Гамiлiя Мітрапаліта Кандрусевіча на заканчэнне канферэнцыi «Сям’я — супольнасць любовi і жыцця»
|
22.09.2009 15:30 |
Мінскі касцёл святых Сымона i Алены, 20 верасня 2009 г.
Глыбокапаважаныя браты i сёстры!
1.
Евангелле, якое мы толькi што пачулi, можа выклiкаць у нас дух
супярэчнасці, а можа нават здзiўленне. Гэта асаблiва датычыць маладых
людзей, якiя iмкнуцца да таго, каб быць першымi. Вельмi часта чалавекам
кiруюць імкненні дасягнуць нешта большае. І гэта добра, бо гэта
натуральная ўласцiвасць кожнага чалавека. Ужо ў школе мы iмкнёмся быць
першымi, i гэта нам iмпануе. У жыццi мы жадаем дасягнуць высока
пастаўленую мэту. Жадаем быць алiмпiйскiмі чэмпiёнамi ў пэўнай мэце.
Уявiм
сабе, што мы знаходзiмся ў натоўпе людзей, побач з якім праходзiць Бог.
Кожны з нас ажно б падскокваў, каб толькi Бог заўважвыў яго. Закхей,
якi быў малога росту, нават палез на дрэва, каб толькi ўбачыць
праходзячага Езуса, i каб Езус заўважыў яго.
Такая прырода
чалавека. Яго імкненнi схіляюць яго да жадання быць першым. Менавiта
першы атрымлiвае ўзнагароды i залатыя медалi, яго паказваюць па
тэлебачанні, аб iм пiшуць часопiсы, ён — на старонках разнастайных
сайтаў. Адсюль і iмкненне быць першым, прымадоннай цi прымабалерынай.
2.
Езус жа кажа, што той, «калі хто хоча быць першым, няхай будзе з усіх
апошнім і ўсіх слугою» (пар. Мк, 9, 35). Што азначаюць гэтыя словы? Цi
Хрыстус не хоча, каб чалавек iмкнууся да высокай мэты? Вядома, што калi
няма спаборнiцтва i вымаганняў, то няма i руху наперад. Калi спартсмен
не будзе ўздымаць планку патрабаванняў усё вышэй i вышэй, ён нiколi не
стане чэмпiёнам.
На пастаўленае вышэй пытанне трэба адказаць,
што Хрыстус не забараняе быць першым. Наадварот, Ён, асаблiва ў
духоўным сэнсе, заклiкае да гэтага, кажучы: «будзьце дасканалымi, як
дасканалы Айцец ваш Нябесны» (пар. Мц 5, 48).
3. Дзеля таго, каб
лепш зразумець словы Хрыста, трэба звярнуцца да навучання св. апостала
Паўла. Ён кажа, што па стадыёне бягуць усе, але толькi адзiн выйграе
вянок славы, якi, дарэчы, знiшчальны. Мы павiнны «бегчы» ў сваiм жыццi
з мэтаю атрымаць незнiшчальны вянок святога цi святой (пар. 1 Кар 9.
24–25). Толькi адзiн становiцца пераможцам. Усе яго вiншуюць. У той жа
час, iншыя перажываюць расчараванне. Пра iх маўчаць або гавораць мала.
Хрыстус
хоча вярнуць устаноулены Стварыцелем парадак. Сучасны свет, які
iмкнецца да поспеху любым коштам, вельмi часта коштам iншых, усё
перавярнуў з ног на галаву. Езус жадае, каб мы былi першымi не коштам
iншых, але працуючы дзеля iншых, служачы iм. Прыкладам можа быць бл.
Мацi Тэрэза з Калькутты, якая падобна Езусу, які сказаў сам пра сябе,
што прыйшоу дзеля таго, каб служыць, а не каб Яму служылi (пар. Мк 9,
35), служыла найбяднейшым з бедных. Колькі велiчы ў служэннi Мацi
Тэрэзы.
4. На жаль, сучасны чалавек больш хоча панаваць, а не
служыць. Фрыдрых Нiцшэ, iдэолаг фашызму, якi прапагандаваў iдэю
суперчалавека, сказаў, што хрысцiянства заразiла свет ракам пакоры i
служэння. Рак — гэта практычна невылечальная хвароба. Для Нiцшэ пакора,
адмаўленне ад свайго я i служэнне iншым было ракам, бо супярэчыла яго
планам стварэння супернацыi. Аднак у той жа час пакора, адмаўленне ад
свайго я i служэнне блiжняму — гэта пазiтыўныя элементы нашай веры,
якiх, на жаль, не хапае сучаснаму свету. На iх шляху як перашкода
стаiць эгаiзм.
5. Гэтай св. Iмшой завяршаецца канферэнцыя «Сям’я
— супольнасць любовi i жыцця». Увесь свет сёння гаворыць аб крызiсе
сям’i. Развiтыя краiны перажываюць дэмаграфiчны спад. Расце колькасць
разводаў. Кроў ненароджаных дзяцей льецца ў медыцынскiх кабiнетах i
выканаўцамі гэтага з’яўляюцца ўрачы, якiя давалi прысягу Гiпакрата
баранiць жыццё. Сексуальная разбэшчанасць моладзi становiцца нормай
жыцця. Прапагандуецца так званы нябяспечны секс, сумеснае жыццё «на
выпрабавальны тэрмін», а таксама жыццё мужчыны і жанчыны без афіцыйнага
афармлення сужэнства. Амаральнае выкарыстанне дасягненняў гэнетыкi
вядзе да штучнага апладнення i кланавання, і такім чынам чалавек
узурпіруе сабе права Стварыцеля на новае жыццё. Пашыраецца практыка
эўтаназii, галоўнай прычынай якой з’яўляецца эканамiчная прычына, бо
здаровыя i маладыя людзi не жадаюць кармiць старых i хворых.
Складваецца ўражанне, што яны зусім не думаюць аб сваёй старасці.
6.
Чаму існуюць такiя праблемы? Што з’яўляецца iх прычынай? Адкуль іх
крыніца? Эгаiзм i геданiзм запанаваў у свеце. Усе хочуць панаваць, а не
служыць. Таксама i ў сям’i вырадзiўся дух супольнасцi, няма адказнасцi
адно за аднаго, няма служэння. Кожны жыве сваiм жыццём, хоць сям’я
павiнна быць супольнасцю любовi i жыцця. Замест гэтага пануе
iндывiдуалiзм. Члены сям’і амаль што не збіраюцца разам, а калi i
збіраюцца, то вельмi рэдка i асабліва рэдка на малiтве. Сучасныя
гiпермаркеты сталi месцам, дзе сем’i праводзяць суботу i нядзелю. Яны
сталi сучаснымi неапаганскiмi храмамi.
Сiстэма харчавання,
заснаваная на «фаст фудах», знiшчыла супольны сямейны стол, вакол
якога, спажываючы ежу, збiраецца ўся сям’я, дзе абмяркоўваюцца розныя
справы, дзе сям’я сапраўды адчувае сябе супольнасцю. А калi i збіраюцца
сем’і за супольным сталом, то старабюцца хутка закончыць абед і
разбегчыся па сваiх справах — iнтэрнэт, тэлевiзар, часопiсы i г. д. Мы
цешымся развiццю сучасных сродкаў камунiкацыi. Ужо рэдка сустрэнеш
чалавека без мабiльнага тэлефона, які дапамагае таксама i бацькам
даведацца, што робяць iх дзецi, дзе яны знаходзяцца. Аднак з iншага
боку, мабiльны тэлефон адбiрае многа часу ў дзяцей на пустыя размовы i
СМС-паведамленні, таксама iнтэрнэт вельмі часта спрыяе распаўсюджванню
парнаграфii i iншых амаральных матэрыялаў.
