Прывітальнае слова біскупа Дзям’янкі на семінары «Хрысціянства ў свецкіх СМІ» |
Катэхетычны каледж у Баранавічах, 2–3 сакавіка 2013 г. Вітаю сардэчна ўсіх, хто арганізаваў гэты семінар, прысвечаны прысутнасці хрысціянскай тэматыкі ў свецкіх СМІ. Таксама сардэчна вітаю ўсіх дакладчыкаў і ўдзельнікаў. Удзельнікі семінара, напэўна, людзі не выпадковыя ў гэтай справе, але кожны выконвае свае абавязкі адносна пэўнай сацыяльнай групы. Тут, у будынку манахаў, мэтай якіх з’яўляецца распаўсюджваць Божае слова ў народзе Божым, гэты семінар набывае асаблівае і значэнне і патранат. Акрэсліваючы культуру нашага народа мы гаворым, што яна мае хрысціянскія карані з перавагай візантыйскай альбо лацінскай традыцыі ў залежнасці ад рэгіёна. Але таксама заўважаем і тое, што ёсць асяроддзі, у якіх гэтая традыцыя была страчана па прычыне вядомага ўсім нам перыяду «ночы атэізму», які ў розных рэгіёнах меў розную працягласць: 40 гадоў на захадзе — гэта два пакаленні, і 70 гадоў на ўсходзе краіны — тры пакаленні. Гэта ў многім вызначыла і духоўны стан жыхароў рэгіёнаў. На працягу года перыядычна рэлігійная тэматыка з’яўляецца ў мас-мэдыя ў сувязі з асвятленнем падзей духоўнай важнасці для большасці насельнікаў нашай краіны. Але з-за адсутнасці ў большасці людзей сярэдняга і сталага ўзросту адпаведнай хрысціянскай фармацыі ў перыяд дзяцінства і перыяд сталення, пэўныя абрады і святы ўспрымаюцца толькі павярхоўна. Гаворачы пра святы, мы часам не ўкладаем у іх уласцівы змест. Чаму? Бо традыцыя была знішчана, бацькі не перадалі такой практыкі, акалічнасці вучобы, працы не спрыялі захаванню такой паставы. Могуць быць і многія іншыя прычыны заняпаду хрысціянскіх звычаяў у сям’і, грамадстве. Трэба адзначыць, што не так даўно ў нашай краіне з’явіліся розныя навучальныя ўстановы, у тым ліку ВНУ, у якіх выкладаецца тэалогія і іншыя касцёльныя дысцыпліны. Да гэтага часу пры асвятленні рэлігійнай тэматыкі карэспандэнты часта прытрымліваюцца інфармацыйнай версіі падзей і нейтральнай падачы матэрыялу. Таму нярэдка звяртаецца ўвага на другасныя элементы, а пры гэтым прапускаюцца асноўныя і важныя моманты. Семінар праводзіцца ў катэхетычным каледжы. Гэта дадае ўпэўненасці ў тым, што, з аднаго боку, студэнты ўстановы пазнаёмяцца з журналістамі і іншымі працаўнікамі мас-медыя, а з другога боку, журналісты атрымаюць большае ўяўленне адносна гэтага адукацыйнага асяродка Рыма-каталіцкага касцёла Пінскай дыяцэзіі. А з пункту гледжання таго, што гэта адна з некалькіх падобных устаноў у Беларусі, то таксама і ў маштабах краіны. Такое супрацоўніцтва будзе плённым таму, што акрамя навінаў адносна святаў літургічнага года, якія мас-медыя асвятляюць ахвотна і ўжо на працягу многіх гадоў, ёсць яшчэ не менш важныя накірункі дзейнасці Касцёла, пра якія таксама неабходна пісаць і казаць. Бо Касцёл прыносіць вялікую дапамогу грамадству праз распрацоўку і рэалізацыю сваіх праектаў. Напрыклад барацьба з залежнасцямі. У Касцёла таксама ёсць адказныя за розныя сферы дзейнасці пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі (ККББ). Сярод гэтых сфер праца з сужэнствамі і сем’ямі, пераклады літургічных кніг на беларускую мову, дабрачынная дзейнасць, сістэма адукацыі і катэхізацыі Касцёла, выдавецкая дзейнасць, сучаснае сакральнае будаўніцтва, клопат аб утрыманні святыняў — забыткаў культуры і архітэктуры, захоўванне і рэстаўрацыя абразоў, алтароў, амбонаў, арганаў. Варта ўзгадаць таксама навучанне арганістаў, клопат па захаванні такой спадчыны і традыцыі, як спевы, набажэнствы, абрады ў сем’ях з нагоды і радасных і сумных падзеяў. Гэта частка нашай хрысціянскай культуры. Гэта ўжо не толькі асвятленне святаў літургічнага года, але і спецыфічная тэматыка, якую журналіст можа грунтоўна раскрыць толькі тады, калі будзе цесна супрацоўнічаць з асобай, якая мае тэалагічную адукацыю і прайшла каталіцкае навучанне, каб якасна данесці зацікаўленым навуку Касцёла. Усім вам жадаю поспехаў у рэалізацыі таго, што запланавана, і жадаю задавальнення ад сустрэчы з рознымі асобамі. Для прысутных тут упершыню жадаю незабыўных знаёмстваў з прафесіяналамі сваёй справы. Дакладчыкам жадаю святла Духа Святога ў раскрыцці тэмаў і ўсім удзельнікам пазнання карыснай і патрэбнай, можа, невядомай да гэтага часу для вас інфармацыі. Спадзяюся, што дзякуючы гэтаму семінару падзеі важныя для Касцёла асабліва цяпер, у перыяд адсутнасці Вярхоўнага Пантыфіка Рымскага Папы перад канклавам, падчас выбараў Папы, асвятленне падзей у сродках масавай камунікацыі, якія вы выпрадстаўляеце, будзе своечасовым і кампетэнтна прадстаўленым, што будзе карысна як для вернікаў Касцёла, так і для людзей добрай волі, тых, хто яшчэ ў дарозе да веры і ў пошуках Бога. |
Адноўлена 04.03.2013 13:00 |