Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Слова Апостальскага візітатара для грэка-католікаў Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека на Божае Нараджэнне 2016 года
Іерархі
23.12.2016 16:37

Пачэсныя Айцы Святаслужыцелі!
Любыя ў Госпадзе манахі, манахіні, браты семінарысты!
Дарагія браты і сёстры! Паважаныя сябры!

«Адвеку нечувана было, каб Бог Ісус на зямлі з’явіўся
і пажыў сярод людзей,
нашы недамаганні і хворасці на сябе ўзяў…
»

(Францішак Скарына, Акафіст Імені Ісусаваму, кандак 7)

1. Такімі словамі 500 гадоў таму сын Беларускай Зямлі — Францішак Скарына з Полацка выказваў сваё захапленне Таямніцай Уцелаўлення Спрадвечнага Слова Божага — Госпада і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста.

Ужо больш за тысячу гадоў беларускія хрысціяне ўсходняй традыцыі з пабожнай пашанай радасна спяваюць візантыйскі трапар: «Нараджэнне Тваё, Хрысце Божа наш, заззяла на ўвесь свет святлом пазнання».

Гэта выраз радаснай веры ў словы, якія Ісус Хрыстос сказаў пра Сябе: «Я святло свету, хто ідзе за Мной, не ходзіць у цемры, але будзе мець святло жыцця» (Ян 8, 12).

Хрыстовае святло дайшло і да нашых праайцоў — праз стагоддзі хрысціянская вера і  хрысціянскі культ кшталтавалі жыццё беларускага народа ды прыносілі плён прасвятлення і культуры: пісьменнасць, адукацыю, іканаграфію, архітэктуру, музыку, мастацтва.

2. Гэтая беларуская духоўная спадчына мела хрысціянскія карані ва ўсходняй і  заходняй духоўнай і культурнай традыцыях і сёння яна выклікае шырокую зацікаўленасць у шматлікіх краінах свету. Усім вядомы прыклад — выстаўка беларускіх ікон (у большасці уніяцкіх), якая прайша у маі ды чэрвені гэтага года ў Ватыканскім музеі.

Зразумела, што ўся гэтая беларуская духоўная спадчына з’яўляецца сёння выклікам для кожнага хрысціяніна Беларусі, для кожнага жыхара Беларусі, каб яе шанаваць, любіць ды развіваць.

Святая Еўфрасіння Полацкая, святы Кірыла Тураўскі — гэта для нас прыклад веры і таго, як мужна і разумна клапаціцца пра дабро свайго народа.

Чалавекам веры быў таксама Францішак Скарына, які Біблію — слова Божае — пачаў друкаваць на зразумелай мове «Богу ко чти и людем посполитым к доброму научению». Як вядома, першай біблійнай кнігай, якую Францішак Скарына надрукаваў у Празе 6 жніўня 1517 г., быў Псалтыр — кніга малітвы. Разумеў наш адукаваны зямляк, што няма выхавання народа без ведання слова Божага і без малітвы.

Таму ён сам склаў шэраг малітваў, якія з’яўляюцца сінтэзам усходняй і заходняй духоўнай традыцый, і якімі да сённяшняга дня карыстаюцца беларускія грэка-католікі.

Напярэдадні юбілею 500-годдзя беларускай Бібліі хочам дзякаваць Госпаду за Францішка Скарыну — сапраўднага евангелізатара Беларускага Народа. А найлепшым ушанаваннем памяці доктара Францішка будзе чытанне слова Божага на роднай, беларускай мове.

3. Хрысціянін чытае Біблію — слова Божае, каб у ім знаходзіць святло і моц для хрысціянскага жыцця. Каб жыццё сваёй сям’і, сваёй хрысціянскай супольнасці ды ўсяго грамадства будаваць паводле слова Божага.

Засноўваць і кшталтаваць жыццё паводле слова Божага — гэта вялікі выклік і выхаваўчы подзвіг.
Уніяцкая Царква на землях Беларусі прынесла свой каштоўны ўнёсак у сферу адукацыі. З удзячнасцю Богу ўзгадваем уніяцкага мітрапалітя Язэпа Веламіна Руцкага ды ягоную рэформу, у рамках якой 400 год таму ён рэарганізаваў манахаў базыльянаў ды даверыў ім арганізацыю шкалення паводле еўрапейскіх хрысціянскіх стандартаў.

Пачэсныя Айцы Святаслужыцелі, Дарагія Браты і Сёстры!

4. Да ўсіх вас накіроўваю маё святочнае віншаванне паводле словаў Францішка Скарыны: «Каб Бог Ісус, што на зямлі з’явіўся і пажыў сярод людзей, нашы недамаганні і хворасці на сябе ўзяў».

Каб дні Раства Хрыстовага былі для ўсіх нас радаснай сустрэчай з Ісусам Хрыстом — Святлом свету, Які прасвятляе нашае жыццё і ўмацоўвае нашую веру, надзею і любоў.

У гэты святочны час ды ва ўсім Новым 2017 годзе будзьма «сведкамі Евангелля любові да кожнага чалавека».

Няхай бласлаўленне Ісуса Хрыста  —  Збаўцы кожнага чалавека — дойдзе да ўсіх вас, да ўсіх вернікаў нашай Царквы ў Беларусі і ў замежжы, да нашых братоў і сёстраў рыма-католікаў, праваслаўных, пратэстантаў і да ўсіх людзей добрай волі ў нашай Бацькаўшчыне.
Усіх вас шчыра віншую з Раством Хрыстовым: Хрыстос нарадзіўся — славім Яго!

Мінск, Раство Хрыстова 2016 г.
 
+ Архімандрыт СЯРГЕЙ (Гаек)
Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Іерархі

01.07 10:47Біскуп Антоні Дзям’янка ў Будславе: «Не варта рабіць з Марыі “краму” для спаўнення жаданняў»
28.06 12:22Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды благаслаўлення вуглавога каменя пад новы касцёл Насвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце
24.06 20:47Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у біскупскім пасвячэнні кс. Віталія Крывіцкага SDB
19.06 09:58Фотафакт. Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр наведаў парафію ў Асіповічах
16.06 11:43Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у міжнародным форуме на тэму барацьбы з карупцыяй
12.06 12:30Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды святкавання 400-годдзя асвячэння касцёла ў Ружанах
12.06 08:55Заклік біскупа Аляксандра Яшэўскага да вернікаў Магілёўскага рэгіёна да ўдзелу ў працэсіі Божага Цела
10.06 00:04Адкрыты ліст Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча лаўрэату Нобелеўскай прэміі спадарыні Святлане Алексіевіч
24.05 12:27Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у пасяджэнні італьянскага епіскапату
16.05 13:52«Уражвае дабрыня мясцовых вернікаў»: Апостальскі Нунцый падсумаваў візіт у Віцебскую дыяцэзію