Аднойчы ў аэрапорце я
чакаў самалёт. Прыйшла сям’я — бацька, мацi, сын i дачка. У кожнага ў
руках мабiльнiк. Яны паасобку вядуць размовы па тэлефонах, а памiж
сабою не размаўляюць. Якая ж гэта супольнасць любовi?
7. Дзе
шукаць выйсця? Адказ дае Езус у сённяшнiм Евангеллi: замест эгаiзму
практыкаваць служэнне i, жывучы навучаннем Хрыста, змянiць паняцце аб
сям’i.
Вялiкі Архiмед казаў: дайце мне пункт апоры i я перавярну
зямлю. Каб перавярнуць i паставiць з галавы на ногi здэфармаванае
паняцце сучаснай сям’i, нам таксама неабходны пункт апоры. Ім
з’яўляецца Езус Хрыстус i Яго навучанне.
Архiмед адкрыў таксама
закон, які з’яўляецца фундаментальным у мараплаваннi: цела, якое
апускаецца ў ваду, выштурхоўваецца ўверх з сiлаю, роўнай вазе
выцесненай вадкасці. Падобна i сям’я для вырашэння сучасных праблем
павiнна акунуцца ў мора Божай ласкi, каб iмкнуцца ўверх, iмкнуцца да
святасцi, i сапраўды стаць першай, гэта значыць галоўнай клеткай
грамадства i супольнасцю любовi i жыцця. Амэн.
|
Гамілія кардынала Ёахіма Майснера на заканчэнне перэгрынацыі абраза Езуса Міласэрнага
|
22.09.2009 15:12 |
Паважаныя браты і сёстры!
Адзін
з самых вялікіх скарбаў, які Слуга Божы Ян Павел ІІ перадаў усяму
свету, — гэта вестка пра міласэрнага Хрыста. Польская сястра законная
Фаустына Кавальская, духоўным кіраўніком якой з’яўляўся ваш зямляк кс.
Міхал Сапоцька, атрымала гэтую вестку праз дзеянне Духа Святога, згодна
са словам Пана: «Што кажу вам у цемры, гаварыце на святле, і што на
вуха чуеце, прапаведуйце на дахах» (Мц 10, 27). Вестка пра Божую
міласэрнасць пры садзейнічанні сястры Фаустыны была прадстаўлена
Святому Айцу і касцёльным уладам. Папа абвясціў пра гэтую вестку з
дахаў Паўсюднага Касцёла, напісаўшы энцыкліку «Divеs іn misericоrdia»,
прысвечаную Божай міласэрнасці, у якой даў тлумачэнне ідэі гэтага
культу. «Міласэрнасць» (лац. «misericordia») — азначае мець сэрца,
адктрытае для бедных і патрабуючых. Бог жа мае вялікае сэрца для
кожнага з нас. Сёння Божая міласэрнасць стала для нас жыццёвым
асяроддзем, якое акрэсліваецца двума словамі — Езус Хрыстус. Паспрабуем
разам пазнаць і зразумець, «чым ёсць шырыня і даўжыня, вышыня і
глыбіня» (пар. Эф 3, 18) гэтага жыццёвага асяроддзя.
1. Глыбіня
Калі
я скірую свой позірк уніз, то ўбачу, як Пан, аперазаны палатном,
трымаючы ключ у руцэ, кленчыць перада мною і кажа: «Калі не абмыю цябе,
не будзеш мець удзелу са мною» (Ян 13, 8). Фундамент нашага
хрысціянскага паклікання — гэта служэнне Хрыста нам. Эўхарыстыя
азначае, што не мы служым Богу, але перш за ўсё Бог служыць нам. Быць
хрысціянінам — гэта не заданне і не абавязак, але вялікая літасць,
пакліканне і давер. «Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас» (Ян 15, 16).
«Мы любім Бога, бо Ён першы палюбіў нас» (1 Ян 4, 19).
Для
чалавека ганарлівага гэта вялікае прыніжэнне жыць, дзякуючы Нечай моцы,
і за кожны поспех быць удзячным Некаму. Аднак жа іншай альтэрнатывы
няма: «Калі не абмыю цябе, не будзеш мець удзелу са мною» (Ян 13, 8).
Вялікае шчасце, што гэта менавіта так! Мы, калі падаем, трапляем на
выратавальнае палатно, якое трымае Пан. Мы можам не баяцца ўпасці на
гэтае палатно ўсім сваім цяжарам. Да гэтага нас заклікае сам Хрыстус,
які трымае распасцёртае палатно, падобна таму, як пажарнікі трымаюць
расцягнуты тэнт каля палаючага дома.
Дзе мы шукаем і дзе
знаходзім Божую міласэрнасць? Ці сапраўды ў асобе нашага Пана Езуса
Хрыста? Паглядзім уніз: Ён пад нашымі нагамі, Ён нясе нас і дазваляе
таптаць сябе. На плячах Ён нясе Крыж — гэта мы! Тройчы падае на зямлю,
пра што сведчаць трэцяя, сёмая і дзевятая стацыі Крыжовага шляху. Але
крыж заўсёды застаецца на Яго плячах, да якіх нібы ўрос сваім моцным
цяжарам. Вось фундамент нашага жыцця — Езус Міласэрны. Гэта Ён нясе нас
і дапамагае вытрываць у любых цяжкасцях.
2. Вышыня
Скірую
свой позірк уверх, убачу аблічча нашага Пана на крыжы. Паміраючы
Хрыстус схіляе галаву і кажа: «Сапраўды кажу табе: сёння ж будзеш са
Мною ў раі» (Лк 23, 43). На крыжы праяўляецца Божая міласэрнасць.
Замест непрыязнасці Хрыста мы бачым Яго любоў да чалавека. У гэтай
любові Настаўнік ратуе свайго вучня.
Позірк Хрыста, скрыты пад
абалонкай крыві і поту, з’яўляецца магнітам, які на працягу ўсяго жыцця
сцеражэ нас ад памылак і прыцягвае да Божай міласэрнасці. Хрыстус
адчувае да нас асаблівае ўпадабанне. Толькі той, хто атрымлівае знакі
гэтага ўпадабання, стане ўдзельнікам абяцання Хрыста — будзе разам з
Ім. Паколькі мы не можам пазбавіцца нашай чалавечай абмежаванасці,
міласэрны позірк Хрыста ніколі нас не пакідае. Наследаванне Хрыста
адбываецца у полі Яго зроку. Поле зроку Хрыста — гэта месца поўнага
даверу, якое вызваляе нас ад мыслення, накіраванага толькі на поспех,
вызваляе ад здранцвелага страху перад няўдачамі, а таксама перад
спакусай пустога акцыянізму ў хрысціянстве. Вучань, збіўшыся з вернага
шляху, трапляе ў поле зроку Хрыста, дзе распачынаецца жыццё поўнае
даверу і падзякі таму, на Якога ён скіроўвае свой позірк. Такім чынам,
прагнучы адчуць Божую міласэрнасць, вучань кожны дзень ўздымае на
малітве свае вочы да Яго.
3. Шырыня
Пагляджу перад
сабою, убачу Хрыста, які ідзе мне насустрач, трымаючы ў руках Хлеб і
Келіх. Ён кажа: «Калі не будзеце есці цела Сына Чалавечага і піць крыві
Ягонай, не будзеце мець у сабе жыцця» (Ян 6, 53). Хрыстус разам з намі
ўглядаецца ў наш лёс. Больш таго, Ён аддае сябе ў нашыя рукі і цярпліва
чакае нас. Мы стаім перад Ім, Богам, які скрыты ў паламаным хлебе і
прысутны ў пралітым віне. Перад тым, Хто настолькі наблізіўся да
чалавека, што наш позірк дакрануўся Яго. «А сярод вас стаіць той, каго
вы не ведаеце» (Ян 1, 26), — кажа святы Ян Хрысціцель сваім вучням. Мы
павінны адказаць на гэту надзвычайную блізкасць Хрыста.
