць зыходным пунктам усіх СМІ29.
9. Значэнне мас-медыя расце з кожным днём. Дзякуючы ім чалавек можа падняцца да вышыняў чалавечага генія, або, седзячы ў адзіноце перад экранам і клавіятурай, акунуцца ў глыбіні чалавечай дэградацыі30.
Прыкладам для кожнага з нас, у тым ліку ў адносінах паміж рэлігійнымі і свецкімі СМІ, з’яўляецца Хрыстус — дасканалая мадэль і норма камунікацыі як паміж паасобнымі людзьмі, так і паміж касцёльнымі і свецкімі медыя. Даверым Яму, які ёсць «Альфа і Амега» — «Пачатак і канец» — як далейшае развіццё медыя, так і адносіны паміж рэлігіяй і свецкімі СМІ, каб яны спрыялі далейшаму абвяшчэнню Добрай Навіны, распаўсюджванню і абароне маральных каштоўнасцяў, прабуджэнню з летаргічнага сну бязвер’я і ўмацаванню веры, а таксама сталі светачам у пілігрымцы да нябеснага Ерузалема.
Дзякую за ўвагу.
Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні: 1. Govanni Paolo II. Letterta Apostolica “Il rapido sviluppo” (RS). 2. Benedetto XVI. Messaggio del Santo Padre Benedetto XVI per la XLII Giornata mondiale delle communicazioni sociali. “I mezzi di comunicazione sociale: al bivio tra protagonismo e servizio. Cercare la Verità per condividerla” (M-XLII-GMCS). 3. Pontificio Consglio delle communicazioni sociali. Istruzione Pastorale “Aetatis novae” Comunicazioni Sociali nel 20° Anniversario della Communio et Progressio (AeN). 4. Pontificio Consglio delle communicazioni sociali. Еtica nelle comunicazioni sociali (ECS). 5. Кампендый сацыяльнага вучэння Касцёла. Мінск, “Про Хрысто” (КСВК). 6. Synodus Episcoporum. XIII Coetus Generalis Ordinarius. Nova Evangelizatio ad Christianam Fidei Tradendam (NEChFT-EUP). 7. Основы социальной концепции Русской Православной Церкви. Москва 2000 (ОСКРПЦ). 8. /2/libr/docs/pope-docs/100782-paslanne.htm 9. http://www.religare.ru/2_33081.html. Спасылкі:
- пар. M-XLII-GMCS 4.
- пар. AeN 4.
- пар. ECS 85.
- пар. RS 3.
- пар. /2/libr/docs/pope-docs/100782-paslanne.html.
- пар. КСВК 560.
- пар. Быц 11, 4-8.
- пар. Дз 2. 5-11.
- пар. там сама.
- пар. КСВК 562.
- пар. Быц 11, 4-8.
- пар. AeN 124.
- пар. AeN 125.
- пар. http://www.religare.ru/2_33081.html.
- пар. NEChFT-EUP 18.
- пар. ОСКРПЦ XV.2.
- пар. ECS 89.
- пар. ECS 83.
- пар. ECS 90.
- пар. ECS 91.
- пар. ECS 92.
- пар. ECS 93.
- ОСКРПЦ XV.2.
- пар. ECS 94.
- пар. ECS 96.
- пар. ECS 97.
- пар. КСВК 562.
- пар. ECS 100.
- пар. M-XLII-GMCS 4-5.
- пар. ECS 98.
|