Езус кожны дзень сярод нас, адзін раз нарадзіўся і застаўся з намі назаўсёды. Ён – нашае святло, зараз і тут прысутны ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Ён Пераможца цемры.
«Уцелаўленне — гэта ўваход бязгрэшнага Бога ў сферу чалавечай грэшнасці з мэтай прыняць на сябе грахі чалавецтва і ў чалавечым целе перажыць драму аддалення і адначасова драму вяртання чалавека да Бога», — чытаем у пасланні Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне.
У святую ноч Божага Нараджэння вялікае святло заззяла над зямлёй. Адзінародны Сын Божы, Езус Хрыстус, «выракся самога сябе, прыняўшы постаць слугі» (Флп 2, 7) i прыйшоў у гэты свет як убогае, пакорнае, безабароннае Дзіцятка. Сапраўдны Бог стаўся чалавекам, каб усяму чалавецтву аб’явіць у паўнаце сваю бясконцую любоў.
«Убачылі ўсе межы зямлі Збаўленне Бога нашага.Усклікай Пану, уся зямля, Радуйцеся, спявайце і грайце»Пс. 98
«Свята Божага Нараджэння – гэта асаблівы час, калі мы прыгадваем, што зямля не проста прымае Божага Пасланніка, але становіцца Яго жыллём ужо назаўсёды» — піша біскуп Віцебскі.
Паважаныя святары Пінскай дыяцэзіі абвесцяць гэты ліст або выкарыстаюць тэксты у гаміліі падчас кожнай святой Імшы ў нядзелю 25 снежня альбо у іншую нядзелю бягучага перыяду. Ліст неабходна змясціць на дошцы аб’яў перад касцёлам на ўвесь перыяд Божага Нараджэння.
«Няхай бласлаўленне Ісуса Хрыста — Збаўцы кожнага чалавека — дойдзе да ўсіх вас, да ўсіх вернікаў нашай Царквы ў Беларусі і ў замежжы, да нашых братоў і сёстраў рыма-католікаў, праваслаўных, пратэстантаў і да ўсіх людзей добрай волі ў нашай Бацькаўшчыне», — піша ў Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі.
«Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае» (Ян 3, 16).
Вігілія Божага Нараджэння – урачыстае свята, якое завяршае адвэнтавы перыяд. Слова «вігілія» лацінскага паходжання і азначае чуванне. З даўніх часоў у Касцёле існуе звычай: дзень перад вялікай урачыстасцю вернікі захоўваюць строгі пост і ўсю ноч чакаюць гэтага свята, молячыся разам.