Прыемна
быць разам з тым, Хто выбраў цябе, Хто любіць цябе. Цярпець жа разам з
тым, Хто нас палюбіў, — гэта сапраўдная падтрымка для нас. Што яшчэ
дадае нам адвагі? Гэта ўдзел у бязмернай пакоры таго, Хто стаў хлебам,
які лёгка можна паламаць, і віном, якое лёгка можна праліць. Усё гэта
дзеля таго, каб толькі быць побач з намі ажно да сканчэння свету. Вось
яна — міласэрнасць Бога! — якая ўцелавілася і стала асобаю Езуса Хрыста.
«Для
таго, каб стаць маім сябрам, трэба быць вельмі блізка да мяне», — пісаў
у сваім дзённіку французскі пісьменнік Леон Блуа. Настаўнік не навязвае
сябе вучню, аднак жа і не застаецца бяздзейсным. Нашае жыццё не будзе
пустым, калі мы цалкам Яму даверымся. Хрысціянін, дзе жывеш Ты?
У Хрысце? У Тым, Хто з’яўляецца ўцелаўлёнай Божай міласэрнасцю? «Бо ў
Ім мы жывём, рухаемся і існуём» (Дз 17, 28), — кажа Апостал Павел.
Калі
я скірую свой позірк уніз, то ўбачу, як Пан, аперазаны палатном,
трымаючы ключ у руцэ, кленчыць перада мною і кажа: «Калі не абмыю цябе,
не будзеш мець удзелу са мною» (Ян 13, 8). Гэта — Божая міласэрнасць!
Там, унізе, пада мною!
Скірую свой позірк уверх, убачу аблічча
нашага Пана на крыжы. Паміраючы Хрыстус схіляе галаву і кажа: «Сапраўды
кажу табе: сёння ж будзеш са Мною ў раі» (Лк 23, 43). Гэта — Божая
Міласэрнасць нада мною.
Пагляджу перад сабою, убачу Хрыста, які
ідзе мне насустрач, трымаючы ў руках Хлеб і Келіх. Ён кажа: «Калі не
будзеце есці цела Сына Чалавечага і піць крыві Ягонай, не будзеце мець
у сабе жыцця» (Ян 6, 53). Гэта — Божая міласэрнасць перада мною. Таму
разам з усім Касцёлам, які няспынна трывае на малітве, мы можам
адказаць: міласэрны Божа, дзякуем Табе, што ўчыніў нас годнымі стаяць
перад Табою і служыць Табе.
Кардынал Ёахім Майснер Арцыбіскуп Кёльнскі |
22.09.2009 15:03 |
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мінскі касцёл святых Сымона і Алены, 23 жніўня 2009 г.
Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
1.
Толькі што мы пачулі ўрывак з Евангелля пра марнатраўнага сына. Малодшы
сын патрабуе ў свайго бацькі частку маёмасці, якая належыць яму паводле
закона. Бацька згаджаецца, аднак сэрца яго занепакоена. Ён баіцца за
свайго маладога сына, які зусім не мае жыццёвага вопыту. На адной з
карцін прадстаўлена сцэна адыходу марнатраўнага сына з дому.
Занепакоены бацька нешта кажа сыну. Маці ціха плача. Такую сцэну мы
можам назіраць і ў наш час, калі дзіця пакідае дом супраць волі бацькоў.
Сталася
тое, чаго баяліся бацька і маці. Сын, гаворачы сучаснай мовай, проста
прагуляў сваю маёмасць і застаўся без сродкаў існавання. Наняўся
працаваць пастухом свіней. Ніхто не шанаваў яго і не прыходзіў з
дапамогай. Ён нават павінен быў есці струкі, якія давалі свіням. Аднак
гэтая бяда стала для яго ласкай. Ён убачыў, што парабкі яго бацькі
жывуць значна лепш за яго, і вырашыў вярнуцца да свайго роднага дому,
вярнуцца з пакаяннем і прасіць бацьку прыняць яго працаваць парабкам.
2.
Ён думаў, што назаўсёды страціў годнасць дзіцяці і не можа больш
называцца сынам. Аднак бацька думаў інакш, бо гэта быў яго сын! Бо
нават найгоршы сын заўсёды застаецца сынам. Бацька чакаў яго і ўвесь
час углядаўся ў далячынь, ці не вяртаецца дадому.
У Эрмітажы ў
Санкт-Пецярбургу знаходзіцца вельмі красамоўная карціна вяртання
марнатраўнага сына. Занепакоены, з жалем на твары сын набліжаецца да
бацькі. А бацька бяжыць яму насустрэч, бяжыць так хутка, што нават
губляе сандаль з адной нагі.
Бацька абдымае і цалуе сына,
загадвае прынесці яму найлепшую вопратку, абутак на ногі, пярсцёнак на
руку. Гэта нішто іншае як знакі сыноўняй годнасці. Больш за тое, ён
кажа падрыхтаваць баль. Трэба весяліцца, бо сын, які духоўна памёр,
ажыў.
Таму Евангелле пра марнатраўнага сына з поўным правам можна назваць Евангеллем пра міласэрнага айца.
3.
Гэта евангельская гісторыя паўтараецца ў жыцці кожнага чалавека. Яна
вучыць нас, што нябесны Айцец ёсць міласэрным Айцом. Яго міласэрнасць
бязмежная. Ён заўсёды нас чакае. Мы — ягоныя дзеці, нават тады, калі
адыходзім ад Яго. Ён чакае, каб праз сакрамэнт пакаяння, як сакрамэнт
Божай міласэрнасці, паяднаць нас з сабою і іншымі людзьмі, і праз гэта
вярнуць нам належную годнасць дзяцей Божых, каб мы зноў сталі святынямі
Духа Святога.
4. Сярод усіх праяўленняў Божай міласэрнасці
першага месца заслугоўвае менавіта цуд адпушчэння грахоў, які Хрыстус
здзяйсняе праз святара ў сакрамэнце пакаяння.
Пэўны святар
распавёў наступную гісторыю. Да яго на споведзь прыйшоў чалавек, які
ўжо многія дзесяцігоддзі не быў у спавядаўся. Вельмі цяжка яму было
гаварыць свае грахі, ён блытаўся, паўтараўся, увесь пакрыўся
кропелькамі поту. Святар дапамагаў яму. Калі пэнітэнт завяршыў, то
святар хацеў запытацца, ці шкадуе ён за свае грахі. Аднак не запытаўся.
Чаму? Бо калі глянуў на гэтага чалавека, убачыў, што ён моцна трымаецца
за стулу. Святар зразумеў, што чалавек усю сваю надзею склаў у рукі
Езуза Міласэрнага.
Менавіта гэтага чакае ад нас Езус.
5.
Яшчэ раз вельмі ўважліва паглядзім на абраз Езуса Міласэрнага, які
правандраваў па ўсёй нашай архідыяцэзіі. Езус ідзе ў нашым накірунку.
Гэта вельмі важная выснова. Не дастаткова сказаць, што Езус толькі
чакае нас, калі мы прыйдзем да Яго. Не! Ён сам спяшаецца да нас і
стукае ў дзверы нашых сэрцаў. Спяшаецца, як спяшаўся бацька з
прыпавесці пра марнатраўнага сына.
Езус спяшаецца да нас і
благаслаўляе нас. Ён нібы кажа: не бойцеся, адчыніце Мне дзверы,
упусціце Мяне да вас, а Я дапамагу вам і вылечу хваробы вашай душы.
Езус
указвае на два прамяні, якія выходзяць з Яго сэрца — чырвоны і белы.
Гэта сімвалы сакрамэнтаў, якія нарадзіліся з прабітага боку Хрыста. Тут
мы ізноў бачым заклік Езуса: жыць сакрамэнтальным жыццём, найперш
Эўхарыстыяй і сакрамэнтам пакаяння і паяднання, як таямніцамі
невыказнай Божай міласэрнасці.
І нарэшце, надпіс: Езу, давяраю
Табе! Менавіта ў гэтых словах выказана пажаданне Хрыста, каб людзі
ўскладалі сваю надзею найперш не на матэрыяльныя справы, не на прагрэс
навукі і тэхнікі, не на прыемнасці зямнога жыцця, але на Божую
міласэрнасць. Нездарма Езус кажа, што надзея сучаснага свету ў Божай
міласэрнасці.
Нам трэба памятаць пра трывіяльную праўду, што
наш Бог — гэта Бог, які не толькі заклікае да навяртання, але найперш
з’яўляецца міласэрным.
6. Завяршаецца перэгрынацыя абраза Езуса
Міласэрнага і рэліквій нашага благаслаўлёнага земляка кс. Міхала
Сапоцькі, які Божым Провідам быў абраны быць спаведніком св. Фаустыны
Кавальскай і такім чынам пазнаць таямніцу аб’яўленняў Езуса
Міласэрнага. Мы павінны ганарыцца тым, што ён сын нашага народу, што ён
нарадзіўся на нашай зямлі, тут узрастаў і ўдасканальваўся для такой
адказнай місіі. Пілігрымуючы па нашай зямлі ў сваіх рэліквіях, ён
благаслаўляў нас. Благаслаўлёны Міхал Сапоцька — гэта для нас дар і
адначасова заданне. Калі ён змог стаць святым, давяраючыся Божай
міласэрнасці, то чаму мы не можам стаць святымі?
З завяршэннем
перэгрынацыі не павінна завяршыцца наша малітва да Езуса Міласэрнага.
Наадварот, культ Божай міласэрнасці павінен яшчэ больш развівацца, каб
сапраўды яна стала нашай надзеяй.
7. Езу Міласэрны, праз
заступніцтва благаслаўлёнага кс. Міхала Сапоцькі дапамажы нам, людзям
XXI стагоддзя, часу таталітарнага секулярызму і лібералізму зразумець
сваю нягоднасць і кінуцца ў абдымкі Божай міласэрнасці, падобна
марнатраўнаму сыну, які кінуўся ў абдымкі свайго бацькі, каб вярнуць
годнасць дзяцей Божых, і, жывучы ідэяй Божай міласэрнасці, асягнууць
шчасця вечнага ў небе. Амэн. |
22.09.2009 14:59 |
Кардынал Ёахім Майснер
Віцебская дыяцэзія, 22 жніўня 2009 г.
Дарагія браты і сёстры!
Марыя
ўвасабляе сабою шлях наследавання Хрыста. Нідзе ў свеце Хрыстус не
пакінуў больш выразнага і больш глыбокага следу, чым у жыцці Марыі.
Таму пабожныя людзі няспынна імкнуцца да Божай Маці, каб таксама ісці
па слядах Хрыста. Святы Пётр піша: «Вы ж — выбраны род, каралеўскае
святарства, народ святы, люд, узяты Богам ва ўласнасць, каб абвяшчаць
цноты таго, хто паклікаў вас з цемры ў цудоўнае святло сваё» (1 П 2,
9). Гэта нам таксама паказвае Марыя, якая праз свайго Сына была
ўпрыгожана каралеўскай каронай: «Той, о Пані, хто ўзяў Цябе на неба» i
«Той, о Пані, хто Цябе ў небе ўкаранаваў» — так моліцца пабожны люд,
адкрываючы ў гэтым закліку і сваё ўласнае пакліканне.
Чалавек
з’яўляецца вянцом, каронаю Божага стварэння. Карона, якой была ўвянчана
Марыя, прызначана і нам, бо мы з’яўляемся Божымі дзецьмі. Мы не толькі
Божыя стварэнні, але сёстры і браты Хрыста, а праз гэта — дзеці Божыя.
Мы з’яўляемся дочкамі і сынамі жывога Бога. Той «каралеўскі» лад жыцця
можна цалкам прасачыць у жыцці Мырыі, і складаецца ён з пяці этапаў:
Fiat азначае самаахвяраванне; Magnificat — узвелічэнне; Conservabat —
захаванне; Stabat — трыванне; Assumpta est — завяршэнне. Мэта Марыі —
гэта наша мэта, Яе шлях — наш шлях, таму сёння мы звяртаемся да Яе,
усклікаючы: «Марыя, прымі нас як пілігрымаў, якія ідуць з Табою да
Хрыста».
1. Fiat — самаахвяраванне. Як Марта
перад уваскрашэннем яе брата Лазара пайшла да сваёй сястры Марыі, каб
сказаць: «Настаўнік тут і кліча Цябе» (Ян 11, 28), так і Божы Анёл
прыходзіць да Марыі з Назарэта і кажа: «Настаўнік прыйшоў і кліча
Цябе». На пачатку гэтай падзеі стаіць Бог, які кліча. Мы б ніколі самі
не шукалі Бога, калі б спачатку Ён не знайшоў нас. У гэты момант Марыя
рэагуе па-чалавечы, і Бог менавіта гэтага ад Яе чакае. Яна раствараецца
ў закліку Бога, Яна проста цалкам Яму аддаецца. Мы называем гэты момант
самаахвяраваннем: «Няхай мне станецца паводле Твайго слова», або
таксама кажам: «Няхай станецца Твая воля». Гэта найвышэйшая ступень
прызнання Бога Створцы. Без гэтага «Fiat» Марыя не стала б Маці Бога.
Без прызнання Бога не было б таксама чалавека як адлюстравання вобразу
Бога. Без любові да Бога не было б і чалавечай любові. Без Бога не было
б неба над нашаю зямлёю. Калі чалавек жадае вызваліцца ад Бога, кажучы:
« я — пан, я — бог», у гэты момант ён ставіць на сабе крыж. І таму ў XX
стагоддзі былі канцэнтрацыйныя лагеры, дзе чалавек трапляў у рукі
чалавека, пазбаўленага любові.
Бог учыніў з Марыі Маці Бога, а
кожнага з нас зрабіў Божым дзіцем, сябрам Хрыста і святыняй Духа
Святога. Марыя стала Багародзіцай, калі цалкам аддала сябе Богу, калі
Хрыстус пачаў жыць у Яе ўлонні. Яна прысутнічае падчас смерці і
ўваскрасення Сына, калі Ён з супольнасці вернікаў стварае Касцёл.
Таксама і мы, як Марыя, запрошаныя быць там, дзе бачная Божая ласка,
дзе яна прысутнічае ў Касцёле, бо кожны з нас пакліканы сведчыць пра
Бога.
2. Magnificat — узвелічэнне. Быць
пакліканым да супрацоўніцтва з адвечным Богам — гэта наданне асаблівай
годнасці, узвышэнне чалавека. Чалавеча, хто ты такі, што Бог так
наблізіўся да цябе, што з захапленнем можна сказаць словамі Марыі: «Бо
вялікае ўчыніў Мне Усемагутны, а імя Ягонае святое» (Лк 1, 49)?! Таму
Яна мае на сабе каралеўскую карону. У «Magnificat» прамаўляе не
ўсеўладны чалавек, а Божая веліч, моц якой праяўляецца ў людской
слабасці. Вось, дзяўчына з забытага ўсімі кутка свету, якая дала згоду
на тое, каб Бог увайшоў у Яе жыццё, у вачах Бога і вернікаў набыла
асаблівую годнасць і была ўзвялічана вышэй за усіх людзей. Яна
становіцца Каралеваю, First Lady — першай Ледзі. Бог выбірае і
ўзбагачае зусім нязначнага ў вачах свету чалавека, але ў вачах Бога
Марыя можа лічыць сябе адзіным, найкаштоўнейшым і непаўторным
стварэннем.
У пэўным сэнсе гэта датычыцца кожнага з нас. Кожнаму
чалавеку Бог прызначыў для выканання асаблівую місію, бо інакш не было
б нас у гэтай непаўторнай рэчаіснасці. Паўсюль, дзе чалавек, як Марыя,
выконвае Божую волю і на скіраванае да яго пакліканне рашуча адказвае
«TAK», там над ім раскрываюцца нябёсы, і ён набывае асаблівую годнасць.
Пад раскрытымі нябёсамі тое, што з’яўляецца маленькім і незаўважным,
становіцца вялікім: «Вялікае ўчыніў мне Усемагутны». Пад гэтымі
нябёсамі зямное становіцца святым: «Ці не ведаеце, што целы вашыя —
гэта святыня Духа Святога, які ў вас, якога вы маеце ад Бога, і што вы
не належыце сабе самім?» (1 Кар 6, 19). Пад Божымі нябёсамі нялюбае
становіцца ўзлюбленым: «Ты Сын Мой умілаваны; Цябе ўпадабаў Я» (Лк 3,
22). Менавіта таму хрысціянін мае каралеўскую годнасць. Марыя,
Каралева, з’яўляецца ў той жа час пакорнаю слугою, і пры гэтым не
пакутуе ад камплексу непаўнавартасці. Яна добра ведае, хто Яна і кім
з’яўляецца дзякуючы Богу. Мы — браты і сёстры Марыі — павінны думаць
пра сябе з пакорай. Менавіта Бог узглянуў на мяне і ўчыніў мяне
чалавекам. Мы не павінны хаваць нашага паклікання ў свеце і не павінны
мець комплексу непаўнавартасці з-за таго, што з’яўляемся веруючымі.
Давайце ўглядацца ў Марыю і з адвагай казаць сучаснаму свету: «Бог
учыніў для нас вялікія рэчы».
3. Conservabat — захаванне. Марыя
захоўвала ўсё, што пачула ад Пана і што бачылі Яе вочы. Яна з’яўляецца
сведкам жыцця і дзейнасці Хрыста. Менавіта таму Яна ўвасабляе першую
супольнасць Касцёла. Марыя не была універсітэцкім прафесарам, Яна
проста кленчыла ў малітве. Падчас малітвы Бог адкрыў Яе вочы на
сучаснасць. Што датычыцца нас, нам не трэба шукаць нашай веры, бо мы
бачым яе праз Марыю, якая захоўвала праўды веры ў сваім сэрцы. Таму
людзі, якія знаходзяцца ў пастаянным кантакце з Марыяй, не памыляюцца ў
сваёй веры і не губляюць яе. Марыя і сёння, таксама, як у Кане
Галілейскай, дае нам добрую параду: «Тое, што Ён скажа вам, зрабіце»
(Ян 2, 5). Яе сваячка Альжбета кажа Ёй: «Шчаслівая Тая, якая паверыла,
што споўніцца сказанае Ёй Панам» (Лк 1, 45).
4. Stabat — трыванне. Бог
чакаў ад Марыі таго, што на пачатку не ўваходзіла ў Яе жыццёвыя планы.
Пачуўшы пра Божую волю, Марыя прымае яе і згаджаецца з ёю. Яна захоўвае
вернасць гэтаму закліку ажно да смерці Хрыста на Крыжы. Кожнаму
чалавеку Бог дае адпаведнае месца ў свеце, падтрымлівае яго, каб той
мог вытрываць і нават перажыць катастрофы; прыкладам гэтага з’яўляецца
Марыя, якая стаіць пад Крыжам. Бог заўсёды прыходзіць да чалавека, каб
аблегчыць ягоны цяжар і нават дае здольнасць дапамагаць іншым людзям
несці крыжы, ускладзеныя Богам на іх плечы. Узор гэтага мы бачым у
сцэне ўкрыжавання, калі Марыя дае прыклад святому Яну і ўсім, хто
стаіць пад крыжам Хрыста. Хрыстус вісіць паміж небам і зямлёю, Ён
з’яўляецца Пасрэднікам між Богам і намі. Яго месца — пасярэдзіне, а
Марыя — Яго Маці — трывае пры Ім падчас адкуплення свету.
І
сёння нам патрэбная Марыя як тая сіла, якая яднае Касцёл. У
старажытнахрысціянскай літаратуры ёсць гімн, які кажа аб Марыі: «Ты
яднаеш тое, што падзелена, і даеш супрацьлеглым меркаванням агульную
выснову». Марыя стаіць пад Крыжам Сына, каб сказаць нам, як кажа
сярэднявечны тэолаг, што Яна з’яўляецца «прыкладам яднання таго, што
разбіта» (Concidencia opositorum), а менавіта адзінствам многіх і
сінтэзам разнастайнасці.
Зрабіўшы выбар, Марыя стала справай
Духа Святога і, дзякуючы Яго моцы, тое, што чалавечае, і тое, што
боскае, матэрыяльнае і духоўнае праз Езуса Хрыста ў Ёй увасабляюць
еднасць. Сапраўднае каталіцкае вучэнне і практыка веры сёння вельмі
слабыя і кволыя, што асабліва відаць у катэгарычных пазіцыях людзей,
адны з якіх ідуць у адзін бок, другія — у супрацьлеглы. Застанемся ж,
як Марыя, пры Езусе. Сярод розных супярэчнасцяў нам трэба трымацца
«залатой сярэдзіны» і не займаць пазіцый, якія вядуць да крайнасцяў.
Хрыстус мае моц прывесці да еднасці розныя пераканнані. Так, як Марыя,
і мы — веруючыя мужчыны і жанчыны — атрымліваем ад Бога моц, каб
заставацца ў Касцёле. Так, як навучае святы Павал: «для нядужых я быў,
як нядужы, каб здабыць нядужых, Для ўсіх я стаў усім, каб любою цаною
збавіць некага» (1 Кар 9, 22). Марыя сцеражэ нас ад крайніх жыццёвых
пазіцый і жадае весці нас шляхам сапраўднага хрысціянства.
5. Assumpta est — завяршэнне. Пяты
этап жыцця Марыі па слядах Хрыста азначае выкананую справу. Слова Бога
завалодала ўсім існаваннем Марыі. У Ёй было Божае Валадарства, якое не
мае канца. Бог прыняў Яе існаванне тады, калі Яна прыняла Бога, і таму
таксама ўзяў Яе на неба з душою і целам. Калі Бог прымае чалавека, то
робіць гэта цалкам і назаўсёды. Бог не гуляе з чалавекам. Хто цалкам
аддаў сябе Богу — а менавіта так зрабіла Марыя — будзе цалкам прыняты
Ім. Гэта надае нашаму жыццю элемент вечнасці. І таму Марыя нездарма
ўпрыгожана каронаю, якую атрымала ад Свайго Сына. Тое, што Яна была
ўзята на неба з усёю сваёю чалавечаю істотаю, для нас становіцца
выклікам, які адначасова з’яўляецца надзеяй. Бог хоча асвяціць нас, усё
наша чалавечае існаванне і прыняць на неба. Праз гэта Бог надае нашаму
жыццю сапраўдны сэнс і належны падыход да смерці. І для нас у небе
падрыхтавана вечная карона. Як сказаў святы Пётр, мы — каралеўскае
святарства, народ выбраны (пар. 1 П 2, 9), і Бог жадае давесці сваё
стварэнне да мэты — вечнасці. Ці мы таксама ў гэтым бачым мэту і канец
свайго жыцця? Часам нашыя мэты, якія мы плануем дасягнуць у будучыні,
становяцца бессэнсоўнымі і недальнабачнымі.
Унебаўзяцце Марыі
адкрывае нам вочы на нашую добрую і шчаслівую будучыню. Гэта запрашэнне
для нас: «Будзь верны аж да смерці, і Я дам табе вянец жыцця» (Ап 2,
10), — чытаем у кнізе Апакаліпсісу. «Той, о Пані, хто ўзяў Цябе на
неба» i «Той, о Пані, хто Цябе ў небе ўкаранаваў», — вызнае пабожны
люд. Гэтыя словы павінны накіроўваць нас у будучыню, але гэтая будучыня
пачынаецца ўжо тут на зямлі. Нягледзячы на штодзённыя клопаты, мы як
пілігрымы павінны прытрымлівацца менавіта такой жыццёвай пазіцыі і таму
быць радаснымі і шчаслівымі. Не пустыя размовы людзей, а менавіта Божае
Слова з’яўляецца апошнім словам, як гэта было ў жыцці Марыі. Гісторыя
вучыць нас, што не прарокаў-самазванцаў пасылае Бог, але спаўняецца
прароцтва Марыі: «І міласэрнасць Яго з пакалення ў пакаленне над тымі,
хто Яго баіцца» (Лк 1, 50). Слуга Божы Папа Ян Павел II змясціў ў сваім
гербе словы Totus Tuus (Цалкам Твой), што значаць: «Пане, я ўвесь Твой,
як Марыя. І таму крочу слядамі Маці Божай і паўтараю за Ёй: Fiat —
няхай станецца, Magnificat — узвялічваю Цябе, Conservabat — цалкам Табе
давяраю, Stabat — трываю пры Табе, i Assumpta est — аддаюся ў Твае
міласэрныя далоні». Амэн.
Кардынал Ёахім Майснер, Арцыбіскуп Кёльнскі |
22.09.2009 14:48 |
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Гамілія падчас св. Імшы ў межах агульнабеларускай сустрэчы святароў у Год святарства касцёл святых Сымона і Алены Мінск, 4 жніўня 2009 г.
«Ідзіце і абвяшчайце Евангелле» (пар. Мк 16, 15)
1. Глыбокапаважаныя Эмінэнцыя, Эксцэленцыі, святары, кансэкраваныя асобы, вернікі! Усе
мы добра ведаем гэтыя словы рэфрэна рэспансарыйнага псальма з сённяшняй
літургіі. У іх выражана галоўнае заданне святара, аб чым вельмі добра
навучае II Ватыканскі Сабор і паслясаборнае навучанне Касцёла, —
заданне абвяшчаць Евангелле.
Езус сказаў: хто паверыць, будзе збаўлены (пар. Мк 16, 16).
Таму вера з’яўляецца ўмовай збаўлення. Хрыстус, каб учыніць цуд, жадаў
бачыць веру. Таксама і сёння, у наш секулярны час дэхрысціянізацыі,
відавочна вялікая патрэба ў веры. Вера, аднак, ад слухання (пар. Рым 10, 17),
як кажа св. Апостал Павел. А каб слухаць, неабходна мець таго, хто
абвяшчае. Ім у першую чаргу і з’яўляецца святар. Вера ўзмацняецца праз
сакрамэнты, якія цэлебруе святар. Узмацняецца яна праз хрысціянскае
сведчанне і ўчынкі міласэрнасці, да чаго таксама павінен весці людзей
святар.
У сувязі з гэтым сёння, калі святары Беларусі ў першыню
сабраліся разам з нагоды святкавання Года святарства, нам трэба з усёй
сур’ёзнасцю задумацца над тым, якім чынам мы выконваем нашу місію.
2.
Абвяшчаючы Год святарства, папа Бэнэдыкт XVI прамовіў яго дэвіз:
«Вернасць Хрыста — вернасць святара». У гэтых простых словах утоены
сэнс усёй дзейнасці святара: у сваім служэнні людзям і ў жыцці святар
заўсёды павінен заставацца верным свайму пакліканню і місіі, падобна
таму, як верным застаўся Езус Хрыстус. Ён даканца выканаў прызначаную
Яму Яго нябесным Айцом святарскую, прароцкую і каралеўскую місію.
Падобна павінен дзейнічаць і святар.
3. Як прыклад святара
Бэнэдыкт XVI ставіць нам св. Яна Марыю Віянэя — пробашча з невялікай
вёскі Арс у Францыі. Менавіта ён, бясконца давяраючы Богу, сваім
жыццёвым прыкладам, праз абвяшчэнне Евангелля, цэлебрацыю Эўхарыстыі і
асабліва праз удзяленне сакрамэнту пакаяння і паяднання стаўся Яго
вязнем, даканца застаўся верным святарскаму пакліканню.
Нялёгка
давалася яму вучоба ў семінарыі. Аднак яго ніколі не пакідаў давер
Богу, і дзякуючы гэтаму ён быў упэўнены, што зможа здзейсніць вялікія
справы. Кажуць, што падчас аднаго з экзаменаў незадаволены прафесар
усклікнуў: што такі асёл зможа зрабіць у пастырстве! На гэта Ян Віянэй
адказаў: калі Самсон сківіцай асла змог разграміць тысячу
філістымлянаў, то што можа зрабіць Бог, маючы ў сваім распараджэнні
цэлага асла! І сапраўды, Бог праз служэнне Яна Віянэя зрабіў многае.
Нездарма тады Папа абвяшчае яго апекуном усіх святароў.
У сваім
пасланні да святароў Бэнэдыкт XVI падкрэсліў, што ў св. Яне Віянэі
існуе поўная ідэнтыфікацыя са святарскім служэннем. Менавіта пробашч з
вёскі Арс любіў казаць, што добры пастыр — гэта пастыр паводле сэрца
Божага, які з’яўляецца самым вялікім дарам, якога добры Бог можа даць
парафіі, і адзін з найбольш каштоўных дароў Божай міласэрнасці. Гэта ён
натхнёна казаў: «О, які вялікі ёсць святар! … Калі б мы маглі гэта
зразумець, то памерлі б… Яму паслухмяны сам Бог. На яго словы наш Пан
зыходзіць з неба і змяшчаецца ў маленькай гостыі».
Праз прыклад
святога з Арс папа Бэнэдыкт XVI жадае дапамагчы споўніць галоўную мэту
Года святарства, а менавіта — паказаць веліч ролі і місіі святара ў
Касцёле і ў сучасным свеце.
4. Тоеснасць святара непарыўна
звязана з ягонай місіяй. Менавіта сталае прыпадабненне да Хрыста
з’яўляецца гарантыяй вернасці і плённасці евангельскага сведчання.
Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падкрэслівае, што ўжо сам дэвіз Года
святарства «Вернасць Хрыста — вернасць святара» сведчыць пра тое, што
дар Божай ласкі апярэджвае кожны магчымы адказ чалавека і рэалізацыю
пастырскага плана. Таму ў жыцці святара абвяшчэнне Евангелля і Божы
культ непарыўна звязаны паміж сабой.
Усё гэта сведчыць пра
тое, што мэта місіі кожнага святара па сваёй сутнасці культавая, каб
усе людзі маглі ахвяраваць сябе Богу як гостыю жывую, святую і Яму
прыемную (пар. Рым 12, 1), якая ў саміх людзях становіцца
культам і праслаўленнем Творцы. Таму галоўнае — місійнае і дынамічнае —
вымярэнне тоеснасці святарскага служэння заключаецца ў абвяшчэнні
Евангелля, якое нараджае веру, і ў цэлебрацыі сакрамэнтаў. Гэтае
служэнне таксама павінна аб’яднаць ахвяры людзей з ахвярай Хрыста і
знайсці сваё выражэнне ў любові да Бога і бліжняга.
4. Трэба
памятаць, што абвяшчэнне Евангелля — гэта не рэч нейкая і нават не
словы з малой літары. На самой справе — гэта Слова з вялікай літары.
Гэта азначае, што сапраўднае абвяшчэнне атаясамліваецца з асобай самаго
Збаўцы Езуса Хрыста. Таму аўтэнтычнае служэнне Слову з вялікай літары
патрабуе ад святара жыць не самім сабой, але Хрыстом, — як заклікае св.
апостал Павел (пар. Гал 2, 20).
Святар не можа лічыць
сябе панам Слова, якое абвяшчае, але Яго слугою і Яго голасам. А быць
голасам Слова — гэта не толькі функцыя. Гэта значна большая справа.
Трэба ўвайсці ў Хрыста, нібы растварыцца ў Ім праз малітву і ўдзел у
таямніцы Яго смерці і ўваскрасення. Больш за тое, трэба прымаць удзел у
Яго ахвяры (пар. Рым 12, 1–2), — як навучае Апостал народаў. Толькі тады наша абвяшчэнне Евангелля будзе аўтэнтычным і дзейсным.
5.
Каб заданне навучання, асвячэння і будавання хрысціянскай супольнасці
магло быць паспяхова выканана ў абставінах усё больш
секулярна-дэхрысціянізаванага свету і ягоных выклікаў, заўсёды трэба
мець на ўвазе першынство Божай ласкі ў нашым дзеянні. Місія святара
залежыць ад належнага зразумення сакрамэнтальнай рэальнасці быцця
святаром. Ад дакладнага разумення сваёй, не штучна створанай, але
атрыманай у дар ад Бога і так прынятай, святарскай тоеснасці залежыць
выкананне місіі святара.
У энцыкліцы «Deus caritas est» («Бог
ёсць любоў») Бэнэдыкт XVI піша, што «імкненне быць хрысціянінам не
з’яўляецца вынікам выбару або нейкай вялікай ідэі, але вынікам
спаткання з падзеяй, з Асобай, якая надае жыццю новую перспектыву і тым
самым выразны накірунак».
Гэтай Асобай з’яўляецца сам Збаўца —
Езус Хрыстус. А Слуга Божы Ян Павел II у Апостальскім пасланні на
распачацце новага тысячагоддзя «Tertio millennio adveniente»
(«Уступаючы ў новае тысячагоддзе») кажа, што кожная пастырская акцыя
найперш павінна распачынацца ад Хрыста.
6. Атрымаўшы ў
сакрамэнце пасвячэння такую асаблівую ласку, святары перажываюць сваё
асабістае спатканне з Хрыстом, і моцаю гэтага спаткання праз абвяшчэнне
слова Божага і цэлебрацыю сакрамэнтаў могуць паспяхова выконваць сваю
місію.
На жаль, не даканца зразумелае, а часам нават
дэфармаванае, навучанне II Ватыканскага Сабору прывяло да таго, што
галоўным заданнем святара часта лічаць яго сацыяльную актыўнасць, калі
сутнасць святарства разумеецца як служэнне грамадству. Таму ў сучасным
свеце, дзе ўсё менш і менш прымаецца да ўвагі святасць, і дзе адзінай
важнай і найбольш цікавай справай з’яўляецца функцыянальнасць,
праўдзівае паняцце святарства можа быць страчана. Яму пагражае крызіс
святарскай тоеснасці.
З іншага ж боку, як вядома, ёсць
сакрамэнтальна-анталагічнае разуменне святарства, якое не адмаўляе
святарства як служэння, але вучыць, што яно ўкараняецца ў быце таго,
хто выконвае служэнне. Пад бытам тут маецца на ўвазе не што іншае як
сам сакрамэнт пасвячэння, які складаецца з трох ступеняў: біскупства,
прэзбітэрату і дыяканату. Заўсёды актуальнае Евангелле звяртае
ўвагу на тое, што Езус пасылае апосталаў абвяшчаць Евангелле і дае ім
моц выганяць злых духаў (пар. Мк 16, 15–17). Таму абвяшчэнне і
моц — гэта значыць слова і сакрамэнт — з’яўляюцца дзвюма калонамі
служэння святара. Трэцяй калонай з’яўляецца евангельскае сведчанне.
Таму трэба спытаць саміх сябе, ці мы сапраўды прасякнуты словам Божым?
Ці з’яўляецца яно для нас ежай, якою мы кормімся? Ці сапраўды яго
ведаем? Ці кахаем яго? Ці клапоцімся аб ім, каб яно адлюстроўвалася ў
нашым жыцці і фармавала нашае мысленне? Ці мы сапраўды цэлебруем
сакрамэнты, асабліва Эўхарыстыю, з пачуццём таго, што чынім гэта «in
persona Christi» — моцаю Езуса Хрыста, прыпадабняючы сябе да Яго, і
з’ўляемся ўдзельнікамі Яго пасвячэння? Ці стараемся па прыкладу Хрыста
служыць іншым (пар. Мц 20, 28)?
Калі не браць пад увагу
сувязь святарскага пасвячэння з місіяй, то вельмі цяжка зразумець
тоеснасць святара і яго служэння ў Касцёле. Кім з’яўляецца святар, як
не адноўленым Святым Духам чалавекам, які жыве ў сталым асабістым
кантакце з Хрыстом, прысвойваючы сабе Ягоныя Евангельскія крытэрыі?
Кім, як не паяднаным з Богам і Ягонай праўдай, свядомы сваіх
абмежаванняў і адначасова велічы атрыманага паклікання абвяшчаць
Валадарства Божае да межаў Зямлі, моцай Хрыста цэлебраваць сакрамэнты,
асабліва Эўхарыстыю, і ў любові збіраць хрысціянскую супольнасць?
Сапраўды
так! Святар –— гэта чалавек поўны Бога, бо Ён паклікаў яго і ўстанавіў
для апостальскага служэння. Святар з людзей выбраны, для людзей
прызначаны ў справах Божых (пар. Гбр 5, 1). У гэтых словах заключаецца нашае паходжанне — з людзей, нашае прызначэнне — людзям, і нашы абавязкі — весці людзей да Бога.
Езус Хрыстус сёння кажа нам, святарам: «Як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас. … Хто слухае вас, Мяне слухае» (пар. Ян 17, 18; Лк 10, 16).
Удумаемся толькі: які вялікі святар!
Сапраўды, святар займае месца Бога і дзейнічае Ягонай сілай. Ён «Аlter Christus» — «Другі Хрыстус».
Святар не кажа «Бог адпускае табе грахі», але «Я адпускаю».
Святар не кажа падчас кансэкрацыі «Гэта цела Хрыста», але «Гэта маё цела».
Святар дае нам усё — духоўныя радасці, ласкі і нябесныя дары.
Святар прымае душу чалавека, калі яна прыходзіць на свет, корміць яе і ўзмацняе ў зямной пілігрымцы.
Святар падрыхтоўвае душу чалавека на сустрэчу з Богам пасля смерці.
Святар не з’яўляецца святаром для сябе. Ён не можа адпусціць сабе грахоў. Ён не сакрамэнт для сябе. Ён — для людзей.
7.
Таму Год святарства павінен стаць благаслаўлёным часам ласкі і малітвы
для нашага асабістага асвячэння, выканання нашай місіі і новых
пакліканняў паводле думкі Хрыста: маліце Пана жніва, каб паслаў
працаўнікоў на сваё жніво (пар. Мц 9, 38).
Гэта час
вяртання да крыніцы нашага паклікання да святарства, які павінен быць
скіраваны да ўзрастання ў імкненні да духоўнай дасканаласці і да новага
адкрыцця радасці служэння.
Святар служыць людзям у Хрысце, праз
Хрыста і з Хрыстом. У сілу таго, што святар належыць да Хрыста, ён можа
цалкам прысвяціць сябе служэнню людзям. Ён — служыцель іх збаўлення,
шчасця і свабоды дзяцей Божых. Святар узрастае ў гэтым паслядоўным
прыняцці волі Божай на малітве і ў адзінстве з Ім.
Святы Ян
Віянэй часта са слязамі на вачах паўтараў: «Як страшна быць святаром!».
І дадаваў: «Божа мой, якое спачуванне выклікае святар, для якога
цэлебрацыя Імшы становіцца чымсьці вельмі прывычным! Наколькі
нешчаслівы святар, які не мае духоўнага жыцця!».
Праблема
паспяховага выканання вельмі вялікіх і адказных заданняў у час
нарастаючай секулярызацыі, маральнага рэлятывізму і імкнення да
абсалютнай свабоды да ўсяго і ад усяго ў нашым вельмі складаным свеце
ставіць нас, святароў, перад наступнымі ці падобнымі пытаннямі: — якім павінен быць святар, каб сёння ён мог несці свету Бога? — як дасягнуць такога ўзроўню, каб, любячы гэты свет і яго славу, не дазволіць яму паглынуць сябе? — як быць падобнымі да гэтага свету і адначасова адрознівацца ад яго? — як, будучы ў свеце, сведчыць, што Бог ёсць адзіным Абсалютам?
На
гэтыя пытанні найлепшы адказ дае св. Апостал Павел, які кажа: «Я
вырашыў не ведаць нічога між вас, апроч Езуса Хрыста, і то
ўкрыжаванага» (1 Кар 2, 2), і «З ласкі Божай з’яўляюся тым, чым з’яўляюся» (1 Кар 15, 10).
Таму
заданні, якія стаяць перад сучасным Касцёлам, могуць быць выкананы
толькі праз духоўна адноўленых і ўмацаваных людзей, у першую чаргу —
святароў. А гэта можа стацца праз малітву, разважанне, літургічнае
жыццё, Эўхарыстыю, паяднанне з Богам і людзьмі, дабрачынную дзейнасць.
Што нам неабходна рабіць?
Найперш,
праз малітву, медытацыю, Эўхарыстыю, сакрамэнт пакаяння і пакаяння,
праз справы міласэрнасці быць блізка Хрыста. Гэта не тэрмін і не
азначэнне, але выражэнне патрэбы паглыблення духоўнага жыцця.
Адной
з прычын адыходу ад святарства стала тое, што святарства не прасякнула
іх даканца і не стала сутнасцю іх існавання, не было шляхам іх жыцця
даканца, не было прынята іманентна, не было святарствам паводле выбару,
але толькі атрыманым, і пры гэтым без ніякіх высілкаў, дарам. Мы
павінны зразумець, што надышла хвіліна, каб усвядоміць: што ў нашым
святарстве з’яўляецца дамінуючай каштоўнасцю, а што другараднай, што
робіць нас сапраўднымі святарамі, а што толькі чыноўнікамі ад
святарства.
Настаў час, каб зрабіць выбар, памятаючы пра тое,
што калі хтосьці ўзбіраецца ў гару, то не глядзіць па баках, або калі
хтосьці прадаў каня, то не патрабуе ўжо сядла. Вялікай справе
святарскага служэння трэба аддаць усё сваё сэрца. Будуючы Касцёл,
найперш у сваіх сэрцах, трэба будаваць яго ў сэрцах іншых людзей. Таму
трэба быць чалавечным у адносінах да людзей. Не панаваць, але па
прыкладу Хрыста служыць усім (пар. Мц 20, 28). Трэба любіць
Касцёл. Не той, што без памылак і граху, не той, што без Галавы-Хрыста,
без маральных нормаў і догматаў, якога так дамагаецца сучасны свет, але
той, сучасны, такі, які ён ёсць — з яго праблемамі, святымі і
грэшнікамі. Гэта павінна стаць нашым КРЭДА!
8. Дарагія браты ў святарстве! Хрыстус
разлічвае на нас. Па прыкладу св. Яна Віянэя дазволім быць здабытымі
Ім, бо толькі тады мы зможам стаць пасланцамі надзеі, прымірэння і
супакою!
Няхай Год святарства і ласка нашай сённяшняй, першай
агульнабеларускай сустрэчы святароў, дапамогуць нам прыпадабняцца да
Першасвятара Езуса Хрыста, каб Ён узрастаў у нас сваёю ласкаю. Прыклад
жа святога апекуна з Арс праз заступніцтва Марыі, Маці святароў, няхай
дапаможа і натхніць нас быць святарамі паводле Сэрца Езуса і адчуваць
адказнасць за нашу місію, якая ёсць знакам прысутнасці бязмежнай Божай
міласэрнасці, у якой знаходзіцца адзіная надзея свету.
А ты, верны народ Божы, з удзячнасцю прымай святароў, якія з цябе ўзятыя і табе служаць (пар. Гбр 5, 1).
Прымай і падтрымлівай іх сваёй малітвай, каб мы ўсе разам, прызнаючы
першынство Божай ласкі ў нашым служэнні і жыцці, маглі эфектыўна
абвяшчаць вечна жывое і дзейснае слова Божае, абвяшчаць праз
прапаведаванне і ўчынкі міласэрнасці, абвяшчаць як задатак нашай веры і
збаўлення, і каб праз яго маглі пазнаваць любоў у праўдзе як асноўную і
вядучую сілу развіцця кожнага чалавека і ўсяго чалавецтва, — як навучае
Папа Бэнэдыкт XVI у сваёй апошняй энцыкліцы «Caritas in veritate»
(«Любоў у праўдзе»). Каб цэлебруючы сакрамэнты, яны асвячаліся самі і
асвячалі іншых, бо, як кажа благаслаўлёны Папа Ян XXIII, «Святар,
жывучы Кнігай і Келіхам, захоўвае непарушным сваё святарства ажно да
дня Езуса Хрыста».
Езу Хрыстэ, Першасвятар і наш Збаўца, будзь
міласэрны да нас. Праз святкаванне Года святарства дай нам ласку
вытрываць у нашым пакліканні, годна выканаць нашы абавязкі і прынесці
багаты духоўны плён (пар. Ян 16, 16) на хвалу Богу, а таксама дай нам ласку збаўлення — нашага і людзей, да якіх мы пасланыя. Амэн. |
Святы Робэрт Бэлярмін, біскуп і доктар Касцёла
|
22.09.2009 11:29 |
Тэрэза нарадзілася 28 сакавіка 1515 г. у Авіле (Іспанія). Пасля смерці маці яна выхоўвалася ў сясцёр аўгустынак і пад уплывам «Лістоў» св. Гераніма ва ўзросце 20 гадоў сама ўступіла ў кармэліцкі кляштар у Авіле. Пасля складання манаскіх шлюбаў Тэрэза цяжка захварэла і нават была часткова паралізаваная. У той жа час у яе з’яўляюцца містычныя бачанні. Дзякуючы гэтым незвычайным духоўным перажыванням Тэрэза ад Езуса вырашыла імкнуцца да абсалютнай дасканаласці. |
Стэфанава — парафія Беззаганнага Сэрца НПМ i св. Яна, Апостала
|
 | Фота А. Дыбоўскага
|
Адрас: в. Стэфанава Мёрскі р-н Віцебская вобл.
|
Паставы — парафія Езуса Міласэрнага
|
вул. Набярэжная, 10 211875, г. Паставы тэл/факс:+375(2155) 41651 тэл/факс:+375(2155) 25060; Сайт: www.postavy.eu
- Святая Імша ў нядзелю: 15.00
- Святая Імша ў буднія дні: 10.00, 18.00
|
Весялова — Святога Антонія
|
Адрас: вул. Зялёная, 5 211183 в. Весялова, Лепельскі р-н - Святая Імша ў першую нядзелю месяца ў 13.00
|
|
|